• Газеты, часопісы і г.д.
  • Дзе ўзяць крыху шчасця  Давід Шульман

    Дзе ўзяць крыху шчасця

    Давід Шульман

    Выдавец: Радыёла-плюс
    Памер: 296с.
    Мінск 2005
    50.31 МБ
    Ён быў добрым, як большасць мажных людзей, нікому ў жыцці не зрабіў дрэннага. Можа таму хтосьці аднойчы і назваў яго Гарпушам, пакінуўшы навечна замест прозвішча гэту ласкавую мянушку.
    Вечарамі Гарпуша пераапранаўся і іграў на танцах у гарадскім парку альбо ў якім-небудзь клубе. Ён быў добрым музыкантам. Іграў яшчэ на саксафоне, трубе, баян таксама быў паслухмяны ў ягоных руках. I наогул Гарпуша быў патрэбным у любым аркестры. У тыя яго гады на танцах ігралі вялікім саставам, не тое, што зараз, чатыры-пяць чалавек. I музыка была класічна-танцавальнай. Гучалі багатыя, часам проста шыкоўныя мелодыі. Прыемна было нават проста пасядзець і толькі паслухаць. Але з’явіліся «дротавыя» музыканты, і Гарпушаў вольны час пераключыўся на вяселлі. Гэта было нават выгадней, чым на танцах, але цяжка. I Віця пачаў стамляцца: служба, вечны пошук халтуры, потым сама ігра. Ён звольніўся з арміі і ўладкаваўся на завод
    кіраўніком духавога аркестра. Стаўка кіраўніка невялікая, і таму Гарпушу залічылі слесарам чацвёртага разрада.
    Вось так ён і жыў: лічыўся слесарам, кіраваў аркестрам, хадзіў на халтуры і заставаўся... халастым. А гадоў ужо набегла пад сорак.
    Жаніўся Гарпуша выпадкова. Калі згарэў яго дамок, ён наняў пакой у жанчыны з двумя дзецьмі, ды так і прыжыўся, а, можа, і «прыжылі» яго. Па-ранейшаму ён апраўдваў сваё імя Гарпуша, быў мяккім, добрым, прыстойным чалавекам. I гэта адразу ацаніла яго жонка.
    Гарпушу таксама было добра: ціха, спакойна, сытна. Дзеці зусім ужо дарослыя, старэйшы жончын сын служыў у арміі, малодшы вучыўся ў шостым класе. Усё ў ягоным, Гарпушыным жыцці, стабілізавалася.
    На заводе да абеду ён працаваў ужо ў цаху — так вырашыў новы начальнік, каб не гаварылі, што ў яго ў табелі «мёртвыя» душы, — выконваў усякую пасільную работу, а пасля займаўся аркестрам або хадзіў на «жмура» — Віця Гарпуша пачаў іграць на пахаваннях. Яго аркестр жартам называлі «ансамбль халодныя ногі», але Гарпуша не крыўдзіўся, а ўсё болей уцягваўся ў гэтую справу. Вось чаму, калі хто-небудзь паміраў, па музыку ішлі да Гарпушы. Ён спагадліва ўздыхаў, казаў «так, вядома, мы не спознімся, разумею» і апускаў спачувальна свае вочы ў акулярах уніз. Пасля адпрошваўся ў начальніка і ехаў збіраць свой ансамбль.
    Пахаванні сталі яго другой работай. Гарпуша хадзіў з кларнетам і выводзіў высокія жалобныя ноты на фоне нізкіх гукаў свайго невялікага, у сем-восем челавек, аркестра.
    Вярнуўшыся з могілак, музыканты дзялілі грошы і разыходзіліся да наступнай халтуры. Гарпуша складваў інтрумент у кладоўку, потым гуляў у більярд у клубе і вяртаўся дадому ўсё такім жа ўраўнаважаным, спакойным. Яго сэрца не ўспрымала жалобных, ды, напэўна, і радасных эмоцый таксама.
    Калі пачыналіся сельскагаспадарчыя работы, яго, зразумела, як не спецыяліста, а збоку-прыпёку, першым заносілі ў спіс ад’язджаючых. I ён быў задаволены, бо тут ішла зарплата, там кармілі дармова. I нават сёе-тое прыплачвалі. Перад ад’ездам ён падыходзіў да начальніка і выпрошваў напракат боты і целагрэйку. «А то, — казаў, — застуджуся...» Ну, а пасля калгаса ўсё было па-ранейшаму.
    Зусім нядаўна ў Гарпушы зноў былі пахаванні. Ён хутка сабраў свой аркестр і ў вызначаны час быў ля патрэбнага дома. Усё было, як звычайна, толькі хаваць будуць, казалі, хлопчыка дванаццаці гадоў. Калі паміралі дзеці, Гарпуша адчуваў за сабой нейкую віну. I таму не вельмі падабалася «працаваць» у гэтыя дні. Але халтура ёсць халтура. I заглушыўшы ў сабе разгубленасць, ён узмахваў рукой, і ўсё працягвалася, як заўсёды. Так, мусіць, будзе і сёння. Ён прывычна скамандаваў, аркестр заіграў і толькі, калі паехалі ўжо, ён падняў вочы, агледзеўся. Усё было звычайна, як заўсёды. Незвычайным было тое, што маці, якая хавала свайго сына, была... Ленка.
    Пачалі прабівацца ўспаміны. I яны раптам устрывожылі яго застыўшую душу.
    ...Тады ў маладосці, заканчваючы ў другім горадзе вучылішча, ён іграў на саксабарытоне ў гарадскім парку. Мажны, у акулярах, пры гальштуку і інструменце, ён добра «глядзеўся» з пляцоўкі. I танцоры, асабліва дзяўчаты, заглядаліся на гэтага музыканта, што сядзеў у першым радзе. А аднойчы, калі ў іх быў перапынак і танцавалі пад пласцінкі, яго на «дамскі» танец запрасіла сімпатычная дзяўчына, год на пяць маладзейшая за яго. Так пачалася дружба Віці Гарпава з Ленай. Яна была худзенькая, сярэдняга росту і лобач з ім выглядала дзяўчынкайпадлеткам. Кажуць, маленькіх жанчын вабяць вялікія мужчыны. Тут было гэтаму пацвярджэнне. Ну, а дружба была незвычайная: ён глядзеў на малую зверху і лічыў, што ў Ленкі сімпатыя да яго проста як да музыканта. Заўсёды вакол хлопцаў,
    што ігралі ў аркестры, круціліся нейкія дзяўчаты, на якіх з зайздрасцю глядзелі іх сяброўкі. Але ў Леначкі ўсё было сур’ёзна. Толькі Гарпаў не разумеў гэтага і не заўважаў. У сваіх пачуццях ён разрабраўся пазней, калі ўжо Гарпушам сустрэў замужнюю Ленку і тая прызналася, што любіла яго тады, у маладосці, любіла першым каханнем.
    Але змяніць што-небудзь было ўжо немагчыма. У Лены нарадзілася дзіця, а ён, Гарпуша, быў не такім смелым і актыўным, каб звесці чужую жонку. I вось цяпер гэта смерць яе дзіцяці... Ён быў гатоў скрозь зямлю праваліцца ад сораму і ад усведамлення таго, што за машынай ішла Лена, а ён камандаваў «халоднымі нагамі». Стала невыносна горка, балюча... Гэта ж мог быць яго, Гарпава, сын... Ён апусціў кларнет, зняў капялюш і пайшоў крыху спераду свайго аркестра. Музыканты здзіўлена пераглядваліся паміж сабой, не разумеючы, што адбываецца з Гарпушам.
    Яны яшчэ больш здзівіліся, калі на заводзе, склаўшы інструмент у кладоўку, ён адмовіўся ад сваёй долі.
    Калі ўсе разышліся, Гарпуша зачыніўся ў музыканцкай і пачаў глядзець на кароткія ад абламаных пазногцяў пальцы з нязменнымі чорнымі паўдужкамі. Калісьці гэта былі пальцы сапраўднага музыканта.
    Ён працягваў успамінаць мінулае і ўсё больш разумеў, што лепшае ў яго было там, у вучылішчы, лепшае было з Ленкай. Жыццё пасля вучобы здавалася адной вялікай халтурай, мітуснёй. Дзеля чаго? Грошы? Яму іх прыносіла чужое гора, да якога ён быў абыякавы.
    Ад усіх думак, ад сённяшняй сустрэчы Гарпушу стала так нязвычна цяжка, незразумела. I ён упершыню адчуў сваё сэрца...
    Раніцай Віця Гарпаў зайшоў у заўком і аддаў ключы ад кладоўкі і музыканцкай. Ён нічога не сказаў. Зайшоў, паклаў ключы на стол і выйшаў.
    словы
    Нігерыйцы смажылі селядзец. Смурод абдымаў пад’езд. Да гэтага паху немагчыма было прызвычаіцца. Дом быў стары, амаль увесь здаваўся ў найм, і абурацца ніхто не адважваўся.
    Сёма прыгадаў, што ў старыя гады — дакладней, у яго маладыя гады, — у інстытуцкім інтэрнаце яны таксама харчаваліся дзіўнавата на чыйсьці погляд: елі часам боршч з батонам, намазаным варэннем, найчасцей слівовым. У Віцькавых бацькоў у вёсцы быў слівовы сад. Але каб смажыць ці варыць селядзец?.. Наколькі яны былі адважнымі ў выбары ежы, але да такога нават іх маладая думка не дабягала.
    Сёння Сёма чакаў у госці жанчыну. Ён хваляваўся, уяўляў, як зойдзе Бэла ў яго двухпакаёвы куратнік, прыбраны напярэдадні з прыкладаннем усяго яго невялікага ўмення. Ён быў зусім па іншай справе — някепскі інжынер на мінулай радзіме, паважаны. Заўсёды казалі, што калі Каган узяўся, то ўсё будзе тыптоп. Зараз ён, праўда, сядзеў на дапамозе, узрост яго мясцовым босам не падабаўся. Так, зусім не тып-топ сёння. I як завесці жанчыну ў пад’езд, у які ўвайсці немагчыма нават яму, амаль прызвычаенаму за два гады мясцовага жыцця да розных пахаў?
    Ён пазваніў. Ніхто не падыходзіў да дзвярэй, хоць сквірчэнне селядца на патэльні было чутно добра. Сёма грукнуў некалькі разоў у дзверы і мацкжнуўся па-руску. Нігерыйцы баяліся паліцэйскай аблавы, яны жылі ў краіне нелегальна, але калі пачулі знаёмы нават ім рускі мат, дзверы адчынілі. Голы па пояс, з магутнымі біцэпсамі негр з усмешкай на ўвесь белазубы рот глядзеў на Сёму. «Ах, гад. Ты яшчэ смяешся, — падумаў Сёма. — Тут жанчыну не прывесці, а табе весела?» I Сёма замыкаў.
    Англійскай ён не ведаў, з нігерыйскай знаёмы таксама не быў. Іўрыт пяцідзесяціпяцігадовага мужыка мала падыходзіў для свецкай гутаркі. Але ён раптам адсунуў гэтага амбала, адкуль
    толькі моц узялася, і ўварваўся на кухню. Выключыў газ і загаварыў спакойна — так, як казаў аднойчы перад бойкай у інтэрнаце, калі трэба было збіць канкурэнта яго любоўнай эпапеі.
    — Ты, які нядаўна з дрэва, калі будзеш яшчэ смажыць свой драны селядзец, то... — А што «то», Сёма не мог зараз прыдумаць: негр быў у два разы маладзейшы і разоў у дзесяць мацнейшы ад яго, і ён згадаў замкнёныя дзверы, і думка з’явілася найсвяжэйшая: — Дык вось, сялёдачнік, я зараз выклічу міштару'.
    — Ноў міштара, ноў міштара, — замармытаў нігерыец, які зрабіўся ніжэйшым.
    — Баішся, гад! — і Сёма зноўку мацюкнуўся магутным рускім матам. — Ноў селядзец! Фарштэйст2?
    — Ноў міштара, ноў, — мармытаў і круціўся па кватэры нігерыец. Потым ён схапіў вядро з анучай, наліў у ваду чагосьці духмянага і пачаў мыць лесвічную клетку, зверху ўніз. Сёму гэтая ідэя спадабалася. На развітанне ён паказаў сялёдачніку кулак і вярнуўся дахаты.
    Калі праз гадзіну Бэла ўваходзіла ў пад’езд, нігерыец як раз распырскваў парфуму каля Сёмавых дзвярэй.
    1 Міштара — папіцыя (іўрыт).
    2 Фарштэйст? — Разумееш? (ідыш).
    ІДЫЁТКА
    Яша Львовіч адслужыў тэрміновую ў музузводзе і паступіў не ў музвучылішча, а ў політэхнічны. Па просьбе бацькоў. Матывацыя была простая: па-першае, інжынер — гэта прафесія, па-другое, найлепшыя ў свеце саксафаністы амаль ніколі не мелі спецыяльнай адукацыі.
    Да пэўнага моманта ніхто ў новым асяроддзі студэнта Львовіча не ведаў пра яго сувязі з музыкай. Момант настаў на адным з дзён нараджэння, калі Яшу спадабалася Тома, а ён, доўгі, хударлявы, з выразным яўрэйскім тварам, быў ёй абыякавы. Красуня Тома і нязграба Яша Львовіч кантраставалі адно з адным.
    «У хмызах» кватэры, дзе адзначалася дата, знайшоўся кларнет. Папрасіўшы дазволу ў гаспадара, Яша нечакана для ўсіх напоўніў кватэру жывой музыкай: прабегся па клапанах і заштукаваў «Маленькнй цветок». Госці здзіўлена вылупіліся на Яшу, а потым запляскалі ў ладкі. Для ўсіх здзейснілася адкрыццё: Львовіч, аказваецца, музыка!
    Кіраўнік інстытуцкага аркестра даведаўся пра гэта на наступны дзень. I Яша згадзіўся. Тым больш што была абяцана стыпендыя.