• Газеты, часопісы і г.д.
  • Дзе ўзяць крыху шчасця  Давід Шульман

    Дзе ўзяць крыху шчасця

    Давід Шульман

    Выдавец: Радыёла-плюс
    Памер: 296с.
    Мінск 2005
    50.31 МБ
    — Ведаеце, Іосіф Ісаакавіч, а фарбуюць храм мой гэтым разам вашыя, з брыгады Фогеля.
    Ёйсэф Якілевіч удзень працаваў у атэлье модаў, а па вечарах дома, неафіцыйна. I айцец Міхаіл шыў у яго ўжо шмат гадоў. I матухна Ганна таксама.
    — Ну, і як яны там працуюць?
    — 3 ранку да вечара, і, здаецца, якасна. Як і вы, шаноўны Іосіф Ісаакавіч.
    На гэты раз шылі касцюм. Фігура ў айца Міхаіла не зусім стандартная. I нягледзячы на тое, што ўсе меркі ўжо даўно запісаны на сценцы, на шпалерах, побач з вялікім раскройным сталом, Ёйсэф усё ж абмераў сваім метрам дужую паставу служкі культу. I кожны раз глядзеў на сценку.
    — У вас тая ж фігура, айцец Міхаіл. I як вы здолелі гэтак захавацца?
    — Малітвамі, шаноўны Іосіф Ісаакавіч, малітвамі.
    Ёйсэф расклаў прынесены чорны адрэз, памераў яго.
    — А як справы ў Вашых дзетак, айцец Міхаіл?
    — Дзякаваць Богу. Сынок плавае, дачка штосьці вынаходзіць у сваіх лабараторыях.
    Сын, Глеб, быў капітанам дальняга плавання, а дачка Соф’я — навуковым супрацоўнікам, ужо кандыдатам навук. Айцец Міхаіл ганарыўся дзецьмі. I зусім не шкадаваў пра іх мірскія прафесіі. Галоўнае — у Бога верылі, і Бог так накіраваў іх лёсы.
    — Дарэчы, Іосіф Ісаакавіч, Глебка прыязджае ў адпачынак праз месяц. Вы не адмовіцеся сшыць яму грамадзянскую тройку?
    — Безумоўна, безумоўна. У вас тут застаецца на шапку, айцец Міхаіл. Будзем шыць?
    — Іосіф Ісаакавіч, вы можаце ўявіць сабе мяне ў шапцы? Я ж капелюшоў не нашу. Добра, праз тыдзень. He, нічога не трэ-
    ба, дзякуй вам, шаноўны, і да пабачэння. Калі прымерка? Добра, праз тыдзень.
    I ён пайшоў. Да Лейбы Шыльмана.
    Уваскрасенскі сабор, помнік архітэктуры. Унутры айцец Міхаіл хрысціць немаўлятка, якога бабуля, аглядаючыся па баках, прынесла ў царкву. А маладыя бацькі, стоячы на аўтобусным прыпынку, робяць выгляд, што яны тут ні пры чым і наогул нічога не ведаюць. Але праз некалькі дзён усё робіцца вядомым. Таму што царкоўныя кнігі рэгулярна праглядае інструктар аддзела прапаганды гаркама партыі.
    «Прыгожая, бы золата...» — пяе Лейбеле. Яму ж да лямпачкі ўсё, што творыцца ўнутры. Бо ў яго ў душы свой Бог. I тата ў яго Ёйсэф-разнік, а мама — Сорэ-разнічыха...
    — Шаноўны Леў Рыгоравіч! Вы цудоўны майстар. Я зусім не адчуваю, што ў мяне на нагах зробленыя Вамі чаравікі. Вялікі Вам дзякуй. Мне здаецца, што вы недабіраеце з мяне за сваю працу.
    — Айцец Міхаіл, часам словы даражэйшыя за грошы. A паколькі я атрымліваю ад Вас і тое, і другое, то будзем лічыць, што ўсё добра. Прайдзіцеся яшчэ раз...
    Лейба Шыльман трымаў патэнт. 1 паколькі быў вельмі добрым шаўцом, то на жыццё яму хапала. Абуваў ён і гарадское начальства, і простых кліентаў, якія прыходзілі да яго па рэкамендацыях. Нікога не цікавіла, адкуль ён бярэ сыравіну, у сэнсе, скуру. Афіцыйна ён набываў у «Каапрамонце» рэшткі, якімі можна было толькі рамантаваць абутак. А шыць... Проста ў забеспячэнцах у яго стрыечны брат, таксама шавец, у тым жа «Каапрамонце».
    — Леў Рыгоравіч, а музыкант Эдзі Рознер не Ваш сваяк? Вы такія падобныя.
    — He, айцец Міхаіл, на жаль. Але я пра ногі ведаю не менш, чымсьці ён пра сваю трубу. Асабліва, кх-кх, пра жаночыя...
    — Леў Рыгоравіч, не блюзнерце.
    Яны сядзелі за маленькім столікам у куточку, у прыбудове да дома, якую Лейба прыстасаваў пад сваю майстэрню. У дзверы, якія злучалі абедзьве часткі хаты, зайшла Іда, жонка Лейбы. На падносіку яна несла графінчык і дзве чарачкі на высокіх ножках.
    — Трэба, як кажуць, замачыць, айцец Міхаіл. Інакш хутка падзяруцца. Хоць гэта вельмі нават някелска: калі рвецца абутак, ёсць парнаса'.
    — 3 задавальненнем, Леў Рыгоравіч. Напэўна, пэйсахоўка?
    — Вось, засталося пасля свята.
    Яны выпілі. Айцец Міхаіл пачмокаў вуснамі, атрымліваючы асалоду ад смаку хатняга віна. Лейба адразу ж наліў па другой.
    — Так, смачна, смачна, Леў Рыгоравіч. Дзякуй, дзякуй за ўсё: і за абутак, і за пэйсахоўку. — Ён паклаў у партфель загорнутыя ў газету новыя чаравікі. Узняўся з-за століка і, развітаўшыся словамі «Зайтмір гэзунт2», выйшаў на вуліцу.
    Ён ведаў ідыш. Хай не так добра, як Лейба Шыльман ці Ёйсэф Якілевіч, але разумеў гэтую мову і нават у цалкам яўрэйскай кампаніі не адчуваў сябе чужым.
    — Фімка, скажы, толькі шчыра, у горадзе яшчэ засталіся дзеўкі, якія б з табой не спазналіся? Прыехалі на практыку, кажаш? Медычкі? Ну, медычкі — гэта самае тое. Што ты п’еш з
    1 Парнаса — заробак (ідыш).
    2 Зайт мір гэзунт — бывайце здаровы (ідыш).
    імі? Каньяк? Правільна робіш. Ніколі не пі «Сонцадар». Кажуць, гэтым віном дзесьці труцяць жукоў на дрэвах. Ты глядзеў з зямлі на гэтыя цыбуліны? Добра ўжо глядзяцца. Вось зробім яшчэ кладку ў колерах, а там застанецца толькі папрацаваць Томам Сойерам — пафарбаваць плот вакол. Нешта бацюшка прасіў завітаць да яго сёння ўвечары. Ну, наперад...
    — I з песняй! — апярэдзіў Фімка Лейбеле і заспяваў: — «Я смотрю ей вслед, ннчего в ней нет. А я всё гляжу, глаз не отвожу...»
    Унізе турысты, задраўшы галовы, вылупліваліся на двух акрабатаў, прывязаных вяроўкай, якія пераносілі па нахіленых кроквах вёдры з фарбай. Нават экскурсавод замаўчаў. Людзей на дадзены момант цікавіў не экскурсійны аб’ект — помнік архітэктуры, — а тое, што на ім выраблялі акрабаты.
    — Ну што, дзеці мае, — айцец Міхаіл распасцёр рукі, — з Божай дапамогай яшчэ тыдзень-два, і ўсё будзе зроблена. Ёсць якія-небудзь просьбы, пытанні?
    — He, бацюшка, — Лейбле камячыў у руках свой «аэрадром», Фімка глядзеў на дзверы. Ён, як заўсёды, напярэдадні вечара і ночы, спяшаўся. — Матэрыялы ёсць, праца, як Вы адзначылі, рухаецца з Яго дапамогай, — і Лейбеле паглядзеў уверх.
    — Тут мне прынеслі пару пляшак. Хачу падзяліцца, калі не пагарджаеце. Якасная, я вам скажу, вадкасць, і без болю раніцай. Хатняя вытворчасць, разумееце. Рабілі для сябе, у сэнсе, для мяне, з чыстага зерня паводле народнай тэхналогіі. I маселка таксама хатняе. Вы спачатку крыху яго, а потым з пляшачкі.
    Лейбеле сам маленькі, а кішэні яго штаноў глыбокія. Толькі ледзь-ледзь рыльца пляшкі вызірае. А Фімка нёс укручаны ў газету паўлітровы слоік з маслам.
    — I куды — у пельменную?
    — Наогул, мяне ўжо чакаюць, — Фімка паглядзеў на гадзіннік, некалькі хвілін падумаў пра нешта, прыгладзіў шавялюру і рашу-
    ча вымавіў: — Хадзем, можа, я такога яшчэ не піў. У жыцці ўсё трэба пакаштаваць.
    — Правільнае рашэнне, хлопча. Усё роўна ўсіх жанчын не ўгаворыш.
    Царква была запоўнена людзьмі пад завязку. I звонку таксама тоўпіліся людзі, у асноўным мужчыны. Жанчыны былі ўнутры. Цешча сакратара райкама партыі, жанчына высокая, у цёмнай хустцы, стаяла перад айцом Міхаілам і звысоку пазірала на астатніх верніц. Безумоўна, зяць будзе незадаволены, калі дазнаецца, дзе яна прабавіла гэтыя некалькі перадвячэрніх гадзін.
    Айцец Міхаіл, прыбраны з нагоды давядзення царквы да Боскага стану ў святочнае адзенне, з вышыні свайго амаль двухметровага росту пазіраў на вернікаў і радаваўся душэўна, што сабралася столькі людзей. Нават Соф’я, цешча гэтага сакратара, прышла глынуць «опіуму для народа». Але ёй, грэшніцы, патрэбна глытаць і глытаць. Ён прыгадаў, як шмат год таму, перад вайной, выцягнуў яе з бардака на Берагавой. I доўга потым адкладаў вянчанне з добрым чалавекам, інжынерам Выдрыным.
    А вось па-сапраўднаму святая жанчына — Таццяна. Выгадавала сама, паставіла на ногі сваіх дзяцей і двух прыёмных. A вось... Айцец Міхаіл ведаў амаль усіх сваіх вернікаў. Наогул, іх было не так і шмат. He тое што ў гады яго юнацтва. Амаль усе яны прыйшлі сёння. «Багародзіца, дзева, радуйся», — заспяваў дыякан Андрэй... Са званіцы плыў над горадам звон.
    — Фімка, ты чуеш, якое мы свята зладзілі? — Праз акно пельменнай яны ўзіраліся на храм, прыбраны і свежы, як семнаццацігадовая дзяўчына.
    Айцец Міхаіл даў ім па дзвесце рублёў у знак падзякі, чаявыя, так бы мовіць.
    — Няма на што паскардзіцца, Фімка. Добра працу зрабілі, цяпер можна і адзначыць. Жадаю табе, каб усё!
    Яны пілі каньяк. I, у адрозненне ад астатніх, якія трымалі свае «Сонцадары» і «Агдамы» пад сталом, пляшкі не хавалі. Вера, прыбіралынчыца-афіцыянтка, шанавала людзей, якія п’юць добрыя напоі. Так, гэтых маляроў яна ведала. Добрыя людзі, мінімум траяк заўжды пакідалі. He тое што астатнія, клятыя п’янюгі. Што з іх возьмеш? Пустыя пляшкі, і то не з усіх. Зносяць, гады.
    — Схадзіць, хлопчыкі? Дык я хутка... — Яна скінула белы фартух і кінулася ў гастраном. Там без чаргі: «Нінка, давай хутчэй, кліенты чакаюць», — схапіла пляшку каньяка.
    — Дзякуй, хлопчыкі. — Вось, рэшты засталося цэлыя чатыры рублі. I капейкі. Дзённы заробак.
    — А тая бацюшкава самагонка была не горшая. Лёгка гэтак пілася.
    — Натуральны прадукт, Фіма. Давай, каб грошы былі і гідраўліка не адмаўляла. Як там, сезон зніжак на каханне яшчэ не настаў?
    — Лейбеле, хавер, навошта табе чакаць бабіна лета? Я табе зараз бясплатна зладжу. Хадзем.
    Ён дапіў каньяк і, задаволены, што вось-вось апынецца ў сваёй стыхіі, пацягнуў Лейбеле з пельменнай.
    — Фімка, безумоўна, табе дзякуй, але мне нешта захацелася да бацькоў. Ведаеш, шанцаванне: нарадзіццаў сваіх бацькоў і паспець іх нечым усцешыць. Вось аднясу чаявыя, як раз іх двухмесячная пенсія.
    I ён падаўся, маленькі, з «аэрадромам» на галаве. Зліўся з натоўпам, што крочыў з царквы. I ў яго, і ў тых людзей з натоўпу быў добры настрой.
    Айцец Міхаіл замкнуў храм, перахрысціўся і выйшаў за браму,
    Фіма, які пакуль не вырашыў, куды падацца, убачыў святара і падышоў да яго.
    — Дзякаваць Богу, айцец Міхаіл. Вось, скончылі працу, адзначылі. Добра.
    — Існа добра. Дзякуй, сын мой. — I ён пайшоў уніз па вуліцы, да сваёй хаты. Сын Глеб прыехаў, трэба было адзначыць яго прыезд.
    — Зол алц зайн гут, — сказаў Фімка. — Хай усё будзе добра.
    I падаўся ўверх па вуліцы.
    ЛЁНЯ ЖАЛАБІНСКІ
    Мама Лёні Жалабінскага, Дзідра Рабертаўна, была рыжанкай з сям’і багатых, даваенных рыжскіх домаўласнікаў. У шасцідзесятыя гады мінулага стагоддзя пра гэта, праўда, ведалі толькі блізкія сваякі. Нічога, апрача знешнасці і манераў, не выдавала ў ёй былую багацейку.
    Лёню перадаліся манеры і некаторыя рысы дагледжанага твару Дзідры Рабертаўны. Але падобны Лёня быў усё ж такі на бацьку, Абрама Львовіча Жалабінскага, матэматыка.
    Натуральна, Лёню аддалі ў музычную школу, бо ў яго былі адпаведныя схільнасці і наогул як дзіцёнка з прыстойнай латышска-яўрэйскай сям’і. Прымушаць яго не было патрэбы — Лёня хацеў вучыцца музыцы. Яго пакой быў абклеены афішамі аркестра Райманда Паўлса, партрэтамі маэстра за фартэпіяна і першым радам саксафаністаў, дзе на тэнары іграў дзядзька Яніс, мамін брат.