Дзве душы; Панская сучка; Вясна; Рускі; Вязьмо
Максім Гарэцкі, Міхась Зарэцкі
Выдавец: Юнацтва
Памер: 430с.
Мінск 1992
— Авой, туман які! Аж не відаць нічагутка. Дзе тая тут гаспадыня? Ці возьме яна да сябе ў талаку?
За плячмі ў яе цёрся ў замяшанні Галілей.
Марына Паўлаўна знала Тацяну толькі з твару, так ніколі не стыкалася з ёй, але ўсё роўна сустрэла яе ветла, радасна — такі ўжо быў у маладзіцы адкрыты прывабны выгляд.
— Заходзьце, зрабіце ласку! Але нашто гэта турбацыя? Гэта ўсё дзядзька Ахрэм — вечна ён што-небудзь выгадае... Як вам не сорам, дзядзька Ахрэм!
Але Галілей ужо змыўся — жанчыны асталіся адны. Роўна, спакойна гамонячы, нібы працягваючы старую няскончаную гутарку, Тацяна прыладзіла свае начоўкі і ўзялася за бялізну. Закіпела дружная спорная праца, у якой Марына Паўлаўна не толькі не тамілася больш, a нібы адпачывала ад ранейшае зморы. Гаворкая Тацяна без канца апавядала ёй разныя цікавыя гісторыі ці з свайго ці з чужога жыцця, падаючы ўсё ў такім тоне, які мімаволі настрайваў на лёгкія жартліва-іранічныя адносіны да жыцця і будзіў смелы бязрупатны смех, якога даўно ўжо не знала Марына Паўлаўна. Расказала Тацяна ўсю гісторыю свайго замужжа, і хоць шмат чаго тут знайшла Марына Паўлаўна блізкага сабе, балюча перажытага, але ў святле пацешнага Тацянінага апавядання здалося яно куды прасцейшым, звычайным і не толькі не раструіла незагоеных ран, а ў значнай меры падбадзёрыла Марыну Паўлаўну.
Гадзіне а дзесятай прыйшоў Сымон Карызна. Ен хацеў быў ужо, насупіўшыся, прайсці моўчкі праз кухню (Марына Паўлаўна, ці толькі ляпнулі дзверы, ураз спахмурнела, настаражылася), дык Тацяна зачапіла яго:
— Недзе позна ходзіць наш гаспадар — не варта б і пускаць яго, хай бы пакалеў на марозе.
Карызна зірнуў на яе ў сярдзітым здзіўленні, адылі ўбачыў яе смелую задорную ўсмешку і памякчэў.
— Раз дзве гаспадыні ў хаце, дык гаспадару няма чаго баяцца: каторая-каторая ды пашкадуе, упусціць.
— А мо ніводная?
Карызна звярнуўся да жонкі:
— Марына! Можа б вы тут як-небудзь самавар нам зарганізавалі, зараз прыйдзе Зелянюк — мы абодва пакалелі, як цюцькі.
I праўда, праз якіх хвілін пяць з’явіўся Зелянюк. Ен доўга тупаў на кухні, адаграючы ногі, вохаў і гутарыў з жанчынамі.
— Балазе, што хоць трапіў нарэшце да цёплага месца. Каля цётак можа і адыду троху. Як маешся, Тацяна? He думаеш яшчэ назад да мужыка вярнуцца?
Тацяна аж расплылася ад здаволення.
— Авой, усё ж ён ведае, пралаза. Навошта мне той мужык, калі хлопцаў даволі. Ды яшчэ з горада панаехалі — пэўна, да маладзіц да нашых, бо свае, гарадскія, ужо надакучылі.
— А што ж ты думала! На тое і ў калгас вас цягнем. Пазаганяем усіх у калгас, дык тады ўжо і рады не дасцё, бо агульныя, усіхныя, не маеце права і адбівацца.
— А можа, дасць бог, ніхто і не спазрыцца на нас, на старых. Ці маладзейшых ды харашэйшых няма?
Зелянюк падміргвае ёй сваім касаватым вокам.
— Бач ты, перастарак які знайшоўся.
I здаволеная Тацяна дражліва смяецца, адчуваючы сваю і маладосць, і нязбыўную сілу свайго гарачага жаноцтва.
Гэты вечар даў многа спакою Марыне Паўлаўне. Так ішло ўсё ціхамірна і разам з тым весела, жвава, што здавалася, нібы нічога і не было ў іх с Сымонам, нібы па-ранейшаму жывуць яны непарушным сямейным ладам — без асаблівае, праўда, пачуццёвае блізкасці, але дружна, спакойна. Сымон таксама адчуваў гэта і таксама быў здаволены, і абое яны з лаекавай удзячнасцю пазіралі на гэту простую вясёлую жанчыну, што патрапіла ўнесці ў іхнюю хату даўно патрачаную тут раўнавагу.
Як адыходзіла Тацяна, Марына Паўлаўна неўзамет-
ку адвяла яе ўбок і, нервова сціснуўшы яе за руку, шаптала:
— Вы ж прыходзьце, Тацяначка! Абавязкова прыходзьце... Часцей... заўтра прыходзьце, абавязкова...
Разам з Тацянай пайшоў і Зелянюк.
10
Па мястэчку ў глуха застылай цемры шастаў мароз сваёй прытоенай лёгкай хадою, у драпежнай хцівасці шукаючы сабе ахвяры. Як пачуў на вуліцы Зеленюка з Тацянаю, адразу кінуўся на свежых людзей і ў шалёнай корці ўгрызся ў іхнія твары. Тацяна аж сунялася.
— Ой, кусаецца! З’есць нас мароз, да душы, з’есць.
Зелянюк абхапіў яе рукою за плечы ды так і павёў па вуліцы.
— Нам, здаецца, адною дарогаю? Ты ж на тым канцы жывеш? У маленькай крывенькай хацёнцы?
— У маленькай крывенькай хацёнцы. Усё ты ведаеш. Якіх два тыдні пажыў, а быццам і вырас тут, у мястэчку. Хітры ты чалавек!
Зелянюк раптам узяў сур’ёзны і шчыры тон.
— Трэба быць хітраму, Тацяна. Як не будзеш хітры, дык нехта іншы знойдзевда на цябе хітры, і ты дурнем будзеш яму. А мы ўжо ці малы час былі дурнямі...
— Цяпер вы ўжо хітрыя, а мы яшчэ дурні.
— Хто гэта — мы і вы?
Тацяна троху замяшалася.
— Ну, вы... гарадскія.
Зелянюк памаўчаў.
— Ты таксама хітрая, Тацяна. Каб не была ты хітрая, дык бы дасюль мардавалася ў свайго нялюбага мужыка, a то дык жывеш вось, як вольная птушка, водзіш за нос сівецкіх мужчын. Разумная ты баба, Тацяна.
— Авой, пахваліў. Каб адно не перараніўся з хвальбою, бо яшчэ не знаеш мяне, што я за птушка.
Ішлі нейкі час моўчкі. Тацяна раптам зняла ягоную руку з сваіх плеч — і Зелянюк адчуў, што ў гэтым — не фігураванне, не гульня ва ўдаваную незачэпнасць, а павага да яго, да Зеленюка, да іхняе гутаркі. I папраўдзе, прайшоўшы яшчэ некалькі крокаў, Тацяна сур’ёзна запытала яго:
— Скажы, Зелянюк, што гэта вы робіце тут?
Ен адказаў, не задумляючыся:
— Робім вас усіх хітрымі.
Тацяна шчыра папрасіла яго:
— Скажы неяк так, каб зразумела я... На сходзе я чула, ды нічога не ўцямлю я там, хоць і словы, здаецца, простыя... Ведама, гавораць адразу ўсім, дык, па колькі там каму прыйдзецца! А ты так скажы, каб усё мне адной...
— Добра, скажу табе ўсё адной...
I Зелянюк на хвіліну задумаўся, шукаючы трапных слоў.
— Людзі таўкуцца, як вар’яты, у чорным, у брудным катуху, куды не зазірае ніколі сонца, дзе скрозь — цемра і смурод, адкуль не відаць, што дзеецца навакол, за сценамі гэтага катуха. А за сценамі — сонца ззяе, і светла там, і чыста, і раскошна, і краска скрозь, зеляніна. Ды і сцены ў катуху ў гэтым ужо патрупехлі даўно, ледзьве ліпяць, а трымаюцца толькі таму, што дурныя гэтыя людзі не хочуць быць хітрымі. Каб яны былі хітрыя, яны б не мясціліся, не таўкліся адзін за адным у брудным катуху, не лезлі б адзін аднаму на галаву (пэўна, што таму вальгатней, хто на другога ўссядзе), а напёрлі б усе разам, разламалі сцены і выйшлі на свет. Выйшлі зусім-зусім вольныя, бо і тыя, хто ўправіўся ўссесці на карак ім, ураз паляцеў бы дагары нагамі ад магутнага гэтага зруху. Разумееш, Тацяна, што мы робім тут і чаго дамагаемся?
— Ты прыгожа гаворыш, не так, як на сходзе. Але ж тое яшчэ, ці папраўдзе там свет той ёсць за сцяной? Каб не выламаць сцяны на мароз? Тады пакуль ты заткнеш яе нанова! Трэба добра паверьіць у гэта.
— Нашто верыць, Тацяна? Гэта можна знаць.
Яны выйшлі край вёскі.
— Ну, вунь твая хата, Тацяна. Маленькая, крывенькая. Андрэй спіць ужо, пэўна.
Яны суняліся, але не развіталіся. Зелянюк узіраўся ў глыбіню цемры, што цяжкім масівам залягла паміж Сіўцом і Сівалапамі. Унізе, на дне лагчыны, туркатаў, трасучыся ад холаду, млын і спрабаваў змагацца з чорнаю навалаю цемры кволымі пасмамі сівога трапяткога святла.
На гары, за млыном, там, дзе пачыналіся Сівалапы, вострае Зеленюкова вока згледзела маленькі хліпучы
агеньчык, які здаваўся далёкаю зоркаю. Тады ён парыўчата абярнуўся да Тацяны і запытаў яе:
— Ты дужа хочаш спаць, Тацяна?
— Уга! За гэткую ноч два разы можна выспацца!
— Ты пойдзеш са мною? He збаішся?
Тацяна адказала працяжна, з усмешкай у голасе:
— Пайду... He баюся...
Зелянюк узяў яе за руку, як малую, і павёў за Сівец у чорную прорву лагчыны. Яна зразумела, што ён вядзе ў Сівалапы, але не гаварыла нічога, ішла моўчкі, паклаўшыся на яго правадніцтва.
Абмінулі млын — у расчыненыя дзверы ўбачылі фантастычныя ў змроку і мучаным тумане фігуры людзей. Перайшлі цераз мост, над якім хліпала ледзянымі слязьмі гвалтам затрыманая ў сваім вольным бегу рака. I скрозь абое маўчалі. Толькі як ішлі ўжо пад гару, набліжаючыся да Сівалапаў, Зелянюк сказаў:
— Адзін чалавек не спіць яшчэ ў Сівалапах.
Тацяне было трывожна і смешна. Куды ён вядзе? Што гэта ён сабе выдумаў?
Зорка, якую згледзеў быў Зелянюк ад Сіўца, вырасла ў светлы квадрат акна ў адной з канцавых хат. Зелянюк звярнуў да гэтае хаты. Тацяна сунялася.
— Гэта ж Якуб тут Лакота жыве. Куды ты вядзеш мяне?
Ен настойна пацягнуў яе за руку.
— Ты сказала, што пойдзеш, што не баішся.
Тацяна скарылася. Зелянюк паляпаў у асветленае акно, і праз хвіліну ім, не папытаўшыся — хто, адчынілі.
Якуб меў сабе ў хаце адбітую дошкамі каморку, якую сябры ягоныя смехам звалі — «габінет». Там сядзеў ён за вялікім сталом, скрозь заваленым кнігамі ды паперамі і асветленым невялічкай лямпачкай — пятым нумарам — з папяровым абажурам. Упусціўшы позніх гасцей, ён шапярнуў ім:
— Туды, да мяне!
I, заваліўшы дзверы, пайшоў следам за імі.
Па хаце разлягалася заўзятае, смачнае сапенне і хропат сонных людзей. Гэтыя ціхамірныя хатнія гукі нагадалі Тацяне пра познюю пару і зганялі той жартаўліва-гарэзны настрой, які, фактычна, штурхнуў яе на гэту начную праходку. Тацяне стала сорамна. Яна ўвайшла ў «габінет» і стала ля дзвярэй, прыхінуўшыся
плячамі да пераборкі. Няўцямна пазірала наўкола і чакала, што будзе далей.
Зелянюк з пяшчотнай ласкай палэпаў Якуба па плячы.
— Ты ўсё не спіш, Яша? А мы з Тацянай вось гуляем па начы. Ішлі міма, убачылі святло і зайшлі. Чаму ты не сядзеш, Тацяна?
Якуб схапянуўся.
— Праўда, што... Сядай, Тацяна, на табе крэсла.
Тацяна села і зірнула на Зеленюка настойлівым поглядам, нібы патрабуючы ад яго нейкага вытлумачэння. Зелянюк усміхнуўся весела і загадкава, і гэта дэтанавала Тацяну: яна ўжо баялася, каб не скончылася ўсё гэта нейкай насмешкай.
Якуб упяў у Зеленюка цупкі погляд сваіх хваравітабліскучых вачэй і зрабіў патугу ўсміхнуцца.
— Ну, а ты ж яшчэ менш за мяне спіш, папраўдзе. У мяне дык бяссонне хаця, а ты ўсё з клопатамі. Ну, як у нас, добра, здаецца?
Зелянюк ураз кінуў усміхацца, працяўся дзелавітай сур’ёзнасцю.
— Тут, у Сівалапах, усё гатова. Актыў перарос ужо ў масавы зрух. Можна б рабіць сход ды і афармляць калектыў. Але трэба разам з Сіўцом. Там будзе бой. Добры будзе бой...
— Гвардыян там баламуціць?