Дзве душы; Панская сучка; Вясна; Рускі; Вязьмо
Максім Гарэцкі, Міхась Зарэцкі
Выдавец: Юнацтва
Памер: 430с.
Мінск 1992
Апошнім кліентам Тацяніным была Марына Паўлаўна, Карызнава жонка. Дзіва дзіўнае, як маглі пасябраваць (ды і моцна пасябраваць!) гэтыя дзве жанчыны, такія розныя, далёкія адна ад аднае: глуха замкнёная, гордая ў сваім няшчасці Марына Паўлаўна, якую балюча ўражала нават найменшая праява чужой
спагады, і адкрытая, простая, у значнай меры бесцырымонная Тацяна! I — пэўная рэч — ніколі б гэтае дружбы і не было, каб не спрычыніўся тут верны паж Марыны Паўлаўны — Галілей.
Завялася справа гэтая ад Галілеевага візіту да Шыбянковых, які, праўда, меў зусім іншую мэту: апанаваны сваімі універсальнымі турботамі і непакоем, Галілей пайшоў быў да Андрэя Шыбянкова даведацца, як ён ненавідзіць Гвардыяна, свайго ворага, і як гэтая нянавісць спалучаецца з той агульнаю завірухаю, што ўзнімаецца наўкола і нясе з сабою вялікую, яшчэ не асазнаную Галілеем, ператруску.
Як зазвычай, прыцюпаў Галілей да Шыбянковых раптоўна, з разгону, але сваім з’яўленнем не здзівіў нікога, бо добра вядома быў ягоны характар і даўно ўсе да яго прьізвычаіліся. У дзвярах ён затрымаўся на нейкі час, бо старыя расківаныя дзверы неяк не хацелі зачыняцца. Тацяна, смяючыся, гукала яго:
— Кіньце, дзядзька Ахрэм! Кіньце! Яны гэткія зроду. Заходзьце ў хату.
Але Галілей не зважаў на запрашэнне, а так і тоўкся ля дзвярэй аж датуль, пакуль не даў ім рады, прыладзіўшы да іх нейкую тэхніку.
— Дзень добры, людцы! Мароз на дварэ, і ў хаце не цёпла... Босы, ідзі ў сенцы...
Тацяна сустракала яго сваёй роўнай светлай усмешкай.
— Во, каб дзядзька часцей да нас залучаў! Мо б хату нам паправіў хаця, a то ўся відзьма раскідаецца. Сядайце, дзядзечка, у нас!
Андрэй ляжаў на лаве за сталом і чытаў газету. Як увайшоў Галілей, ён паволі ўзняўся і, каб прывесці сябе да ладу, раскудлачыў пальцамі і так добра раскудлачаную чорную, як смоль, шавялюру.
— А я прылёг па абедзе... Млявасць нейкая, ліха ведае... Сядайце ж, чаго стаіце там!
Галілей прытрусіўся бліжэй, але па свайму звычаю не сеў, а стаяў, непакойна тупаючы на месцы.
— Акалелі, дзядзька Ахрэм?
Тацяна не ўрымсціла, каб не пажартаваць.
— Ідзі ты! Гэта дзядзька тупае з вясёласці — кроў гуляе.
Галілей строга зірнуў на яе (не любіў стары жартаў) і спакойна растлумачыў:
— Я ў Гвардыяна чай піў, дык добра сагрэўся... ага....
I безуважна зірнуў у маленькае зашаранелае акенца.
А зманіў жа стары хітрун, ніколі ён у Гвардыяна не піў таго чаю і не ўзяў бы ніколі, хай там немаведама што!
Шыбянкоў пусціў у свае чорныя вусы дамысную ўсмешку, якую Галілей схапіў на ляту.
— Яно добра маразком пагрэцца. Няма вось у нас самавара, на яго ліха.
— А ў Гвардыяна аж тры... ага... I ўсе розныя. Во гэткі, гэткі і гэгкі... ага...
(Стары ніколі ніякіх самавараў у Гвардыяна ў вочы не бачыў.)
Андрэй прабурчаў скрозь зубы:
— Багатыр.
Тады Галілей борздзенька перакінуў свой погляд з акна на печку.
— Добры чалавек, гэты Гвардыян... ага... Душэўны ён чалавек...
I ўвесь напружыўся ў пільнай увазе. Андрэй усміхнуўся той самай дамыснай самаўпэўненай усмешкай.
— Гэтаму добраму чалавеку добрую пятлю на шыю, дык бы сама пад пару было...
— Дык яно, можа, да гэтага і дойдзе? Ага... Мусіць жа, будзе нешта ім, гэткім? Га?
I мізэрная барадзёнка ў старога затрэслася ад заціснутага ўсярэдзіне ўзрушэння. Во зараз, во тут нешта скажа Андрэй — тое, што патрэбна яму, за чым ён прыйшоў сюды, узброены тонкай сваёй дыпламатыяй. I праз Андрэева раскрытае нутро, як праз маленькую шчэлачку, ён убачыць зараз тое вялікае, страшнае, што нясе Гвардыянам новая завіруха, і ясней яму стане тады — якая гэта ёсць рэвалюцыя, супроць каго яна ідзе і ў які бок мае павярнуць людское жыццё.
Адылі не выходзіць так, як старьі меркаваў. Андрэй Шыбянкоў, мабыць, добры шануе сваю старую, закаранелую ў сэрцы нянавісць і не хоча марна растрасаць яе ў пустых выпадковых словах. Ен данясе яе да патрэбнай пары цэлую, некранутую, клапатліва выпешчаную ў патаемных сховах душы.
I Андрэй Шыбянкоў проста не адказвае ні слова на падступнае Галілеева запытанне. Ен адно хмурыць твар і злосна страсае на лоб кучму бязладных сваіх валасоў.
Галілею робіцца дужа ніякава, і ён пачынае дробненька кхекаць, нібы просячы прабачэння.
— Кхе... кхе... Хто яго... Усё можа быць... ага... усё можа быць...
Тады Тацяна падыходзіць да яго і таемна, па-змоўніцку кратае яго за рукаў.
— Чуеце, дзядзька Ахрэм, а баіцца ён, га? Дужа баіцца?
— Кхе... кхе.. Баіцца... Дужа баіцца...
Тацяна смяецца, здаволеная, і, цёпла зазіраючы ў твар Галілею, гаворыць ласкава, нібы суцяшаючы:
— Хто баіцца, той сама сабе прысуд дае... Ведаеце, дзядзька, як кажуць: хто парася ўкраў, у таго ўвушшу пішчыць. Мы вось не баімся, ані не баімся. Хай хоць што будзе, хоць уся зямля перавернецца, дык мы Hi40 гачка не баімся. Ага?
— А я баюся, кхе... кхе.. Я баюся вось.. ага... баюся...
Тацяна смяецца, весела, жартліва.
— Дзядзька чай піў у Гвардыяна!
Андрэй дасадліва махнуў на яе.
— Ат, дзе ён піў! Слухай ты яго... Галілей будзе піць чай у Гвардыяна! Смех!..
Дашчэнту выкрыты Галілей бяжыць да дзвярзй з відавочным замерам, уцячы, але, ужо ўзяўшыся за клямку, раптам сунімаецца, з хвіліну раздумвае аб нечым і, вярнуўшыся, падбягае да Тацяны:
— Ну, Тацяначка, а хто ж судзіць будзе яго, а хто ж адказ будзе браць у яго? А хто прысуд накладаць?
Тацяна троху здзіўлена, а троху распацешана глядзіць, як сутаргава трасецца Галілеева барадзёнка. Яна перш жартліва адмахваецца:
— Пэўна, што не мы з вамі, дзядзечка.
Адылі бачыць настойлівае, да болю напятае чаканне на Галілеевым твары і кажа ўжо больш сур’ёзна:
— Знойдзецца нейкі суддзя. У нас толькі на гэтага злосці на аднаго, а судзіць будзе, хто на ўсіх на іх злосць мае...
Андрэй мычыць і зрываецца з лаўкі. Але не гаворыць ні слова. Толькі перайшоў тугімі крокамі цераз хату ды вярнуўся на месца. Галілей добра разумее, што гэта значыць. Андрэй Шыбянкоў нікому не хоча здаць права судзіць свайго злосніка. О не! Ен не згодзен на гэта! He на гэта насіў ён у сабе праз столькі год лютую
нянавісць сваю, каб нехта другі за яго расквітваўся! Ен сам будзе суддзя!
Тады адразу згасае ў Галілея ўсякая цікавасць да Андрэя Шыбянкова — ён бачыць, што нічога не дастане ў яго, ніякага сабе праяснення, бо не чалавек тут кіруе злосціо сваёй, а злосць кіруе ім. Галілей не зважае болып на Андрэя. Але ад Тацяны не адстае. Нават прысеў, стары дзівак, да маладзіцы, пільна ўглядаецца ў яе сваімі маленькімі пранізлівымі вачмі. I раптам — ні з таго ні з сяго — пытаецца:
— А вось як, Тацяна... ага... Ці гэта ты кінула свайго мужыка, ці ён прагнаў цябе?
Тацяна няўцям, навошта гэта старому, і каб часам не ашукацца, яна зводзіць на смех.
— Авой, дзядзька! Ці не сватаць маеце, што дапытваецеся...
Галілей строгім позіркам сунімае яе жартаўлівасць. Тады яна адказвае такім тонам, які выяўна паказвае, што яна маніць.
— Мужык прагнаў. Да душы, мужык прагнаў...
Галілей насупар адказу яе пытае далей:
— Чаму ты кінула яго?
Тады, пераможаная яго настойлівасцю, Тацяна шчыра і проста расказала яму:
— Убачыла, што ён не кахае мяне. А як жыць так, без кахання, ды чакаць, пакуль ён набярэ розуму, каб прагнаць цябе, дык лепш жа самой пайсці загадзя. Нечага жыцця пабачыш ды за маладыя гады яшчэ і знойдзеш сабе каго пад пару. Ці праўда, дзядзька Ахрэм?
Галілей паціху мыркаў сабе пад нос, нешта вымяркоўваючы. Так пасядзеў яшчэ з хвіліну, а тады страпянуўся і патрусіў да дзвярэй, буркнуўшы нешта невыразнае на развітанне.
У той самы дзень увечары Галілей тупаў на кухні ў Карызнаў. Марына Паўлаўна мыла бялізну, і ў кухні поўна было густой душнай пары. У гэтай пары яны адно аднаму былі няясныя, расплыўчастыя, нібы не людзі, a туманныя сілуэты людзей. I з-за гэтае няяснасці, як аднекуль здалёку-здалёку, голас Марыны Паўлаўны гучаў глуха, адчужана, нібы гаварыла яна з некім іншым, а Галілей неўзаметку падслухваў:
— Дзве сястры нас было. Ліда была год на тры старэйшая за мяне. Яна і больш адукаваная была, чым
я — шэсць класаў гімназіі скончыла. Усе думалі, што гэта ён дзеля яе, дзеля Лідкі ходзіць. А ў мяне і падумкі не было, каб гэта як іначай. Бывала, пасяджу-пасяджу троху ды ўцяку. Сорамна мне неяк і крыўдна і немаведама што. Здаецца, што замінаю ім абаім. I доўга вялося так, пакуль не паехала была Лідка да цёткі на нейкі час. Ну, я ўжо думала, цяпер наш Сымонка і не паткнецца да нас, бо ўжо прычыны няма. Так сабе думаю, а тым часам пазіраю ў акно, а мо як заблудзіцца. I маркотна так стала, крыўдна, а чаго — немаведама. Аж ён назаўтра і прыйшоў, ды такі вясёлы, здаволены, нібы рад, што Лідка паехала. Мне дык добра, а мамцы не ўпадабалася — мамка ўжо мела свае пэўныя планы. Ен гэта заўважыў і не прыходзіў больш, а назначыў мне потым сустрэчу, ды дзе ж? — на могільніку! Перадаў неяк запіску праз малых. Я яшчэ думала, што гэта ён нешта наконт Лідкі, мо перадаць ёй што хоча ці як,— дык пайшла. А так не адважылася б, мусіць, каб ведала... Могільнік у нас быў у лесе, паблізу сяла — туды часта гуляць хадзілі. Але ў той вечар хоць бы хто — пуста-пусценька... Сяджу я, калачуся ўся чыста, і страшна мне, і трывожна, і сумна-сумна чамусьці. Хацела ўжо было ўцякаць, аж ён падышоў. Ды такі смешны, ціхі такі, палахлівы, як малы. Хоча нешта сказаць і не важыцца, усё, бачу я, не пра тое гаворыць. А як сказаў нарэшце, што гэта дзеля мяне ён хадзіў, што кахае, і тое, другое, дык я, дурная, схапілася з месца ды ўцякаць, ашалеўшы. Як злавіў ён, дьік нават крычаць хацела, ледзь угаварыў тады... Смешны ён быў, пацешны такі...
Марына Паўлаўна сціхла і ў глыбокай задуме, у бяздоннай углыблёнасці ў сабе стаяла над начоўкамі, кінуўшы церці бялізну, але не мяняючы паставы, нібы раптам сярод работы закамянела, абярнулася ў нерухомую статую.
Галілей стаяў, зацяўшы дух, каб не парушыць яе дзіўнае самаўглыблёяасці, і толькі пільна-пільна ўзіраўся ў яе, нават пасунуўся троху наперад, нібы ўбіраў у сябе вобраз яе смутнае ціхасці.
Марына Паўлаўна выпрасталася, адхінула з ілба валасы.
— Замарылася дужа. Паназбіралася гэтага рыззя... Трэба б паклікаць каго памагчы, дык сама не ведаю, каго...
I, цяжка ўздыхнуўшы, зноў схілілася над начоўкамі і працавала нейкі час моўчкі, упартым напружаннем адганяючы ад сябе ўсякія — і добрыя і дрэнныя — думкі. Адылі твар яе праясніўся мяккаю летуценнасцю, і кволая ўсмешка кранула яе туга сашчэмленыя вусны. Яна абярнулася да Галілея, маючы сказаць нешта цікавае ёй і прыемнае, аж там, дзе стаяў Галілей, адно плавалі густыя клубы пары. Пакуль яна дзівавала гэтаму непрыкметнаму яго знікненню, дзверы раптам адчыніліся, і ў іх паказаліся перш вялізныя начоўкі, а за начоўкамі ружовая з марозу, уся прасякнутая яснаю вясёласцю жанчына.