Дзіцячы маніфест  Кірыл Стаселька

Дзіцячы маніфест

Кірыл Стаселька
Выдавец: Галіяфы
Памер: 192с.
Мінск 2015
43.21 МБ
Праз тры гады пасля ўцёкаў з родных краёў маці памерла. Цяпер ён застаўся зусім адзін. Магчыма, калі б не прапанова сябра адправіцца ў Амерыку, ён працягваў бы красці ды неўзабаве скончыў свае дні на шыбеніцы або ў турме. Далёкі край уяўляўся казачным аазісам, дзе ўсе жывуць у дастатку і шчасці. Раней Аршыль не задумваўся, але цяпер дакладна ведаў, што менавіта туды, за акіян яго цягне болып за ўсё. Менавіта там ён здабудзе спакой. Мінулае жыццё цяпер прыгадвалася як пекла. Таму, сабраўшы пажыткі ў маленькую торбу, адправіўся ў дарогу, нават не дачакаўшыся сябра.
Шлях быў доўгім і цяжкім. У некаторых месцах даводзілася затрымлівацца па некалькі тыдняў, a то і месяцаў, каб знайсці сродкі для далейшага падарожжа. За гэты час перабраў мноства прафесій. Часам браўся маляваць шыльды для крам і тэатраў. Менавіта тады вырашыў, што яго прызванне варта
шукаць у мастацтве. На дзявяты месяц Аршыль дабраўся да Брытаніі, дзе ўладкаваўся мараком на судна, што належала гандлёвай кампаніі British Trade ды накіроўвалася ў ЗША. Увесь вольны час на працягу плавання сыходзіў на творчыя эксперыменты. У якасці палатна выступалі абрыўкі паперы, непатрэбныя цыраты ці старыя скрынкі. Але бывала, што зрэдку меў зносіны з іншым матросам на імя Джэйк, які добра быў дасведчаны ў тэндэнцыях сучаснага мастацтва.
— У цябе ёсць талент. Калі аднойчы вырашыш сур’ёзна заняцца мастацтвам, а не гэтымі пісулькамі, табе трэба атрымаць адпаведную адукацыю, — аднойчы параіў Джэйк.
— Але дзе?
— Чуў, што Новая школа дызайну ў Бостане — выдатнае месца. Але паступіць туды няпроста.
Па прыбыцці ў Амерыку Аршыль дабраўся да Бостана. Першая спроба паступіць у Школу дызайну аказалася правальнай, як другая і трэцяя. 3 чацвёртага разу на незвычайную, але да гэтага часу ўдасканаленую манеру і стыль звярнулі ўвагу. Аднак прапанаваць маглі навучанне толькі на платнай аснове. Назапашаных сродкаў было недастаткова, таму давялося жыць на хлебе і вадзе яшчэ каля двух гадоў, каб сабраць патрэбную суму.
Першы час было надзвычай складана. Бедны эмігрант зусім не ўпісваўся ў кола маладых прыгожых людзей з багатых амерыканскіх сем’яў. Мастацкая манера Аршыля выбівалася, прыцягвала сваёй
арыгінальнасцю ды самабытнасцю. Неўзабаве яму прапанавалі выставіцца сумесна з іншымі мастакамі ў Галерэі сучаснага мастацтва. Дэбют апынуўся нечакана паспяховым. З’явіліся жадаючыя набыць яго працы, прапановы персанальных выстаў. Карціны раскупляліся, можна было пакінуць цяжкую фізічную працу і цалкам аддацца любімай справе. Аршыль чытаў шмат кніг, наведваў выставы, знаёміўся з іншымі мастакамі.
Падчас адкрыцця экспазіцыі з яго працамі ў Бостанскім музеі выяўленчых мастацтваў ён пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай. Яе звалі Стэла. Адносіны паміж імі развіваліся вельмі хутка, і ўжо праз некалькі месяцаў маладыя пабраліся, а праз год у іх нарадзіўся сын, які атрымаў імя Андрэ ў гонар сюррэаліста Андрэ Брэтона. 3 ім Аршыль пазнаёміўся незадоўга да гэтага.
Здавалася, наступіў шчаслівы перыяд: любімая справа, сям’я, грошы, прызнанне. Аршыль радаваўся кожнай хвіліне свайго жыцця, лавіў кожнае імгненне, але шчаслівы час быў кароткім. Аднойчы ноччу, незадоўга да чарговай персанальнай выставы ў Нью-Ёрку, згарэла ягоная майстэрня разам з большай часткай карцін. Доўгія гады крапатлівай працы, выставы, што мусілі адбыцца, кліенты — жадаючыя набыць карціны, — усё згарэла за адну ноч. Магчыма, сабраўся б з сіламі і працягнуў працаваць яшчэ больш актыўна, але праз два дні дактары выявілі ў яго рак. Ці то з-за эмоцый, ці па трагічнай выпадковасці, вяртаючыся дадому, Аршыль трапіў у аўта-
катастрофу ды паламаў абедзве рукі. Цяпер не было магчымасці пакінуць нашчадкам нават некалькі прац перад набліжэннем смерці. Стэла — любімая жонка мастака — замест таго, каб падтрымаць мужа, забрала дзіця ды пакінула яго сам-насам з ягоным горам.
Няздольны трываць пакуты, Аршыль паспрабаваў павесіцца, але зламаныя рукі недастаткова моцна завязалі вяроўку, ды спроба так і засталася спробай. Крыху пазней, калі рукі трохі зажылі, была чарговая спроба, але гэтым разам труба, да якой прывязвалася вяроўка, проста развалілася. Наступныя спробы гэтаксама скончыліся няўдачай. Здавалася, ён такі няўдачлівы, што не можа нават сябе забіць. У выніку дзевяноста васьмі спробаў суіцыду рак адступіў, як быццам выпрацаваўся імунітэт да смерці, а на дзевяноста дзявяты раз галава і зусім аддзялілася ад цела. Дзве гэтыя часткі аднаго Аршыля прыстасаваліся існаваць паасобку.
У такім стане былі свае перавагі, але болып усё ж складанасцяў. Так, галава ўжо не магла кантраляваць цела, якое стала цалкам свавольным. Здаралася, што цела з нажом у руках кідалася на іншых людзей. Аднойчы яно нават спрабавала прыдушыць падушкай галаву. Цела ўжо маглі б даўно пазбавіць жыцця, але гэтая гісторыя дайшла да Уладзіслава Штомпкі. Ен прапанаваў паслугі сваёй клінікі ды перавёз мастака ў Мікушэва, дзе цяпер цела было прывязанае да ложка, а галава знаходзілася ў суседнім пакоі.
***
Калі ў Дэрбы Круза два псіхічныя адхіленні, то вызначэнне адной з двух узаемавыключальных хвароб у італьянца Антоніа Сальені пакуль яшчэ выклікае цяжкасці. Жыццё гэтага пацыента, у адрозненне ад усіх астатніх, што знаходзяцца ў клініцы, не было насычаным. Ва ўсялякім выпадку атрымаць хоць якія падрабязнасці было немагчыма. Італьянец вёў пустэльніцкі лад жыцця, у яго не было ані сям’і, ані сяброў. У паліцэйскіх картатэках гэтаксама нічога не мелася. Ён быў чымсьці накшталт бермудскага трохкутніка на мапе грамадства.
Вядома толькі, што ён аднойчы адгукнуўся на прапанову стаць донарам крыві. Пазней яго заўважылі на чорным рынку органаў, дзе ён прадаваў ныркі. Пасля пяці гадоў актыўнага донарства, калі Антоніа прадаваў уласную кроў, сперму, ныркі, рагавіцу ды нават валасы, медыцынскія структуры спахапіліся, што з гэтым маладым чалавекам штосьці не тое. Тады давялося шукаць нелегальныя каналы. Неўзабаве ад маладога Сальені засталося толькі зоркае вока ды не зусім здаровы мозг.
Да гэтага часу немагчыма дакладна вызначыць, ці выклікана яго дзейнасць паталагічным альтруізмам або знішчальнай прагаю грошай. Перш чым збіраць італьянца назад па частках, як Франкенштэйна, і лячыць ад загадкавай хваробы, прыкладаюцца намаганні высветліць сапраўдную хваробу, інакш застаецца пагроза далейшай донарскай дзейнасці. На дадзены момант Сальені, а дакладней Ka-
жучы, тое, што ад яго засталося, знаходзіцца ў суседнім з Гвата пакоі.
Нарэшце, шостым быў Жыль Арто, пацыент, з якім меўся працаваць Андрэй. Арто — французскі пісьменнік ды мастак — быў дастаўлены сюды досыць нядаўна. Ён быў хворы на нястрыманы рост эга. Аб’ём эга стаў перавышаць аб’ём цела. У рэшце рэшт яно прарвало скуру ды пачало пралівацца вонкі. У клініцы яму выпампавалі лішак эга, зашылі скуру і прымацавалі адмысловыя трубачкі, якія б дапамагалі яму падчас прыступаў эгазліцця.
Ніхто з яго бацькоў ці бліжэйшых продкаў не быў знакамітым, вядомым, але некаторыя з іх пражылі сапраўды цікавае жыццё, вартае кнігі, якая б абавязкова стала бэстсэлерам, насычанае вялікай колькасцю падзей і паваротаў на трыста шэсцьдзесят градусаў, са сваімі падзеннямі ды ўзлётамі. Арто часцяком грашыў тым, што ва ўласныя мастацкія творы ўключаў рэальныя падзеі з жыцця сваіх сваякоў.
Брат прадзеда Жыля — Андрэ Арто — удзельнічаў у Вайне за незалежнасць паўночнаамерыканскіх калоній Вялікабрытаніі. У юнацтве, падчас вучобы, ён пазнаёміўся з маладым шляхетным хлопцам з Рэчы Паспалітай — Тадэвушам Касцюшкам. Іх погляды былі падобныя, і яны адразу ж пасябравалі. Пасля вучобы Касцюшка вярнуўся служыць айчыне, але праз некаторы час напісаў, што збіраецца ў Амеры-
ку. Ён прапанаваў Андрэ паехаць услед за ім. Доўга не думаючы той пагадзіўся. На вайне прадзед Жыля страціў руку, але, нягледзячы на гэта, усё жыццё заставаўся актыўным і лагодным чалавекам.
Яго дзед — Жак Арто — меў знаёмства з Сэн-Сімонам, і паводле сямейнай легенды нават быў членам той самай філасофскай секты, дзе ўсе дапамагалі адзін аднаму зашпільваць гузікі на спіне. Калі неўзабаве пасля рэвалюцыі яго арыштавалі, Жак паспрыяў, дзякуючы ўласным сувязям, вызваліць любімага настаўніка. Гэтаксама ж па дабрыні душэўнай, каб уберагчы ад пакарання дачку свайго даўняга знаёмага Шарлоту Кардэ, забойцу Мюрата, Жак спрабаваў арганізаваць яе ўцёкі, але план праваліўся. Калі б своечасова не паспеў забраць сям’ю ды з’ехаць за мяжу, іх абавязкова пакаралі б якабінцы.
Поль Арто — адзін з братоў бацькі — доўгі час працаваў выкладчыкам, але пасля Справы Дрэйфуса вырашыў пакінуць Францыю, каб адправіцца ў вялікае падарожжа. Першым пунктам падарожжа быў Афрыканскі кантынент, асабліва доўга ён затрымаўся на Мадагаскары, затым накіраваўся ў Азію, пазней у Лацінскую Амерыку. Падарожжа доўжылася каля дзесяці гадоў. На працягу гэтага часу Поль пастаянна адпраўляў пляменніку розныя экзатычныя сувеніры з той ці іншай краіны, якую наведваў. Аднойчы, пасля двух гадоў знаходжання дзядзькі ў Чылі, плынь сувеніраў ды падарункаў спынілася. Любімы дзядзька нават не пісаў. Сям’я пачала хвалявацца: ці не здарылася чаго. Што адбывалася далей,
Жыль не ведаў, але аднойчы зімовым вечарам бацькі сказалі, што дарагі дзядзька Поль памёр ад нейкай ліхаманкі і бацьку давядзецца ехаць за акіян, каб перавезці нябожчыка ў Францыю ды пахаваць. У гэты вечар Жыль плакаў, перабіраючы дзіўныя падарункі і ўяўляючы, якія прыгоды перажыў дзядзька.
У адрозненне ад прадзеда, дзядулі і дзядзькі, бацьку Жыля не цягнула на прыгоды. Яго жыццё прайшло спакойна і размерана. Доўгі час ён выкладаў у Алжыры, дзе і нарадзіўся доўгачаканы сын. Трохі пазней па прапанове сябра пераехаў з сям’ёй у Парыж, адразу ж атрымаўшы новую пасаду ў адным з каледжаў Здавалася, што жыццё любімага дзіцяці будзе такім жа простым. Так яно і атрымлівалася доўгі час, пакуль Жыль не вырас ды не стаў сапраўдным мужчынам.
***
Андрэя ахапіў жах ад таго, што распавёў Штомпка. Хлопец ледзь стрымаўся, каб не выбегчы з кабінету. Было вусцішна, нават брыдка. He толькі ад такіх пацыентаў, але ад гэтага месца, ад тых, хто тут працаваў. Цяпер яны самі выглядалі вар’ятамі. Палац страціў прывабнасць, аказаўся прытулкам сусветнага зла. Але перш за ўсё ў душы Андрэя пасяліўся страх. Хто ведае, што ў гэтых людзей на розуме. Зборышча маньякаў, для якіх і нармальнае падасца дэвіяцыяй або хваробай. Што, калі камусьці прыйдзе ў галаву, нібыта ён сам не зусім здаровы. Што тады? У гэтай глушы яго ніколі ніхто не знойдзе.