Дзе ўзяць крыху шчасця
Давід Шульман
Выдавец: Радыёла-плюс
Памер: 296с.
Мінск 2005
Такім чынам, мы пачалі сустракацца штодня, то ў яе, то ў мяне. А праз месяц мы зажылі разам, у мяне.
Новы год сустракалі ў кампаніі яе сяброў. Мяне ўважліва вывучалі. Сяброўкі Ірыны шапталіся па кутах, кідаючы погляды ў мой бок. Па-мойму, я ім падабаўся. Ва ўсялякім разе, Ірына не пакідала мяне аднаго ні на хвіліну. 3 мужчынамі я хутка знайшоў агульную мову і ў хуткім часе мы перайшлі на «ты».
Потым выпадкова пачуў, як на кухні жанчыны разважалі пра каханне. I кожная з іх хвалілася, што яе кахаюць. Ах, жаночае самалюбства. Кожная хваліцца тым, што каханая, перад другімі жанчынамі, каб абудзіць у іх пачуццё зайздрасці. А на самай жа справе... Многае з кахання ўжо забылася, засталіся прывязанасць, звычка, будні. I калі раптам падвернецца выпадак, большасць з іх не задумваючыся кінуцца з галавой у новы вір любоўнага прыцягнення. Жанчыны... Яны вясёлыя, кантактныя, часам, хоць і ўдваіх з мужчынам, але такія адзінокія, кідаюцца з адной крайнасці ў другую, кахаюць і ненавідзяць. Прычым, часта гэтыя два пачуцці мяжуюць так блізка адзін з адным, што цяжка зразумець: чаго ж яна хоча, да чаго імкнецца, гэтая заўсёды супярэчлівая Жанчына.
Так я думаў у тую навагоднюю ноч у чужой кватэры, зусім выпусціўшы з віду, што тая, з якой я жыву, таксама жанчына. Але тое, што тычыцца іншых, да цябе, да тваіх сваякоў не адносіцца. Ты дзесьці ўбаку, і ўсё, што адбываецца вакол з іншымі, з табой не адбудзецца. Так думаецца заўсёды.
А мы ж яшчэ маладыя сямейнікі. Праўда, не распісаныя. Дык жа многія так жывуць, нараджаюць дзяцей.
Адпачынак мы прабавілі ў Эйлаце. I там аднойчы я падумаў, што ўсё ў нас неяк складна. Яшчэ не было ніводнай сваркі, лаянкі. На рэальнае жыццё ўсё ж гэта было не надта падобна. А можа, мы выключэнне? Можа, так падладжваемся адзін да аднаго, што ім, гэтым сваркам і лаянкам, не хочацца сяліцца разам з намі?
Я гарэў сваім каханнем да Ірыны занадта ярка і адкрыта. A гэтага ў адносінах з жанчынай, нават з тваёй уласнай жонкай, рабіць не варта. Трэба быць крыху халадней, крыху грубей. Таму што часам награмаджэнне вартасцяў у мужчыне наганяе на жанчыну нуду.
I я пачаў «змяняцца». Ужо дома ў нас адбылася размова, якую пачала яна.
— 3 табой нешта адбываецца. Ты не можаш мне сказаць — што?
— Мужнею, — паспрабаваў пажартаваць я. — А наогул, па-мойму, я такі ж.
— Ты такі ж і не, я сяго-таго не далічваюся ў табе.
— Цікава, цікава. Я быў у цябе ўвесь падлічаны? I колькі ж набіралася?
— Сто працэнтаў, роўна столькі, колькі патрэбна было.
— А зараз на колькі цягну?
— Дзевяноста два. I мне гэтага мала.
— Чым жа набіраліся гэтыя восем працэнтаў?
— Тваёй страсцю і тваімі словамі, любы. Ты зрабіўся сушэйшы, хоць...
Яна замаўчала, пра нешта падумала. Але мяне гэтае «хоць» вельмі зацікавіла. I я паўтарыў: «Хоць...»
— Хоць, магчыма, ты і маеш рацыю.
I я зноў зрабіўся ранейшым, даэйлацкім. Так мне здавалася. Я быў на сто лрацэнтаў.
Упершыню я адчуў нешта, калі, прыйшоўшы ў свой звычайны час дахаты, не застаў яе дома. Ніколі яшчэ такога не было. I праз дзве гадзіны яе тлумачэнні: «Адзначалі ў Галкі юбілей» мяне зусім не супакоілі, а наадварот. Я ведаў жыццё і ўсе гэтыя юбілей, дні нараджэння. Тут яна, здаецца, мяне недаацэньвала. Набралася б яшчэ працэнты тры. Але ёй жа трэба толькі сто. Ну што ж, «запушчаны чарвячок у садавіну». Трэба пачакаць яшчэ крыху.
«Крыху» пацягнула дзён на дзесяць, калі я зноў прыйшоў дахаты першым. Пачакаўшы крыху, набраў нумар тэлефона той кватэры. Так, на ўсялякі выпадак. На другім канцы трубкі пачуў яе голас... На яе «алё, алё», я маўчаў. Потым паклаў трубку. Думкі, адна больш балючая за другую, калацілі мяне. Уяўленне малявала пачварныя малюнкі.
Дахаты яна прыйшла праз гадзіну, злосная і ўстрывожаная. I на маё «нешта здарылася?» адказала, крыху супакоіўшыся: «Дурны сход». Такім чынам, усё станавілася на свае месцы. Я зразумеў, што Ірына кіне мяне, мужчыну, у якім яна ўпэўнена, і які, такім чынам, ужо не здолее больш павысіць яе самакаштоўнасці. Практычна, нішто яе не стрымлівае: дзяцей няма, птушка афіцыйна неакальцаваная, адным словам, вольны чалавек. Яна закахалася ці зараз закахаецца ў кагосьці іншага, хто карыстаецца, магчыма, поспехам як у яе, так і ў іншых жанчын. Так бывае часта. А сёння ён не з’явіўся. Вось яна і не ў сабе. Яна раўнуе таго, дадумвае, напэўна, як і я гадзіну назад, магчымыя сітуацыі. Мне было балюча. Ірына, якая заўсёды адчувала перамены ўва мне, гэтым разам, натуральна, нічога не заўважыла.
Я позна прыйшоў з працы. Яе не было. I я паехаў на Фрыдман. Адкрыў сваім ключом кватэру і ўбачыў тое, што калісьці было для мяне: сервіраваны столік, шампанскае ў вядзерцы, яна ў шэрай сукенцы. Мільгнула думка, як усё традыцыйна... A з ім мы былі знаёмыя даўно, вучыліся разам яшчэ ў інстытуце... Яны ўбачылі мяне. Нямая сцэна і...
— Толькі не трэба скандала. Я сыходжу ад цябе да яго.
Пешкі крочачы дахаты, думаў пра тое, што ў жанчыны няма ідэалу мужчыны, які нагадваў бы мадону; і ўва ўсёй сутнасці жанчыны глыбока закладзены падман. Праляжаўшы ў ложку з расплюшчанымі вачыма да раніцы, я ўпэўніўся, што бываюць ночы, калі і снатворнае не дапамагае. Мой пульс не апускаўся ніжэй за сто замест звычайных шасцідзесяці двух. Я адчуваў сваё сэрца.
Свае рэчы яна забрала ўдзень, калі я быў на працы. Ключ ляжаў на стале, прыціснуўшы запіску ў некалькі слоў: «Я не для цябе, я, здаецца, кепская».
Я трымаў у руках куплены ў краме кавун і думаў пра тое, што вельмі цяжка ў жыцці распазнаць добры кавун і прыстойную жанчыну.
Некалькі разоў я званіў, але заўсёды трубку падымаў ён. Рабілася балюча, таму што ў душы заўсёды застаюцца сляды. Гэта ўспаміны. Яны асабліва пакутлівыя, калі ўспамінаецца штонебудзь шчаслівае.
Праз месяц яе не стала. Ірына загінула. Іх машына перавярнулася. Ён абышоўся пераломамі ног.
У ПОШУКАХ РАДЗІМЫ I ШЧАСЦЯ
Калі б за год да ад’езду мне сказалі, што я паеду ў Ізраіль, паглядзеў бы на таго чалавека з вялікім здзіўленнем, можа, нават з абурэннем. У нашай сям’і нават размоў ніколі не было на гэтую тэму. Жылі родзічы за мяжою — і ў Амерыцы, і ў Ізраілі, але каб самім...
Але аднойчы мама прыйшла з рынку і сказала, што няма з кім нават пагаварыць. He, людзей на рынку шмат, але яўрэяў — раз, два і ўсё... А яшчэ ж зусім нядаўна пра ўсе майсы' можна было даведацца толькі там, на рынку...
Прыехалі на выхадны сястра з мужам і пляменнікамі — адзін заканчваў школу, а другі — чацвёрты клас. За абедам швагер сказаў:
— Пара, пара падумаць пра дзяцей. Тут, здаецца, надыходзяць не лепшыя часы. Я ўжо з многімі размаўляў. Усе едуць. Трэба ехаць і нам.
Была вясна 1990 года. Ужо некалькі гадоў яўрэям дазволена было пакідаць краіну. Большасць ад’язджала ў Ізраіль...
Атрымалі выклік і мы. Летам падалі дакументы. У інстанцыях іх разглядалі паўгода. За гэты час старэйшы пляменнік скончыў школу з медалём і паступіў (без блату) у Мінскі медыцынскі інстытут.
У нас быў свой дом. I з нашага двара ўжо адправіліся за мяжу некалькі сем’яў. Чаму з нашага двара? Патлумачу. Людзям, што жылі ў шматпавярховых дамах, не было дзе складваць свае пажыткі. Звычайна ўся маёмасць — мэбля, посуд, адзенне — складваліся ў вялікія скрыні даўжынёю два метры, метр у шырыню і метр у вышыню. Загрузка ішла некалькі дзён. Потым да нашага двара прыязджаў пагрузчык, скрыні грузілі ў машыны і везлі ў Брэст, Гродна, Вільню на мытню.
1 Майсы — навіны, гісторыі (ідыш).
Мы купілі спісаны кантэйнер, заварылі ў ім дзіркі, паставілі замкі, пафарбавалі ў зялёны колер. У кантэйнеры з правага боку былі нашы з мамай рэчы, мэбля, піяніна. 3 левага — рэчы сястры і яе сям’і. Усё, што не ўлезла ў кантэйнер, раздалі суседзям. Да восені дзевяностага года дом прадалі за дваццаць пяць тысяч. Адзінаццаць тысяч мы аддалі за японскі тэлевізар. Амаль што ўсе астатнія грошы пайшлі на адпраўку багажу. Мы яшчэ паспелі адправіць усё, што хацелі. Праз некалькі дзён колькасць багажу абмежавалі, здаецца, да тоны на сям’ю, Дарэчы, сама скрыня важыла кілаграмаў дзвесце.
Пад’ехаў аўтакран, пагрузілі кантэйнер на машыну. Едзем у Гродна — два тыдні таму нам прызначылі чаргу на адпраўку на гэты дзень.
Уціхую даю «на лапу» брыгадзіру грузчыкаў дзве з паловай тысячы — такая тады была такса — на тое, каб пры даглядзе, калі будуць даставаць і зноў заносіць у кантэйнер рэчы, не пабілі нічога. Мяне да багажу не падпускаюць, усё робяць самі грузчыкі. Дасталі некалькі пачак чаю. Нельга. Нельга — дык нельга...
Усё, дагляд закончаны, паперы падпісаны, грошы за афармленне заплачаны. Падышоў калега-энергетык з аднаго завода, прывёз электразварачны апарат і электрыка. Заварылі кантэйнер. Пагрузілі аўтакранам і павезлі да платформы. Маставы кран... Расцяжкамі кантэйнер прывязваюць да платформы. Практычна за кожны рух служывых плачу...
У тыя гады на ад’ездах нажылося шмат людзей — у дзяржаўнай форме, у спецвопратцы, гандлёвыя работнікі. Паўтаруся — палова кошту дома пайшла на адпраўку багажу.
Гэта было тады традыцыяй, і я ад яе не адышоў. Зняў залу ў рэстаране, запрасіў родзічаў, сяброў, калег па працы, суседзяў.
«Пагудзелі» няблага. Я даведаўся, які я добры спецыяліст (працаваў інжынерам-электрыкам), родзіч, а яшчэ — цудоўны сусед. Апошняе мела матэрыяльную базу: шмат з хатняга скарбу раздаў...
А на наступны дзень у двор закаціў «рафік», загрузіў я чамаданы, абгорнуты падушкамі тэлевізар, пацалаваў вушак дзвярэй, развітаўся з заплаканымі — мусіць, ад жалю да нас — суседзямі, выдаў мужчынам пару бутэлек гарэлкі, папрасіў, каб не ўспамінаді нас ліхам, пасадзіў заплаканую маму і сяброў у машыну і — бывай, дом родны, родная вуліца, завод. Я пражыў тут сорак два гады.
Цягнік «Масква — Варшава». Ноч. Зноў Гродна. Мытня. Трапіўся мытнік, што некалькі месяцаў назад прымаў мой кантэйнер. Ён мяне запомніў, а таму ў вагоне больш нікога не правяралі, толькі мяне. Вывернулі чамаданы, дасталі з падушак тэлевізар... Нічога забароненага. Тады асабісты дагляд. Стаю, упёршыся ў верхнюю паліцу, расставіўшы ногі. Аперацыя — вобыск. Ага, кашалёк. Дзе долары? Няма. Як няма?.. Ён чамусьці злосны. Але ставіць штамп. Кошт гэтай пячаткі — сорак пяць хвілін прыніжэння і нервовага напружання і ўсё жыццё, якое застаецца там...