Дзве душы; Панская сучка; Вясна; Рускі; Вязьмо
Максім Гарэцкі, Міхась Зарэцкі
Выдавец: Юнацтва
Памер: 430с.
Мінск 1992
— Гвардыян — палітык. Ен нідзе не паказваецца, ні з кім не размаўляе, а тым часам усе канцы ў яго сыходзяцца. Гэтае кодла трэба з сярэдзіны калупнуць. Мне ўсё назаляе Паўлюк, Гвардыянаў брат. Дзіўны чалавек! Страшэнна ненавідзіць брата і баіцца яго. Гатоў, здаецца, разарваць яго, а тым часам ходзіць ды апавядае яму, дзе што пачуе пра яго на сяле.
— Гарэлка... Непатрэбны ён чалавек, не варта з ім займацца...
Як завялі гаворку пра Гвардыяна, Тацяна адразу ўспомніла, як прыходзіў да іх Галілей, і ў яе з’явілася прыкрая турбота, нібы ведала яна і хавала нейкі нядобры сакрэт. Мо той Галілей з якой мэтай прыходзіў? Мо і гэта — штукі хітрага Гвардыяна?
Якуб раптам выцяў кулаком аб стол і гукнуў троху ў жартлівай злосці:
— Бабы, ліха на іх! Іх сама лёгка забаламуціць! Найдурнейшае якое выдумства ўраз ім галовы ачму-
рыць. А мужыкі слухаюць іх. Ой, хітры наш мужык! Ен ведае, калі слухаць бабы. Пагавары з ім з каторым, дык рукі расставіць, пысу зробіць бязвінную, як у новараджэнца, і нібы і сам страшэнна шкадуе: рады б душой, ды калі ж баба праклятая: уцялася, хоць ты што хочаш... А як паўлітра ўзяць ці яшчэ што, дык — куды тая баба!
Скончыўшы сваю тыраду, Якуб кінуў ускосны зірк на Тацяну, нібы чакаючы ад яе нейкага водгуку на свае словы. Тацяна моўчкі ўсміхнулася. А Зелянюк тым часам аб нечым меркаваў, упарта зморшчыўшы бледны свой лоб, падцяты знізу вострым кантам тонкіх брывей.
— Та-ак... Жанчыны ў гэтай справе нам заступаюць дарогу... 3 імі неяк трэба па-інакшаму, па-асабліваму. За іх у нас бадай што не браліся, і гэта кепска...
Ен яшчэ памеркаваў нешта сам з сабой і раптам сказаў рашуча і проста, нібы пра гэта ўжо многа гаворана і ўсё ўжо ясна, адно трэба скончыць нейкаю пастановаю:
— Так... 3 жанчынамі трэба павесці работу. Гэта — справа Тацяны, за гэта ёй трэба ўзяцца.
I ўраз, павярнуўшыся да Тацяны, Зелянюк растлумачыў ёй (і вокам не зміргнуў, шэльма!), як трэба рабіць.
— Разумееш, Тацяна? He трэба галасу — ніякіх там сходаў ці чаго. 3 адной пагаманіла, з другой, з трэцяй. Як бачыш, што каторая троху прыхільна да нашае справы, дык ужо і трымай на воку яе. Пяцьшэсць гэткіх назбіралася — тады ўжо і разам усім пагаманіць, абмеркаваць добра, усвядоміць глыбей, аб чым тут справа, каб ужо грунт нейкі быў... Ды ці мне цябе вучыць? 3 бабамі ты лепш за нас за ўсіх патрапіш...
Тацяна асалапела ад неспадзеўкі. Хацела перш за смяяцца, на жарт гэта звесці, але стыкнулася з напру жана-сур’ёзным поглядам Зеленюка і на смех не адважылася. Рада была б уцячы, але таксама не выпадае. Што ж ёй рабіць? Як паставіцца да гэтага? Яньі ўжо лічаць яе за сваю супольніцу, яны нават не пыталіся ў яе, як яна на гэта глядзіць, ці згодна яна на тое, што яны робяць. Яны, значыць, пэўныя ў ёй, яны перакананы, што яна будзе, што яна мусіць ім памагаць. Яны цалкам звяраюцца на яе. Што ж ёй рабіць? Мо адмовіцца, сказаць, што яна не згодна з імі, што яна супроць гэтых няшчасных калгасаў? Але ж ці будзе
гэта праўда? Ці не зманіць яна ім і сама сабе?
Зелянюк дапытліва глядзіць на яе сваімі вострымі быстрымі вачмі, нібы чакае, дамагаецца, просіць у яе нейкага слова. А Якуб развінае далей ягоныя меркаванні:
— Такіх, як Тацяна, у нас знойдзецца ці мала: будзе з каго збіць бабскі актыў. Сабраць усіх бядачак, усіх пакрыўджаных, усіх бяздольных. Яны за Тацянай пойдуць! Каму-каму, а Тацяне дадуць веры, бо сама яна зазнала ўсяго на сваім вяку.
I вось чуе небарака Тацяна, што ёй астаецца адно: узяць на сябе гэтую неспадзяваную адказнасць, далучыцца да гэтых людзей, што намагаюцца нешта зрабіць новае ў Сіўцы,— яна не ўяўляе яшчэ выразна — што, але чуе нутром, што нядрэннае, раз становяць яны на першае такіх вось, як яна, бедакоў. А ці толькі заняўся ў Тацяны гэты новы настрой, як адразу з чыста жаночаю непасрэднасцю ўдалася яна і ў новыя турботы.
— Бабам трэба, каб з вядомага, з практыкі паказаць. Ля нас там, дзе я пайшоўшы была, зусім поплеч камунаю працавалі. I добра жылі, дужа добра жылі. Я ткі раскажу нашым бабам. Я сама была прыглядалася, каб перайсці туды ад мужыка. Але што блізка...
Зелянюк быў страшэнна здаволены.
— Правільна, Тацяна, з вядомага, з практыкі. Пустымі ўгаворамі іх не імеш,— не павераць. Ты — я ж казаў табе — хітрая баба...
Ен весела падміргнуў Тацяне і звярнуўся да Якуба:
— Ну, як твае планы, Яша? Працуеш усё?
Якуб раптам ажывіўся. Цяжкія марудлівыя вочы яго заблішчалі па-дзяцінаму чыстым святлом, а на дужых, жудасна запалых шчоках замігцела ледзь прыметная чырвань. Ен сарамліва ўсміхнуўся і адказаў больш для Тацяны, бо Зеленюку было гэта добра вядома:
— Тут жа не пэўныя якія планы, бо я мяркую на тое, што ўвесь Сівец і ўсе Сівалапы будуць у калектыве. А як яно будзе — яшчэ немаведама. Проста цікава самому, ці на многа будзе лягчэй і выгадней мужыку. Мы разам з Мікітам — ён жа ў агранаміі троху кумекае. Ды-ткі, праўду сказаць, і добра чаго разумее, дармо што мала павучыўся...
Зелянюк падсеў да стала і весела кіўнуў галавой.
— Ну-тку, Яша, пакажы нам, што ў цябе ёсць. Сядай, Тацяна, бліжэй, во сюды.
Тацяна села побач з ім, з цікавасцю пазіраючы на стол. Ранейшае замяшанне яе развеялася без следу — яна была дзелавіта-спакойная і, як зазвычай,— пэўная ў сабе, вясёлая сваёй раўнамернай весялосцю: яна ўжо адчувала сябе пры месцы.
I Якуб Лакота, былы партызан і чырвонагвардзеец, а цяпер няўздольны хворы бядак (след белагвардзейскага катавання), не сціраючы з твару свае мілае сарамлівае ўсмешкі, распасцёр на стале шырокія аркушы паперы з планамі, рысункамі, табліцамі, зробленымі неспрактыкаванай, але шчырай рукой фанатычна адданага новай справе чалавека.
Ноч у ноч сядзеў Якуб над сваімі цудоўнымі планамі, аддаючы ім увесь найбагатшы запас свайго душэўнага запалу і ўсе ўбогія рэшткі свайго згасаючага здароўя. Можа, таму, што была гэта яму, нязвыкламу ў ёй, цяжкая непасільная праца, можа таму, што ляпіў ён яе па каліву з уласнае крыві, з уласных разбітых нерваў — была яна яму даражэй за гаспадарку, за сям’ю, за самога сябе. Гэта была неадрыўная частка яго нутра, гэта было яго другое сэрца.
Ці верыў ён у практычнае значэнне гэтае свае працы? Ен сам адмаўляў гэта, а тым часам — хто яго ведае? — мо і грэла яго часам надзея, што людзі, многа людзей, цэлы вялізны калектыў будзе будаваць сваё жыццё паводле яго планаў, паводле смелых, гарачых думак і яго летуценняў? А пакуль што ён сам праз свае гэтыя планы кроўна ўрастаў у будучыню, пазнаваў яе ў жывых яскрава акрэсленых формах і вёў у яе разам з сабой сваіх таварышаў, суседзяў, усіх, хто меў паквольную гадзінку, каб пасядзець над яго шьірокімі красамоўнымі аркушамі ці проста паслухаць ягояых меркаванняў.
Тацяна выйшла з Якубавае хаты як зачараваная. У яе не было выразнае яснасці — многа чаго пераблыталася, а многа чаго і зусім не змясцілася ў яе галаве,— але ўваччу мігцела, пералівалася цудоўнымі фарбамі агульная карціна новага жыцця — прыгожага, як у казцы.
Зелянюк узяў яе пад пашку і моцна сціснуў яе тугую руку.
— Ну, што, Тацяна? Ці верыць трэба, ці можна і знаць?
Тацяна парыўчатым рухам рукі адказала на яго
поціск. А загаварыла не адразу — замінала ёй яе глыбокае ўзрушэнне. Адылі крыкнула задорна, звонка, на ўсю сонную сівалапаўскую вуліцу:
— Да душы, мы нешта зробім у Сіўцы.
Яна не хацела, адмаўлялася, але Зелянюк усё роўна павёў яе дахаты.
— Мне гэтую ноч наканавана так прашлындаць. Мне дык весела, я здаволен, што так у нас сёння выйшла. А ты як, Тацяна, га?
Тацяна замест адказу моцна прыціснула да сябе яго руку.
Млын усё туркатаў, неўгамонны, але, здавалася, цішэй ужо і лагодней. Ці не сагрэўся-ткі троху стары, тупаючы на месцы?
На Сіўцы ўжо ў іншых хатах блішчалі агеньчыкі. Спявалі немаведама каторыя пеўні.
— Авой, гэта ж ранне ўжо. Цалюткую ноч прабадзяліся. I спаць жа не хочацца, ані-ані...
I Тацяна ў дзяцінай радасці засмяялася.
Яны падышлі да маленькае крывенькае Тацянінае хаты.
— Ну, дабранач, Тацяна. Заўтра ўбачымся.
Ен адной рукой сціснуў яе халодную жорсткую далоню, а другой ціха абняў, прытуліў да сябе.
Як ён пайшоў, Тацяна з хвіліну стаяла на месцы і глядзела яму ўслед — збяятэжаная і радасная.
11
I вось разгойдвалася ды разгойдвалася жыццёвае мора, бушавала новаю бурай, гудзела новымі вятрамі — жорсткімі і жыватворнымі. Мізэрнымі аскепкамі мітусіліся па моры напаўразбітыя шалюпкі старога гнілога дабрабыту. Расхіналіся прорвы бяздоннае глыбіні, адкрывалі цёмныя, захаваныя ў людзях супярэчнасці і ўзмываліся шалёнаю пенай на грэбні хваль апантаныя людскія пачуцці.
Па разгойданаму бурліваму моры ішоў горды ў смелым поступе сваім карабель, трымаючы курс на далёкае яснае сонца. Яго сустракалі радаснымі прывітальнымі крыкамі і імкнуліся разам з ім наперад, напружваючы сілы ў цяжкім напорным руху. Яго сустракалі енкамі дзікага жаху, стогнамі непазбыўнае рос-
пачы і кідаліся ад яго безвач, каб, ратуючыся, згінуць у чорным прадонні мора.
Гэта ішла сваім трыумфальным паходам непераможная рэвалюцыя.
Гора таму, хто станавіўся перад ёй у марных патугах суняць ці затрымаць яе рух!
Гора таму, хто, знявераны, пакідаў яе, спадзеючыся на шчаслівы супакой у мяккіх абнімках невядомага штылю!
Гора таму, хто, трапіўшы ў бурнапеністы след яе, хмялеў ад вірлівага шуму, ад разгоннага мітушэння і траціў прытомнасць!
Бо рэвалюцыя заўсёды жорсткая і няўмольная ў сваёй гістарычнай вялікай справядлівасці...
Гэта — агульны, троху напышаны, але ў грунце правільны вобраз той пары, што апісваецца ў нашым апавяданні. А ў паасобных скалках жыцця адбівалася яно так: раз’юшаныя са страху і роспачы кулакі ўшчарэпіліся былі аберуч у свой паскудны складзены з адабраных у суседзяў кавалкаў, дабрабыт і, ашчэрыўшы зубы, гырчалі, гатовыя ўсцервіцца ў кожнага, хто паткнецца да іхняга дабра. А такі і патыкаліся, смеючыся з іхняе лютасці, і ёмкімі ўдарамі збівалі іхнія атрутныя іклы. Гледзячы на кулакоў, трымаліся часам і няшчасныя галадранцы за свае драныя бэбахі, ды крычалі, асапелыя, пакуль не паказвалі катораму, за што ён, дурань, трымаецца і каму ўтуруе сваім прарэзлівым крыкам.
I, мінаючы перашкоды, ішла пэўным крокам грандыёзная, нябачаная ў свеце, перабудова вёскі. Траплялася, што і станавіліся на дарозе. Траплялася, што адыходзілі, знявераныя, слабыя духам. Траплялася, што і шалелі, ахмеленыя бурнапеністаю завірухаю.