• Газеты, часопісы і г.д.
  • Дзве душы; Панская сучка; Вясна; Рускі; Вязьмо  Максім Гарэцкі, Міхась Зарэцкі

    Дзве душы; Панская сучка; Вясна; Рускі; Вязьмо

    Максім Гарэцкі, Міхась Зарэцкі

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 430с.
    Мінск 1992
    149.35 МБ
    партыя, ёсць сапраўды адзіна правільны, пэўны і няўхільны шлях далейшага поступу рэвалюцыі. Ен з поўнай шчырасцю галасаваў супроць усялякіх выступленняў апартуністаў, якія сеялі ў масах бязверыцу, страх перад немінучымі цяжкасцямі і перашкодамі, якія, фактычна, клалі палкі ў колы рэвалюцыі. Ен лічыў іх за здраднікаў, за трусоў і заўсёды вымагаў большага ім пакарання, чымся было запрапанована. Ен нават адчуваў да іх чыста асабістую варожасць, бо ў глыбіні душы, недзе на мяжы свядомасці, насіў невыразную думку ці нават адчуванне, што пералом гэты пэўным чынам вынікае з яго глухога інстынктыўнага нездаволення нэпаўскаю будзёншчынай і азначае зварот да рамантычна-баявых традыцый мінулых дзён. Гэта, зноў кажу, было болып адчуванне, чымся думка, бо іначай Сымон Карызна, безумоўна, знайшоў бы ў сабе патрэбную сілу і здольнасць да самакрытыкі і зразумеў бы шкодную памылковасць гэтай тэндэнцыі.
    Карызнава захапленне, энергія яго і парыванне не толькі не згасалі з цягам дзён, а распаляліся з большай сілай. Пасля першага сходу ў мястэчку ён пабыў бадай ува ўсіх вёсках свайго сельсавета і канчаткова пераканаўся, што пад знадворным нездаволеннем, недавер’ем, боязню, пад бабскімі істэрычнымі крыкамі і сцеражліва-разважным маўчаннем мужыкоў хаваецца ўсё-ткі глыбокая гатоўнасць да нейкае рашучае, яшчэ неасазнанае змены жыцця, поўнага дзікіх супярэчнасцей і несуладдзя. Трэба выявіць гэту гатоўнасць, памагчы асазнаць яе і даць ёй належны кірунак.
    Так, Зелянюк праўду казаў: перш-наперш — разварушыць. Гэта — галоўнае.
    I Сымон Карызна, упэўнены ў немінучай удачы, даў сабе слова намагчыся ўсімі сіламі і калектывізаваць свой сельсавет раней ад усіх у раёне.
    Трэба пачынаць з Сіўца. За Сіўцом пойдуць іншыя вёскі. Але пакуль што тут справа яшчэ не рушыла з месца — усё асталося застыўшы на тым пункце, да якога прывёў першы, па Зеленюковаму вельмі ўдалы, сход. Але тут нешта робіць сам Зелянюк. Гэта добра — браць знізу, спакваля раскалупваць каржаватую глебу сялянскай псіхікі. Добра і тое, што ён узяў на рэмус камсамольцаў, прыцягнуў іх да гэтае напружанае штодзённае прапагандысцкае работы. Яны сапраўды «разварушваюць», і вынікі гэтага «развару-
    шэння» ўжо добра відаць: невялічкі, але дружны бядняцка-серядняцкі актыў гатоў выступіць першым баявым атрадам у змаганні за калектывізацыю мястэчка. А тады — шырокае арганізаванае наступленне, масавая агітацыя, масавае «разварушэнне», уздым энтузіязму — і поўнае завяршэнне ўсяе работы.
    Адным словам — усё ідзе як мае быць.
    Як і заўсёды, зладнасць у працы настройвае Карызну на зладнасць і ў асабістым жыцці. На свае сямейныя справы ён пачынае глядзець з пагадлівай спакойнасцю. Фактычна, аб чым жа тут справа? Ці ёсць які сэнс і прычына да тых згрызот і душэўнага мітушэння, што апанавалі былі яго апошнімі часамі?
    Праўда, жонкі свае, Марыны Паўлаўны, ён не кахае. Ен ужо дасканала праверыў свае цяперашнія адносіны, свае пачуцці да яе і зрабіў гэтую рашучую канчатковую выснову. Але ці ж гэта сталася толькі цяпер? Ці не мінула ўжо колькі год з таго часу, як згасла ў ім цікавасць да яе як да жанчыны і іхняе сужыццё абярнулася ў простае — праўда, нуднаватае троху, бледнае таварышаванне? Hi ён, ні яна не наракалі — мабыць, лічылі гэта за няўхільны закон усемагутнага часу (яму ж ужо без малага сорак гадоў!), і абое моцна трымаліся за рэштку свае шлюбнае сувязі, што ўвасаблялася ў іхняй адзінай дачцэ, якую любілі яны бяжмежна. Нават пасля таго, як выправілі дачку ў Мінск на вучобу, адсутнасць яе, пастаянныя думкі і турботы аб ёй яшчэ больш былі зблізілі іх.
    Ці вінаваты ён перад Марынай Паўлаўнай?
    Ен, мабыць, кахае Веру Засуліч. Жонка ведае гэта — яна за дзевятнаццаць год супольнага жыцця навучылася адгадваць усе яго перажыванні. Але ж ён сам абмяжоўвае сваё пачуццё, хавае яго нават ад самое Веры. Нават Вера — ён упэўнены ў гэтым — нічога не ведае. Што ён часта ходзіць да яе? Ен ходзіць, як да таварыша ў рабоце, ён і гаворыць з ёй больш аб розных справах — яна ўмее разумець яго і нават памагае яму разважыць тыя ці іншыя — выключна дзелавыя — сумненні.
    Чым жа ён вінаваты? За што ж Марына Паўлаўна злуе на яго? А яна злуе, ён добра бачыць, ды і яна надта гэтага не хавае. He іначай — тут нейкае непаразуменне.
    I Сымон Карызна бярэцца за ліквідацыю гэтага непаразумення.
    Ен прычакаў зручнага моманту і неяк раз, як былі абое ў добрым гуморы, запытаў яе:
    — Марына! Ці не думала ты калі-небудзь, што ў нас з табой нейкая недарэчнасць выходзіць. He так мы жывём адзін з адным... дрэнна жывём... га?
    Марына Паўлаўна адгукнулася на гэта з гарачай гатоўнасцю.
    — Сеня! Нам жа трэба было даўно пагаварыць пра гэта. I я чакала ўсё, я не важылася першая пачаць.
    Яе паспешная гатоўнасць і тое, што яна яго раптам назвала «Сеня» (гэтага не было ўжо даўно), троху ахаладзіла Карызну, але раз пачаў, дык трэба канчаць.
    — Ты ўсё злуеш на мяне, Марына. Заўсёды нейкая нездаволеная, чураешся мяне.
    Марына Паўлаўна ціха ўсміхнулася.
    — Ці ж гэта я?
    I ў ціхім асцярожным дакоры яе чулася глыбокая пакорная адданасць жанчыны, якая гатова ўсё дараваць. Карызна не ведаў, як далей павесці гаворку, і яна памагла яму.
    — Ты ўсё гавары, Сеня, аб усім. Нам няма чаго саромецца адзін аднаго. I я ведаю ўсё...
    Карызна настаражыўся.
    — Гэта ты пра Веру? Ну, я буду зусім адкрыта... Вера мне падабаецца, я часта хаджу да яе, мы гутарым, абмяркоўваем нашыя справы...
    Марына Паўлаўна ў такт гаворцы яго з ласкаваіранічнай усмешкай ківала галавой.
    — Я ўсё гэта ведаю. Дзіўны ты, Сеня! Ці ж аб гэтым клопат? Ці ж гэта мучыць мяне? Помніш, мы ўжо гаварылі... Я не зайздрошчу... Але — ты чужы стаў нейкі... быццам няма цябе зусім... ці мяне няма... Ты ніколі не скажаш ні слова мне, не пагаворыш са мной, не параішся...
    Карызна разумеў, што яна кажа чыстую праўду. Але што ж ён зробіць? Ен не можа перамагчы ў сабе таго пачуцця не то сораму, не то прыкрае няёмкасці, якое заўсёды абуджаецца ў ім, калі ён спрабуе зноў завязаць з ёй былую блі^касць. Можа гэта — часовае, можа яно потым мінецца. Можа яна і сама вінавата, што сваёй падазронасцю, сваёй вечнай настаро-
    жанасцю перагараджае яму да сябе дарогу. 3 цягам часу гэта напэўна сатрэцца, і іхнія адносіны стануць зусім нармальныя. Вось сёння яны ўжо гавораць усё адкрыта, не саромяцца адзін аднаго і вераць адзін аднаму.
    Марына Паўлаўна з той жа ласкава-іранічнай усмешкай слухала ягоныя тлумачэнні. А як скончыў, ціха і проста запытала:
    — Сеня! Чаму ты ўжо не канчаеш?
    Карызна сумеўся.
    — Што не канчаю?
    — Усё... Мы не звязаны, Сеня, нічым. Нашто нам адно аднаму замінаць?
    Карызна дасадліва зморшчыўся.
    — Я не маю ў гэтым патрэбы. Я не ведаю, чаго ты хочаш. Я гаварыў усё адкрыта сёння, дык і ты кажы...
    I Марына Паўлаўна сказала. Яна не мела на ўвазе гэтага гаварыць — прынамсі, ніколі не думала, што так скажа. Але, мабыць, жыло гэта доўга ў нутры ў яе і настойна шукала выйсця, бо цяпер, як прыйшла магчымасць сказаць, яна ўжо не мела сілы стрымацца.
    — Я не хочу, Сеня, каб было так далей. Я не хочу, каб ты жыў так... надвая... Або яна — або я...
    Вось і ўсё... Цяпер ужо кончана ўсё — яна сама закрыла дарогу далейшым шчырым размовам. Вось ён няўцямна паціснуў плячмі, устаў, пачаў хадзіць па пакоі. Ен ужо зноў — чужы, ад яго ўжо болып не пачуеш жаднага слова.
    Нашто яна сказала гэтае наіўнае дзяцінае глупства? Бач ты, як у драме ўсё роўна. Трагічная гераіня... Першая палюбоўніца... «Або я — або яна»!..
    Ен, вядомая рэч, не чакаў ад яе гэткае дурасці, ён цяпер пагарджае ёй.
    Усё кончана. Вось ён ужо безуважна пазірае ў акно, ён ужо думае пра другое. Ясная справа: ён падыходзіць да стала і заклапочана выбірае нейкія паперкі — гэта ўдае, што некуды трэба ісці яму з пільнымі справамі. Як заўсёды, зараз напусціць на твар сярдзіта-дзелавую, злосна-рашучую міну, пройдзецца яшчэ разы са два па пакоі размашыста-цвёрдымі крокамі, схопіць партфель і грукне дзвярмі... Марына Паўлаўна ведае, куды ён пойдзе.
    Але ён не сказаў нічога? Ен мусіць сказаць яшчэ нейкае слова?
    I Карызна гаворыць, на момант суняўшыся ў дзвярах і не абарачваючыся:
    — Напішы ліст дачцэ — нешта нічога ад яе не чуваць...
    Марына Паўлаўна доўга сядзіць нерухома, упяўшы некуды ў нявідную кропку свае блеклыя бясцветныя вочы. I ў пустэчы гэтых вачэй яшчэ глыбей правальваюцца ўсе захаваныя думкі яе і адчуванні.
    Але вось раптам па яе твары ледзь прыметна разліваецца палахліва-радаснае здзіўленне — яна ўспомніла апошнія Карызнавы словы.
    Чаму ён менавіта цяпер памянуў пра дачку? Што хацеў ён сказаць гэтым напамінаннем?
    Марына Паўлаўна асцярожна ўсміхаецца, і гэтая ўсмешка доўга астаецца ў яе на твары. Яна падыходзіць да Карызнавага стала, бярэ адтуль фатаграфію ў стракатай чарапашкавай асадцы і доўга-доўга ўзіраецца ў прыгожы вясёлы твар маладой дзяўчыны. 3 вачэй у яе бягуць дзве дробныя жвавыя слязінкі. Яна глыбока ўздыхае і, становячы на месца доччыну фатаграфію, заспакоена шэпча:
    — Добра ўсё-такі, што я так сказала...
    7
    Выслухаўшы блытаныя Паўлюковы паведамленні, Цімафей Міронавіч Гвардыян моўчкі падышоў да кутавой шафкі, дастаў адтуль адпалавіненую паўлітроўку, выліў рэшту гарэлкі ў вялікую чайную шклянку і падаў брату.
    — На, выпі.
    Паўлюк ішоў да гарэлкі паволі, сцеражліва, як па кладцы, і ўжо з паўдарогі выцягнуў наперад сваю непрыгожую хваравіта-чырвоную руку. Узяўшы шклянку, ён з момант трымаў яе ў нейкім зачарованым аслупяненні і тады ўжо пачаў хапліва піць, гулка чоўкаючы рухавым горлам. Выпіўшы, страшэнна скрывіўся і моўчкі пайшоў да дзвярэй, упарта не спускаючы з твару свае крывой міны, у якой сабралася ў агідны скрутак — і пякучая горкасць гарэлкі, і пагарда да самога сябе, і нянавісць да брата, і глыбокае ўсеагульнае расчараванне.
    Гвардыян глядзеў яму ўслед роўным застылым поглядам, і на жорсткім пергамінавым твары ў яго не мігнула ні спагады, ні асуджэння, ні нават пагарды. Як зачыніліся за Паўлюком дзверы, ён так жа застыла паглядзеў на пустую пляшку, пакруціў яе ў руцэ і паставіў у шафу.
    Фактычна, нічога такога асабліва новага Паўлюк не сказаў — мо няварта было і глуміць столькі гарэлкі. Але Гвардыян заўсёды мяркуе наперад. Ад яго не пяройдзе: стары п’янюга яшчэ будзе ў прыгодзе — хай ведае братаву ласку. Цяперашнім светам з кожным трэба мець сякую-такую палітыку.