• Газеты, часопісы і г.д.
  • Дзе ўзяць крыху шчасця  Давід Шульман

    Дзе ўзяць крыху шчасця

    Давід Шульман

    Выдавец: Радыёла-плюс
    Памер: 296с.
    Мінск 2005
    50.31 МБ
    Пажыўшы ў Ізраілі, я зразумеў, што, мабыць, ніводзін народ не жадае міру гэтак, як ізраільцяне. Краіна маленькая. I калі ты
    не знаёмы асабіста з кожным салдатам, то ты можаш ведаць яго настаўніка, калегу, сябра ці суседа.
    Часта можаш заблытацца, шчоўкаючы пультам тэлевізара: дзе гэта чарнобыльцы-ліквідатары ідуць да парламента: у Маскве, у Мінску?.. He, будыніна надта знаёмая... Ды гэта ж Іерусалім, кнесэт. I чарнобыльцы-ліквідатары — жыхары Ізраіля на сваёй дэманстрацыі патрабуюць дапамогі ўрада. Разам з імі ў натоўпе некалькі «рускіх» дэпутатаў кнесэта. Канечне, члены ўрада маглі б сказаць: «Пры чым тут мы да Чарнобыля?» Але, на шчасце, такога не бывае. Канечне, хацелася б, каб дапамога была большай. Заўсёды хочацца большага, асабліва, калі бачыш дзетак, якіх прывезлі з Беларусі, Украіны, Расіі. Яны прыязджаюць бледныя, сумныя, збянтэжаныя. Дзеці часта жывуць у сем’ях ізраільцян ці ў спецыяльна створаных цэнтрах, дзе для іх прадугледжана ўсё неабходнае. Гэтыя дзеці хутка «схопліваюць» іўрыт, іх знаёмяць з мясцовым жыццём, і праз пару тыдняў яны ўжо не выдзяляюцца ў натоўпе. Іх не імкнуцца зрабіць яўрэямі, хоць, калі яны ідуць да Сцяны Плачу, хлопчыкі нацягваюць на галовы кіпы. I калі пачынаюцца святы, яны таксама не адчуваюць сябе ў гасцях, удзельнічаюць у святочных мерапрыемствах. Яны пазнаюць жыццё, трохі іншае за тое, да якога яны прывыклі, але таксама жыццё.
    Ляцеў самалётам у Мінск. I ляцелі дзеці-чарнобыльцы: яны вярталіся дамоў. Яны былі вясёлыя. Мне здаецца, яны палюбілі маю краіну, запомнілі яе назаўсёды і будуць расказваць пра яе.
    А я буду ўсё гэтак жа любіць іх радзіму. I думаць пра яе, і перажываць, і маліць Бога, каб жыла Беларусь!
    2000 год
    ЛЕЙБЕЛЕ, АЙЦЕЦ МІХАІЛ I ІНШЫЯ і	і
    СТАРЫ КАЦ
    Менахем быў самавітым чалавекам. Амаль двухметровы, шыракаплечы, заўжды з мяшком за плячамі, у якім заўсёды нешта боўталася, ён хадзіў па горадзе, быццам пасланец з іншых часоў. Як мінімум дваццатых-трыццатых гадоў. А на двары стаялі ўжо шасцідзесятыя таго ж стагоддзя дваццатага. Гэта быў адзіны ў горадзе пажылы яўрэй, у якога на выцягнутым жыццём старэчым твары жыла амаль цалкам белая барада. Заўжды ў руху, шырокімі крокамі ён нёс свой мех, у якім быў... тавар. Таварам маглі аказацца скура, тканіны, петлі для дзвярэй і вокнаў і шмат розных каштоўных, дакладней, неабходных рэчаў, якія ніяк нельга было купіць у краме. Час усеагульнага дэфіцыту шчыльна накрыў жылую прастору, дзе жылі Кацы, Івановы, Пятровы і Сідаравы.
    Менахем, безумоўна, рызыкаваў. У мяшку было тое, што «кепска ляжала» ў дзяржаўных атэлье, на фабрыках, у майстэрнях... I калі б яго спыніла міліцыя... Сваім пастаўшчыкам Кац прысягнуў, што ніколі, ні пры якіх абставінах не выдасць іх. На ўсялякі выпадак, цьху-цьху, недогідах', ён прыдумаў легенду, якая павінна была ўратаваць яго, калі б, яшчэ раз барані Божа, яго ўсё ж арыштавалі. Але ў тыя гады з вялікім мехам за плячыма хадзіў не толькі яўрэй Кац, хадзілі і іншыя людзі. Гэта была зручная тара для таго часу. У мяшку насілі хлеб для сябе і скаціны, іншыя прадукты, перацягвалі маёмасць... «У кожнага свая ноша», — любіў паўтараць Менахем Кац у адказ на рос-
    ’ Недогідах — барані Божа (ідыш).
    пыты цікаўных знаёмых. У гэтым адказе былі і рэальнае жыццё, і біблейская мудрасць.
    Але аднойчы Каца ўзялі. I ён суткі адсядзеў у міліцыі. Да яго аднесліся на дзіва пачціва: усё ж такі стары чалавек, мудры. Ды яшчэ, нягледзячы на ўзрост, гаварыў па-руску без акцэнту. Адкупіўся Менахем. Даў каму трэба і выйшаў са сваім незаактаваным таварам. Аднёс мех дахаты, пераапрануўся і накіраваўся ў адну краму. Вычакаў момант, калі пакупнікоў не было, зайшоў у кабінет да Фейгіна і даў яму ў мызу. Падчас водкупу ў міліцыі ён атрымаў і інфармацыю. 3 той пары Каца больш не закладалі.
    Каму Менахем аддаваў свой тавар? Шаўцам у будках — яны «трымалі патэнт» на рамонт абутку; краўцам, якія цішком шылі па хатах; слесарам і сталярам, якія падпрацоўвалі халтурамі... Часамі ён сядаў у цягнік і адвозіў тавар у іншыя гарады старым кліентам.
    Тое, чым займаўся Кац, безумоўна, было незаконным. Але рознымі незаконнымі промысламі займалася як мінімум трэць краіны. Дэфіцыт спараджае новыя рухі ў эканоміцы. Для Каца гэта быў кавалак хлеба. Пенсію ён у дзяржавы не зарабіў, a карміцца трэба было. Ды яшчэ дапамагаць дзецям і ўнукам. Ён быў кругласутачным яўрэем, бачыў яўрэйскія сны і таму меў вялікую мішлоху.
    He, ён не быў усеагульным улюбёнцам. Асабліва гэта праяўлялася ў сезон цялятак. «Махн а келбл» — зрабіць цялятка, — казалі ранкам у нядзельку некалькі яўрэяў. Выходзілі на кірмаш і чакалі, калі вясковыя мужыкі прывязуць цялятак на продаж. Прывозілі трох-чатырох, торг праходзіў няспешна, пакупнікі збівалі кошт і везлі цялятак дахаты на тых жа падводах. А далей скура ішла Шымону ў нарыхтоўчую кантору, галава, ногі, вантробы і ладная частка мяса — на той жа кірмаш. A частка цяляці заставалася ў хаце. I яна абыходзілася амаль задарма.
    Але калі прывозілі ўсяго адно-два цяляці, канкурэнцыя ўзрастала. I тады кожны працаваў на сябе. Жывёліна ў рэшце рэшт даставалася даражэй. I мясная аперацыя рабілася не такой выгаднай.
    Кацтаксама таргаваў цялятак і найчасцей перамагаў, выклікаючы недабразычлівыя пажаданні на свой адрас. Хаім-маляр аднойчы сказаў, што яўрэям нядобра сварыцца. Тады, нарэшце, заключылі канвенцыю і дамовіліся. Завіталі да Хаі ў «Блакітны Дунай» — так называлася пафарбаваная ў блакітны колер забягалаўка каля ўвахода на кірмаш, — выпілі па сто грамаў з прычэпам, у сэнсе, гарэлку і куфаль піва, і разышліся. Цяпер былі ўсталяваны чарга і парадак. Часамі чаргой мяняліся, калі ў кагосьці планавалася вяселле ці іншае свята.
    На кожным з нас стаіць невядомая пячатка, што вызначае ўсю хаду нашага жыцця. Яшчэ нядаўна Менахем казаў: «Што я раблю? Бяру ў жыцця кавалачак...» А некалькі дзён таму ён адчуў, што, здаецца, кавалачак свой выбраў цалкам. Стары Кац сабраў дзяцей і Роху і сказаў: «Здаецца, я сыходжу...» I ён падаўся да Валеры Былая і выбраў сабе камень, чорны, вышынёй два метры. На наступны дзень Валера прывёз камень у двор да Кацаў і прыступіў да працы.
    Менахем ведаў, што паводле яўрэйскіх законаў нельга выбіваць партрэт на магільным камені. Але ён жыў там, дзе змяшалася многае і, на жаль, змянілася не зусім у той бок. I ён дастаў фотаздымак, дзе быў яшчэ не такі стары і дзе яшчэ барада чорная. Сядзеў на крэсле і назіраў за Валерам. Праз дзень ён сам на сябе паглядзеў і прызнаў, што майстар добра выканаў заданне. 3 каменя на яго пазіраў Менахем Кац, загадкавая ўсмешка якога казала: а што, я жыў! I былі выбіты дата яго нараджэння і рысачка пасля яе...
    — Ты, Валера, пастаў яго потым добра. I каб ні вецер, ні землятрус, ні хуліганы яго не ссунулі.
    Потым ён пайшоў і выбраў сабе месца. Загнаў калкі і абнёс дротам. Зазірнуў на кірмаш, абышоў сваіх забеспячэнцаў і пакупнікоў, узяў у Хаі ў «Блакітным Дунаі» сто грамаў з прычэпам... Дома дастаў з куфра новы талес', куплены ў заезджага равіна яшчэ год таму, паказаў Росе, у што яго апрануць потым, і выйшаў у двор. Доўга глядзеў на свой помнік і гайдаўся ў малітве. «Дэр мэнч трахт, унддэр Гэт махт» — «Чалавек мяркуе, а Бог робіць»...
    Яго душа вярнулася на неба ранкам.
    ’ Талес — малітоўнае пакрывала (ідыш).
    ЛЕЙБЕЛЕ, АЙЦЕЦ МІХАІЛ I ІНШЫЯ
    Лейбеле Гутман выпіўпаўшклянкі гарэлкі, адшчыкнуўтрэць плаўленага сырка «Волна» і, дажоўваючы яго, палез па лесвіцы наверх. Айцец Міхаіл перахрысціў яго спіну і вярнуўся ў царкву. Ён быў задаволены. Нарэшце ён ажывіць свой храм. Ад апошняга фарбавання мінула роўна пяць год, і фарба выгарэла. Яшчэ гады два таму. Чамусьці занадта хутка ў гэты раз. Розныя прычыны прыходзілі ў галаву айцу Міхаілу: і надвор’е ў гэтую пяцігодку было не такое лагоднае, і якасць працы, і сама фарба, магчыма, не такая, каб надоўга.
    Гэтым разам ён пайшоў наймаць маляроў да Макса Фогеля, брыгадзіра, як казалі ў горадзе, найлепшай малярнай брыгады. Дамовіліся надзіва хутка. Брыгадзір Фогель сказаў, што ён, айцец Міхаіл, звярнуўся на правільны адрас. Яны — ён і яго маляры — дзякуюць за давер. Айцец Міхаіл амаль не таргаваўся. Разумеў, што праца сур’ёзная і небяспечная.
    Паўтараметровы Лейб Гутман, празваны за свой дзіцячы рост Лейбеле, прыйшоў наступнай раніцай у храм Божы. На ўваходзе ён зняў сваю шапку-аэрадром і сказаў бацюшку, што яму і Фімку Фрэйдкіну даручана выканаць увесь аб’ём працы. I яны гатовыя пачаць. «Тады, сын мой, — звыкла вымавіў айцец Міхаіл, — вунь там, звонку, у хлевушку, фарбы, вяроўкі і лесвіцы. А калі яшчэ штосьці спатрэбіцца, з Божай дапамогай, мы вырашым праблемы». Ён дастаў з-пад расы, з кішэні штаноў, ключ і перадаў яго Лейбеле. Той падзякаваў святару і кароценькімі крокамі патупаў з храма.
    I чаму ён насіў свой «аэрадром» на галаве? Кепка ж рабіла яго яшчэ меншым, прызямляла. За сваё адзенне і абутак, што купляліся ў «Дзіцячым міры», ён са спіны наогул быў падобны да трынаццацігадовага падлетка. Але варта было развярнуць яго, як узроставая задубеласць Лёўкінага твару выдавала амаль сорак мужчынскіх год. Лёўкам клікалі яго толькі бацька, гарадскі
    разнік Ёйсэф, і жонка Блюмка, такая ж маленькая, як і ён. Таму і Блюмка, а не Блюма.
    З’явіўся і Фімка. Пасля начнога загула з дзяўчатамі ён працягваў спаць на хаду і неахвотна пацягнуўся за Лейбеле ў хлевушок. 3 якім задавальненнем ён бы заснуў на гэтай старой раскладушцы тут, у цішыні царкоўнага двара, гэтай майскай раніцай...
    — Ты, хлопча, я ж таксама быў у тваім узросце, табе колькі зараз? Дваццаць два? Семнаццаць год таму, гэта было пасля вайны, я працаваў, як чорт, бо хацеў есці. He смачна есці, a проста есці. I таму праца для мяне з той пары — гэта як закон. Добра, Фімка, даю табе гадзіну. Паспі, пакуль я разбяруся з вяроўкамі, лесвіцамі і фарбамі.
    Фімка імгненна зваліўся на раскладушку і праваліўся ў сонную яму. Яму ўявіліся Нінка і Вера, з якімі ён сышоў з танцаў. Ах, якая была ноч...
    Тры дні ў іх заняла падрыхтоўка. Вяроўкі, падвязкі, страхоўкі. Праверылі, зацягнулі і ўмацавалі лесвіцы. I цяпер вось палезлі на саракаметровую вышыню да галоўнай цыбуліны гэтага Уваскрасенскага сабора. Міне год пятнаццаць — і ўсё, што ім трэба пафарбаваць у розныя колеры, абкладуць меднымі лістамі і будуць усе цыбулінкі выглядаць аднолькава. А пакуль на двары май сямідзесятых. Лейбеле і Фімка на самай вышыні, горад відаць з усіх бакоў — і старая, і новая яго частка, што за ракой. Трэба яшчэ пафарбаваць у цагляныя і белыя колеры кладку самога сабора, як напісана ўнізе, на таблічцы, «помніка архітэктуры другой паловы XIX стагоддзя». Карацей, сто год таму яго пабудавалі.