Этнаграфічная спадчына: Беларусь: Традыцыйна-бытавая культура
Віктар Цітоў
Выдавец: Беларусь
Памер: 207с.
Мінск 2001
Пытанні, заданні:
1. Чаму чалавек надае асобую ўвагу арганізацыі інтэр’ера ў сваім жыллі?
2. Што ўяўляла сабой традыцыйная курная хата? Якія асноўныя структурныя часткі вылучаліся ў ёй?
3 Дзе размяшчаўся красны кут, як ён афармляўся і якое сімволікаабрадавае значэнне выконваў?
4. Раскажыце пра спосабы асвятлення хаты.
5. Што такое «Жаніцьба коміна»?
6. Якую ролю адыгрываў агонь хатняга ачага ў звычаях і павер’ях беларусаў?
7. Якія істотныя змены ў інтэр’еры народнага жылля адбыліся ў другой палове XIX cm.?
Народнае дойлідства.
Звычаі і абрады
Як адзначалася, амаль усе пабудовы ў беларускай вёсцы рабіліся з дрэва. Драўлянае дойлідства беларусаў мае глыбокія і трывалыя традыцыі, якія фарміраваліся ва ўласцівым Беларусі экалагічным і гісторыкакультурным асяроддзі. Увасобіўшы ў сабе шматвяковы вытворчы вопыт, яно выпрацавала свае стылявыя напрамкі, найбольш аптымальныя прыёмы і спосабы будаўніцтва з улікам функцыянальнага прызначэння памяшканняў, іх узаемадапасавання ў агульным ансамблі, а таксама адносін да акаляючага асяроддзя і наяўных рэальных магчымасцей.
Драўлянае дойлідства было адным з самых распаўсюджаных і прыярытэтных рамёстваў у Беларусі са стара
73
жытных часоў. Яшчэ ў пачатку XX ст. на палескіх кірмашах можна было купіць усе «запчасткі» і сабраць з іх цэлую хату. Тут прадаваліся ў розніцу брусы, кроквы для стрэх, вушакі для асады дзвярэй і вокнаў, дошкі, дахавыя матэрыялы (гонта, дранка), дзверы, аконныя рамы і інш. Мноства будаўнічых матэрыялаў па Дняпры, Прыпяці, Нёмане, Заходняй Дзвіне вывозілася за межы Беларусі.
Асноўная парода, што часцей за ўсё ўжывалася ў будаўніцтве,— хвоя, ці сасна. 3 іншых парод істотнае значэнне мелі елка і дуб. 3 дубу рабілі аснову фундамента (штандары, палі), ніжні вянок зруба (падруба), прамежкавыя шулы сцен, апорныя слупысохі ў гумнах, павецях, паграбах, а таксама асобныя элементы жылля — парог, вушакі, падаконнікі і інш. Трываласць і даўгавечнасць дубовай драўніны павышалі попыт на будаўнічы матэрыял з яе, разам з тым цвёрдасць і масіўнасць патрабавалі больш намаганняў пры яе апрацоўцы. Жыллё, цалкам пабудаванае з дубу, сустракалася ва Усходнім Палессі.
Асіна ў народных светаўяўленнях і міфалагічных сюжэтах лічылася дрэвам нядобрым і надзялялася магічнымі засцерагальнымі функцыямі: забіць асінавы кол у магілу нябожчыкачарадзея, каб яго дух па начах не палохаў прахожых, або ў след нядобрага чалавеказлыдня, каб той ніколі не вярнуўся сюды,— гэтыя павер’і захоўваліся ў народным асяроддзі яшчэ ў пачатку XX ст. Паводле старажытнага павер’я, не раілася будаваць хаты і хлявы з асіны, выключэнне рабілася для гумен і адрын, дзе захоўвалася салома, сена. Аднак, як паказваюць этнаграфічныя матэрыялы канца XIX — пачатку XX ст., гэты звычай ужо не вытрымліваўся. Асіна і вольха шырока выкарыстоўваліся на Палессі як у гаспадарчых, так і ў жылых пабудовах. Відавочна, практычныя меркаванні і цвярозы разлік выступалі тут на першы план, разбураючы больш раннія формы вераўяўленняў.
Цяслярскае (дойлідскае) рамяство спалучала ў сабе мноства тэхнічных прыёмаў — счэсванне, струганне, расколванне, распілоўку, выдзёўбванне, свідраванне, вымярэнне, дакладнае валоданне якімі і іх вар’іраванне ў канкрэтнай рабоце вызначалі не толькі індывідуальнае майстэрства, але і агульны ўзровень, мясцовы стыль і нават школу народнага дойлідства. Асноўныя інстру
74
менты, якія прымяняліся пры гэтым,— розныя віды сякер, што былі прыстасаваны для тых ці іншых работ, у прыватнасці сякера цяслярская (звычайная), калун (служыў для расколу кароткіх бярвён на плахі), шклюд (меў шырокае лязо, заточанае з аднаго боку, і служыў для счэсвання бярвенняў).
Цяслярская піла, вядомая па археалагічных знаходках яшчэ ў XIV ст., асабліва шырока распаўсюдзілася ў вытворчай практыцы ў другой палове XIX ст. Паралельна з ёй у гэты час усё часцей ужывалася і падоўжная піла, што служыла для распілоўкі бярвенняў на дошкі і брусы. Распілоўка дошак нярэдка вылучалася ў самастойны промысел, калі пільшчыкі хадзілі па вёсках, прапануючы свае паслугі. Разам з тым у маёнтках ужо ў XVIII ст. працавалі лесапільні (тартакі).
У той час як народнае дойлідства абыходзілася без адзінага жалезнага цвіка, асобае значэнне набывалі такія інструменты, як долата і свердзел, з дапамогай якіх трывала мацаваліся асобныя элементы і будаўнічыя канструкцыі. Сярод іншых інструментаў упамянём старажытныя цясло, струг і розныя вымяральныя прыборы (ватэрпас, шнур, драка, цыркуль і інш.). Нягледзячы на адноснае падабенства гэтых інструментаў у беларусаў і суседніх народаў, іх выкарыстанне ў канкрэтнай рабоце, працоўныя навыкі, будаўнічыя канструкцыі, дэкор, дапасаванне да мясцовых ландшафтаў выяўлялі тут шмат прыватных асаблівасцей.
На тэрыторыі Беларусі здаўна былі вядомы дзве асноўныя будаўнічыя канструкцыі — слупавая і зрубная, якія мелі шэраг тыпалагічных варыянтаў і пераходных форм і часта спалучаліся ў адной і той жа пабудове. У больш архаічным варыянце сцены слупавых пабудоў уяўлялі сабой каркас з жэрдак, які заплятаўся гнуткімі галінамі івы, уцяпляўся саломай, трыснягом, чаротам. Часам плецены каркас абмазвалі глінай. Звычайна такая канструкцыя ўжывалася ў будаўніцтве гаспадарчых і падсобных памяшканняў: павеці, адрыны, хлява, сенцаў.
Зрубная канструкцыя ўяўляе сабой зруб з круглых ці брусковых бярвенняў, злучаных паміж сабой у просты (з астаткам) або гладкі (чысты) вугал. Гэтая канструкцыя асабліва шырока ўжывалася ў жыллі, клецях, свірнах, а таксама ў культавых пабудовах.
Пераходным варыянтам ад каркаснаслупавой да
75
зрубнай тэхнікі драўлянага дойлідства з’яўлялася зрубнаслупавая канструкцыя, якую яшчэ называюць закладной, ці «ў закідку». Слупы ў выглядзе прамежкавых шулаў былі неабходным элементам доўгіх сцен зруба. Амаль на ўсёй тэрыторыі Беларусі шульную канструкцыю выкарыстоўвалі ў будаўніцтве гумен, хлявоў, сенцаў. Яна шырока бытавала ў сярэдняй паласе Расіі і на Украіне.
Зруб хаты ніжнім, больш тоўстым, звычайна дубовым, вянцом (падруба) ставілі на падрыхтаваную пляцоўку. Часта пад яго падкладвалі папярочныя дубовыя бярвёны — лігары або закопвалі па вуглах дубовыя калоды — штандары. На Палессі на нізкіх пойменных участках жыллё і падсобныя пабудовы (свірны, клеці, сырнікі і інш.) нярэдка ставілі на палях. У Панямонні, як і ў Падзвінні, у зоне канечнамарэнных град ужо ў другой палове XIX ст. нярэдка сустракаўся каменны фундамент — падмурак. Аснову зруба ў большасці абкопвалі па перыметры зямлёй, утвараючы прызбу.
У спосабах завяршэння жылля можна вылучыць некалькі канструкцыйных рашэнняў, цесна звязаных з апорнай асновай і формай страхі. На тэрыторыі Беларусі вядомы дзве старажытныя канструкцыі стрэх — зрубная і каркасная, якія былі распаўсюджаны на вялікай тэрыторыі славянскага рассялення. Зрубная канструкцыя страхі, у сваю чаргу, падзяляецца на два раней упамянутыя варыянты — двухсхільную закотавую (на сволаках, на лемягах, на гадунах) і пірамідальную, ці стажковую («чубам», «гаршком»). Больш распаўсюджанай была закотавая страха, уласцівая як жылым, так і гаспадарчым пабудовам. Яна мела зрубны шчыт (закот, франтон), што складаўся з паступова ўкарочаных кверху бёрнаў, на якія клаліся падоўжныя бярвеннісволакі, утвараючы апорную аснову страхі. Нярэдка сволакі ўшчыльную падганяліся адзін да аднаго, утвараючы пукатую (скляпеністую, «гарбатую») столь, паверх якой уладкоўвалася страха.
Канструкцыйнай асновай пірамідальнай, ці стажковай, страхі з’яўляліся паступова ўкарочаныя бярвенні, якія клалі адно на адно ў высечаныя гнёзды з прамежкамі ў 20—40 см усё бліжэй да цэнтра, утвараючы пірамідальнае завяршэнне. У сялянскіх пабудовах, асабліва ў гумнах, такая канструкцыя сустракалася яшчэ ў пачатку XX ст. на тэрыторыі Палесся.
76
Даволі распаўсюджанымі ў беларускім народным дойлідстве былі і каркасныя дахавыя канструкцыі. Сярод іх вылучаюць тры асноўныя варыянты: сошную, паўсошную (дзядковую) і кроквенную. Сошная, або слупавая, канструкцыя з’яўлялася найбольш старажытнай і даўжэй за ўсе захоўвалася ў гаспадарчых пабудовах тыпу гумнаў і адрын.
Будаўніцтва жылля ў народнай традыцыі было абстаўлена разнастайнымі звычаямі, абрадамі, абярэгамі, якія адзначалі яго важныя ідэйна значымыя этапы: выбар месца для жылля, нарыхтоўку і першасную апрацоўку драўніны, закладку фундамента, узвядзенне страхі, улазіны, або былі звязаны з выбарам будаўнічых матэрыялаў, рэгламентацыяй колькасці вокнаў, іх арыентацыяй, размяшчэннем печы, покуці і інш.
Асобая ўвага надавалася выбару месца для жылля. Пры выбары месца гаспадар кіраваўся як чыста рацыянальнымі меркаваннямі (зручнасць камунікацый, характар грунту, акаляючы ландшафт, формы ўласнасці, суседства і т. п.), так і старажытнымі ўяўленнямі, асвечанымі шматвяковай фальклорнай традыцыяй, якая аказвалася, на здзіўленне, вельмі жыццяздольнай. Звычай не дазваляў будаваць хату на скрыжаванні дарог і на закінутых шляхах; народнае павер’е звязвала апошнія з «чортавымі шляхамі», дзе па начах блукаюць злыдні. Непрымальным для жылля лічылася і тое месца, дзе раней стаяла лазня (у міфалагічных сюжэтах яна часта фігуруе як прыстанак ведзьмаў). Праклятым называлася тое месца, на якім адбылося забойства ці былі калісьці знойдзены чалавечыя косці.
Гаспадар прыдзірліва і скрупулёзна выбіраў месца, якое несла на сабе пэўны сімволікаідэйны сэнс і было звязана асацыятыўна з вобразамі дабрабыту і шчасця. Перавага аддавалася раней абжытым, выпрабаваным мясцінам, дзе ўжо калісьці стаяла хата, у якой мірна і бестурботна працякала жыццё яе гаспадароў. Шчаслівым лічылася тое месца, якое аблюбоўвала сабе для адпачынку рагатая жывёла. Менавіта свойская жывёла разглядалася ў славянскай міфалогіі як сімвал хатняга дабрабыту.
У Паўночнай Беларусі ў якасці сімвала дабрабыту фігуруюць наогул усе жывыя істоты; там, дзе яны пасяляюцца, месца не можа быць праклятым. У гэтай сувязі назіралі за паводзінамі насякомых, у прыватнасці
77
мурашак, якія былі свайго роду «лакмусавай паперкай». У папярэдне аблюбаванае месца для жылля на ноч ставілі пасудзіну з мёдам; калі да ранку сюды запаўзалі мурашкі, месца лічылася прыдатным для жылля. На Віцебшчыне быў вядомы і спосаб варажбы на камянях: селянін браў невялікія камяні з чатырох палёў (ці зямельных палос), клаў іх запазуху або нёс на галаве пад шапкай на аблюбаванае месца, дзе складваў па вуглах мяркуемай будоўлі; калі тры дні апасля камяні заставаліся ляжаць на ранейшым месцы, выбар лічыўся ўдалым.