Дзе ўзяць крыху шчасця
Давід Шульман
Выдавец: Радыёла-плюс
Памер: 296с.
Мінск 2005
— Ну вось, рэальнасць, як звыкла, забівае мару.
— А ты, Толік, марыў, што Міша за так злазіць на трубу? Ён, гэты скнара са скнараў? — I Арон махнуў рукой. — Што, на вакзал, у буфет, па стограмовічу?
Яны праводзілі вачыма таксі, на якім Міша вёз дахаты скрыню піва, і падаліся ўніз па праспекце, да вакзала.
Вакзал патануў у паху гару, спешцы і быспрытульнай тузе. Яны ўвайшлі ў буфет. У ім смярдзела потам і ржавым селядцом. У куце, каля акна, што выглядала на перон, стаяў... Міша,
абапершыся на стол. Ён глядзеў на дзверы. Драўляная скрыня з півам упіралася ў ножкі стала.
— Паглядзі на яго, — сказаў Арон, і ўсе рушылі на прывітальны заклік Мішавай рукі. Міша зморшчыў лоб, «запусціў» некалькі думак. Ён нешта прыкідваў і разлічваў. Потым... даў Толіку шэсць рублёў. Той злётаў у гастраном і прынёс дзве паўлітроўкі «Маскоўскай» і вярнуў Мішу дваццаць шэсць капеек рэшты. Люба, буфетчыца, прынесла хлеб, палку нарэзанай аматарскай каўбасы, салёных гуркоў, раскрытую бляшанку бычкоў ў тамаце і пару плаўленых сыркоў «Дружба».
Дзень мінаў. А восьмай гадзіне Міша паклаў у свой палатняны «Тыгоднік...» дзве пляшкі піва, што засталіся, і са словамі «Прайшла любоў, завялі памідоры» прапанаваў скінуцца па дзевяноста капеек, каб разлічыцца з Любай. Гэта з улікам таго, што пляшкі з-пад піва ён, так і быць, пакідае буфетчыцы... За сталом зрабілася ціха-ціха. Кампанія, разявіўшы раты, пачала круціць шыямі, глядзець адзін на аднаго. Раскатурхаў усіх таварняк, які пачаў грукатаць па першым пуці, у трох метрах ад буфета.
Палезлі ў кішэні...
ЯСЕНІН
Ніхто не памятаў яго сапраўднага імені і прозвішча. Усе ведалі яго па мянушцы — Ясенін. Зусім непадобны да вядомага паэта, маленькі плюгавенькі дзецючок, у якім, здавалася, ледзьве цеплілася жыццё, ён быў гарадской славутасцю ўжо год пятнаццаць.
Пачалася гэтая вядомасць яшчэ ў школьныя гады, калі маладая памяць лёгка паглынала ў сябе цудоўныя вершы. Быў усплеск цікавасці да творчасці Ясеніна. Ён тычыўся ў асноўным любоўнай лірыкі. А ў дзевятым класе таго пасляваеннага дзесяцігоддзя таксама ўлюбляліся. I ясенінскія радкі чыталі на перапынках і пасля заняткаў.
Адбылося так і ў жыцці сімпатычнага хлопчыка Жэні Сядлова: першае каханне, Ясенін і... выдатная памяць. Вершы запаміналіся адразу, ён іх цудоўна чытаў, і заўжды гэта былі тыя самыя радкі, што адпавядалі моманту. Так шмат лягло іх у яго памяці. Ён цешыўся, калі хто-небудзь прасіў: «Пачытай, Жэнька!» Каго менавіта пачытаць, не дадавалі, бо ўсе ведалі: Жэня Сядлоў — гэта Ясенін.
Пасля школы, калі ён уладкаваўся слесарам на аўтарамонтны, амаль год да арміі выступаў у завадской самадзейнасці. A вярнуўшыся са службы, раптам чамусьці пачаў саромецца вершаў і чытаў толькі для сябе, а часам па просьбе застольнай кампаніі. Напэўна, тады, у адной з кампаній, калі падпіты Жэня выліваў душу ясенінскімі вершамі, хтосьці і назваў яго ўпершыню Ясеніным. У гарадскіх забягалаўках і буфетах, куды ён зазіраў выпіць піва, яго гукалі, дадавалі ў куфаль з півам гарэлкі, казалі, хто з журбой, а хто з лагардай, як быццам набываючы яго: «Давай, Ясенін!» I ён чытаў, сумленна адпрацоўваючы пачастунак. Тыя, хто ўпершыню апынаўся побач з ім, дзівіліся, уражваліся цудоўнай дыкцыяй, невычэрпнай колькасцю вершаў, той позай, якую ён прафесійна выбіраў. Ясенін співаўся... Яго
трыбунай зрабіліся гарадскія вуліцы, дзе ён ужо і не па просьбах, а па ўласнаму жаданню, у п’яным угары, нечакана спыняўся і, пужаючы мінчукоў, гарланіў вершы. Толькі ад мінулага чытання амаль нічога ўжо не заставалася. Словы заглытваліся, узнікалі вялікія паўзы. Потым ішоў адчайны, пагрозны ўзмах рукой у чыйсьці незразумелы бок і... разгубленасць. Ён усё не мог змірыцца з тым, што зрабіўся зусім іншым, што мала памятаў, што ў яго няма сталай працы. Піліць дровы па найму і таптацца каля мэблевай крамы на кірмашы ў вечным пошуку грошай — вось цяпер яго лёс.
Ясеніну было трыццаць, калі жонка з сынам выселілі яго, a потым размяняліся і з’ехалі ў іншы горад. Туляючыся па кватэрах сваіх сабутэльнікаў, ён спаўзаў усё бліжэй да самага края. Але ў горадзе па-ранейшаму быў чутны яго голас. Праўда, гэта ўжо былі не вершы, а нейкія спляценні песень з лозунгамі. Гучныя цытаты з газет раптоўна заканчваліся словамі «а цудоўненькая мая, добранькая Аленка», звернутымі да адной з жанчын у аўтобусе альбо на вуліцы. Жанчыны спалохана адхіналіся, баяліся, што хтосьці падумае, што яны знаёмыя Ясеніна. Да яго ўжо ставіліся па-рознаму. Тыя, хто ведаў Ясеніна даўно, спачувальна ўздыхалі, вінавата адварочваліся і як мага хутчэй сыходзілі; некаторыя захоплена ўсміхаліся: «Во дае!» Гэта былі прыезджыя.
Міліцыя Ясеніна ўжо не забірала. Аднойчы накіравалі на лячэнне, а потым усё пайшло па-старому. У большасці ён выклікаў агіду. Маленькі, пашарпаны, з пастаянным фінгалам пад вокам, з вялікім скрыўленым ротам на твары, зарослым густой шэрай шчацінай. У нейкім доўгім шырокім паліто, у якое можна было загарнуць яго самога разы тры...
Апошнім часам Ясенін зрабіўся штатным наведвальнікам гарадскога сметніка. Гэта здарылася пасля таго, як ён пасяліўся ў Ленкі, жанчыны такой жа, як і ён, што апусцілася, натуральна, без сям’і, але са сваёй вартай жалю, запушчанай хатай.
Збоку гэтыя людзі былі падобныя да стаі варон. Варта было з’явіцца смеццявозу, як натоўп кіраваўся да настулнай порцыі смецця. I былі ў гэтым натоўпе людзі не такія замызганыя, як Ясенін з Ленкай. Дзесьці палова жыхароў гэтага смуроду між навіслага дыму хадзіла ў спецадзенні. Гэтыя людзі даўно зразумелі, што сметнік — добрая кармушка. Быў негалосны падзел: хто збіраў паперу, хто анучы і косці, а хто і бляшанкі з пляшкамі. Гэта лічылася найбольш выгодным. I таму за пляшкі здараліся бойкі.
Бульдазерыст Пеця зграбаў смецце ў глыбокі роў толькі пасля таго, як кожны забіраў належны прыбытак. Людзі плацілі Пецю за гэтую ласку.
У халодныя дні людзі сметніка набывалі ў складчыну скрыню віна, чакалі новыя «паступленні» і ўсмоктвалі таннае пладова-выгоднае ў свае галодныя жываты. Пад вечар, вагаючыся ад аднаго бока абочыны да другога, яны на самаробных вазках цягнулі да сябе рэшткі чыйгосьці ўпарадкаванага жыцця. Ранкам усё гэтае смецце ператваралася ў грошы. Такія, як Ясенін і Ленка, адразу іх прапівалі, а тыя, у спецадзенні, куплялі праз некалькі год машыны і іншыя дарагія рэчы. Сметнік па-рознаму распараджаўся людзьмі.
Ясенін са сваёй сужыцелькай напіваліся ў зюзю. Часамі яны былі ўжо не ў стане хадзіць і паўзлі дахаты, білі адзін аднаго за глыток віна, а потым, як прасыпаліся, апухлыя і сінюшныя, кідаліся ў пошуках апахмелкі. Чорт чорта пазнаў і на пачостку пазваў.
Ён зрабіўся слабым. I ў бойках з Ленкай часта атрымліваў. Яго твар быў падобны да старой гнілой бульбіны. Ён рабіўся вільготным ад слёз і сліны, чырвоным ад крыві, калі кашчавы кулак Лены ў які раз знаходзіў вусны і нос Ясеніна. Ён бываў зусім бездапаможным. Але між людзей усё ж выгукваў нейкія радкі папулярных песень. Вершаў даўно ўжо не было. Яны ўта-
піліся ў вялізнай колькасці віна і самагонкі, якую Ясенін прапусціў празсвой арганізм.
А сметнік працягваў жыць сваім звыклым сталым жыццём. Людзі-вароны накідваліся на кучы смецця, цягнулі да сябе тое, на чым кожны з іх спецыялізаваўся. Ужо два дні, як Ясенін сышоў ад Ленкі. Але ён па-ранейшаму побач. Возік яго напаўняецца пляшкамі, ён спрытна, апярэджваючы ўсіх астатніх, дастае іх са смецця. Сёння Ясенін цвярозы і ўжо некалькі дзён не п’е. Ён вырашыў пачаць новае жыццё. Яму ж толькі сорак год, а днямі нейкі хлапчук-першакласнік назваў яго... дзядулем. Гэта было так нечакана, што Ясенін, хоць і з апахмелкі, уздрыгнуў. Ён адразу ўявіў сабе свайго дзядулю, прыгорбленага, сівога, які ледзь цягне ногі, прыгадаў сябе ў той год, калі бачыў дзядулю ў апошні раз. Яму зрабілася страшна. «Няўжо жыццё мінула? — мільганула пытанне ў затуманеным мозгу. — Хто я цяпер на самай справе?» I раптам як быццам яго выцялі зверху, сціснулі, зрабілі маленькім дзіцёнкам. Чыстым, прыбраным, светлым, такім, якім быў калісьці Ясенін. I як быццам ён болей не жыў і не было сучаснага Ясеніна. Увесь час толькі хлопчык Жэня Сядлоў стаяў у яго перад вачыма...
Ясенін цвярозы. Яго возік робіцца ўсё паўнейшым: патрэбныя грошы — спачатку апрануцца. Удар ззаду кідае яго на прагнілую зямлю. Ён марудна ўздымаецца, паварочваецца і... зноўку валіцца. Ленка нагой, абутай у замызганы салдацкі бот, штурхае яго ў жывот, назад. I ўжо не дае ўзняцца. Б’е злосна, раз’юшана, як быццам гэта яе апошні шанс, апошняя магчымасць выжыць. Яна не чуе енка Ясеніна, яго слоў: «За што? Я... цяпер жыць хачу...» Ленка топча яго, усміхаецца, калі бачыць кроў, што пайшла горлам. Нейкі шалёны танец на чалавеку...
Людзі падбеглі позна. Ясенін быў занадта слабы для жыцця. Лёталі вароны над сметнікам, і праз ціхі стогн натоўп пачуў апошнія словы: «Жнзнь моя, мль ты прмснмлась мне?..»
Учора я спаткаў Аграновіча. I не здзівіўся. На эйлацкі бераг самалёты і аўтобусы прывозяць хоць раз у жыцці кожнага жыхара краіны. I каго заўгодна можна сустрэць на ўзбярэжжы ці ў вадзе. Людзі, якіх калісьці бачыў толькі па тэлевізары, мінаюць цябе ці праплываюць побач. Свет звузіўся, думаеш ты. I амаль абыякава пазіраеш на мінулую ці сучасную славутасць.
Дык вось, я спаткаў Аграновіча. He, не пісьменніка, а нашага лекара Аграновіча, вуха-горла-нос. Я ж яго адразу пазнаў. Хто ў горадзе не ведаў лекара? Нават калі ты не быў яго пацыентам, то ўсё адно чуў пра яго. Горад тысяч на сто пяцьдзесят, і Аграновіч у ім — велічыня. Ён ужо шмат год загадваў аддзяленнем у гарадскім шпіталі. I гэта ва ўмовах канкурэнцыі з боку дзвюх жонак вялікіх гарадскіх чыноўнікаў.
Дарэчы, пра загадчыкаў аддзяленнямі. Тэрапіяй кіраваў доктар Зархаў Абрам Майсеевіч, у яго яшчэ было хобі — ён крыху шыў. I нават вельмі модна. Эдзік, яго сын, хадзіў як піжон. Галоўным траўматолагам быў Карасёў Зіновій Мендзялеевіч. Вачамі кіравала Міна Міхайлаўна Беваз, а нервамі — Бярозава Ніна Аркадзьеўна. I ўролаг самы галоўны — Яфім Максавіч. A загадчыкам гарздраўаддзела быў Цімашэнка Панцеляймон Фёдаравіч, сын былога партызана. Яго бацьку калісьці ўратавала Ніна Аркадзьеўна Бярозава. I калі Панцеляймон вылез наверх, ён расставіў кадры ў сваёй епархіі так, як расставіў.