Дзе ўзяць крыху шчасця  Давід Шульман

Дзе ўзяць крыху шчасця

Давід Шульман
Выдавец: Радыёла-плюс
Памер: 296с.
Мінск 2005
50.31 МБ
Давід Шульман
ДЗЕ ЎЗЯЦЬ КРЫХУ ШЧАСЦЯ
Апавяданні
Мінск «Радыёла-плюс» 2005
УДК 821.161.3-32 ББК84(4Бем)-44
Ш95
Шульман, Д. Я.
Ш95 Дзе ўзяць крыху шчасця: апавяданні/Давід Шульман — Мн.: Радыёла-плюс, 2005. — 296 с.
ISBN 985-448-056-9
У прозе Давіда Шульмана ўражвае ўменне аўтара перадаць смак жыцця самога па сабе, смак фізічнага існавання. Штодзённы чалавечы побыт з ягонымі вялікімі і дробязнымі клопатамі, смешнае і трагічнае — усё гэта шматкаляровы фон расповяду, атмасферы кнігі.
УДК 821.161.3-32
ББК 84(4Бен)-44
ISBN 985-448-056-9
© Д. Шульман, Д. Я., 2005
©Афармленне. ПУП «Радыёлаплюс», 2005
СМАК ЖЫЦЦЯ
He навіна, што жыццё кожнага чалавека — захапляючы раман, нават вонкава звычайнае жыццё, без асаблівых прыгод. Бо галоўны змест пражытых чалавекам гадоў — гэта праца розуму і душы, спасціжэнне свету і сябе самога ў гэтым свеце, усведамленне і асэнсаванне сваёй адметнасці: хто ты і што ты? Нездарма выдатны расійскі пісьменнік Канстанцін Паустоўскі лічыў, што кожны чалавек павінен пакінуць пасля сябе кнігу пра сваё жыццё, казаў, што толькі бібліятэка з мільёнаў тамоў невыдуманых жыццярысаў людзей самых розных прафесій і сацыяльных статусаў можа даць дакладную карціну пэўнага часу, той ці іншай эпохі. Але, на жаль, напісаць такую кнігу дадзена не кожнаму. Таму што трэба мець талент апавядальніка, і не адно на словах, — на словах многія ўмеюць распавядаць так, што заслухаешся, — а на пісьме. Як сказаў некалі адзін эпіграміст:
Знаёмы мой так распавяд вядзе, Што чуеш камара — такая ў залі ціша. Але калі што-небудзь ён напіша, Дык ад нудоты сківіцы звядзе!
Я не ведаю, дакладней, не ведаў, хто такі Давід Шульман, не сустракаў гэтае імя ў друку. Цяпер, прачытаўшы рукапіс ягонай кнігі, магу з упэўненасцю сказаць: Давід Шульман — пісьменнік. Таленавіты, цікавы апавядальнік. Хоць, як мне падалося, асноўная ягоная прафесія далёкая ад літаратуры. I за пяро ён узяўся з неадольнай патрэбы распавесці пра сваё жыццё і жыццё сваіх блізкіх — бацькі, маці, дзядзькоў і іншых родзічаў, распавесці пра сваіх сяброў і знаёмых, а таксама пра тых, з кім зводзіў яго выпадак — з персанажамі, якія чымсьці моцнаўразілі ці здзівілі. Уразілі героі кнігі Давіда Шульмана і мяне, старога літаратара дый старога чалавека, хаця ўразіць мяне цяжка, бо прачытаў я за свой век безліч кніг.
Але перадусім уразілі мяне не столькі героі Давіда Шульмана, не столькі сюжэты апавяданняў, якія ўвайшлі ў кнігу (а гэта менавіта апавяданні, мастацкая аўтабіяграфічная проза), колькі ўменне аўтара перадаць чытачу смак жыцця самога па сабе, смак фізічнага існавання, якое, зноў жа, само па сабе радасць і шчасце. Мора, неба, сонца, пах смачнай ежы, прыгажосць і прывабнасць жаночага цела (эратычны матыў гучыць у кнізе натуральна, без ханжаства, але і без пошласці), штодзённы чалавечы побыт з ягонымі клопатамі, і вялікімі, і дробязнымі, смешнае і журботнае, часам трагічнае — усё гэта шматкаляровы фон распавяду, дакладней, атмасфера кнігі. Натуральная, але і нязвыклая — для мяне ва ўсякім разе. Таму што гэта атмасфера краіны, у якой я ніколі не быў, — Ізраіля. I ўсе героі кнігі — беларускія яўрэі, які з’ехалі ў Ізраіль хто ў гады «вялікага зыходу» савецкага яўрэйства з краіны саветаў, хто пазней, у гады «перабудовы», хто знайшоў, а хто і не знайшоў у зямлі абяцанай лепшай долі...
Згадалася, як напрыканцы 70-х гадоў мінулага стагоддзя, калі ад’язджалі многія мае яўрэйскія сябры, думаў, што гэта расстанне назаўсёды, і на праводзінах было тое ж пачуццё, што і на пахаванні. Бо, думалася, пры маім жыцці не знікне «жалезная заслона» паміж шырокім светам і маёй Радзімай. На шчасце, знікла. I мае сябры прыязджаюць з Ізраіля да мяне ў адведкі. На жаль, я сам ніяк не магу выбрацца да іх, пагасцяваць у іхнім новым Доме. I ўсё ж пабываў! Дзякуючы кнізе, да якой пішу гэтую прадмову, дзякуючы вясёламу, шчыраму таленту Давіда Шульмана, які расчыніў перада мною дзверы ў гэты Дом, даў падыхаць ягоным паветрам. I яшчэ раз падумалася: якіх яркіх, цікавых, своеасаблівых, неардынарных людзей страціла Беларусь у гады таго «вялікага зыходу», як нам іх не хапае! He хапае іхняга энергічнага, напорыстага жыццялюбства, іхняга гумару, іхняй вострай дасціпнасці, без чаго наша беларускае цеста часам бывае прэсным, калі не скваснелым...
Упэўнены, што кніга Давіда Шульмана набудзе ў Беларусі шматлікіх чытачоў.
Валянцін Тарас
ПАЧАТАК
Калі ты забываешся на свае карані, у цябе няма аніякага шанцу зразумець, КУДЫ ТЫ ІДЗЕШ.
НА КАНІКУЛАХ
Я сядзеў на плоце і назіраў за вуліцай. Яна была пустэльнай. Таму што сярэдзіна дня. Мястэчка быццам вымерла, але захоўвала ўсю красу лета: цеплыню сонечных прамянёў, гарачы пясок, духмяныя травы і кветкі. Яшчэ яно выпраменьвала ўтульнасць і спакой. Паабапал вуліцы платы, і агароды, і дамы, і клуб у канцы на ўзгорку.
Колькі дзён таму мы прыплылі на параходзе. Першай, хто нас сустрэў, была Фейгл Осерс. Яна — начальнік прыстані. Прыстанню называецца драўляны насціл з бярвенняў, што вытыркаецца з берага. Да яго прычальваюць параходы, стукаюцца аб аўтамабільныя пакрышкі, прывязаныя з трох бакоў прыстані. Вось і наш параход з мяккім гукам стукнуўся аб іх. 3 парахода пачалі кідаць канаты, Фейгл іх прымала, абвязвала вакол кнехтаў, што стаялі на прыстані, а потым разам з кімсьці з каманды прыладжвала трап.
Сам Осер стаяў убаку, босы, у падкасаных штанах. Часам, калі на бераг выходзіла болей пяці-шасці пасажыраў, ён, каб паскорыць разгрузку, падыходзіў да трапа і дапамагаў выносіць чамаданы і клункі.
Потым параход адвязваўся ад берага і пачынаў важка і павольна адштурхоўвацца, сіпата і паспешліва свіснуўшы, успорваючы і раскідваючы хвалі.
Осер, прывітаўшы бацьку, быццам старога знаёмага, запытаўся: «Вос махт а ід?» — «Як справы ў яўрэя?» — і адышоў убок, бо дзядуля, які сустракаў нас, падхапіў нашы рэчы і накіраваўся ўверх, пад гару. Дзядуля не любіў «цялячых пяшчот». Ён ніколі не цалаваўся падчас сустрэч. Падаваў сваю
жорсткую, мазолістую руку і сыходзіў без пытанняў, а мы ішлі следам.
На гэты раз мяне прывёз тата. Ён прабавіць тут некалькі дзён, можа, з тыдзень, і з’едзе. А я застануся. Потым за мной прыедзе мама.
Калі мяне прывозіць тата, мы дабіраемся да мястэчка на параходзе. Бо тату падабаецца сядзець на палубе і ўзірацца на лясы, лугі, вёскі, прыстані, на сустрэчныя параходы і баржы з лесам і іншымі рэчамі. Тата супакойваецца. Бо ў яго праца нервовая, з людзьмі. Я таксама люблю плысці на параходзе. Бо ёсць буфет. I тата купляе мне там сітро. Колькі захачу. Хоць мама папярэджвала, каб я не «злоўжываў».
Ад прыстані да дзядулевай хаты метраў семсот. Спачатку пад гару, а потым па цёмнай вуліцы. Мы ж прыплылі ў дзве гадзіны ночы. На вуліцы свецяцца вокны толькі нашай хаты. Там чакае бабуля. Цікава, што смачненькае на стале?
Бабуля цалуе нас, дае чысты ручнік, і мы ідзем у двор, да рукамыйніка.
Дзед і тата п’юць самагонку. Хоць тата, як госць, дастаў з чамадана пляшку «Маскоўскай». Самагонка «чыстая, для сябе», як сказала Верка, у якой дзядуля купіў цэлы графін. Напэўна, добрая. Яны ўжо выпілі па стограмовай гранёнай шкляначцы, і тата сказаў, што «вельмі моцная, але прыемная». А дзядуля адказаў, што калі выпіць шкляначкі тры-чатыры, то самагонка акажацца вельмі лютай.
Бабуля накладае мне тушанай бульбы, мілхіке, малочнай, у сэнсе, на масле. Бульба добра пратушылася, таму што гатавалася ў печцы. А печка вялікая, яна займае амаль усю кухню, да самай перагародкі. За перагародкай — астатняя частка хаты: вялікі пакой, у двух кутках якога стаяць жалезныя нікеляваныя ложкі з горкамі падушак.
Мы позна ляглі і позна ўсталі. Тата пайшоў «з візітамі». Спачатку ён зойдзе да дзядзькі Меіра. Дзядзька жыве на нашай вуліцы, непадалёк ад клуба. Яны будуць гутарыць пра палітыку. Мой тата — «палітыкан». Калі адслужыў у арміі, яму прапаноўвалі застацца і пайсці «па палітычнай лініі». Але тата вырашыў, што пойдзе па сваёй лініі. Меір — пенсіянер, былы бухгалтар у сплаўканторы, Ён жыве са сваёй Ханай, тоўстай, шырокай жанчынай. Два іх сыны ў Маскве. I Меір сумуе, кажа, што дажывае, бо «зношанасць здароўя дасягнула крытычнай мяжы». Але так ён кажа ўжо год пяць. Я памятаю, таму што ўпершыню пра «зношанасць» яго здароўя пачуў пасля першага класа. Меір заўжды вельмі рады тату. Ім ёсць пра што пагутарыць. У пачатку лета ён заўжды пытаецца ў дзядулі, калі мяне прывязуць на канікулы і хто прывязе. Ён вельмі задаволены сустрэчай з татам.
Ад Меіра тата пойдзе на прыстань да Осера. Осер пенсіянер, у яго худая шыя і зморшчаны, як печаны яблык, твар. Яны разам з дзядулем былі плытагонамі — пераганялі па рэках лес у розныя месцы. Вось чаму мой дзядуля на рацэ свой. Ён высокага росту, жылісты і моцны. У адрозненне ад бабулі, ён не заўжды харчуецца кашэрна. Таму што ўсё жыццё прабавіў на сплаве, па некалькі тыдняў не быў дома. Часам, калі мы з ім гуляем па мястэчку, заходзім да Веркі. Дзед аддае пяцьдзесят капеек, выпівае шклянку самагонкі і закусвае салёным агурком з хлебам. Мы выходзім з Веркінай хаты, і ён просіць, каб я не расказваў бабулі. Безумоўна, я не раскажу, я ж таксама мужчына, хоць мне пакуль адзінаццаць. Але мне здаецца, што бабуля і так усё ведае.
Увечары мы сядзім на лаўцы каля хаты. Гарачыня спала, паветра пасвяжэла, і зямля ўздыхае з палёгкай. Суседзі падыходзяць і здароўкаюцца: «Што, Маісей, дачакаўся дачнікаў?» — «Ага», — адказвае дзед. «Ну, як там у горадзе?» Усе веда-
юць, як у горадзе, бо дарослыя дзеці суседзяў жывуць таксама у гарадах. Але трэба ж нешта запытацца.
Я сяджу на плоце і назіраю за вуліцай. Вось няспешна ідзе Мулік, лавіруе між каровінымі сухімі і свежымі ляпёхамі, якімі «засаджана» вуліца. Ён вялікага росту, чорныя вочы глыбока пасаджаны паабапал велічнага носа. Муліка ўсе ведаюць, таму што ён робіць ліманад у пякарні. У сэнсе, у пякарні робяць хлеб, а ў прыбудове Мулік «дае газу»: хімічыць над ліманадам і яблычным напоем.
Мулік жыве ў завулку недалёка ад нашай хаты, а побач, ушчыльную да другога плота, адным вокам-вакном глядзіць у наш двор, раздражняючы дзеда, дом яго цесця, Сімхі Элькес. Мулік не любіць сваю цешчу Эльку. Наогул яе мала хто любіць. Кажуць, праз язык яна і Сімху свайго прыдушыла. Нездарма, прыкладам, Фейгл называюць Фейгл Осерс, а маю бабулю — Лібе Мейшкес. Майго дзядулю зваць Мейшке, у сэнсе Маісей. А тут усе кажуць: Сімха Элькес. I адразу зразумела, хто ў доме гаспадар.