• Газеты, часопісы і г.д.
  • Дзе ўзяць крыху шчасця  Давід Шульман

    Дзе ўзяць крыху шчасця

    Давід Шульман

    Выдавец: Радыёла-плюс
    Памер: 296с.
    Мінск 2005
    50.31 МБ
    — Калі даведваешся пра Садом і Гамору і што гэта адбылося вось тут, калі тырчыш, як цвік у муры, у расоле Мёртвага мора, і прымаеш у ім самыя немагчымыя позы сваімі амаль паўтара цэнтнерамі, і бачыш лоруч лёгкіх, вольных людзей, пачынаеш разумець Бога.
    Гігілевіч глядзеў у акно машыны і працягваў думаць пра Бога. Верыць зрабілася модна там, у яго краіне. I расшпіляць кашулю, выстаўляць ланцужок з крыжыкам напаказ. Але ж хіба пра інтымнае, пра веру ў Яго, пра гэтую тонкую матэрыю, трэба крычаць?
    Мішкаў голас вярнуў яго на шлях.
    — Хараство краіны — у прапарцыянальнасці. Нашая краіна не абвяшчае пра сваю прыгажосць гарласта. Няма ў нас востра-
    канечных пікаў, што імкнуцца ў нябесныя вышыні. Няма і бясконцых раўнінаў. Краса гутарыць тут шэптам. Яна вядзе цябе за сабой, і ты плаўна пераходзіш ад невялікіх зялёных узгоркаў да маленькай раўніны, а адтуль, уздымаючыся ўверх, але не ўскараскваючыся занадта высока, да адзінай, прыгожай гары, дзе ты добра выкачаўся ў снезе. Самае суровае ў нас — гэта пустыні. Праз адну з іх мы зараз праязджаем. Але ты бачыш, што нават яе суровасць неяк змякчаецца па краях, дзе з пяска выраслі ўрадлівыя землі, і, значыць, тут ідзе нармальнае жыццё. Там, дзе з’яўляюцца пасяленцы, з’яўляецца цывілізацыя. На зямлі Ізраіля няма нічога ў лішку. I нічога ў недахопе. Зараз вось мы пад’едзем да аднаго месца, і ты ўбачыш, што чалавек здольны зрабіць у пустыні. Сто першы кіламетр.
    — I ўсё гэта яго?
    Яны выехалі са стаянкі на аўтастраду і паехалі далей, дадому, у Эйлат.
    — Так, Жора, яго. I рэстаран, і змеі, і кракадзілы, і ослікі, і куры, і... Карацей — ён гаспадар гэтага прытулку. Аднойчы спыніўся сярод пустыні, на гэтым сто першым кіламетры, і заклаў тут жыццё. А цяпер усім прыемна. Як табе сам Шымон?
    — Каларытная асоба, адчуваецца моцная натура. Адкуль ты яго ведаеш?
    — Я бываю ў яго па службовых справах. I тут, і там, у горадзе, дзе жывуць яго жонка і малодшыя дзеці. I куды ён прыязджае на суботу. Жонка ў Шымона верніца, пільнуецца традыцый. А ён пасярэдзіне, паміж сённяшнімі правіламі вядзення бізнеса, што не заўжды адпавядаюць запаведзям, і ладам, за якім сочыць яго жонка-амерыканка. У іх шмат дзяцей, амаль усе падобныя да Шымона, героя-танкіста, дарэчы. Пра яго шмат напісана. А сто першы кіламетр таму, што ў Сінайскай кампаніі ён служыў у сто першай брыгадзе. Пра яго можна гаварыць і гаварыць. Натура незвычайная, часамі такая супярэчлівая...
    Яны сядзелі ў рэстаране і назіралі скрозь тоўстае шкло за жыццём падводнага царства. Няспешна атрымлівалі асалоду ад віртуальнага кантактавання з насельнікамі каралавых калоній, што размяшчаліся вакол рэстарана пад вадой. Атмасфера марскога дна ахутвала іх. Падводны пейзаж з таямнічымі насельнікамі супакойваў.
    — Далі нырца, не дакранаючыся да вады, — Гігілевіч узняў чарку і працягнуў. — Час ідзе хутка, і людзі змяняюцца. Калі ты, Мішка, і змяняешся, то, на шчасце, павольна. Мне падабаецца твая крыху абеларушчаная душа. Падабаецца, як ты глядзіш на жыццё і падзеі. Што ты не злуешся на людзей. Бо на людзей злавацца — марная справа, сябе толькі псаваць. I самае галоўнае, за што шаную: ты не адмаўляешся ад ідэалаў сваіх продкаў. Вернасць пакаленням мінулага, што сыходзяць непарыўным ланцужком у сівую даўніну, — гэта вернасць сваёй традыцыі, вернасць Богу. Адмова — гэта здрада. Здраднікаў не шануюць. Магчыма таму праз вашых «здраднікаў» у тваёй краіны не заўжды той імідж, які яна заслугоўвае. А я напітаўся Ізраілем. I цяпер ён мой таксама. Буду адрываць дні з календара і млець па гэтых двух тыднях, што запоўнілі маё сэрца. Давай за нас! У кожнага свой лёс за плячыма, у кожнага сваё жыццё наперадзе. Але ёсць тое, што нас радніць: гэтая зямля. Лехаім!
    Потым яны сядзелі на беразе. Ноч спаўзла з гор. Сонна набягала мора.
    — Глядзіш на мора і пачынаеш правільна разумець адносіны рэчаў. Мінаюць злосць, незадаволенасць. Разумееш, наколькі ўсё ж такі слабы чалавек, які ён мізэрны перад волатам мора. Момант — і жыццё зруйнавана, свядомасць знікла. А вечнае мора ўсё гэтак жа будзе ці то задаваць свае пякельныя оргіі, ці то проста пускаць у азарце хвалі наперагонкі, ці, як зараз, пагойдвацца ў сне. Але яно не страціць свежасці, не стоміцца, не пастарэе. А я, Жора Гігілевіч, старэю. У мяне ўжо няма
    часу, каб марыць. Я аддаю перавагу стварэнню. Алеў Іерусалім хачу ўзысці зноўку...
    Маўчалі. Але мноствам думак было напоўнена гэтае маўчанне. Адзін вяртаўся заўтра дахаты, і частка апошніх ізраільскіх уражанняў «засоўвалася» на адну з палічак памяці, выцяснялася звыклымі клопатамі, ужо заўтрашнімі турботамі і клопатамі ў халодным зімовым Мінску.
    Другі заставаўся дома. Таксама чакалі турботы, праца. I апошнія звесткі па радыё і тэлебачанні. I «дзякаваць Богу, што толькі паранены, а не загінуў. Трэба тэрмінова пазваніць у... Ці не зачапіла каго-небудзь са сваякоў?»
    Ранкам, ужо ў аэрапорце, Жора абняў Мішку і нечакана павільгатнеў вачыма. «Дзякуй, Міша. Цяпер я лепей ведаю, як трэба браць жыццё. Да пабачэння. Жывіце. I хай вам дапамагае Уладар Усяго!»
    — З’ездзі ў Вязынку. Я люблю гэтае месца. Перадай прывітанне і паклон ад земляка з Зямлі запаветнай...
    Шумелі перакрыжаванні і вуліцы. Падзьмуў сыры вецер, і паліў працяглы дождж, што стамляў і наганяў сон. Быў студзень, і ізраільская зіма выліла яшчэ не ўсе свае дажджы. Над поўнымі хмарамі ляцеў самалёт. На зямлі скрозь Тэль-Авіў прапаўзала машына. Яны будуць у шляху адзін і той жа час. Толькі чым бліжэй да Эйлата, тым вышэй і сіней будзе неба над хатай Мішы Шыльмана. А горад Георгія Гігілевіча будзе кашлаты ад снегу. I снег будзе валіцца і валіцца, густа і бязгучна.
    Студзень, зіма, хаты.
    НАЙЦЯЖЭЙ ЖЫЦЬ СЁННЯШНІМ ДНЁМ
    Што, што магло быць агульнага паміж тым часам, калі ён адпачываў на Рыжскім узбярэжжы, і днём сённяшнім, калі ён прыехаў адпачываць на Чырвонае мора? Розныя часы, вялізная розніца ва ўзросце, пясок і сосны там, галька з пальмамі тут. Спякотныя дваццаць пяць там — і таксама спякотныя, але трыццаць пяць, тут. Ён лавіў у паветры, шукаў у кавярнях і барах, цікаваў набег хваляў на бераг і спрабаваў убачыць у тварах людзей штосьці невытлумачальнае, што звязвала стан яго душы ў дваццаць восем год і ў сённяшнія сорак восем. Ну што? Што? Сюжэт быў забыты, але засталася атмасфера...
    Так і бадзяўся ён два дні, як быццам выбыў з жыцця, у чаканні, у спадзяванні на разгадку гэтага незразумелага адчування. Яна сцебанула з першай думкі новага ранку: Ганна!
    Гэтай дзяўчыне было год семнаццаць. Вось ужо некалькі дзён яны снедаюць за адным сталом, усміхаюцца адзін аднаму падчас сустрэчаў, перакідваюцца некалькімі агульнымі сказамі і разыходзяцца. У кожнага свае інтэрасы ў гэтым невялічкім адпачынку. Шэсць дзён у Эйлаце, май месяц. Што ён пра яе ведае? 3 Кір’ят-Гата, у краіне два гады, добра гамоніць на іўрыце, і англійская мова вельмі добрая. Вось і ўсё, напэўна. He, ён ведае яшчэ штосьці. Што? «Гэта патрабуе доказаў», — думае Ігар пра думку, што запала ў памяці. I ён спяшаецца да мора, пад навес, дзе на пластмасавым лежаку з кніжкай у руках ляжыць Ганна.
    — У цябе тут не занята? — паказаў ігар на вольны ляжак.
    — He, калі ласка, вольна.
    — Тады я застануся, добра?
    — Безумоўна, безумоўна, мне весялей будзе. Я сёння адна, не паехала з усімі.
    — I я вось таксама не паехаў.
    Ён распрануўся, паклаў ручнік на ляжак, дастаў з сумкі газету, сеў. Раскрыў яе так, каб можна было разглядаць Ганну. У яе таксама была радзімка, амаль на тым жа месцы, на левай назе, вышэй калена. I складкі між пальцамі на руках і нагах былі дакладна такімі ж. I погляд, уважлівы і ўпарты. I наогул, яна была копіяй Лены.
    — Мне здаецца, Аня, што тваю маму клікаюць Аленай, — прамовіў ён хвілін праз пяць, баючыся, што раптам не будзе мець рацыі.
    — А адкуль Вы ведаеце? — здзівілася Ганна. Яна адклала кнігу і села насупраць Ігара.
    — I яшчэ мне здаецца, што яна выкладчыца англійскай. Так?
    — Так... так... — разгублена прамовіла Аня.
    — I тваёй матулі год сорак пяць.
    — Сорак чатыры. I ўсё ж такі — адкуль Вы ведаеце?
    — Ты падобная да сваёй мамы, праўда? — працягваў ён, быццам не чуў яе пытання.
    — Вельмі. Часам, калі матуля апранаецца па-маладзёжнаму, нас нават прымаюць за сясцёр. Яна добра выглядае, мая матуля. Але Вы, Ігар, не адказалі на маё пытанне.
    — Я адкажу, толькі не зараз, добра? Хачу расслабіцца, я два дні быў не ў сабе, пакуль сёння ранкам не даведаўся прычыны. Ды і пляж — не надта падыходзячае месца для майго апавядання. Хочаш, мы сустрэнемся ўвечары і пасядзім у якой кавярні?
    — Хачу, вельмі хачу!
    «Божа, — думаў Ігар, седзячы насупраць Ганны, — вось дык як бывае, праз столькі год такая з’ява, такая сустрэча». Яго мінулае сядзіць зараз насупраць, п’е каву і слухае старую, старую ў яе вачах, мелодыю з фільма «Мужчына і жанчына», таксама старога ўжо фільма. I сядзяць вакол іх у гэтай кавярні, здаецца, адны французы. Французскі заезд у шыкоўную гасцініцу «Дан».
    — Зараз мне здаецца, што гэты вечар ужо быў аднойчы. Шмат-шмат год таму. I ты сядзела насупраць мяне, мы гутарылі і слухалі музыку, I яна была таксама з Францыі...
    — Але ж я не магла сядзець побач з Вамі даўно-даўно. Вашы «шмат год таму» — гэта калі я была маленькай, так?
    — He, цябе тады яшчэ і на свеце не было. Так, ты маеш рацыю, гэта не ты сядзела насупраць, гэта была... твая мама.
    — Мама? — шырока расплюшчыла вочы Ганна.
    — А што тут дзіўнага? Ёй было дваццаць чатыры гады, яна яшчэ не была замужам. А ведаеш, як мы пазнаёміліся? Дакладна гэтак жа, як з табой. Мы сядзелі ў сталоўцы за адным сталом. I было гэта ў Юрмале, у ліпені месяцы, у самы пік сезона, у адным надта добрым пансіянаце на прыпынку Дубулты.
    — Юрмала... — працягнула Ганна. — Я вось не была там, але шмат чула.
    — Ад каго?
    — Ад розных людзей.
    — А ад мамы?
    — He, ніводнага разу. Мама мне пра Юрмалу не расказвала.
    — Я, напэўна, здагадваюся, чаму.
    — Чаму?
    — Здаецца, яна не хацела ўпускаць кагосьці ў той час.
    — Вы сур’ёзна гэтак мяркуеце? Што ж гэта быў за час такі?
    — Гэта быў час яе першага кахання...
    — Адкуль Вы ведаеце пра яе каханне? Маме ж ужо было дваццаць чатыры — час, калі першае каханне даўным-даўно мінула.