• Газеты, часопісы і г.д.
  • Дзе ўзяць крыху шчасця  Давід Шульман

    Дзе ўзяць крыху шчасця

    Давід Шульман

    Выдавец: Радыёла-плюс
    Памер: 296с.
    Мінск 2005
    50.31 МБ
    Бывай, Беларусь! Прывітанне, Польшча, з хвілінным мытным аглядам і пажаданнем шчаслівай дарогі. Амаль да самай Варшавы быў заняты працай — зноў упакоўваў чамаданы...
    У тыя часы не было прамых рэйсаў да Ізраіля. Пагадзіўшыся выпусціць яўрэяў з Савецкага Саюза, урад не здагадаўся забяспечыць вываз соцень тысяч людзей. He захацеў «зарабіць» на перавозцы СССР, затое з задавальненнем зараблялі на гэтым Польшча, Венгрыя, Румынія, Аўстрыя, якія сталі часовымі пунктамі збору яўрэяў-эмігрантаў. Кожны палёт, харчаванне і пражыванне ў гатэлях аплочвала дзяржава Ізраіль. Было шмат валанцёраў як з Ізраіля, так і з іншых краін, якія сустракалі эміг-
    рантаў каля цягнікоў, самалётаў, у гатэлях. Гэта было вялікае перасяленне...
    ...У вестыбюлі гатэля польскі персанал і некалькі чалавек неславянскай знешнасці. Ізраільская служба бяспекі. Паміж сабой яны размаўляюць на іўрыце, якога я не ведаю. Гэтыя людзі раз-пораз выходзяць з гатэля, абыходзяць яго, аглядваюць. Штосьці вытыркаецца з іх шырокіх пінжакоў. Гэтым хлопцам гадоў па дваццаць пяць. Прыгожыя полькі вывучылі некалькі сказаў на іўрыце і перакідваюцца з ізраільцянамі.
    Жывём у гатэлі суткі, адзначаем дзень нараджэння сястры, потым на аўтобусах нас вязуць да аэрапорта. Гадзін восем вечара. Самалёт акружаны людзьмі з аўтаматамі напагатове. Зноў ізраільская служба бяспекі. Самалёт, як мы потым даведаліся, «ІЛ» — савецкай вытворчасці, але лётае з Польшчы.
    Некалькі гадзін лёту. Думкі розныя, у асноўным, трывожныя: што чакае нас наперадзе, як пойдзе жыццё? Я, вядома, разумею, што праца па спецыяльнасці мне наўрад ці «свеціць». Буду працаваць сантэхнікам, і нечага гуляць у прынцыпы, нечага думаць, што хтосьці нечым мне абавязаны... Я сам пачынаю новае жыццё.
    ...Бен-Гурыён. Гэта аэрапорт, ён названы ў гонар першага прэм’ер-міністра Ізраіля, які ў канцы саракавых гадоў абвясціў стварэнне дзяржавы Ізраіль.
    Пакуль атрымліваем дакументы, якія пацвярджаюць, што мы грамадзяне Ізраіля, пакуль атрымліваем грошы — часткова наяўнымі, а часткова чэкам, — мінае некалькі гадзін. Тут жа — бясплатны буфет, тэлефон: можна пазваніць родзічам ці знаёмым, што жывуць у Ізраілі. Усе мужчыны за гэты час заходзяць у адзін з кабінетаў, дзе двое хлопцаў па-руску без акцэнту цікавяцца, ці не заўважалі за сабой віжоў у СССР, можа, хтосьці супрацоўнічаў з КДБ. He? He ўспомнілі? Гэта нічога, раптам успомніце, вось візітная картка, пазваніце ў любы час...
    Дзве гадзіны ночы 1 мая 1991 года. Мы, новыя грамадзяне Ізраіля, з японскім тэлевізарам і двума чамаданамі (астатнія рэчы прывязуць на працягу двух месяцаў, яны пайшлі багажным самалётам з Варшавы) садзімся ў вялікае таксі, і нас вязуць цераз усю краіну ў горад Эйлат, дзе ўжо семнаццаць гадоў жыве наш сябар Міша, Меер па-мясцоваму. Па тэлефоне ён нам увесь час даказваў, што для жыцця гэта самы лепшы горад, тут ёсць праца, няма арабаў, дзяржаўная граніца пачынаецца адразу за горадам. Іарданія, Егіпет, Саудаўская Аравія — усё на адным пятачку. I таму Эйлат ніколі не будуць бамбіць.
    Ну і што, калі спёка? Да гэтага прывыкаеш. Ды і шкодна ўвесь час знаходзіцца на сонцы. Затое мора самае лепшае ў свеце — Чырвонае мора.
    Шафёр не ведаў рускай мовы, а мы не ведалі іўрыта. Гадзін пяць ехалі моўчкі, пазіраючы ў акно — у густую ізраільскую цемру. Пачало світаць каля шасці, а ў пачатку восьмай мы ўехалі ў горад. Дзень добры, Эйлат! Паказваем шафёру нумар тэлефона Мішы. Ён дазвоньваецца. Хвілін праз пятнаццаць пад’язджае на машыне наш сябар. Ён змяніўся: памужнеў, распаўнеў... Дзень добры, Меер! Наша машына коціць за Мееравай. А вось і віла. Мы выгружаем чамаданы, распісваемся ў нейкай паперчыне, таксі ад’язджае. Нас сустракае Рыўка, жонка нашага сябра, побач з ёю вялізны сабака. Ён уважліва пазірае на нас, потым адыходзіць убок: уваход дазволены.
    Меер кудысьці знікае. А праз пару гадзін мы ўжо ўязджаем у кватэру, якую ён наняў для нас. Чатыры пакоі. Нас шасцёра. Тут мы з мамай пражывём месяц, а потым ужо самі ноймем новую кватэру ў гэтым жа двары.
    Вось і пачалося новае жыццё.
    За два тыдні я адкрыў рахунак у банку, паведаміў яго нумар у Міністэрства абсорбцыі. Цяпер і грошы будуць паступаць адразу на рахунак: спачатку (паўгода) дапамога на жыццё, потым да-
    памога на наём кватэры і на набыццё электратавараў. Па курсу таго часу мы атрымалі недзе каля дзесяці тысяч долараў.
    Аднойчы ранкам Міша адвёз мяне ў адну прыватную кампанію. Гэта было на пятнаццаты дзень новага жыцця. Гаспадара фірмы звалі Якаб, ён быў выхадзец з Сірыі, другі гаспадар — Давід — быў з Марока. Я яшчэ ні слова не ведаю на іўрыце, a курсы па вывучэнні мовы пачнуцца толькі праз паўтара месяца, — «гаворым» на пальцах...
    ...Раблю ўсё, што загадваюць. Спачатку, выпацкаўшыся фарбай, штосьці фарбую пульверызатарам, потым выгінаю нешта з бляхі на станку, падмятаю, падношу, падтрымліваю, прыбіраю... У чатыры гадзіны дня прыязджаю дамоў, мыюся і падаю на канапу. Есці не хочацца. Адпачываю пару гадзін. У той дзень на дварэ было толькі градусаў трыццаць пяць, май месяц. А да фізічнай працы я не надта прывучаны. Пасля тэхнікума, а потым пасля інстытута кіраваў...
    Дні зліваюцца ў адзін доўгі, бясконцы дзень: праца, сон, праца, сон... Першая палучка — 900 шэкеляў за паўмесяца — гэта 420 долараў. Я быў задаволены. Гэта — пачатак збору грошай на набыццё кватэры. Я паабяцаў маме: там у нас быў свой дом, тут таксама будзе сваё жыллё, купім кватэру.
    Часам прыходзілі думкі: навошта было кідаць нармальнае жыццё і лезці сюды, у пекла, дзе сорак пяць градусаў у цені? Вунь яно, мора, відаць з акна, але за паўгода я быў каля яго, можа, разы два-тры...
    ...Мінулае жыццё — там было шмат добрага... Ганю, ганю з галавы гэтыя думкі. Жыву па прынцыпу п’яніцы: напіцца і забыцца... Адно ў тым і розніца, што ў мяне толькі праца і сон... Ды яшчэ курсы, дзе вывучаю іўрыт. А тут яшчэ з’явілася магчымасць падзарабіць: мыць посуд у рэстаране. Да чатырох я на працы ў фірме, у шэсць іду ў рэстаран, дзе ўкалваю калі да гадзіны ночы, а калі — да шасці раніцы. У рэстаране бывае да
    тысячы чалавек. А ў сем я павінен быць ужо на працы. У рэстаране я працаваўдва-тры разы натыдзень.
    Тут я хачу зрабіць невялічкае адступленне.
    Калі мы толькі прыехалі ў Ізраіль і пасяліліся ў Эйлаце, то вельмі хутка пачалі заўважаць, што хтосьці пакідае каля нашых дзвярэй посуд, калі-нікалі адзенне; заходзілі суседзі і прыносілі прадукты, дзе-што з мэблі: крэсла, стол, нават ложак. Увогуле ў Ізраілі прынята: калі табе не патрэбна нешта з адзення, то яно мыецца, прасуецца, складваецца ў мяшок і пакідаецца на накрыўцы бака для смецця. Часта там можна напаткаць добрыя новыя рэчы. Першыя гады ўся рабочая вопратка ў мяне была адтуль.
    Але вернемся да маёй працы ў рэстаране. Там я сустрэўся з чалавекам, яго звалі Цві, ён польскі яўрэй, на той час ужо гадоў сорак жыў у Ізраілі. У рэстаране Цві служыў загадчыкам гаспадаркі. Ён наймаў работнікаў, атрымліваў і выдаваў прадукты, пасля працы даваў нам, мыйшчыкам, пяць шэкеляў на таксі і яшчэ выдаваў нам... прадукты. Неафіцыйна, вядома. У дзве-тры гадзіны ночы гаспадар рэстарана спаў, а Цві заводзіў мяне ў кладоўку і казаў: «Вазьмі трошкі гэтага і гэтага, і гэтага таксама...» Я прыцягваў дамоў дзве ёмкія сумкі з садавінай, агароднінай, смажанымі курамі, селядцамі, пірожнымі, півам «Макабі», бутэлечкамі колы. Часам прыносіў віно і нават каньяк. Было столькі ежы, што мама аддавала частку сваім новым суседзям — вялікай сям’і з Адэсы. Калі я працаваў у рэстаране, мы куплялі толькі хлеб і малочныя прадукты. I гэта нам вельмі дапамагло.
    Пражыўшы ў Ізраілі год, мы ўзялі крэдыт ў банку і змаглі ўнесці чвэрць кошту кватэры. Рэстаранная эпапея працягвалася месяцаў сем. Я вельмі стаміўся за першы год свайго новага жыцця і ў рэшце рэшт пакінуў працу ў рэстаране. А рэстараннае піва «Макабі» я піў яшчэ месяцы чатыры, яно не псавалася, і скрынкі з ім стаялі ў мяне пад ложкам...
    Як я ўжо казаў, праз год мы пачалі гаварыць пра набыццё кватэры. Хацелася новую. I вось аднойчы ў жніўні мы селі ў машыну швагра, які паспеў ужо купіць яе, заплаціўшы шэсцьдзесят працэнтаў, — перасяленцам да трох гадоў пражывання давалі саракапрацэнтную скідку на набыццё машыны, — і паехалі глядзець новыя дамы. Іх рыхтавалі да здачы. Тады ж мы і выбралі сабе кватэры: у трохпавярховым доме на два пад’езды, ла шэсць кватэр у кожным. Мы з мамай выбралі другі паверх, балкон займае дваццаць квадратных метраў, перад домам — стаянка для машын, на першым паверсе ёсць кладоўка. Чатырохпакаёвая кватэра нам спадабалася. На той час гэта былі самыя дарагія кватэры, кошт — дзевяноста тры тысячы долараў. Узяўшы некалькі пазык з тэрмінам выплаты ў дваццаць восем гадоў (дажыць бы толькі!), даклаўшы сабраныя грошы, у сярэдзіне верасня ўнеслі плату, а сёмага лістапада раніцай пачалі засяляцца, Увогуле ўсе вялікія пралетарскія святы сталі нейкімі этапамі ў маім жыцці: першага мая прыехаў, сёмага лістапада засяліўся ў сваю кватэру.
    Міне некалькі гадоў, і я памяняю падлогу ў кватэры — пакладу керамічную плітку, а потым, лраз пару гадоў, зраблю новую кухню. I ў гэтыя два рамонты ўкладу дваццаць тысяч долараў. Укладу, не шкадуючы. Але часта ўспамінаю і зараз, што пасля набыцця кватэры ў кішэні ў мяне засталося толькі дзесяць шэкеляў і я быў у адчаі...
    Тры з паловай гады праляцелі як адзін дзень. Я вырашыў, што надышоў час пакланіцца родным магілам. У гэтай зямлі назаўсёды засталіся бацька, цётка, бабуля і дзядуля... Я вырашыў з’ездзіць у Талачын, на месца былога гета, дзе загінулі бабуля і амаль уся бацькава радня. Перад смерцю тата прасіў, каб Талачын я не забываў...
    Я ўзяў адпачынак на тры тыдні, чым вельмі здзівіў гаспадара. У Ізраілі такія адпачынкі не бяруць, бяруць па тры, па пяць
    дзён некалькі разоў на год, а каб адразу ўсё... Але я тады жыў яшчэ па савецкіх адпускных мерках, ды і шлях няблізкі — дзве з паловай тысячы вёрст.
    Лячу ізраільскім самалётам кампаніі «Эль-Аль». Шыкоўны «боінг» з відэа, з шасцю радыёпраграмамі, з выліўкай і ядою. Праз тры з паловай гадзіны я ўжо ў Мінску. Сябры чакаюць. Гадзіны паўтары ў зацемненай зале — і ўсе фармальнасці закончаны. Абдымаемся з сябрамі, глядзім адзін на аднаго. Тры з паловаю гады... Выязджаў з Савецкага Саюза, прыехаў у Рэспубліку Беларусь.