Дзе ўзяць крыху шчасця
Давід Шульман
Выдавец: Радыёла-плюс
Памер: 296с.
Мінск 2005
РАСПІШАЦЦА I I
Людзі баяцца і ненавідзяць тое, чаго не ведаюць і не разумеюць.
Кітайская прыказка
РАМАН 3 КАНТРАБАСАМ
Майму першаму кантрабасу было два гады. А мне — семнаццаць. Да гэтага ён належаў Аліку Барысаву, які па размеркаванні з’язджаў у іншы горад. I крыху пацямнеў, напітаўся жыццём. А я некалькі год таму скончыў музычную школу па класу скрыпкі. I толькі паступіў на энергафак, мінула пара месяцаў.
Кіраўнік аркестра, выпадкова даведаўшыся, што я іграю на скрыпцы, падышоў у перапынку і сказаў, што кантрабас — гэта таксама скрыпка, толькі ўжо дарослая.
— Але ж ён мужчына, — запярэчыў я.
— Дык яна перарадзілася, такая бамбіза вырасла, таму і ўзмужнела. — I працягнуў сур’ёзна. — Пальцы ў цябе доўгія, рост падыходзячы, вы злюбіцеся, вось убачыш.
Я ўдзячны Вальдэмару Гаўрылавічу па сённяшні дзень, хоць на кантрабасе не іграю ўжо шмат гадоў. Удзячны таму, што мой першы аркестр пачаў ляпіць маё далейшае жыццё.
Алік Барысаў быў высокім хлопцам у рагавых акулярах. Яшчэ ён быў падобны да Юрыя Казакова, пісьменніка і... кантрабасіста. Калі я прачытаў яго апавяданні і ўбачыў фота пісьменніка, не ведаю чаму, падумаў, што Казакоў умее іграць на кантрабасе. Ну, не ведаю я, чаму падумаў. Але так і аказалася. Кантрабас — інструмент сапраўдных мужчын.
Але мне пакуль яшчэ семнаццаць. Увечары, на рэпетыцыі, Алік займаецца са мной. У пустой актавай зале на сцэне мы ўтрох. I вось Алік развітваецца са сваім сябрам. Я зразумею потым, праз пару год, што кантрабас — мой сябар. Алік ведаў гэта тады. Яны ж былі разам два гады. Алік сам ездзіў з Валь-
дэмарам выбіраць з чатырох інструментаў менавіта гэты. Ну што ж, будзем прывыкаць да «вялікай скрыпкі».
Ён, відаць, моцна прывык да Аліка. Таму што параніў мне пальцы. Кантрабас нібы не хацеў, каб я быў побач. I я таксама падумаў: навошта мне гэта трэба? Але тата сшыў мне з тонкай скуры напальчнікі. I пакуль мае раны зажывалі, я іграў у гэтых «пальчатках». А потым зноў «разбуваўся». I зноў бедныя мае пальцы... Вальдэмар глядзеў, як я пакутую, і казаў, што гэты напаўкрывавы перыяд зойме ў мяне некалькі месяцаў. Потым пальцы загрубеюць і як раз да Восьмага сакавіка, на канцэрце, я буду ў форме.
3 такой нагоды да жаночага свята мы апранулі белы верх, цёмны ніз і бабачкі, самаробныя. У самую іх сярэдзіну былі ўшыты «жамчужыны» — мутныя жаночыя гузікі. Нас было восем чалавек, і я стаяў побач з піяністам. Цьмяна памятаю сваю аркестравую прэм’еру: баяўся няправільна сыграць. Добра памятаю, што дзяўчаты з нашай групы стоўпіліся каля сцэны і глядзелі на мяне. Яны да таго вечара не ведалі, што я аркестрант.
У мяне было сола, некалькі тактаў. Я прыціснуўся да кантрабаса і прабегся пальцамі па грыфе... Потым мы адыгралі танцы. Я зацягнуў інструмент у пакой для музыкантаў і міжволі, быццам конюх кабылку, пагладзіў яго і пайшоў. Але кантрабас прысніўся мне той ноччу. Ён са мной размаўляў, прапаноўваў сяброўства.
На рэпетыцыі, вечарам наступнага дня, я так нёс яго на сцэну, што Зося Палонская, другакурсніца і прыгажуня, спытала ў нейкай сяброўкі нам услед: «Цікава, а з дзяўчатамі ён таксама так?»
Ва ўсіх музыкаў «заводзяцца» дзяўчаты. Пасля прэм’еры я пахадзіў адзін яшчэ з месяц. А потым «завёў»... Зосю Палонскую. Альбо яна мяне. Пачалося маё дарослае жыццё.
Напэўна, някепска атрымлівалася. Бо мяне пачалі запрашаць на халтуры: выпускныя вечары, вяселлі, проста
танцы ў гарадскім Доме культуры. Мой кантрабас зноў ездзіў у аўтобусах, я яго зацягваў у электрычкі, ледзьве разварочваўся з ім у тамбурах дальніх цягнікоў. 3 ім я адчуваў сябе ўстойліва. У цяжкія моманты мне было на каго абаперціся. A яны здараліся. На вяселлях, напрыклад. Выпіць з музыкантам, паказаўшы гэтым астатнім гасцям сваю набліжанасць, лічылася нейкай прывілегіяй. I хоць мы нажылі ўжо практыку, часамі цяжка было ўстаяць. I нават уседзець. Яша, наш саксафаніст, з вялізнай цяжкасцю ставіў тады ў рад тры-чатыры крэслы і іграў лежачы. Яго мазгі яшчэ працавалі. I ён лёгка выдзімаў сола.
А ў мяне заўсёды была апора. Праўда, у самым канцы, калі трэба было сыходзіць, мой кантрабас мяне не слухаўся: цягнуў з аднаго боку ў другі, пагражаў наваліцца на людзей і ўпарта адмаўляўся ўлазіць у транспарт. У пакоі для музыкантаў я аглядаў яго з усіх бакоў, ці няма выпадкам траўмы, і абяцаў, што болей такое не паўторыцца.
Мы былі разам амаль тры гады. I аднойчы я з ім развітаўся. Вынес на сцэну ў пустой зале і пару гадзін выбіраў з яго свае любімыя сола. Да слёз не дайшло, але было дужа сумна. Я з’язджаў у іншы горад на вялікую практыку і ведаў, што мяне ў аркестры заменіць нехта іншы. Толькі, у адрозненне ад Аліка Барысава, я свайго спадкаемца не бачыў. I добра. У памяці кантрабас мой застанецца адзінокім, сумна ўздыхаючым у руках майго першага кіраўніка Вальдэмара Гаўрылавіча.
Нядоўга я гуляў адзін. У тым горадзе выпадкова сустрэў былога аднакласніка. Мы з ім нават сядзелі за адной партай. Падчас гутаркі высветлілася, што ён іграе на барабанах у аркестры. Хто б мог падумаць яшчэ некалькі гадоўтаму, што Веня раптам зробіцца музыкантам. I як аказалася, вельмі добрым ударнікам. Шукалі яны кантрабасіста. Папярэдні спіўся. Мяне прынялі. Аркестр іграў на танцах тры разы на тыдзень у адным з гарадскіх клубаў.
Мой другі кантрабас, як кажуць, многае пабачыў. Ён быў цёмна-цёмна-карычневы, але месцамі яго «скура» была светлай ад драпін і пацёртасцяў. Праўда, на яго голасе гэта не адбівалася. Ён мякка вуркатаў, падганяў мелодыю, што вылівалася з сакса ці фано, але так і не дазваляў ёй проста выліцца ў залу. Ён трымаў яе ў берагах, і барабаншчык Веня гэтыя берагі ўмацоўваў.
Мой другі кантрабас дапамог ажаніцца Мішку. Мы разам прыехалі на практыку. I жылі ў адным інтэрнаце. Мішка не валодаў ніякім музычным інструментам. Ён быў цудоўным тэхнаром і някепскім фатографам. Але на танцах гэтага не пакажаш. А здзівіць сваю дзяўчыну вельмі хацелася. I тады я паказаў яму, як праўдападобна карыстацца інструментам. Мішка аказаўся цудоўным імітатарам. Ён ганяў пальцы ўверх і ўніз па грыфе, круціў кантрабас, нахіляўся да яго блізка-блізка і з залы выглядаў вя-а-лікім музыкантам. Ён выдаваў толькі адну мелодыю і спускаўся са сцэны да чарговай сваёй дзяўчыны. Так працягвалася месяцы тры, пакуль яго новая сяброўка не сказала: «Хопіць выпінацца на сцэне, у цябе прыгожа атрымліваецца, але ж ты не іграеш». Яна была дачкой дацэнта кансерваторыі, вучылася на лекара. Праз год Мішка з ёй акальцаваўся.
Яшчэ мой кантрабас прысутнічаў падчас розных сцэнаў у пакоі для музыкантаў. Ён бачыў працэс захворвання паловы аркестра, яго жанатай паловы. Дзяўчына Каця, красуня з вытачаным целам, дзе ўсё было на месцы, аказалася гнілой знутры... I былі скандалы ў хатах і сцэны ў кабінеце дырэктара клуба. Усе спатканні давялося вынесці з пакоя для музыкантаў. Месяцы на два.
3 маім другім кантрабасам мы чамусьці не сталі сябрамі. Магчыма таму, што раней, яшчэ да мяне да яго прыкладалася шмат рук, і яму было ўсё роўна, хто з ім сёння побач. Хоць у павольных рэчах, асабліва ў класічных блюзах, якія я вельмі любіў, ён гучаў мякка-мякка, клікаў кудысьці, прыносіў цёплы
смутак. Мы вялі сваю партыю і цалкам аддаваліся яго вялікасці рытму — той аснове, на якой нараджаецца музыка. Мы былі пад уладай блюза, гэтага ў сваім родзе наркотыка.
Магчыма, мы яшчэ здолелі б пасябраваць. Але... Я купіў сабе бас-гітару і ўзмацняльнік, купіў першы ў горадзе. Людзі прыходзілі паслухаць яе і паглядзець. На кантрабасе я цяпер іграў толькі ў дыксілендзе, дзе ўся музыка выдаецца жыўцом. Часам яны былі на сцэне побач: стары пашарпаны кантрабас і бліскучая юная гітара, якая быццам казала яму ўсім сваім выглядам: адыграў ты, стары, мінуў твой час.
Я іграў яшчэ гады чатыры. Потым падарыў гітару пляменніку. Ён зрабіўся добрым музыкантам. А я...
На паліцах у маім пакоі — розныя фігуркі кантрабасаў і басістаў. I вялікі фотаздымаку цэнтры: я побач з першым маім кантрабасам. Я нахіліўся і, здавалася, нешта шапчу яму. Што я мог шаптаць? Пэўна, нешта пра Зосю Палонскую.
КАЛІ МЫ ЕЗДЗІЛІ ЗА ШКАРПЭТКАМІ
Гэта было даўно... He, гэта было вельмі даўно, калі мы ездзілі ў Вільню за шкарпэткамі. У нашых крамах таксама прадавалі шкарпэткі, але яны былі занадта нуднага колеру. А ў Вільні — яркія, у тоўстую каляровую палоску, а яшчэ — чырвоныя, жоўтыя, белыя, зялёныя...
Нам з Максам па дваццаць два, і было гэта ў маі, у шчаслівы час. Маладыя, нахабныя, селі мы ў гадзіну ночы ў цягнік, занялі дзве ніжнія полкі. У зацемненым вагоне хто спаў, хто абмяркоўваў жанчын, а хто звыкла еў крутыя яйкі.
У шэсць гадзін раніцы, нягледзячы на ноч у вагоне, мы ўвайшлі ў горад з ранішнім пачуццём лёгкасці і спрыту. Яшчэ пусты тралейбус павёз нас па вузкіх вулачках. Рабілася зусім светла. Здалёку і зблізу пачаў падаваць сігналы горад: шумам машын, блізкімі мужчынскімі і жаночымі галасамі. Чым бліжэй да кірмаша, тым шчыльней рабіўся натоўп у тралейбусе. I вось, калі ў ім усё ўтрэслася і ўтапталася — ехаць і ехаць — дзверы адчыніліся. Мы прыехалі.
Віленскі кірмаш у тыя часы быў багатым. Прылеглыя вуліцы, забітыя аўтобусамі з нелітоўскімі нумарамі, узялі гэтую харчовую і прамтаварную раскошу ў аблогу.
Мінуўшы абжорныя шэрагі (не яны пакуль былі нашай мэтай), мы ўвайшлі ў тую частку кірмаша, дзе на доўгіх прылаўках і ззаду адчыненых аўталавак буяў у вялізных колькасцях мясцовы шырспажыў. У асноўным да яго рухалася плынь з тых аўтобусаў з нелітоўскімі нумарамі. Плынь жадала прыбарахоліцца.
Мы кружылі гадзіны дзве. Дарожныя сумкі пухнулі і цяжэлі абновамі. Безумоўна, шкарпэткі, а потым белыя трусы з зялёнымі ключыкамі на тым месцы, дзе выпінаюцца гармоны. Наогул, запакаваліся мы з ног да галавы, на ўсе часткі цела. I нават прыдбалі туфлі на платформе. Яна ўяўляла сабой у тыя гады некалькі слаёў мікрапорыстай падэшвы.
3 поўнымі сумкамі мы накіраваліся ў зваротную дарогу, да вакзала. He, дахаты яшчэ не збіраліся. Вырашылі застацца, гульнуць. А сумкам далі прытулак у камеры захоўвання.
Вольныя. Яшчэ быў іншы час, калі дзень здаваўся бясконцым. Мы пайшлі па вуліцах, не ведаючы, да чаго і як прыстасавацца, прыткнуцца ў гэтым еўрапейскім горадзе. Па культурнай традыцыі падаліся ў мастацкую галерэю. Яна была амаль пустой. Некалькі пародзістых дзяўчат з пяшчотнымі тонкімі шыямі, выцягнуўшы шыкоўныя доўгія ногі, сядзелі насупраць аднаго з малюнкаў і гутарылі між сабой. Вуха-лакатар улавіла, што тэма зусім не мастацкая, а ўчарашняя-вечаровая.