Дзе ўзяць крыху шчасця
Давід Шульман
Выдавец: Радыёла-плюс
Памер: 296с.
Мінск 2005
Тройца занепакоілася. Накіраваліся на незразумелы шум з жаночай прыбіральні. I не памыліліся: убачылі Лёніка на падлозе, над ім жанчыну год сарака, у поўным росквіце. Лёнік быў падоб-
ны да юнака-пераростка, якога толькі што экстэрнам вучылі на мужчыну. Знясілены, ён засынаў, і жанчына ляскала яго па шчоках, каб падымаўся і ішоў дахаты да мамы і таты.
Прыгледзеўшыся працверазелымі вачыма да букета колераў на кашулі Лёніка, лідэры пазналі салат аліўе, якім закусвалі гарэлачку. Гэты малюнак не мог скончыцца інакш, чымсьці вулканічным эфектам... Ноч усе чацвёра прабавілі ў бальніцы. Выйшлі адтуль ранкам. Лідэры вырашылі, што з Лёнікам у іх нічога не атрымаецца. Які бізнес? Слабак. Лепей не звязвацца.
СУПАДЗЕННІ
— Вы кажаце: выпадак, супадзенне. Як хочаце. Толькі здаецца мне, хоць большасць з нас матэрыялісты і жывём мы ў эпоху розных тэхнічных цудаў; ёсць у прыроды незразумелыя, невытлумачальныя заканамернасці, сувязі паміж падзеямі. Іх заўважаеш потым, як быццам выпадкова. I гэтая выпадковасць здаецца чымсьці незвычайным, нечаканым. Проста мінуў час, падзеі здзейсніліся, думкі ачысціліся ад другаснага і выплылі здалёк пацвярджэннем нейкай заканамернасці здзейсненага. Хочаце прыклад?
Якаў Майсеевіч паглядзеў у люстэрка задняга віду, упэўніўся, што за спіной луста і, гледзячы ўперад на дарогу, працягнуў свой расказ выпадковаму спадарожніку, мужчыне год пяцідзесяці, таксама «рускаму».
— Вазьму падзеі агульнавядомыя. Можа, памятаеце, як аднойчы ўлетку многіх аглушыла паведамленне пра смерць Джо Дасэна. Так нечакана, проста не верылася. Спеваку было крыху больш за сорак гадоў, самая, здавалася б, моц. Але... сардэчны прыступ — і скончаны ўсе рахункі.
А незадоўга да гэтага адышоў Высоцкі... Якая сувязь? Здавалася б, ніякай. Але вось што аказваецца: практычна адзін узрост, адзін і той жа «спосаб» пагібелі, ад справаў сардэчных. Абодва ў апошнія гады былі звязаны з Францыяй, у абодвух — расійскія карані. У Высоцкага, безумоўна, глыбейшыя, але і другі, Дасэн, быў падобны да хлопца з Малдаванкі, дзе, магчыма, жыў яго адэскі дзед. Далей. Абодва ў гэты час былі на вяршыні славы. Я не крытык і не буду раскладаць па палічках іх творчасць. Але тое, што іх слава была вялікай, — гэта зразумела.
— Наогул, сапраўды многае ў іх неяк супала. Хаця зараз, пасля Вашага апавядання, я згадваю і гібель многіх іншых артыстаў...
— Вось, дарэчы, Міронаў і Папанаў. Абодва працавалі ў адным тэатры, і, хоць былі рознага ўзросту, агульнага ў іх было вельмі шмат, калі пазгадваць. Адышлі практычна адзін за другім. А зусім нядаўна: два сыны вядомых бацькоў, акцёра і кінарэжысёра, акцёры Яроменка і Растоцкі, адышлі літаральна праз год пасля смерці сваіх бацькоў.
Выпадак? А колькі такіх супадзенняў у жыцці невядомых, маленькіх людзей. Падзеяў, на жаль, таксама жалобных, што засталіся толькі ў памяці сваякоў.
Ці вось гісторыя з садам, яшчэ з таго, савецкага жыцця. Пасля таго як на нашай вуліцы адышла старая аграномка, новыя гаспадары яе хаты, якую прадалі спадкаемцы, заўважылі, што сад з кожным годам гібее ўсё болей і болей. Hi падкормка, ні паліўка — нічога не дапамагала. I тады гады праз тры сад высеклі. А там было дрэваў трыццаць, на якіх тым летам амаль не засталося лістоў.
Навошта я гэта расказваю? А вось навошта, — Якаў Майсеевіч зацягнуўся некалькі разоў цыгарэтай і працягнуў: — Мінулай ноччу я прымроіў сон. Сяджу я за рулём сваёй «субару», побач са мной сімпатычная жанчына. Наогул гэта нядзіўна, я ж зараз нежанаты, магу бавіць час з кім захачу. Але не гэта галоўнае. Ужо еду дахаты. I вось мая спадарожніца просіць спыніцца. «Навошта?» — пытаюся. «Нешта мне млосна, — кажа яна. — Я пагуляю, глыну паветра. Ехаць засталося нядоўга. Пакуль ты машыну загоніш на стаянку, я падыду». Добра, думаю, можа, загайдала яе. Хай пагуляе. Яна выйшла, я паехаў. А метраў праз пяцьдзесят адчуваю: водзіць маю машыну з боку ў бок. Спыняюся, выходжу і бачу, што ў левага пярэдняга кола адарвалася гума, шырынёй так на паўкола, і распласталася на дарозе, а другая палова — цалюткая. Як быццам спецыяльна хто пастараўся. Тут і сяброўка падбегла, пачала вохкаць, а потым раптам заплакала. Супакойваю яе, кажу: паставім новае
кола і паедзем. Яна спрабуе штосьці растлумачыць, а слёзы ўсё большдушацьяе.
I тут я прачнуўся. Ад слёз яе, напэўна. Цыферблат майго гадзінніка паказваў палову чацвёртай ночы. Пакруціўся з паўгадзінкі і зноў заснуў. I прачнуўся ўжо ад званка. Навіна была ашаламляльнай: дачка майго школьнага настаўніка паведамляла, што гадзіну таму памёр яе бацька... Аўтаматычна, неасэнсавана я паклаў трубку. Яшчэ два дні таму мы гаманілі з ім па тэлефоне, ён жартаваў, смяяўся...
Ведаеце, што адчувае чалавек у такія моманты, што ашаламляюць сваёй нечаканасцю? He ведаеце? Тады Вы шчаслівы. А я ведаю. Я адчуваю сябе нікчэмнасцю у гэтым жыцці. Я няздатны нешта змяніць. I цалкам магчыма, што гэта мае апошнія думкі, што... Неўміручымі мы здаемся сабе толькі ў дзяцінстве. Год у трыццаць ужо ўсё на сваіх месцах. Ты пачаў страчваць сваякоў, супрацоўнікаў, пачаў бываць на могілках, і гэта прывучае да думкі, што ты ўжо стаіш у чарзе, адзінай чарзе на зямлі, хаця.так хочацца, каб яна не рухалася...
Гадзіннік паказваў пяць ранку. Спаць я ўжо быў няздольны. Сядзеў, узгадваў майго настаўніка, чалавека надзвычай цікавага, які пражыў шмат гадоў, мудрага, вясёлага, высокага і — у свае семдзесят пяць — зграбнага. Мне ўсё ніяк не думалася пра яго ў мінулым часе. Ёсць людзі... цяжка ўявіць сабе, што іх ужо не будзе побач.
Пазней я даведаўся, што ў яго быў ацёк лёгкага, што памёр ён на кушэтцы ў прыёмным пакоі бальніцы ў чаканні дапамогі і, натуральна, без думак пра хуткі канец. У гадзіну ночы яму зрабілася кепска, а ў палове чацвёртай ён сышоў у вечнасць.
Дык навошта я гэта расказваю і якая сувязь ва ўсім гэтым? Раніцай я яе таксама не бачыў. А вось цяпер сам згадаў, што машына, што прыснілася мне, спынілася каля хаты, дзе жыў мой настаўнік...
Настала паўза, доўгая. Якаў Майсеевіч запаліў наступную цыгарэту, зрабіў некалькі частых зацяжак і яшчэ ўважлівей пачаў углядацца ў дарогу. Незлічоную колькасць разоў праехаў ён па ёй і ведаў гэтую шэрую стужку на памяць. Але боязь чагосьці нечаканага раптам перасмыкнула яго, і, заціснуўшы ў вуснах цыгарэту, ён абедзвюма рукамі ўчапіўся ў руль. «Выпадкі» ў яго памяці былі зараз толькі сумныя. А наперадзе яшчэ некалькі гадзін шляху.
ПЛАН
Была магчымасць абдурыць аднаго чалавека. Сядзелі яны і дзівіліся, чаму раней да гэтага не даўмеліся. Грыша ўставаў з крэсла, хадзіў з кута ў кут, прыгаворваў: «Ён жа, той, вельмі хоча зарабіць, чуеце?»
— Ага, мне пакажы таго, хто б не хацеў, — злаваўся Мішка, спрабуючы поркнуць відэльцам непаслухмяны марынаваны грыб з «рускай» крамы.
— Сціхні! Хай кажа, — Валера зноўку разліў па чарках. Гэта яго літроўку зараз распівалі.
Грыша паважна ўладкаваўся за сталом насупраць іх, узяў са слоіка салёны агурок, адкусіў з хрумстам, памаўчаў у чаканні ўвагі. У яго вачах паблісквалі іскрынкі хітрасці, амаль яку замужняй жанчыны, якая заглядзелася на сімпатычнага і заможнага дзецюка.
— Мужыкі, — ён дахрупаў свой агурок. — Слухайце, Мішка і ты, Валера: вы калі-небудзь сустракалі галоднага, якому не падабаецца каўбаса? 3 чыстага мяса, ды яшчэ з якімі прыправамі?
— Перастань жартаваць, — закашляўся Валера, удавіўшыся слінай.
— Гэты фраер, — Грыша казаў пра таго чалавека, — з інтэлігенцыі, такі далікатны. Вось мы яго і возьмем на гэтай слабасці. Падчэпім на кручок патрыятызму, ідэйнасці, ён і не здолее нам запярэчыць. Ён падумае, што калі ўжо такія мызы загаварылі высокім тонам, пакультурнелі, то яму грэх не ўкласці грошы, тым больш што абяцаны прыбытак. А мы як раз і зробім тут, як казаў адзін былы прэзідэнт, «загагуліну» і ссыплем усё ў свае кішэні.
— Але ж ён потым можа падаць у суд?
План
— He, Міхал, не падасць. Ён выканае сваю ролю без крыўды. Мы яму пакінем радасць служыць радзіме, а сабе — ганебную слодыч пабагацець на ёй...
Яны дамовіліся пра план і яшчэ паспелі на баскетбол па тэлевізары.
РЭЗ
Час быў пачынаць новую камбінацыю. Ад той афёры з адкрыццём начнога клуба, для падрыхтоўкі персанала якога яна з гэтага ж «персанала» някепска атрымала, Анэта вытрымала амаль гадавую паўзу, вырашыла заняцца сватаўством. 3 рэкламай праблем не было. I першы вечар-прэзентацыя прайшоў добра.
He, народ у нас даверлівы, хоць ужо і неаднаразова падмануты. Будучыя жаніхі і нявесты распісалі чэкі і пачалі чакаць абяцаных палавінак і сумесных экскурсій з танцамі.
Месяц мінае, другі... Пяшчотны калісьці голас Анэты пастальнеў. «Вы мяркуеце, так лёгка паквапіцца на вашыя шасцідзесяцігадовыя ногі і грудзі таго ж узросту? Пачакайце, ваш анёл яшчэ не прызямліўся».
«Віцёк, я дам табе тэлефон адной дзяўчыны. Прабаў з ёй час. Застанешся задаволены». «Мар’я Барысаўна, Вы ў Вашыя сорак год, хоць і займаецеся ўжо тут хірургіяй, здаецца, не ўсведамляеце, што адшукаць Вашу палову не так і проста. Вам жа слесар-турыст не падыдзе. А іншых для Вас пакуль няма».
— Але ж Вы абяцалі, Анэта...
— Маша, не крыўдуйце, я пра Вас буду памятаць.
— Мне не патрэбна Ваша памяць. Вярніце грошы і забудземся адна пра адну.
— Якія грошы? Яны ўжо даўно пайшлі на прадстаўнічыя выдаткі.
— Гэта несумленна, Анэта. Вярніце. Для мяне гэта вялікія грошы.
У трубцы засмяяліся.
Напэўна, на гэты раз быў перабор. Бо нават у асяроддзі такіх, як яна, аферыстаў, такі падман лічыўся занадта грубым. Ніхто не здзівіўся, калі аднойчы збітая Анэта патрапіла ў бальніцу. Праз некалькі тыдняў яе выпісалі. Цяпер Анэта ўвесь час глядзела на
неба. I правая рука ў яе пачала сохнуць. Людзі казалі, што лекары зрабілі ўсё, што маглі...
А Мар’я Барысаўна перавялася ў іншы горад. Працуе таксама ў бальніцы, хірургам. Збіраецца пабрацца шлюбам са сваім новым калегам. I жахі ёй не назаляюць за тую ноч, калі Анэта ляжала на стале ў аперацыйнай...
ГРЫГАРАН
Калі нарадзілася дачка, Лявону Ашотавічу было шэсцьдзесят два гады. Людміле, маці дзіцяці, споўнілася дваццаць восем.
Баявая сяброўка Лявона Ашотавіча, Маша, жонка і маці двух яго дарослых сыноў, тады яшчэ не ведала пра папаўненне сямейства яе мужа. Яна даведалася выпадкова, праз некалькі гадоў, калі ўбачыла ў парку, недалёка ад іх дома, дзяўчынку год чатырох, вельмі падобную да маладога Лявона ў тыя ваенныя гады. Дзяўчынка гуляла з мамай, а Лявон сыходзіў бакавой алеяй.