Дзве душы; Панская сучка; Вясна; Рускі; Вязьмо
Максім Гарэцкі, Міхась Зарэцкі
Выдавец: Юнацтва
Памер: 430с.
Мінск 1992
У Віктара вочы задыміліся шчырай турботай.
— Ведаеш што, Карызна? Ці не варта паставіць нам заўтра яшчэ пытанне аб камсамольскай дысцыпліне. Мне здаецца, што ў нас тут не ўсё добра. Трэба падцягнуцца... Як ты ўважаеш?
— Добра, добра... I на вясковых камсамольцаў трэба ўвагу звярнуць... Асаблівую ўвагу.
I яны, працятыя дзелавым клопатам, пачалі снаваць планы бліжэйшай работы.
Вера глядзела на іх з ціхай роўнай увагай, зрэдку ўстаўляючы і сваё меркаванне. Іншыя ўсе пачулі сябе тут лішнімі.
Галілей у сенцах клікаў Босага. Плакс крыкнуў яму:
— Пачакай, разам пойдзем!
I пайшоў следам за ім. Ідучы, ён з мнагазначнай спакойнасцю запытаў:
— Чуў, Галілей, га?
Галілей дробна трусіўся побач цьмяным мізэрным ценем. Верхняя палавіна яго хударлявага тулава была, як зазвычай, выцягнута наперад, нібы прыглядаўся ён да чаго ці піто вынюхваў перад сабой. He змяняючы паставы, ён на хаду адказаў:
— Кхе... кхе... Трэба памеркаваць... ага... Перш
яно тое... якая гэта ёсць рэвалюцыя?.. Ці скончылася яна тая ці не?.. Можа гэта другая ўжо... ага...
Аптэкар Плакс, хоць і цёмна было, але зрабіў на твары сваім бязмежна скептычную міну.
— Ат, Галілей, навошта табе мудраваць? Навошта табе гэта канечна ведаць, ці тая яна, ці другая! Кожная рэвалюцыя ёсць рэвалюцыя... Нам з табой, людзям тэхнікі і навукі, з кожнае рэвалюцыі будзе патроху цукру і патроху перцу... Сацыялогія!
Галілей маўчаў. Галілей натрапіў у жыцці сваім на вялікую і цікавую праблему. Яго не абыходзіць тое, ці датыча яна яго непасрэдна, ці не — ён усё роўна будзе з гарачай упартасцю, як мяцежны юнак, ламаць над ёй галаву, пакуль не дойдзе нейкага выніку.
Такі ўжо Галілееў характар!
...Карызна на колькі хвілін затрымаўся адзін у Веры Засуліч. Яна не здзівілася — яна прывыкла ўжо да частых ягоных візітаў. А мо яна нават дагадвалася пра яго пачуццё да яе? Мо ён дарма толькі пяўся схаваць яго, не даць яму выйсці наповерх?
Ен сядзіць і моўчкі глядзіць на яе — балазе яна адвярнулася і не заўважае ягонага погляду. Ен дужа любіць так моўчкі сядзець і глядзець і слухаць, як мяккімі хвалямі ўзмываецца ўнутры добрая такая, салодкая пяшчотнасць. Але хвалі растуць і растуць, займаюць ужо ўсю істоту і выліваюцца ў невыразнае парыванне. Ен устае і пачынае хадзіць па пакоі размашыстымі энергічнымі крокамі. Але рухі не разбаўляюць настрою, і ён пачынае гаварыць — вядома, пра справы, пра што ж ён больш будзе гаварыць з Верай Засуліч?
— У мяне, Вера, цэлы пераварот зрабіў гэты пленум. У раёне ўжо адчуваецца такая, ведаеш, бадзёрая, баявая напружанасць, у якой чуецца, што нешта адбываецца вялікае, неабыклае. Сапраўды, я нібы вярнуўся на колькі год назад... Ты не смейся, Вера, гэта не пустыя словы, не жарт. А як працаваць хочацца, якая энергія, ахвота! Што больш відаць цяжкасцей наперадзе, то болыпы задор: а ўсё-ткі наша возьме, а ўсё-ткі мы, бальшавікі, пераможам. У гэтым сэнс змагання, Вера, у гэтым радасць змагання.
Вера неадрыўна глядзіць на яго, і ў яе вялікіх — не то цёмна-карых, не то зусім чорных вачах застыла глыбокая ўвага. Гэта яшчэ больш акрыляе яго, надае
яму натхнення, і ён гаворыць далей:
— Як гэта дзіўна, Вера! Сёння ў нас тут яшчэ ўсё ціха, спакойна — мы яшчэ спім, закалыханыя роўнаю плынню будзёншчыны,— а заўтра ўсё завіхрыць, забурліць, вынырнуць наповерх усе прыхаваныя супярэчнасці, пачнецца цэлы гармідар... I тут вось пакажа сябе чалавек, сваю сілу і здольнасць. Паглядзім, хто чаго варты!
Гэта было троху падобна да пустой бравацыі, але Карызна ў пале сваім не заўважыў гэтага. He заўважыла і Вера Засуліч — яе цалкам захапілі Карызнавы словы, і яна ўжо гарэла жаданнем далучыцца да новага зруху, да новых грамадскіх падзей, якія гатовы разгарнуцца ў мястэчку. О, яна ж такая шчырая і такая чулая працаўніца!
Вера перапыняе Карызну, яго гарачую размову:
— Слухай, Карызна, ты вось нічога не кажаш аб працы сярод жанчын. Ты ведаеш, якую ролю грае жанчына ў гаспадарцы! Пераход да калектыву многа залежыць ад жанчыны, папраўдзе. Ты ж чуў, што іншыя калгасы толькі таму і разбурыліся, што бабы не захацелі жыць у калектыве. Мы заўтра збяром свой актыў — ты праінструктуй нас. I потым з масавай працай. Мы з Плаксам хацелі п’еску ставіць, але яна не падыходзіць. Трэба пашукаць чаго-небудзь у раёне. Ты не паедзеш туды гэтымі днямі?
I Вера Засуліч уся ўдалася ўжо ў новыя клопаты. Калі яна так заклапочваецца, твар у яе робіцца дужа цікавы і троху смешны: вусны збіраюцца ў шчыльную складку і аддудырваюцца, як у дзіцяці; лоб моршчыцца да немагчымасці, цудоўныя аксамітныя броўкі спаўзаюцца ўместа, як два тараканы.
Слаўная, шчырая дзяўчына гэта Вера Засуліч!
Карызна яшчэ сядзіць у яе з паўгадзіны і гутарыць аб працы сярод жанчын, аб масавай працы, аб Плаксавым спектаклі. I неўзаметку ўзіраецца, прыслухваючыся да мяккіх узмываў пяшчотнасці, у прыгожыя вусны, у броўкі, у вялікія — не то цёмна-карыя, не то зусім чорныя вочы.
Як вярнуўся Карызна дахаты, Марына Паўлаўна яшчэ не спала. Яна сядзела ў сваім аблюбёным куточку на канапе і жвава гутарыла з брыгадзірам Зеленюком.
Зелянюк сустрэў Карызну той самай загадкавай,
з нечым схаваным у ёй, усмешкай. I цяпер раптам заўважыў Карызна, што, як ўсміхаецца ён, левае вока ў яго трошку косіцца і ўсмешка ад гэтага — непрыемна пустая, амярцвелая.
Брыгадзір Зелянюк, выходзіць, прыйшоў да яго начаваць.
4
Фактычна, і мястэчка тое зусім не мястэчка — проста вялікае сяло, былая воласць, з трыма прыватнымі дробнымі крамкамі, з аптэкай, бальніцай, цэнтраспіртам, кааперацыяй і кнігарняй Беларускага дзяржаўнага выдавецтва.
Ды і Галілей той зусім не Галілей, а звычайны селянін-бядняк, вызвалены нават ад сельгаспадатку, Ахрэм Данілавіч Пунцік. Галілеем ён стаў праз вечныя свае вынаходкі, і гэтую мянушку даў яму яго ж добры прыяцель аптэкар Плакс — кіраўнік тутэйшага драмгуртка і мясцовы філосаф. Гэтая мянушка яго не абразіла (а мо нават і задаволіла, хто яго ведае) і шчытна да яго прыстала: ад таго часу бадай ніхто і не зваў іначай яго, як Галілеем.
Найвыдатнейшая вынаходка, ці, правільней, канструкцыя Галілеева, слава аб якой прагрымела на ўсю акругу, была «мажджэра» (гармата), якую ён зрабіў быў у тысяча дзевяцьсот адзінаццатым годзе спецыяльна да вялікадня, каб даць з яе салют пад час першага спеву «Хрыстос васкрэсе». Трэба зазначыць, што ён самаручна зрабіў быў не толькі самую агнястрэльную прыладу, а і порах, паводле рэцэпта старога паляўнічага Казіміра Залуцкага.
Эфект быў надзвычайны. Перапалохаліся ўсе страшэнна, а найбольш сам вынаходца, бо з першым стрэлам разарвалася ўшчэнт уся «мажджэра», і аскепкі яе разам з двума Галілеевымі пальцамі разляцеліся ва ўсе бакі бадай на цэлыя гоні. Назаўтрага падшывальцы-хлопцы цэлы дзень шукалі няшчасных Галілеевых пальцаў, але не знайшлі ніводнага.
Астаўшыся з куксаю, Галілей не спыніў быў далейшых вынаходак, а, наадварот, узяўся за іх з яшчэ большым імпэтам і вёў іх аж да самае тае пары, калі ўвайшоў ён у гэтае апавяданне. Астатнія ягоныя канструкцыі былі: саматужная электрычнасць у мізэрнай яго хацёнцы і ўдасканаленая сушыльня, якую ён зра-
біў, як было паказана вышэй, спецыяльна для Марыны Паўлаўны. Цяпер працаваў ён, паводле ўласных ягоных слоў, над «цыркулярнай» бяздымнай печкай.
У той дзень, як быў прызначан у мястэчку першы сход па калектывізацыі, Галілей ужо загадзя ведаў, хто што будзе гаварыць і як хто будзе паводзіць сябе на гэтым сходзе. Ен ведаў, што сакратар ячэйкі Сымон Карызна будзе гаварыць горача і разумяа, і яго будуць слухаць з вялікай павагай, і ад гэтае залішне вялікае павагі не ўнікнуць папросту ў ягоныя словы і не праканаюцца. Ен ведаў, што старшыня сельсавета — даўгі, як вочап, і калматы, як памяло, прозвішчам Пацяроб — будзе крычаць больш без сэнсу і пускаць грубыя жарты: гэты развесяліць сялян, і некаторым ягоным словам дадуць веры, але шмат хто будзе падтакваць і смяяцца падлыжна, адно каб уладзіць начальству. Камсамолец Віктар пачне гаварыць ціха і сарамліва, адылі разгаворыцца і — дармо, што малады,— а слухаць яго будзе прыемна. Неадменна выйдзе з прамоваю Вера Засуліч, скажа многа добра вядомага ўсім, але будзе гаварыць гэта шчыра і старанна. Чарнявы і злы Прахор будзе ўтыкацца дзе трэба і не трэба, выступаць за і супроць, азартаваць, гарачыцца, хоць усім добра вядома, што ўсё гэта ў яго з нязбыўнае ягонае крыўды, а прьічыны той крьіўды не ведае ніхто, у тым ліку і сам ён. Але паслухаць Прахора ўсё-ткі варта: вялікая злосць яго часам родзіць вострыя і пякучыя думкі. Ну, яшчэ Цімафей Міронавіч Гвардыян...
Цімафей Міронавіч Гвардыян — менавіта Цімафей Міронавіч, а не проста Цімох або, скажам, Цімка, Цёмка, Цімошка, не інакш. Гэта не кулак, ці, праўдзівей, не проста кулак, а былы кур’ер высачайшае камісіі па такіх-та і такіх-та справах. Год з дзесяць ён жыў у Маскве і, прыязджаючы ўлетку дамоў на пабыўку, падвешваў на відным месцы перад хатай гамак і гойдаўся ў ім важна, глыбакадумна. I цяпер яшчэ Цімафей Мірсжавіч любіў часам выказацца мудронаю мовай і накшталт таго, як усе сур’ёзныя прамоўцы ўжываюць спецыяльныя словы — «так сказаць», «значыць», «разумеецца», «стала быць» ды інш.,— Цімафей Міронавіч таксама меў сваё слова, але мудрэйшае і званчэйшае, чымся ў іншых: ён паміж гутаркі любіў устаўляць слова «будучы».
Да Цімафея Міронавіча Гвардыяна Галілей — не ўрымсціў — заскочыў навертам перад сходам. Гвардыян сядзеў на прыпечку і поркаўся з нейкімі скуратамі. Галілей спехам прывітаўся і, ператрусіўшыся цераз хату, сеў на пярэдняй лаве, бадай не на покуце: так рабіў ён выключна ў Гвардыяна, і была ў гэтым нейкая дзіўная, зразумелая толькі яму, дэманстрацыя.
Гаспадар падкалупнуў:
— Сядайце, Ахрэм Данілавіч!
— Сяджу ўжо, Цімафей Міронавіч!
— Як зямля круціцца, Ахрэм Данілавіч?
— Дзякую, Цімафей Міронавіч! Дай бог усім добрым людзям...
Памаўчалі.
— На сход ці пасунецеся, Цімафей Міронавіч?
— Хто яго... Што мне там дужа рабіць, на тым на сходзе? Можа, будучы, якое дробнае пытанне вырашаць і без мяне. Ахвоты нешта няма.
— Нядужаеце, Цімафей Міронавіч?
— Дзякую. Як самі, Ахрэм Данілавіч?
Зноў памаўчалі. Па якой хвіліне, зморшчыўшы твар, каб адкусіць нітку, Гвардыян запытаў: