Дзе ўзяць крыху шчасця
Давід Шульман
Выдавец: Радыёла-плюс
Памер: 296с.
Мінск 2005
Усе пытаюць, ці ёсць у тых, хто «там», настальгія. Мабыць, у некага ёсць. Увогуле кажуць, што ў яўрэяў настальгія большая, чым у рускіх. Прыкмячаў і такое: рускія жонкі яўрэйскіх мужоў часта кажуць: «Я ж не яўрэйка, каб мяне тачыла настальгія».
He, я не пакутаваў, хоць я і яўрэй. Але калі-нікалі ўспаміналіся вёскі, куды ездзіў на сена і на бульбу, успаміналіся Мінск, Вільнюс, Каўнас, Нарач. Успамінаўся Купалаўскі тэатр, акцёры. Часта лавіў сябе на тым, што думаю і размаўляю па-беларуску. I ў лістах да сяброў часта старонку-другую «выдаю» на роднай мове. Але дзіўна, горад, у якім рос і жыў да самага ад’езду, не ўспамінаўся, успаміналіся толькі могілкі, дзе даўно супакоіліся мае самыя блізкія людзі. Яны не ведаюць, што я ўжо грамадзянін іншай дзяржавы.
А час з сябрамі мінуў вельмі хутка. За размовамі, за застоллямі не заўважыў, як надышла пара вяртацца.
Да 1995 года ў Ізраілі набралася каля сямісот тысяч былых савецкіх яўрэяў. He заўсёды іх інтарэсы былі абаронены. Пад той час я паспеў ужо набыць кватэру, а большасць эмігрантаў кватэры наймалі. Жылі цяжкавата, асабліва людзі пенсійнага ўзросту, хоць і атрымлівалі ад дзяржавы дапамогу на жыццё трыста долараў ды яшчэ сто пяцьдзесят на наём кватэры. Мы вырашылі стварыць сваю «рускую» партыю. Назвалі яе «Ісраэль ба-Алія» («Ізраіль наўздыме»).
Партыйны вопыт у мяне меўся, некалі я быў сакратаром партарганізацыі вайсковай часці, потым, калі працаваў на заводзе, быў сакратаром партбюро цэха.
Што новага я зведаў да таго часу?
Калісьці будучы лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Іцхак Рабін быў адзіным з дзесяці маладых камандзіраў, хто пагадзіўся выканаць каманду лідэра краіны і лідэра сацыялісгаў Бен-Гурыёна: расстраляць карабель «Альталена». Адбылося гэта падчас заснавання дзяржавы. У падручніках гісторыі пра гэта не пісалі больш як сорак гадоў. Гэта была закрытая тэма. Бо на «Альталене» плылі яўрэі з Еўропы. Тады, у першыя месяцы стварэння дзяржавы, яны везлі з сабой шмат зброі для абароны Ізраіля. Лідэрам краіны гэта не спадабалася. Яны былі сацыялісты, і гаварылі, што гэтыя людзі са зброяй спрабавалі зрабіць дзяржаўны пераварот і скінуць ўрад Ізраіля. Звычайная прыдумка, каб расквітацца з людзьмі іншых поглядаў. Для сацыялістаў прыкладам быў Савецкі Саюз, дзе, як ім здавалася, будавалася лепшае ва ўсім свеце жыццё. I па сённяшні дзень у кібуцах жыццё ідзе «па камуне»: ты працуеш, атрымліваеш жыллё, харчаванне, адзенне, нават пуцёўку на падарожжа, калі ты захочаш. Але нічога асабістага не маеш. Як і калгасы, яны не прыносяць прыбытку, увесь час атрымлівалі і атрымліваюць вялікую дапамогу ад левых партый, калі тыя кіруюць краінай. Трэба сказаць, што некалькі соцень з тых першых сацыялістаў сталі гаспадарамі банкаў, заводаў, яны ўвайшлі ў лік палітыкаў, што кіруюць краінай, яны ж стварылі партыю Працы («Авода»).
Тыя ж, што плылі на «Альталене», былі супраць сацыялізму. Многія з іх адседзелі ў сталінскіх лагерах не адзін год, яны былі канкурэнтамі партыі «Авода», стварылі сваю партыю «Лікуд».
Але «Альталену» расстралялі...
Міне з той пары амаль пяцьдзесят гадоў, і малады хлопец падыдзе да прэм’ер-міністра Іцхака Рабіна і выстраліць у яго. Юнак
гэты, як і многія ў краіне, не хацеў, каб урад ішоў на вялікія тэрытарыяльныя ўступкі арабам...
To было забойства яўрэя яўрэем, што не адпавядала пастулатам іудаізму. Але некаторыя казалі: «Гэта яму плата за «Альталену»...
Пра «Альталену» я ўпершыню пачуў ад Леона. Ён якраз плыў на ёй і выратаваўся цудам. На сёння жывымі з тых людзей, што знаходзіліся тады на судне, засталося некалькі чалавек. Леону пад восемдзесят. У яго кватэры на сцяне вісіць фотаздымак «Альталены». У Леона за плячыма шмат гадоў сталінскіх лагераў. Вось з ім мы і стваралі аддзяленне новай партыі ў нашым горадзе. Лідэрам партыі стаў Натан Шчаранскі, былы дысідэнт. На выбарах шэсць чалавек ад нашай партыі ўвайшлі ў парламент, двое сталі міністрамі. Пра «сваю рускую» мову многія палітыкі ўспамінаюць даволі часта, хоць яны і нарадзіліся ў Ізраілі, але рускую мову зведалі з маленства ад бацькоў, бабуль і дзядуль...
Калі ў краіну (невялікую краіну) прыязджае амаль мільён чалавек, якія гавораць на рускай мове, і гэтая мова чутна на вуліцах, у аўтобусах і магазінах, у банках і на прадпрыемствах, на гэтай мове выходзіць газет і часопісаў болей, чым на іўрыце, адзін з каналаў радыё вяшчае дванаццаць гадзін у суткі, не кажучы пра тое, што тры расійскія каналы транслююцца па ўсёй тэрыторыі, — палітык разумее, што выбаршчык любіць, калі з ім размаўляюць на яго мове. Пажылыя палітыкі ўспамінаюць, a маладыя вывучаюць рускую мову. Папулярны нават такі жарт: колькі ж ты гадоў у Ізраілі, калі не ведаеш рускай...
Я не стаў штатным палітыкам, хоць удзельнічаў у з’ездах партыі, сустракаўся з лідэрамі дзяржавы. На святы — а гэта святы рэлігійныя, свецкае свята толькі адно — Дзень незалежнасці — я атрымліваю віншавальныя паштоўкі ад членаў парламента і некаторых рускамоўных мэраў гарадоў. Працую ўсё ў той жа кампаніі, кліенты даўно ведаюць мяне і часта просяць,
каб іх кандыцыянеры абслугоўваў менавіта я. Летам, калі бывае не меней як сорак у цені, мае хатнія кажуць: «Ты зусім сёння не працаваў». Гэта азначае, што я пайшоў на працу ў сем раніцы і вярнуўся ў сем вечара. Бывае, я працую «гадзіну», вяртаючыся ў восем вечара. Так, я ўсё гэтак жа, як і раней, «укалваю»... Хочацца жыць добра.
Я палюбіў гэты горад, дзе жыве пяцьдзесят тысяч чалавек і яшчэ столькі ж турыстаў бывае тут штодзень. Здаецца, у ім пяцізорных гатэляў-палацаў болей, чым усіх гатэляў у Беларусі. Калі-нікалі, гуляючы па набярэжнай, я сустракаю вельмі вядомых у свеце людзей, якіх раней бачыў толькі па тэлевізары. Вяртаючыся дамоў у дзве-тры гадзіны ночы па ярка асветленых вуліцах, — усё вясёлае жыццё пачынаецца ў дзесяць-адзінаццаць вечара, калі спадае спёка, — я іду ці еду спакойна. Тут ніхто не баіцца гуляць па горадзе ў любы час сутак.
Часам глядзіш на чалавека і думаеш: няўжо і ён яўрэй? Сюды занесла людзей з Сірыі, Марока, Егіпта, Лівіі, Ірака і Ірана, Грэцыі і Турцыі, Індыі, не кажучы пра нас, савецкіх, амерыканцаў, еўрапейцаў...
Тыя, хто прыехаў з арабскіх краін, у большасці шчырыя вернікі, хоць грахоў за імі вядзецца, як потым даведваешся, таксама нямала. Тыя, хто прыехаў з Амерыкі, — а гэта ў асноўным па-сіянісцку настроеная моладзь, — таксама вернікі. Яны прытрымліваюцца традыцый.
А савецкія, балгарскія, чэшскія яўрэі былі адарваны ад традыцый свайго народа. Хто-дзе падпольна вывучаў Тору і сваю мову. А прытрымлівацца святаў увогуле было нерэальна. Таму многія з іх цяпер са здзіўленнем даведваюцца пра тое, што выхадцам з краін Усходу вядома з маленства. Пажылыя людзі ўспамінаюць пра іудаізм часоў маленства, а моладзь усё гэта вывучае ў школе — гэта адзін з асноўных прадметаў. Для кагосьці гэта прадмет на ўсё жыццё, а для іншых — не. Я ведаю
такія сем’і, дзе пад уплывам сваіх дзяцей бацькі пачалі спачатку прытрымлівацца суботы, а потым паступова пачалі звяртацца да Бога. А ёсць і такія сем’і, якія жывуць так, як жылі ў Саюзе. I святы па звычцы адзначаюць савецкія, і кухня ў іх і ежа не змяніліся.
Але што характэрна — дзеці размаўляюць між сабою толькі на іўрыце, на іўрыце гавораць і з бацькамі, толькі калі-нікалі з бабулямі ды дзядулямі гавораць на рускай мове.
Адносіны да жыцця ў людзей тут складваюцца, як правіла, па традыцыях краіны, з якой яны прыехалі. Сярод усходняга люду больш за ўсё гандляроў і... футбалістаў. Шмат сярод іх гаспадароў невялічкіх майстэрняў і заводзікаў. Люд еўрапейскі гоніцца за ведамі. Адвакаты, дактары, тэлевізійнікі. Аднаму з самых багатых людзей каля трыццаці, ён ходзіць, як і большасць мужчын, у шортах і майцы. Гэты хлопец — камп’ютэршчык, здаецца, яго бацькі ці то з Польшчы, ці то з Германіі. Вядома, сярод выхадцаў з Усходу таксама ёсць і ўрачы, і адвакаты, і камп’ютэршчыкі, але ў працэнтных суадносінах іх нашмат меней. Цікава, што ў парламенце, напрыклад, выхадцаў з усходніх краін з кожнымі выбарамі становіцца ўсё больш.
У Ізраіль з былога Саюза прыехаў розны люд: акадэмікі, прафесары, народныя артысты, вядомыя літаратары, дзесяткі тысяч урачоў, настаўнікаў, інжынераў, рабочых. Усім, канечне, працу па спецыяльнасці знайсці не ўдаецца. Ну каму, напрыклад, патрэбен спецыяліст, які вывучае традыцыі народаў поўначы Расіі? А такіх спецыялістаў, правільней, накшталт такіх, дарэчы даволі добрых, прыехала нямала. Многія, вывучыўшы іўрыт, лёгка знайшлі працу па спецыяльнасці. Так, напрыклад, у большасці бальніц добрая палова ўрачоў гаворыць па-руску.
Але не ўсе змаглі адразу ўладкавацца па былой спецыяльнасці. Быў час, калі і прафесура падмятала вуліцы. Але людзі не адчайваліся, вывучалі мову, хадзілі на розныя курсы і зна-
ходзілі сябе... Галоўнае — не траціць надзеі, не ныць, а працаваць, працаваць...
Прасцей было рабочым, яны хутка ўладкоўваліся хто па спецыяльнасці, хто каля яе... Праз некалькі гадоў людзі куплялі машыны, кватэры, абжываліся. Спачатку машыны, а потым кватэры, бо на машыны заканчваўся тэрмін ільгот. Ды і ездзіць, пазнаваць краіну хацелася на сваім транспарце, хоць утрыманне машыны абыходзіцца дорага.
Ну а тыя, хто ныў і быў усім незадаволены, хто не хацеў працаваць, а чакаў манны нябеснай, — такіх таксама шмат, — часцей за ўсё так і не ўладкаваліся нармальна. Той-сёй вярнуўся назад. Некаторыя пераехалі ў іншыя краіны. Але тыя, што засталіся, таксама не галадаюць. Калі не ўладкаваліся і да гэтага часу, атрымліваюць дапамогу на жыццё, на сціплае жыццё.
Напачатку было нязвыкла. Ляжыш на пляжы, спякота за сорак градусаў, а ўздоўж берага ідуць двое ці трое салдат у поўнай амуніцыі, з аўтаматамі. Ім, канечне, таксама горача, але... служба. А недзе побач, за столікам кафэ, сядзяць іх калегі, таксама з аўтаматамі. Гэтыя хлопцы прыехалі на суткі да мора, вайсковую форму пакінулі ў гатэлі, а самі зараз п’юць «колу»... Армію ў Ізраілі любяць. Ты не зробіш кар’еру, калі не адслужыш. У арміі завязваецца дружба, якая потым працягваецца ўсё жыццё.
У Дзень незалежнасці тэлебачанне паказвае спісы тых, хто загінуў ва ўсіх войнах Ізраіля, пачынаючы з першых баёў за незалежнасць і заканчваючы тымі, хто загінуў, магчыма, учора. На дзве хвіліны замірае ўсё жыццё ў краіне. Людзі спыняюцца там, дзе іх застаў голас сірэны. Замірае транспарт на дарогах, вадзіцелі выходзяць з машын, прыслухоўваюцца...