Дзе ўзяць крыху шчасця
Давід Шульман
Выдавец: Радыёла-плюс
Памер: 296с.
Мінск 2005
— Раптам спатрэбіцца, калі вы зберацеся прыехаць яшчэ раз. Паведамце. Мне будзе вельмі прыемна зноў з вамі ўбачыцца.
Шкада, што мы з ім пазнаёміліся толькі што. Дзесяць дзён я, можна сказаць, прасумавала. А так, думаю, было б весялей. Ён, адчуваецца, чалавек цікавы. I наогул.
— Бывайце, Аркадзь. У нас ужо зусім мала часу. Трэба яшчэ паспець скончыць гасцінічныя справы — і ў аэрапорт. Мне было прыемна з вамі пазнаёміцца. Я вам жадаю ўдачы.
— I я вам, Вера. Вельмі, вельмі рады, што пазнаёміліся. Усяго добрага.
Дзеці ўжо пайшлі наперад, а я азірнулася. Звычайна так робяць тады, калі хочуць запомніць тое месца, куды хочацца вярнуцца. Аркадзь махаў рукой, я ўсміхнулася яму і таксама памахала.
Пакуль прыляцелі, уладкаваліся і агледзеліся, дзень і падкаціў да вечара. Дзяўчаты мае стаміліся і амаль адразу пасля вячэры заснулі. А я, паглядзеўшы крыху тэлевізар, вырашыла пагуляць вакол гасцініцы. Але, здаецца, некаторыя не так зразумелі маю няспешную прагулку. I таму вырашыла вярнуцца ў нумар. Гадзіннік развёў сваімі рукамі-стрэлкамі на палове адзінаццатай. Ноч ужо бадзялася па старажытным горадзе, гусцеючы з кожнай гадзінай. Спаць яшчэ не хацелася. Сумна і чамусьці тужліва. Той самы настрой, каб выпіць. Але з кім? Адной ніколі ў жыцці не даводзілася. I я... званю ў Эйлат.
— Аркадзь, гэта я, Вера. Напэўна, занадта позна? Тады прабачце.
— He, не, што вы. Самы ізраільскі час для тэлефонных няспешных размоў. Раніцай і ўдзень — нейкія хуткія званкі, калі нават і ёсць часу поўна. А вось зараз — самы раз. Як даехалі, уладкаваліся?
— Нармальна, дзяўчаткі ўжо некалькі гадзін спяць. А я сумую. Захацелася, прабачце, выпіць. А адна не магу. У вас знойдзецца што-небудзь дома?
— Безумоўна, ёсць. Але як жа я складу вам кампанію? Ужо і нічога не лятае ў Іерусалім.
— Так, побач было б цікавей, але не. Дык мы давайце будзем выпіваць у кампаніі з... тэлефонам. Што ў вас у хаце ёсць?
— Пэўна, усё. А ў вас?
— А ў нашым бары ёсць... — я палезла ў бар-халадзільнік і выбрала віскі. — Ёсць віскі. Будзем піць?
— Будзем, зараз ужо дастаю. I шклянка вось ужо гатовая.
— Толькі дамова: не будзем хімічыць. I шклянку не пакідаць, не прапускаць. Добра? Я ўжо наліла грамаў пяцьдзесят.
— I ў мяне столькі ж. Прапаную тост за вас, за тое, што ўспомнілі.
— Дзякуй, Аркадзь. Вы — адзіны знаёмы ў Ізраілі, з кім я чамусьці магу так папросту кантактаваць. Хоць мы і знаёмыя ўсяго некалькі гадзін.
Я выпіла. Цеплыня пайшла па горле ўніз і спынілася. Трэба было прагнаць яе далей, і я прапанавала тост за нашае знаёмства.
— Ведаеце, Вера, часам так і бывае, дзіўна і ў той жа час нармальна. Варта пагаварыць гадзіну-другую, і такое адчуванне, што знаёмыя даўным-даўно. Нейкая роднасць душ. Нават здаецца, што ведаеш самыя прыхаваныя таямніцы другога, хоць на самай справе ўсё яшчэ толькі завязваецца.
— Праўда, толькі завязваецца, а я вось ужо і слухаю вас як старога, праверанага сябра. Нешта паміж намі пралягло.
— Напэўна, нашыя агульныя знаёмыя. Па-першае, гэта яны пабудавалі той мосцік, па якім мы зараз і ідзем адзін да аднаго. А па-другое, мне здаецца, што мы з вамі належым да таго тыпу людзей, у якіх ёсць узаемны рух насустрач адзін аднаму. Вера, хочаце яшчэ выпіць?
— Магчыма, яшчэ грамаў пяцьдзесят.
— Ну вось, зараз цяпло не толькі за акном, але і ўва мне.
— I мне, Аркаша, таксама цёпла і прыемна. Пачынае крыху круціцца ў галаве. Гэта нічога, што я назвала вас так?
— Усё нармальна. Сябры мяне так і клічуць. Ёсць наогул прапанова перайсці на «ты». Як?
— Згодная.
Калі час пераступіў мяжу новага дня, мы «прынялі» ўжо па чвэрці літра, і таму я, здаецца, занадта шчыра разгаварылася. Былі прыемны шум у галаве і лёгкасць у гутарцы. Я чамусьці
расказвала пра сябе ўсё. Ці то яго начны голас гэтаму спрыяў, спакойны і такі... хвалюючы, што распранаў душу. I не толькі яе... Таму што незаўважна для сябе самой я аказалася амаль аголенай. Ці то мне самой даўно хацелася выгаварыцца, але не было перад кім. А тут вось — іерусалімская ноч, дванаццаты паверх, крыху асветлены нумар, я ў вельмі вольнай, нязвыклай для мяне позе, на падлозе, з прыціснутай да вуха тэлефоннай трубкай, побач — паўпустая пляшка віскі і шклянка, на дне якой я раскручваю чарговую порцыю саграваючай вадкасці.
Я гавару, разумеючы, што тое, пра што вядзецца размова, не для чужых людзей, гэта мае таямніцы, чыста жаночыя і проста чалавечыя. Але не магу спыніцца і, здаецца, выгаворваю ўсё-ўсё. Але мне чамусьці не сорамна. Можа, гэта яшчэ і таму, што да мяне нядаўна прыйшлі мае сорак гадоў. А гэтая лічба нясе ў сабе сэнс закончанасці, поўнай выпрабаванняў. I я — нібыта на споведзі. Дам справаздачу ў гэтым блізкім да Бога горадзе і пайду далей, у іншыя дні, у іншыя мары, можа, і да іншых людзей.
Я зусім расслабленая, упаўзаю ў ложак з прыціснутай да вуха трубкай, паспяваю заўважыць, што на гадзінніку ўжо амаль тры. Пара развітвацца, a то, я адчуваю, магу не паспець. Паклала трубку і... правалілася. Мне сніцца сон, вельмі прыемны і доўгі.
Прачынаюся з цяжкасцю а восьмай. Крыху прывяла сябе ў парадак, накарміла дзяцей і адправіла іх да басейна. Сама залезла ў ванну з халоднай вадой і пачала ачомвацца. Чым больш цверазела, тым страшней мне рабілася ад маіх расказаў мінулай ноччу. Я адчувала сябе зусім распранутай, не ў тым плане, у якім знаходзілася ў ванне, а ў значна страшнейшым: мая душа была аголенай. Я пачала ўслых лаяць сябе, ляскаць рукой па вадзе, выплёскваючы яе на падлогу.
Думка «а чорт з ім, дзе ён, дзе я, ён мяне ў Маскве не адшукае», прыйшла хвілін праз дваццаць пасля пачатку самакатаван-
ня. Апранулася і спусцілася ўніз. Я ішла да басейна. У вестыбюлі ўбачыла яго. Аркаша ішоў мне насустрач з букетам ружаў. Такія багатыя кветкі я бачыла толькі ў Юрмале, вельмі і вельмі даўно, у мае дзевятнаццаць гадоў. Я іх «атрымлівала» кожную раніцу. Гэта быў незвычайны час майго жыцця. Няўжо я і пра гэта яму расказала? О, Божа, як глыбока я капала!
Я забываюся пра апошнія паўгадзіны ў ванне. Бяру кветкі, цалую іх і прыціскаюся да Аркашы. Дзіўна. Мне так добра, спакойна, і як быццам мне не сорак гадоў. I адчуванні — як быццам упершыню, і цень досведа не падказвае, што будзе за чым, што настане за тым ці іншым словам ці рухам.
Я адліпаю ад Аркашы, і мы падымаемся ў нумар. Ружы ўпрыгожылі пакой. Я станаўлюся побач з імі, а Аркаша шчоўкае фотаапаратам.
— Гэта будзе дарагі для мяне здымак. Двойчы дарагі... Дзякуй табе, Эйлацкі знаёмы незнаёмы.
Мы бавім паўдня каля басейна. Mae дзяўчаткі не здзіўленыя ад ягонага з’яўлення і кантактуюць, як быцам і не было сутачнага перапынку. А пасля абеда ён водзіць нас па горадзе. I расказвае. Адразу адчуваецца, што ён любіць і гэты горад, і наогул, сваю новую краіну. Але час мінае. I зноў пара развітвацца, таму што яшчэ трэба дабірацца да Бен-Гурыёна.
— Я вас правяду. I палячу адтуль назад, у Эйлат.
He ведаю, як з боку глядзеліся мы чацвёра, з сумкамі і чамаданамі, калі сядалі ў таксі, накіроўваючыся з Іерусаліма ў аэрапорт. I там, у Бен-Гурыёне, калі я з дзецьмі праходзіла ўсе неабходныя працэдуры, а Аркаша падцягваў наш багаж да кантролю. Мне здавалася, што так было ўжо, ці то заўсёды, ці то калісьці. I таму я не хвалявалася і ўспрымала ўсё цалкам нязмушана.
Развітанне мінула неяк хутка, амаль не заставалася часу, ужо абвясцілі пасадку.
У самалёце я прыгадала, што пацалавала яго і пацерлася носам аб яго шчаку. Потым паглядзела ў вочы і спытала: «Ты не скажаш, што гэта было?»
— Яшчэ не ведаю. Але было. I застанецца назаўсёды.
Я таксама не ведаю. Але ўвосень я прылячу сюды.
Раве самалёт, узлятаючы ў неба. Я раўці не магу, дзеці спалохаюцца. Але некалькі слязінак усё ж скатваюцца. Мне сумна і радасна. Здарылася нешта незвычайнае.
КАМП’ЮТЭРНЫЯ ГУЛЬНІ
Наперадзе была доўгая дарога. Каб быць больш-менш спакойным у роднай калісьці краіне, аддаўся для праверкі Галіне. Яна ўзяла з вены некалькі прабірак кровачкі і сказала, што вынікі кровапускання будуць гатовы пад канец тыдня.
Хацелася ведаць. На ўсялякі выпадак ужо пад вечар серады, працягнуўшы сваёй карткай-візіткай праз шчыліну камп’ютэра, прачытаў на экране, што вось-вось атрымаю патрэбную паперу. Следам пачуў, як задрукавала там, унутры камп’ютэра, машынка. I выпаўз ліст, увесь у літарах і лічбах. Адарваў ад рулона яшчэ чыстай паперы, схаванай ў глыбіні камп’ютэра. Вочы імгненна стрэлілі ў зорачку, што прытулілася за закрытай дужкай аднаго з радкоў. Унутры дужак былі дапушчальныя для здароўя лічбы. I наколькі ж перавышэнне? У дзесяць разоў!
Ну вось, збіраўся ў дарогу, за мяжу... Я адышоў да сцяны і прысеў на стул. Нада мной з плаката ўсміхалася белазубая сімпатычная жанчына, у якой са здароўем, безумоўна, было ўсё ў парадку, таму што яна... Якая мне справа да гэтай бабы, калі мой унутраны «бензін» кепскай якасці...
Ноч, і дзень, і зноў ноч тапіліся ў самых кепскіх думках. Дзе ж знайсціся добрым, калі перад вачыма зорачка з дужкай і лічба, такая бязглуздая ў маім яшчэ не зусім пераходным узросце.
Пятніца, раніца; сумна-стомлены, асуджана заходжу ў кабінет да лекара Вісноўскага. Працягваю свой сумны ліст. Лекар уважліва вывучае лічбы. Потым «улазіць» у свой камп’ютэр, знаходзіць маю медыцынскую «справу», нешта шукае «мышшу», потым шчоўкае клавішамі і, нарэшце, углядаецца ў экран. Потым на «сумны» ліст. «Ну што ж, — думаю я, — чаму быць, таго не прамінуць...» I рыхтуюся выслухаць прысуд.
— Так, справы тут нядобрыя, — кажа Вісноўскі, углядаючыся ў ліст. Звоніць тэлефон, і лекар падымае трубку. «Так, я. Зараз заняты. Справа сур’ёзная. Перазвані пазней».
Ну, усё, душа мая разам са страхам танцуе дзікі танец. Страх ператанцоўвае. Эх, як мала зроблена. Але, відаць, не дадзена...
— Хачу сказаць, што...
— Усё роўна праўду, доктар. Хоць нешта яшчэ паспець.
— Дык вось, хачу сказаць, што, — і ён зноў паглядзеў у ліст, — што гэта запаленне вагіны.
У мяне заўсёды была жывая фантазія, і я пачаў уяўляць, дзе можа быць у мяне гэтая самая вагіна. А лекар працягваў:
— Мяркуючы па дадзеных, што тут надрукаваныя, гэтай вагіне трыццаць шэсць гадоў. А што, хоць і ёсць у вас розніца ва ўзросце, ты яшчэ, о-хо-хо, можаш з яе гаспадыняй...