Дзе ўзяць крыху шчасця
Давід Шульман
Выдавец: Радыёла-плюс
Памер: 296с.
Мінск 2005
Але яна не ведала Моціка, які ўсё жыццё там пражыў у Сібіры, між лясоў і рэк, быў паляўнічым, можа, адзіным яўрэем на тысячу кіламетраў. Ён не спыняўся да той пары, пакуль на стале заставалася хоць што-небудзь з алкаголя.
Але галоўнае, што за ўвесь гэты час, нягледзячы на смяротную для кагосьці колькасць выпітага, усё разумеў. Яго мозг працаваў, хай сабе не так дакладна, як у цвярозыя моманты яго
Дзень нараджэння
жыцця, але працаваў. I наогул ніхто не мог прыгадаць выпадак, каб Моцік вырубіўся, адключыўся ад успрыняцця рэчаіснасці.
Але фенаменальным было не толькі гэта. А тое, што ранкам, што б ні здарылася напярэдадні, клянучы ўсё і ўсіх, ён выходзіў на працу. Яго істота некалькі гадзін змагалася сама з сабой, таемна ад гаспадара майстэрні прымала паўшклянкі гарэлкі і вярталася яшчэ да абеду ў амаль ураўнаважаны стан. Але калі ў той жа вечар была нагода зноў сесці за стол, усё паўтаралася. Жыццё рухалася па крузе, у які ён ускочыў шмат гадоў таму. У Моціка былі ўжо тры ўнукі. Алкаголікам ці п’яніцам ён сябе не лічыў. «Які я алкаш, калі ў мяне хата поўная чаша?» Але, крыху памаўчаўшы сарамліва дадаваў: «Не, там была чаша, а тут пакуль кубачак. Але за два гады ў Ізраілі кубак поўны».
Дык вось, спачатку Моцік угаварыў гаспадара кавярні проста сесці з ім за стол. I ўсе забыліся пра Слаўку-імянінніка. Сачылі затым, што будзе далей. Шлома выпіўў два заходы шклянку гарэлкі і вырубіўся. Яго хацелі адцягнуць на кухню, але тут ён раптам грозна крыкнуў «ло» — «не», наліў крыху сабе ў шклянку і абвёў гасцей гаспадарскім позіркам, штосьці прабубніў спачатку для сябе, лрамовіў тост: «fle-товато ам а-русі, вэ-баалей шэлаэн!» — «За рускі народ і іх мужоў!» Выпіў і канчаткова адключыўся.
Першым зразумеў тост Моцік. Ён устаў, выставіў указальны палец правай рукі і пачаў лічыць па крузе, скончыўшы на сваёй жонцы Насці. Ён амаль плакаў ад смеху, потым зайшліся Ізя і Саламон, Аркаша, Толік і Славік. Потым іх жонкі: дзве Валі, Нонка, Ванда і Лена, астатнія госці. Потым дзве Валі, Нонка, Ванда і Лена пачалі цалаваць сваіх мужоў і пацягнулі іх у круг. Сеня зайграў «сем-сорак», і ў дам атрымлівалася так, як трэба, а ў іх мужоў ногі блыталіся.
Былі фрэйлэхс, гапак, лезгінка і нават кракавяк.
Гулялі да раніцы.
ВОЛЬНЫ I ШЧАСЛІВЫ
— Дарагія таварышы! Сёння мы праводзім у... — Аляксандр Сяргеевіч раптам спахапіўся, ледзьве не ляпнуў больш звыклае, — мы праводзім у далёкую дарогу на новую радзіму нашага шаноўнага парторга энергаслужбы Эдуарда Яфімавіча. Так, для мяне ён застаецца парторгам, найлепшым парторгам нашага завода, хоць ён і здаў мне свой партбілет два месяцы таму. Пройдзены вялікі шлях, і ён не вінаваты, што так вось складаюцца абставіны і з усімі сваякамі даводзіцца здымацца з наседжаных месцаў. Але, ведаючы настойлівасць і ўпартасць нашага дарагога Яфімавіча, я ўпэўнены, што і там, на новай радзіме, ён насядзіць добрае месца, Па даручэнні нашай арганізацыі дазвольце мне ўручыць ад’язджанту крышталёвую вазу. Калі ты, Эдзік, паглядзіш уважліва, то ўбачыш заканспіраваную вашу зорку. Хай яна табе свеціць.
Аляксандр Сяргеевіч, парторг завода, уручыў Эдзіку Шыману вазу, і яны расцалаваліся тройчы, па-хрысціянску. Парторг прапанаваў выпіць за лёгкую дарогу і ўдалае абжыванне на святой зямлі.
Вечарынка з прычыны яго ад'езда пачалася хвілін дваццаць таму. I Саша-парторг, з якім за доўгія гады было і выпіта, і адгуляна вой, дай Бог кожнаму, колькі, пачаў першым выступаць з прамовай. А да гэтага Эдзік падзякаваў усім сваім гасцям за тое, што яны сабраліся, ушанавалі яго. Гасцей было чалавек трыццаць. Калегі, суседзі, сваякі, якія пакуль яшчэ заставаліся тут.
Эдзік зняў гэтую банкетную залу ў рэстаране па традыцыі, што склалася ў горадзе, і не толькі ў горадзе, а ва ўсім Савецкім Саюзе: ладзіць развітальны вечар перад ад’ездам на новае, замежнае месца жыхарства. Наогул, нічога новага ў гэтай традыцыі не было. Таму што любую хоць крыху значную падзею прынята было адзначаць застоллем. А тут ад’езд за мяжу, ды яшчэ на пастаянку.
— Сябры! Я толькі вось зараз зразумеў, якога зама страчваю. — Кім Мікалаевіч, начальнік аддзела, устаў, аглядзеў сваім глыбокім, як быццам кэдэбісцкім, позіркам застолле і звярнуўся да героя падзеі. — Мы з табой, Эдуард Яфімавіч, прапрацавалі разам сем год. Тут, я ведаю, ёсць людзі і з большым сумесным стажам. Але, уяўляючы сабе зноў гэтыя гады, я разумею, якім надзейным кадрам быў мой зам. — Ён перавёў погляд на прысутных. — Гэта я за яго спіной быў упэўнены, што ўсё па нашай частцы на заводзе будзе нармальна. Колькі ж гарэлкі давялося табе выпіць, шаноўны Эдуард Яфімавіч, з усімі правяраючымі, рэвізорамі, інспектарамі? I ты не спіўся! Кідаючыся, быццам на амбразуру, у нумары гасцініц, за столікі рэстаранаў і проста адкрываючы свой гараж, дзе, чаго грэх хаваць, у нас заўсёды захоўваўся спірт для такіх вось мэтаў. Твая «Кавярня гараж» застанецца ў маёй памяці як месца, дзе ў мяне бывала бесклапотнае шчасце ў душы. Ты ўмеў прымаць гасцей. У чым мы і зараз усе ўпэўніваемся, гледзячы на гэты стол і адчуваючы атмасферу ўтульнасці і дабра, хоць будынак гэты казённы. Ты ўмеў стварыць такую незвычайную атмасферу і на працы, і пасля, што нам усім здавалася, нягледзячы на важные справы, быццам яшчэ бадзёрасці ў нас столькі, што ўсяго пераробленага мала. Сёння я ўпершыню звяртаюся да цябе не па імені па бацьку. Дарагі дружа, калега, проста добры чалавек, дарагі Эдзік. Хоць сцэнарый жыцця вылучаецца непрадказальнасцю, няхай на новым месцы табе будзе хацецца жыць. Бо дом там, дзе хочацца жыць. Дзякуй табе, дарагі калега, за ўсё табе дзякуй.
I ён выпіў келіх гарэлкі. Эдзік здзіўлена глядзеў на шэфа. Такімі порцыямі Кім яшчэ не піў. Значыць, сапраўды, яму і сумна, і шкада... Так, з Кімам яны сябравалі, дапаўнялі адзін аднаго. Эх, сколькі добрага пражылі! Сколькі нагаварылі. Ці будзе там, на новай радзіме, такі вось калега? Заныла пад сэрцам маўклівая і старая, як свет, журба, запаўзала ў яго душу. He,
не сёння. Будуць яшчэ ў яго жыцці дні, калі ён пачне лячыцца ўспамінамі пра далёкае падхарошанае мінулае. А пакуль будзем падаграваць галасы віном і гарэлкай. Вось і Нінка, Толіка жонка, устала. У яе «тоўстая падкладка» — Нінка таўставатая і шырокая. А Толік худы, у чым толькі душа трымаецца, а вось «саўладальнік» чатырох дзяцей.
— Эх, Эдзік, Эдзік. З’язджаеш, пакідаеш нас. I да каго я буду заходзіць па параду? Ты ж забіраеш з сабой і маму, мудрую, разумную жанчыну. А з кім Толік будзе часам размаўляць летнім вечарам на лаўцы? Цябе ж не будзе. I, наогул, як пойдзе цяпер жыццё?
На двары стаяў дзевяносты год дваццатага стагоддзя. Да развалу Савецкага Саюза заставалася зусім няшмат. Паветра было напоўнена будучымі і ўжо надыходзячымі непрыемнасцямі, непрадказальнасцю, войнамі і безвыхаднасцю.
— Вам добра, хоць ёсць куды з’язджаць. А нам вось няма куды... — не хаваючы зайздрасці, скончыла Нінка, махнула рукой, чокнулася сваёй чаркай з Толікам і сваяком Эдзіка, выпіла.
У вялікай суседняй зале заіграў аркестр. Госці, амаль усе, пайшлі танцаваць, утрасаць халодныя закускі. Верачка, афіцыянтка, вельмі прыемная жанчына, якой Эдзік калісьці абаяльна закруціў галаву, усхліпвала, стоячы ў куце банкетнай залы. Потым падышла да яго, але сказала чамусьці: «Гарачае калі падаваць?», хоць хацела выказаць блізкае і пяшчотнае: «Эх, Эдзька! Вар’яцела я ад цябе. 3 твайго боку гэта было не спакушэнне, а вабная непазбежнасць. Ах, не закахацца ў цябе было шчырым глупствам».
— Дзякуй за ўсё, Вера. Я буду памятаць. А асабліва, як аднойчы ты сказала: «Усё, не магу больш хавацца. Падабаешся ты мне». А я тады ламаў галаву, што б яшчэ зрабіць, каб спадабацца табе. Я хачу, каб было табе з кім засынаць і прачынацца, лашчыць каго і гладзіць. Усё будзе добра, вось убачыш.
Ён пацалаваў яе. Яна хацела прыціснуцца, але прыгадала, што ў гэтай зале яны не адны. Што ж, у кожнага свая песня. Эдзька з’язджае, а яна сыходзіць на кухню, да кухараў і пасудамыек. Яны дакладна ўжо пляткараць.
— Ну што, дружа, захоўваць вернасць рэстарану лягчэй, чым жанчыне?
— Так, дарагая Ганна Пятроўна, вам, як дырэктару гэтай установы, мае звычкі знаёмыя. Як-ніяк, дванаццаць апошніх гадоў абедаў штодзень, апрача выхадных, у вас. I сёння наша абедзенная кампанія, цудоўная чацвёрка, ізноў рассаджваецца за сталом. Так што, Ганна Пятроўна, падавайце, калі ласка, гарачае.
— Так, так, Эдуард Яфімавіч, толькі спачатку...
Яна вярнулася праз хвіліну з Верай і... шампанскім.
— Дарагія сябры. Гэтыя тры пляшкі ад нашай установы. Давайце адсалютуем у гонар чалавека, які доўгія гады заставаўся нашым кліентам і сённяшні вечар таксама бавіць у нас. Дарагі Эдуард Яфімавіч, мы доўга будзем памятаць вас.
Стралялі пробкі ўверх, шампанскае вылівалася на стол і ў запозненыя келіхі.
Эдзік быў задаволены. Здаецца, усё нармальна. I пітва, і ежы хапае. Ганна Пятроўна пастаралася. Выклікала спецыяльнага кухара. Праўда, вось настрой нейкі слізкі. To радасць, то журба, то туга. Ну, як там будзе без гэтых сяброў? Людзей, якія адбіраліся і правяраліся на працягу гадоў? Так, як сказаў Кім, сцэнарый жыцця вылучаецца непрадказальнасцю. Што там, праз сорак восем гадзін? Безумоўна, свой статус ён страціць. Краіна свая, але ўсё ж... чужая. I ён, свой-чужы, пакуль яшчэ стане на ногі. Колькі часу міне, пакуль ён пачне адчуваць сябе так, як адчуваў сябе тут. Хоць, шчыра кажучы, не ўсё было так бязвоблачна. Каб выжыць, яму трэба было быць найлепшым. I школа з медалём, і інстытут з дыпломам чырвоным. I ўсё па прыступках, па прыступках, не пераскокваючы, даказваючы,
што ён усё ж найлепшы. Араў ён, Эдзік Шыман. Увесь гэты час тут пражыў, як кажуць, з мазаля. Працаваў і працаваў, столькі ўсяго перарабіў. I вось усё ў яго было на радасць і на шчасце. Але калі б хто-небудзь зараз спытаў, ці быў ён сапраўды шчаслівы, адказаў бы: «Шчаслівы? He, хутчэй задаволены». Зрэшты, шчасце, як вядома, рэч адносная. I ўсё ж, і ўсё ж... Так, будзе іншы дзень і іншае жыццё. Больш светлае і добрае?
Пералівы яго настрою, змены пачуццяў, на шчасце, не закранулі гасцей. Сваякі былі ўпэўнены, што з Эдзікам будзе ўсё О’кей і яны да яго пераедуць праз год-другі. Калегі і суседзі паступова страчвалі кантроль затэмпамі і колькасцю спажытага.