• Газеты, часопісы і г.д.
  • Дзве душы; Панская сучка; Вясна; Рускі; Вязьмо  Максім Гарэцкі, Міхась Зарэцкі

    Дзве душы; Панская сучка; Вясна; Рускі; Вязьмо

    Максім Гарэцкі, Міхась Зарэцкі

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 430с.
    Мінск 1992
    149.35 МБ
    Раптам здалося яму, пад самым ягоным акном зарыпеў снег. Пачуліся асцярожныя і страшэнна марудныя крокі. Карызна, на дзіва самому сабе, працінаўся трывогай. Нейкі час ён сціскаў у сабе гэтае пачуццё, адылі не саўладаў з ім і, паціху ўстаўшы з ложка, падышоў да акна.
    Ноч была досыць відная, каб можна было згледзець, што дзеецца на двары, і Карызна адразу ўбачыў вялізную, фантастычна распасцёртую ў цёмнашызым змроку фігуру гаспадара. Ен стаяў якраз пасярэдзіне двара, нерухома застыла на месцы, як статуй. He відаць было, ці ён куды гэтак пільна ўзіраецца, ці проста закамянеў у дзіўным аслупяненні. Так стаяў ён мо хвілін з пяць. I Карызна не мог адарваць ад яго вачэй, прыкуты да яго пачуццём bo-
    страй цікавасці, перамяшанай з незразумелай трывогай. Потым гаспадар крануўся з месца і паплыў па двары хісткім расплыўчастым ценем. Падышоў да варот, памацаў нечага завалу, мо паправіў яе, падышоў да форткі і, прыгнуўшыся, паглядзеў у шчэлку над ёй, хоць наўдачу, каб мог ён што згледзець у густым змроку. А тады больш пэўным і шыбчэйшым крокам падаўся пад хлеў і там зноў з хвіліну стаяў ля варот нерухома і не то прызіраўся наўкола сябе, не то прыслухоўваўся да нечага. Пастаяўшы так ціхенька, нібы спадкрадня, прачыніў вароты і, яшчэ раз азірнуўшыся, схаваўся ў хляве. Адтуль пачулася радаснае бадзёрае ірзанне.
    — Пайшоў прыгледзець скаціну.
    I Карызна, заспакоены, хацеў быў ужо пакласціся спаць, аж раптам, як маланкай, працяло яму галаву:
    — Заўтра абагуленне жывёлы.
    У ім з’явілася няяснае, але настойнае падазрэнне. Ен ведаў пра выпадкі, калі некаторыя зламысныя калгаснікі, у душы зацятыя ворагі калектывізацыі, рабілі ўсялякія штукі, абы не здаваць у калгас свае жывёлы. Ен спалучыў гэта з таемнымі сцеражлівымі рухамі гаспадара і амаль не сумняваўся, што тут пахне нейкім злачынствам.
    Тады з ліхаманкавай паспешнасцю ўзапнуў на no­ri боты, напрануў паліто і цмыгнуў да дзвярэй. Дзверы, на шчасце, адчыніліся бадай без ніякага гуку. Карызна цішком перабег цераз двор і спыніўся перад варотамі хлева, пільна прыслухоўваючыся да таго, што дзеецца там, усярэдзіне.
    Ен пачуў голас. Маўклівы гаспадар вёў з некім досыць жвавую гутарку. Карызна напяў як мага свой слых і пачаў разбіраць кожнае слова. Гаспадар размаўляў з сваім канём.
    — Касютка... касютка... мой... мой касютка... Добры мой коська... Я ж цябе выгадаваў, я ж цябе вырасціў. Ты ж быў маленькае зусім жарабятка, я цябе насіў на руках... Ты ж бегаў за мной, як сабачка, прасіў у мяне хлебца кавалак. Матка ў цябе была добрая, прыгожая кабыла, але старая. Адслужыла яна мне свой век, адпакутавала разам са мной. Слабая ўжо стала была, прыставала. А ты ж добры, крэпкі канёк. Ты стараешся, шчыра працуеш, не натурышся, любіш свайго гаспадара. Касютка мой... коська... Ты ўжо будзеш не мой. Паедуць на табе чужыя людзі, не да-
    гледзяць цябе, не накормяць цябе, не напояць. Будуць біць цябе, пасякуць тваю гладкую скуру. He будзеш ты ўжо падбрыкваць, як у мяне... Аддам я цябе, свайго коську... Аддам, касютка, аддам... He будзе ў мяне майго касюткі... He будзе...
    Гаспадар раптам сціх, і ў адказ яму зарзаў ласкава, нібы з шчырай удзячнасцю, конь. Потым колькі секунд стаяла поўная цішыня, і раптам пачуў Карызна новыя дзіўныя гукі, нібы квактала там курыца, склікаючы да сябе сваіх пісклянят. Карызна не адразу зразумеў, што гэта дзіка, нязвыкла, мо ўпершыню ад далёкіх дзіцячых год плача даўгі маўклівы мужчына.
    Дзіўнае, незразумелае пачуццё, падобнае да страху, апанавала тады Карызну, і ён кумільгам кінуўся цераз двор у хату, з сутаргавай паспешнасцю скінуў боты, паліто і схаваўся пад коўдру.
    Так, гэта быў-ткі сапраўдны страх. Гэта страх быў самога сябе, сваіх пачуццяў, бо Карызна пачуў быў там, ля варот, што гатоў сам заплакаць разам з дурным сентыментальным гаспадаром.
    Спаць... Трэба спаць... Сон развее гэтую праклятую мару, а заўтра ён адно будзе смяяцца з дурнога свайго ўтрапення.
    Але ж які там сон? Сон і блізка не ідзе да яго. Ен тужыцца з усіх сіл, каб скупчыць думкі на якім-небудзь староннім прадмеце, стараецца заняць якімнебудзь староннім вобразам сваё ўяўленне, а ў гэтым уяўленні замест усяго з’яўляецца вясёленькі палавенькі канёк, якога ён помніць з даўніх дзён свайго дзяцінства. Гэта быў цудоўны канёк. У яго спіна была кругленькая, як жбанок, і праз яе праходзіў уздоўж роўненькі аксамітны шнурочак. На ім было мякка і небяспечна ездзіць. Кожнага разу, ведучы пасвіць, Сымон валіўся з яго — ён спрытна ўмеў скідаць з сябе, гэты канёк! — але ніколі не наракаў Сымон на свайго ўлюбёнца, бо той заўсёды спыняўся, як чуў на сабе пустое месца, варочаўся да нешчаслівага ездуна і, стаўшы над ім, ірзаў у вясёлым спачуванні. I пакорна згінаў сваю шыю, каб па ёй маленькі гаспадар мог узглабацца на яго круглую, як жбанок, спіну.
    Карызна помніць, як прадаваў бацька гэтага канька. Колькі наплакаўся тады маленькі Сымон, колькі нагараваўся, колькі начэй не паспаў, усё думаючы аб сваім таварышу...
    I ў гэты момант Сымон Карызна, сакратар партыйнае ячэйкі, ловіць сябе на тым самым мяккім жаласлівым пачуцці, якое калісьці было ў дзяцінстве. Толькі трудна азначыць, ці яго нарадзіў успамін пра тое даўняе, дзяцінскае, ці мо падслуханы плач дурнога гаспадара. Але ён з страхам, з жудасцю чуе, як горла яму сціскаюць спазмы.
    Карызна ўпадае ў шалёную злосць. Ен шумна варочаецца на ложку, скрыгае зубамі і шэпча, каб заглушыць самога сябе:
    — Гэта — рабства. Гэта пракляты ідыятызм патрыярхальнае вёскі. Трэба знішчыць гэта, трэба смяяцца з гэтага. Так, трэба смяяцца.
    Ен уяўляе сабе даўгога нязграбнага гаспадара, як стаіць ён, абняўшы маленькага калматага канька, і цалуе яго ў мяккую пысу. Так, пэўна, што ён цалаваў яго. Вядома, што цалаваў. Цалаваў... Хі-хі-хі...
    Але смех не смешны зусім. Фальшывы смех. Даўгалыгая постаць гаспадара над мізэрным каньком настойна, непераможна выклікае спагаду.
    Карызна ўдаецца тады ў разважанні, даводзіць самому сабе:
    — Трэба ламаць сябе, трэба выкрышваць з сябе гэтыя закамянелыя нарасці дробнабуржуазнае псіхікі, якія ляжаць цішком унутры і якіх не чуеш зусім, пакуль не растопяцца яны ў цеплыні агіднае сентыментальнасці і не зальюць нутро млявым бяссіллем.
    — Трэба быць жорсткім. I перш-наперш — да самога сябе.
    У гэтую ноч адкрылася Сымону Карызну ўся глыбіня перабудовы вёскі, увесь нявідны нутраны бок гэтага вялікага гістарычнага працэсу. Ен зразумеў, што не толькі справа тут ідзе ад змены спосабу гаспадарання, аб пераходзе да больш дасканалае гаспадарчае сістэмы, што тут становіцца задача найглыбейшае пераробкі самога чалавека, вызвалення яго з-пад жудаснага гнёту ўласнае рабскае псіхікі. I гэтая грандыёзная задача мусіць быць развязана не старымі аблуднымі метадамі недалужнага культуртрэгерства, а рашучым рэвалюцыйным ударам.
    Прачнуўся ўранні Карызна ад звонкага дзяцінага голасу гаспадарчае дачкі. Яна нешта рабіла тут, у святліцы, і, забыўшыся, мусіць, на яго, а мо і сумысля, каб разбудзіць, голасна загаманіла з некім праз акно. Потым схапянулася, зірнула на яго сваімі
    быстрымі чорненькімі вочкамі, засаромелася і ўцякла.
    Карызна ясна ўсміхнуўся. Устаўшы з ложка, ён перш-наперш падышоў да акна і зірнуў на двор. Там маўклівы гаспадар спакойна запрагаў у сані чыстага гладкага канька, рыхтуючыся весці яго на зборны пункт. На санках ляжала акуратна складзеная запасная збруя.
    Карызну хацелася, каб тое, што перажыў ён уначы, было звычайным, троху непрыемным сном.
    12
    Прыехаў ён у Сівец гадзіне аб адзінаццатай. Лекцыі ягоныя былі зрання — ён спазніўся на іх. He заходзячы ў класы, ён адразу пайшоў да сябе на кватэру. Жонкі ў хаце не было. Гэта троху здзівіла яго і троху суцешыла.
    На стале ляжаў нераспячатаны ліст. Ен падумаў адразу, што ад дачкі, але ўбачыў на канверце зусім незнаёмае непрыветна крывое пісьмо. Разадраў і здрыгануўся не то ад здзіўлення, не то ад прыкрасці. Ліст быў ад бацькоў. У ім пісалася:
    «Даражэнькі сынок Сымонка!
    Даўно ўжо не мелі ад цябе ліста і не ведаем, ці жыў ты там, ці здароў. А цяперашнім светам ці мала што можа здарыцца з чалавекам. Бывае, каторы богу душой невінават, а тым часам зробяць яго на немаведама што. У нас жыццё, Сымонка, дрэннае. Жывём і самі не ведаем, да чаго дажывёмся. Ці давядзецца ўжо і ўбачыцца калі з табой, наш даражэнькі сынок. Абклалі нас усім-усякім, як жывадзёраў якіх, запісалі ўжо ў кулакі і кажуць, што будуць раскулачваць, а мо і сашлюць куды на пагібель. А ты ж сам ведаеш, Сымонка, якія мы багатыры. За вашай жа, дзеткі, дапамогаю і абжыліся сяк-так, а то ж свету божага не бачылі. I вось не ведаем самі, што тут рабіць. Прадаваць што — баімся, каб не засудзілі, а грошай няма, ты ж ведаеш, усё ў гаспадарку клалі. Як не дай божа вышлюць, дык прыйдзецца ехаць і голым і без капейкі. Парай ты нам, даражэнькі сыночак, што рабіць, куды кінуцца. Ты ж ткі сам партыйны і добра знаешся ў гэтых справах. Матка зусім слабая, ледзьве ступае па хаце, а бацька троху трывае. Лаўрэн паехаў да цесця разам з Арынаю — можа, там якую
    раду парадзяць. А мы адны з дзецьмі асталіся. Напішы, сынок, парай, даражэнькі, можа яшчэ як і можна пера круціцца...»
    Далей Карызна не чытаў. Склаў скоранька ліст і ўсунуў назад у канверт, паклаў пад цяжкі груд кніжак. Зусім мімаволі, інстынктыўна азірнуўся на бакі, як злодзей.
    Кулакі... За вашаю, дзеткі, дапамогаю...
    Ён даваў і грошы і парады. Ен пісаў, каб развіналі гаспадарку, каб не баяліся, наймалі, калі спатрэбіцца, бо гэта Савецкая ўлада не забараняе. Ен раіў ім адысці на хутар ці, прынамсі, на пасёлак, бо лягчэй будзе тады паставіць на ногі гаспадарку...
    Кулакі... Хто кулакі? Яны ці ён? Іх, старых, хворых, гатовы выслаць з межаў раёна, а мо акругі, a мо рэспублікі... А ён? Што мусіць рабіць ён? Як ён паглядзіць людзям у вочы? Што ён скажа сваім тут, што скажа партыі?
    Гэта бьіў папраўдзе страшэнны ўдар. Захоплены цалкам работай, клопатамі, Карызна да гэтага часу не ўправіўся неяк падумаць пра свае асабістыя справы (а мабыць, было ў іх яшчэ ці мала чаго не зусім чыстага?), ён забыўся на асабістае.
    Сама што і забыцца тады на асабістае, калі яно не зусім чыстае! Самаадданасць, ха-ха!
    Ну, вось і ўсё. Падышло немінучае. Ен — кулак. He яны, а ён кулак, бо ж ён зрабіў іх і сябе — так-так, і сябе — кулакамі, свядома зрабіў, прынцыпова, так, як рабіў і шмат каго іншых. О, было і гэта! Некалькі вёсак выключна за яго дапамогаю пайшло на пасёлкі. Гэта было, праўда, не тут, гэта было там, дзе працаваў ён перад гэтым.