• Газеты, часопісы і г.д.
  • Дзе ўзяць крыху шчасця  Давід Шульман

    Дзе ўзяць крыху шчасця

    Давід Шульман

    Выдавец: Радыёла-плюс
    Памер: 296с.
    Мінск 2005
    50.31 МБ
    Потым мы пачалі прыязджаць на «тышэб’ёў'». Але ўжо раніцай, а не напярэдадні. Каля хаты цёці Фрэйды чакала падвода. Мы сядалі, Борух казаў: «Но-о!» — і кабыла вязла нас да месца. Па дарозе падсаджвалася некалькі старых.
    Асабісты транспарт з’явіцца гадоў праз дзесяць. А да той пары былыя жыхары гарадка, а зараз масквічы, ленінградцы, мінчане, а таксама іх дзеці і ўнукі, што прыехалі ў Т., дабіраліся да гета пешкі. Пакуль усе збіраліся і чакалі, гутарылі пра жыццё, пра тое, хто дзе жыве, працуе. Звычайная гутарка землякоў, раскіданых лёсам і абставінамі на многія кіламетры адзін ад аднаго.
    А чакалі... тату. Калі мы пад’язджалі, многія віталіся з ім за руку, тата казаў: «Зараз пачнём», — і ўсе замаўкалі.
    «Эль малэ рахамім...» — «Бог поўны міласэрнасці...» Тата спяваў... Ён то павышаў, то паніжаў гучнасць, глядзеў на неба,
    1 Тышэб’ёў — жалобны дзень яўрэйскай гісторыі, які адзначаеца ў канцы ліпеня — пачатку жніўня (ідыш).
    а потым на ўзгорак унутры агароджы. Голас гучаў жаласна, кранаў і ўзрушваў душу. У таты быў прыгожы тэнар з прыемным тэмбрам, светлы, пяшчотны...
    Людзі плакалі. Было шмат людзей. Тыя, хто прыехаў упершыню, пыталіся: «Хто ён, гэты мужчына? Адкуль такі боль?»
    Боль... Тут ляжалі татава матуля, сёстры, іх мужы, пляменнікі і пляменніцы... Вялікая мішпоха', памяць пра якую не адступалася ад таты ні на адзін дзень. Высветлілася, што пераможцам цяжка жыць. Мужчыны таго часу амаль усе былі пакутнікамі, яны вярнуліся з вайны. Было вельмі цяжка жыць з тым, што яны прынеслі ў сабе, і з тым, што іх сустрэла...
    Потым тату зноў ціснулі руку. Адыходзілі ўбок і гаварылі, гаварылі...
    Накіроўваліся да могілак. Там тата казаў кадыш2. Яго вялі ад агароджы да агароджы, ён дазнаваўся імёны бацькоў тых, хто спачываў тут, чытаў на помніку імя памералага і маліўся. I тыя, хто прасіў тату, потым сыходзілі з заспакоенай душой. Яны не ўсе верылі ў Бога, але з дзяцінства ведалі, ім яшчэ перадалося, што так трэба. Тата нікому не адмаўляў. Потым у яго некалькі дзён балела горла. Таму што бацька не балбатаў малітву скорагаворкай, не рабіў гэтую богаўгодную справу напаўмоцы. Ён маліўся і быў шчырым. I так кожны год. За некалькі дзён да паездкі ён пачынаў піць сырыя яйкі, умацоўваў голас.
    З’явілася машына. I цяпер на зваротным шляху мы заязджалі ў мястэчка, дзе да вайны была татава хата. Мы ніводнага разу не былі на той вуліцы, дзе жыў ён калісьці. Спынялі машыну недалёка ад могілак і хвілін пятнаццаць ішлі пешкі, хоць можна было пад’ехаць зусім блізка. Там мы стаялі моўчкі. Вартаўніца, якая жыла побач, расказвала, адкуль і каго прывезлі сюды за апошні год. Яна як быццам давала слраваздачу.
    1 Мішпоха — сям’я (ідыш).
    2 Кадыш — памінальная малітва (ідыш, іўрыт').
    Калі таты не стала, я ездзіў у Т. адзін. У першы год усе пыталіся, чаму ён не прыехаў... Ніхто не маліўся, усе стаялі моўчкі, думалі, узгадвалі. Борух, фурман, казаў мне, што нават калі б хто-небудзь і ўмеў маліцца, то не адважыўся б, напэўна. Ён баяўся б параўнання з татам. Ішлі дзевяностыя гады мінулага стагоддзя. Старыя забыліся малітвы, а моладзь іх ведаць не магла. Такім быў лад таго жыцця.
    Кожны раз, калі з Ізраіля прыязджаю туды, я бываю ў Т. I душа мая баліць і крычыць, і памяць не застыла на месцы, і я ўжо ведаю малітвы. Але... Хіба так, як тата...
    ПАЧАТАК
    Выхоўвайце падлетка згодна шляху яго — нават калі пастарэе, не сыдзе з яго.
    Цар Саламон
    Калі мне споўнілася два тыдні, я зрабіўся яўрэем. Гэта павінна было здарыцца на восьмы дзень майго з’яўлення на гэты свет. Але старая Фунціха, дзіцячы лекар, з такім лёгкім прозвішчам, Фунт, праз рукі якой у тыя гады прайшлі амаль усе дзеці горада, сказала, што трэба пачакаць. Таму што ў мяне на ножцы ўскочыў пухірык і «хлопчыку і так балюча». Бо нават у Законе напісана: «Калі дзіцёнак, не дай Бог, хворы альбо слабы, брыт-мілу' не робяць, чакаюць, калі малы паздаравее і памацнее». Пад Законам загадчыца дзіцячага аддзялення доктарка Фунт мела на ўвазе Тору. Але ўслых гэтае слова тады не вымаўлялася. Маглі прыпісаць нацыяналізм.
    Такім чынам, у дзень, калі мне споўнілася два тыдні, гарадскі шойхет2 Добкін прывёў у дом моэля3, які прыехаў спецыяльна з іншага далёкага горада. У тыя пасляваенныя гады сярэдзіны мінулага стагоддзя ўжо не ў кожным горадзе былі свае моэлі і нават шойхеты. I наогул, яўрэйскае жыццё ў Савецкім Саюзе кацілася з гары, на якую ўзняліся калісьці нашы продкі, уніз і ўніз. Дакладней, гэтае жыццё саштурхоўвалі, забараняючы традыцыі, норавы, звычаі, адносіны да Бога. Сінагогі рабіліся тэатрамі і дамамі піянераў, бібліятэкамі і складамі.
    Шойхет Добкін, яўрэй, якога шанавалі ў горадзе, год таму назад склаў маім бацькам, яшчэ да наведвання ЗАГСа, «Ктубу» — шлюбнае пасведчанне, якое напісана ад рукі на ідыш і захоўваецца дома да гэтай пары, пацямнелае ад часу і падзеяў,
    1 Брыт-міла — абразанне (ідыш).
    2 Шойхет — разнік, спецыяліст па кашэрнаму забою жывёл (ідыш).
    3 Моэль — чалавек, які выконвае абрад абразання (ідыш).
    павітаўся за руку з кожным з мужчын і прадставіў моэля Мотла. Рэб Мотл не вітаўся за руку, а толькі кланяўся.
    Я ляжаў у калысцы. У доме сабраліся сваякі, прыйшлі суседзі, мужчыны і жанчыны. Яны былі сведкамі майго далучэння да Бога. У яўрэйскай сям'і гэта вялікае свята. Бацька ўзяў мяне на рукі і перадаў нашаму суседу, Шыману-камінару, які выглядаў вельмі нязвыкла: урачыста прыбраны, з капелюшом на галаве. Усе прызвычаіліся яго бачыць заўсёды мурзатым, у целагрэйцы, са шчоткамі, мяцёлкамі і іншымі інструментамі за спіной у вялікай кашолцы.
    Шыман быў урачысты. Сёння ён выконваў ролю сандака (хроснага бацькі). Ён сядзеў на высокім крэсле, размясціўшы мяне на каленях, прытрымліваючы правай рукой мае ножкі.
    Мама стаяла ўбаку сярод іншых жанчын і плакала. Яна была зусім маладая. Ёй нядаўна споўнілася дваццаць тры гады. Маме было вельмі балюча таму, што мне вось-вось зробяць балюча. Яна плакала і бегала па хаце ў хваляванні на мяжы істэрыкі...
    Тата прагаварыў малітву, потым памаліўся моэль. Ён дастаў скальпель і імгненна выканаў аперацыю: абрэзаў крайнюю плоць і, каб я адрозніваўся ад мусульманіна, рассёк унутраны пялёстак скуркі надвое. Я закрычаў. Пралілося крыху крыві. Мне далі ў рот пару лыжачак віна, і я... заснуў.
    Мне зрабілі брыт-мілу— найстаражытнейшы рытуал іудаізму, што ўзыходзіць да Аўраама. Патрыярху загадана было зрабіць яго ва ўзросце дзевяноста дзевяці гадоў, але ўжо яго сыну Іцхаку зрабілі тое ж, калі таму было восем дзён.
    Тата забраў мяне, перавязанага ў тым месцы, дзе толькі што зрабілі аперацыю, у Шымана, пацалаваў і перадаў маме. Яна аднесла мяне ў спальню, дзе сядзела каля калыскі мая бабуля.
    Я ляжаў ў калысцы і соп. Толькі што мяне зрабілі сапраўдным яўрэем. Так мой лёс пазначылі Бог і бацькі.
    А ў зале мужчыны ў галаўных уборах маліліся за маю будучыню і дзякавалі Богу. Сувязь між людзьмі, што ствараецца агульнай малітвай, вельмі моцная. Гэта тое, штотрымалаяўрэеў разам на працягу тысячагоддзяў падчас выпрабаванняў, часта невыносных выпрабаванняў.
    Потым госці селі за стол, адзначаць маю брыт-мілу. 3 прадуктамі было цяжка. Але тата пастараўся, падключыў усе сувязі. Барыс Сломаў, дырэктар сталоўкі, калі даведаўся, навошта патрэбны прадукты, сказаў: «На святую справу, безумоўна, адпушчу». Татаў сябар Барыс Сломаў потым шмат разоў у цяжкія часы выручаў нас.
    Стол атрымаўся па тых часах багаты. Госці пілі і елі, весяліліся. Мама бегала між спальняй, дзе спаў пад бабуліным наглядам я, кухняй і залай, дзе сядзелі і закусвалі госці.
    Дзядуля сядзеў на ўслончыку каля грубкі. Ён глядзеўу топку на вуголле. Па ім прабягалі аганькі. Часам вуглі стралялі і выскоквалі на прыбітую каля грубкі бляху. Дзядуля браў іх голымі рукамі і хутка закідаў назад. Потым варушыў іх, варочаў качаргой. Я быў першым унукам, «змяніў» яго жыццё, зрабіўшы дзедам.
    Быў пачатак года. Студзень круціў завірухамі і дасылаў маразы. Пачыналіся мае найлепшыя гады. Але я не ведаў пра гэта. Як не ведаў, што паветра дзяцінства пахне мамай, што найбольшае багацце — быць у бацькоўскім доме сярод родных людзей.
    Потым мяне ратавалі цяпло і любоў, якія я атрымаў ад бацькоў. I яшчэ традыцыя з усмешкай глядзець на сябе збоку. Можа, гэта таксама пачалося ў той дзень?
    Калі госці расчырванеліся ад віна і цяпла добра натопленай хаты, шойхет Добкін звярнуўся да моэля.
    — Прабачце, рэб Мотл, пра вашу прафесію моэля ёсць столькі анекдотаў. Нават не зусім прыстойныя. Але мой не такі. Значыць, «гертагер», «слухайце сюды», — і ён пачаў расказваць. —
    Ідзе чалавек па вуліцы і бачыць вялізны гадзіннік, што вісіць на вітрыне. Ён як раз хацеў адрамантаваць свой гадзіннік, але ўладальнік крамы адказвае, што ён зусім не гадзіннікавы майстар, а моэль. «Навошта ж ты павесіў гадзіннік у акне?» — «А што, патвойму, я павінен быў павесіць?» — адказвае моэль.
    «Атэйбер ві алох», «глухі як дзірка», так называла свайго мужа Шымана-камінара цётка Злата, Шыман, якога нельга было ўявіць немуркаючым пад нос якую-небудзь песню, смяяўся павохкваючы, «ах-а-а-ах». Рэб Мотл, моэль, павойкваў, «ой-ё-ёй» і, пагладжваючы сваю сівую бараду, прыгаворваў «таке азей», «менавітатак, менавітатак, ой-ей-ей-ой»...
    — Цёця Вета, ну цёця Вета, — гэта Ігар, сын краўца Іосіфа, звярнуўся да суседкі. Іх дамы былі недалёка адзін ад аднаго. — Цёця Вета, як па-вашаму, чаму яўрэям робяць абразанне?
    Цёця Вета, поўная, грудастая жанчына, мужам якой быўхуды Аба-друкар, прыжмурыла вочы, як быццам прыгадваючы нешта, і няспешна адказала: «Ну, па-першае, гэта прыгожа...».
    За сталом не смяяліся. Мужчыны з гонарам выпрасталі свае спіны і выпілі за рэба Мотла, які робіць гэтую прыгажосць.
    Моэль рэб Мотл падышоў да майго ложачка і сказаў бабулі: «У яго ўсё наперадзе. Паглядзіце, як ён спіць. Добра, калі ёсць надзея. Тады і спіцца лепш...»
    На чатырнаццаты дзень ад свайго нараджэння я быў чысты, як кішэні жабрака. Я яшчэ не ўглядаўся ў зорнае неба над домам. Калі ўздымаеш вочы да неба, бачыш, як там, наверсе, клубкі ўсіх падзей сплятаюцца ў адно, утвараючы рэальнасць, даўно апісаную яўрэйскімі прарокамі і мудрацамі.
    У гэтую рэальнасць я пачаў уваходзіць.
    сюжэт яшчэ