• Газеты, часопісы і г.д.
  • Этнаграфічная спадчына: Беларусь: Традыцыйна-бытавая культура  Віктар Цітоў

    Этнаграфічная спадчына: Беларусь: Традыцыйна-бытавая культура

    Віктар Цітоў

    Выдавец: Беларусь
    Памер: 207с.
    Мінск 2001
    62.78 МБ
    55
    Замкнутая забудова была цесна звязана з падсечнай сістэмай земляробства, з працэсам гаспадарчага асваення лясных імшараў, з’яўляючыся характэрнай рысай маладворных паселішчаў. Раскіданыя на неабсяжных імшарах сярод лясістых пагоркаў удалечыні ад вялікіх дарог, гэтыя паселішчы, як і кожны асобны двор, паходзілі на маленькія крэпасці, неабходную абарону ад лясных драпежнікаў і ліхадзеяў. Заўважым, што гэты рэгіён, знаходзячыся на міжэтнічным сумежжы, вельмі часта аказваўся на шляху рабаўніцкіх паходаў суседніх дзяржаў, што наклала адбітак на культуру.
    Замкнутыя двары з’яўляліся старажытным тыпам забудовы, аб чым, у прыватнасці, сведчаць археалагічныя крыніцы. У XIX —пачатку XX ст. яны былі больш уласцівы для заможных сялян. Апошнія размяшчалі свае пабудовы кампактна па крузе, адгароджваючы іх ад вуліцы парканам з высокай брамай. Такая ж сістэма дваровай забудовы назіралася ў шляхецкіх аколіцах і засценках. Пры гэтым жылыя дамы тут часта размяшчаліся ў глыбіні двара, далей ад вуліцы.
    Адным з варыянтаў замкнутай сістэмы забудовы быў двор з кампактным размяшчэннем жылых і гаспадарчых памяшканняў, якія будаваліся ў адзіным комплексе. У адным выпадку гаспадарчыя памяшканні будаваліся побач з жыллём пад высокай страхойпаветкай. У другім — хлявы прымыкалі да падоўжанага тыльнага боку жылля, маючы з ім агульную сцяну. Агульным сувязным памяшканнем для іх з’яўляліся сенцы, якія мелі выхад на ўсе чатыры бакі: у хату, варыўню, на двор і ў хлявы. Кампактнае размяшчэнне пабудоў уяўляла сабой аптымальны варыянт, які падказала народная практыка у больш суровых кліматычных умовах. Аналагічная традыцыя ярка выяўлялася ў народным дойлідстве рускай Поўначы і Скандынавіі.
    He менш распаўсюджанай у XIX — першай палове XX ст. была аднарадная (пагонная) сістэма забудовы. Пабудовы ў гэтым выпадку ўтвараюць адзіную аднарадную сувязь: следам за хатай і сенцамі размяшчаліся клець або варыўня, павець, хлявы, адрына. Часам адрына з сенам знаходзілася паміж хлявамі; з аднаго боку ад яе знаходзіліся хлявы для буйной рагатай жывёлы, з другога—для коней і авечак (канюшня і аўчарнік); гэта стварала пэўныя зручнасці пры стойлавым утрыманні і доглядзе жывёлы.
    56
    Кампактная забудова (крыты двор). Паазер’е а) агульны выгляд, рэканструкцыя, б) план
    У другой палове XIX ст. разам з ростам сацыяльнай дыферэнцыяцыі і абеззямеленнем часткі сялянства аднарадныя забудовы атрымалі больш шырокае бытаванне. Размешчаныя на даволі вузкіх сядзібных палосках, яны
    57
    цясніліся адна каля адной, утвараючы вузкія выцягнутыя двары, што абмяжоўваліся з другога боку сцяною суседняга пагону.
    У Панямонні, а таксама ў заходніх раёнах Палесся сустракаўся своеасаблівы варыянт аднараднай забудовы з двума дваровымі комплексамі, што належалі розным гаспадарам і размяшчаліся на адным сядзібным участку, выцягнуўшыся ў адзін доўгі пагон.
    У Беларусі быў вядомы і двухрадны тып забудовы, які ўяўляў сабой прамежкавы варыянт паміж замкнутым і аднарадным тыпамі. У Падняпроўі і Усходнім Палессі нярэдка сустракалася і Гпадобная (сцяжковая) забудова; звычайна тут услед за жыллём ставілі клець, адрыну, хлявы.
    Як паказваюць этнаграфічныя матэрыялы, на тэрыторыі Беларусі сустракаліся амаль усе асноўныя тыпы сядзібных забудоў, што былі ўласцівы шырокай зоне славянскага рассялення. Кожны з гэтых тыпаў адрозніваўся прыватнымі асаблівасцямі і меў свае варыянты. У самой планіроўцы сядзібных забудоў не было строга вызначаных, цвёрдых канонаў. Кожны гаспадар улічваў функцыянальную мэтазгоднасць, узаемасувязь і лагічную завершанасць асобных пабудоў і ўсяго архітэктурнага ансамбля, узгадняючы іх з канкрэтнымі патрабаваннямі (эканомія рабочага часу, гігіенічнасць, зручнасць пад’езду, ахаванасць, супрацьпажарная бяспека, рэльеф і інш.), як і з рэальнымі магчымасцямі, эканамічным узроўнем гаспадаркі.
    Пытанні, заданні:
    1.	3 якіх памяйіканняў складалася сядзібная забудова?
    2.	Якія памяімканні будаваліся ў комплексе з жыллём?
    3.	У чым істотная розніца клеці і свірна, варыўні і склепа, асеці і еўні?
    4.	Якія асноўныя тыпы сядзібнай забудовы былі распаўсюджаны ў Беларусі?
    5.	Што такое замкнуты (вяночны) двор? Зрабіце некалькі схеммалюнкаў розных тыпаў сядзібнай забудовы.
    58
    Інтэр’ер традыцыйнага жылля
    Інтэр’ер жылля — гэта ўнутраная прастора, функцыянальна і эстэтычна арганізаваная. Ён уключае канструкцыю і аб’ёмныя формы ўнутранага памяшкання, яго структуру, узаемныя прапорцыі, мэбліроўку, асвятленне, убранства, мэтазгодную расстаноўку розных прадметаў, што служаць свайго роду сямейным антыкварыятам. Свет бытавых рэчаў, якія выступаюць як натуральныя аб’екты ў разнастайных сувязях і ўзаемных дачыненнях, раскрывае шырокую панараму народнага жыцця, яго паўсядзённы лад і рытм. Разнастайныя рэчы хатняга ўжытку, начынне, падсобны інвентар, мэбля, тканіны, харчовыя прыпасы займалі ў сістэме інтэр’ера сваё звыклае, уласцівае ім месца, размяшчаліся ў пэўнай паслядоўнасці і парадку, утвараючы пэўную функцыянальную і кампазіцыйную ўзаемасувязь.
    Інтэр’ер стварае асобы мікраклімат, настрой душы і сведчыць не толькі пра матэрыяльны, але і духоўны лад жыцця, уласцівае кожнаму народу культурнае асяроддзе, народныя звычаі і вераванні. Рэканструкцыя інтэр’ера па археалагічных, пісьмовых, этнаграфічных, іканаграфічных крыніцах мае важнае значэнне пры вывучэнні культуры і паўсядзённага побыту беларусаў са старажытных часоў.
    Да 60—70ых гадоў XIX ст. вясковыя хаты ў большасці сваёй былі яшчэ курнымі. Яны мелі глінабітныя курныя печы без коміна; печ размяшчалася справа, радзей злева каля ўвахода. Калі яе палілі, дым ішоў на хату і выходзіў праз верхнік (вяршок, дымнік, душнік) — адтуліну ў столі ці верхніх вянцах зруба за печкай. Пасля палення верхнік закрываўся накрыўкай ці мяшком з сенам. Частку гарачага вуголля зграбалі ў нішуямачку, што знаходзілася збоку каля вусця печы на прыпечку; зверху жар закрывалі слоем попелу,— у такім стане ён не згасаў да наступнай раніцы і выкарыстоўваўся для распальвання печы. Нязгасны вечны агонь хатняга ачага быў сімвалам сямейнага шчасця і дабрабыту. Калі вугалі выпадкова гаслі ў ямачцы, гэта лічылася дурной прыкметай. Старажытнае павер’е не раіла пазычаць агонь у святочныя дні па суседству з хаты ў хату, бо, як лічылася, разам з агнём да суседа
    59
    Курная хата.
    В. Кашына Нараўлянскага рна
    Курная хата.
    Навагрудскі пав. (пач. XX cm.)
    магла перайсці і частка дабра і сямейнага шчасця. Агнём даражылі як сямейнай святыняй, што ўвасабляла дух продкаў.
    60
    Хата мела высокі парог і нізкія дзверы (у сярэднім 100X145 см), што спрыяла захаванню цяпла ў зімовы час. Дарэчы, у курнай хаце дасягалася максімальная эканомія цяпла, каэфіцыент карыснага дзеяння якога складаў 80—90 %, у той час як у больш позніх хатах, што мелі «белыя» печы з дымаходам, гэты паказчык складаў каля 20—30 %. Дзверы рабіліся з тоўстых колатых дошак і паварочваліся ў драўляных гнёздах — на бегунах. Тры невялікія валакавыя акенцы зачыняліся («завалакваліся») на ноч драўлянай засаўкай. Падлога ўяўляла сабой глінабітны ці земляны ток, на які летам у святочныя дні слалі аер. У вуглу каля печы знаходзіўся качарэжнік (камешнік) — месца, дзе стаялі вілкі для гаршкоў (ухваты), драўляная качарга (кавеня), чапяла, памяло, мяцёлка і інш. Над вусцем печы, пад столлю, замацоўвалася жэрдка (перасоўка), на якой сушылі адзенне, тканіну.
    Супраць печы каля ўвахода размяшчаўся гаспадарчы кут («бабін кут»), дзе каля дзвярэй стаяла кадушка для вады з конаўкай, далей на лаве — драўляныя вёдры, даёнка, карцы, апалушкі, сальніца, бельчык і інш. Над лавай на сцяне вісела кухонная паліца з посудам, побач — лыжачнік (драўляная планка з гнёздамі для
    61
    лыжак). Каля самых дзвярэй на круку вісела паўсядзённая верхняя вопратка (світка, бурнос, кажух, курта).
    Каля вугла печы, звернутага ўнутр памяшкання, знаходзіўся канёвы стоўб (конь), што служыў апорай для спальнага памоста і меў пэўнае сімволікаабрадавае значэнне. Частку памяшкання ад тарцовай (кутняй) сцяны займаў спальны памост — пол, тут ляжалі матрац (сяннік), пуховыя падушкі, посцілкі; часам памост падзяляўся на дзве часткі ўзорным тканым дываном, ці полагам. Вышэй, на ўзроўні лежака печы, быў уладкаваны больш вузкі пол, або палаці. Пад столлю ўздоўж сцен мацавалі па дзве паралельныя жэрдкі — грады, на якіх сушылі лучыну, складвалі прылады ткацтва, кудзелі льну, маткі нітак, лыка для лапцей, аўчыны і інш. Месца пад спальным памостам (падполле) часам перагароджвалі на два адсекі: у адным захоўвалася гародніна, у другім — розныя рэчы хатняга ўжытку.
    Ніжэй вокнаў уздоўж сцен (амаль па ўсёй даўжыні іх) уладкоўвалі шырокія лавы, якія сходзіліся на покуці. Яны служылі за сто гадоў і былі для беларусаў свайго роду сямейнай рэліквіяй. У час наваселля лавы ўрачыста пераносіліся са старой хаты ў новую. Яны пакідаліся ў старой хаце ў тым выпадку, калі на іх паміраў хтосьці з членаў сям’і. На скрыжаванні лаў, на покуці, ставілі хлебную дзяжу, прыкрытую чыстым ручніком,— сімвал дастатку і дабрабыту.
    Покуць (красны кут) — найбольш шаноўнае месца ў хаце, асвечанае ўстойлівай традыцыяй духоўнага жыцця. Яна выконвала важную ролю ў паўсядзённых звычаях і абрадах. На покуці развешвалі абразы, убраныя ўзорнымі ручнікамі (набожнікамі), пучкі асвечаных у царкве жытнёвых каласоў і траў. Нярэдка абразы памяшчалі ў бажніцу, зробленую ў выглядзе драўлянай шафкі. Найбольш устойлівая сувязь у структуры інтэр’ера — размяшчэнне покуці па дыяганалі ад печы. Гэты звычай быў уласцівы ўсім усходнеславянскім народам і адпавядаў народным уяўленням пра структуру сусвету. Покуць сімвалічна атаясамлівалася з усходам і поўднем, у той час як процілеглы кут (дзе стаяла печ) — з захадам і поўначчу.
    На покуці стаяў засланы абрусам стол, на ім звычайна пакідалі хлеб, прыкрыты ручніком ці абрусам. За абедам у будні дзень абрус здымалі, і ўся сям’я садзілася
    62
    Палаці ў доме Злотнік В.
    В. Лешня Капыльскага рна. 1979 г.
    Стол.
    В. Старынкі Валожынскага рна
    63
    Архаічная мэбля: табурэты гнутыя, зэдлік, услон
    за стол, займаючы месца ў пэўнай паслядоўнасці: на покуці — гаспадар дома, за ім — па старшынстве іншыя члены сям’і. Сярод мэблі, апрача даў, палічак, кутняга стала, шырока ўжываліся ўслоны, зэдлікі, архаічныя табурэты (у форме куба), дзіцячыя стойкі, хадуны, уласцівыя той ці іншай мясцовасці формы калысак.