Этнаграфічная спадчына: Беларусь: Традыцыйна-бытавая культура
Віктар Цітоў
Выдавец: Беларусь
Памер: 207с.
Мінск 2001
У сярэдняй паласе Беларусі і далей на поўдзень характар рассялення вызначаўся большай кампактнасцю і шчыльнасцю, тут пераважалі паселішчы сярэдніх і буйных памераў у 20—40 і болей сядзіб з выразнай вулічнай планіроўкай. Найбольш густа населенымі былі СлуцкаНясвіжская раўніна, што лічылася жытніцай Беларусі, і сярэдняе Панямонне (раён Наваградка, Ваўкавыска, Ліды).
Урадлівыя землі здаўна вабілі сюды земляробаў; дзе раней былі лясныя пушчы, пасля інтэнсіўнай дзейнасці чалавека рассцілаліся акультураныя ландшафты — вёскі, палі з пасевамі збожжавых і рэдкія пералескі. На геаграфію сельскіх пасяленняў і іх планіроўку ў Панямонні і Цэнтральнай Беларусі прыкметны ўплыў аказала аграрная рэформа, так званая «Устава на валокі» 1557 г. У выніку яе правядзення было пабудавана шмат новых «устаўных» вёсак вулічнага тыпу з жылымі памяшканнямі на адным баку вуліцы і гаспадарчымі пабудовамі — на другім. Такая планіроўка захавалася тут да пачатку XX ст. Паселішчы размяшчаліся звычайна на адкрытай мясцовасці ўздоўж дарог і бойкіх трактаў, побліз рэк і азёр. Вулічныя вёскі звычайна агароджваліся; уезд у вёску вёў праз браму, дзе стаяў драўляны крыж, аздоблены ўзорным ручніком.
Прырода і культурны ландшафт Палесся мелі сваё непаўторнае аблічча. Найбольш заселенымі былі на ўсходзе раён урадлівых лёсавых раўнін у ніжнім басейне Прыпяці (якая зараз аказалася ў «мёртвай зоне» Чарнобыля, у цэнтральнай частцы —старажытная Тураўшчына, а на захадзе — раён Загароддзя і Пабужжа (Падляшша). На большай тэрыторыі Палесся, у прыватнасці ў басейнах Случы, Лані, Пцічы, Арэсы, пераважаў прырэчны тып рассялення. Рэкі з’яўляліся тут важнымі
30
шляхамі мясцовых зносін і адыгрывалі істотную ролю ў паўсядзённым побыце. Уздоўж рэк цягнуліся заліўныя лугі, што служылі добрай кармавой базай для жывёлагадоўлі, прыбярэжныя тэрасы, рэшткавыя марэнныя ўзвышшы і пагоркі былі зручнымі для засялення. Вёскі вулічнага тыпу размяшчаліся паралельна рацэ, сядзібы выходзілі да ракі сваімі задворкамі і агародамі.
Паблізу Прыпяці геаграфія рассялення прыкметна мянялася з усходу на захад у залежнасці ад характару мясцовасці. На ўсходзе значную частку Палесся займае Мазырская града, што абрываецца ў Прыпяць крутымі ўступамі, утвараючы высокі правы бераг. Яшчэ ў сярэдзіне XIX ст. уздоўж Прыпяці ад Мазыра да Турава
31
прасціраліся маляўнічыя дубоваграбавыя лясы, якія чаргаваліся з ліпавымі гаямі; на іх фоне, гарманічна ўпісваючыся ў акаляючае асяроддзе, размяшчаліся мнагадворныя вёскі. Аднак па сярэднім цячэнні Прыпяці на адрэзку ад Турава да Пінска адкрываліся неабсяжныя імшары лясоў і балот, што рассцілаліся «шырока і дзяржаўна» на сотні вёрст па абодва бакі ад ракі. Рэдкія паселішчы былі раскіданы асобна ці групамі сярод непраходных Пінскіх балот і размяшчаліся часта на пясчаных астраўках, дзюнных пагорках. У глыбінных раёнах Палесся побач з мнагадворнымі сустракалася шмат хутарскіх пасяленняў. Некаторыя з іх узнікалі як прамысловыя буды, майданы і гуты, другія — як пасяленні мігрантаў, беглых сялян, што ратаваліся ад прыгону. Адміністрацыя казённых лясоў і мясцовыя землеўладальнікі часам толькі праз шмат гадоў даведваліся аб сваіх навасёлах і ўключалі іх у падатнае саслоўе.
Структура і знешні выгляд палескіх вёсак адрозніваліся значнай стракатасцю і мясцовай своеасаблівасцю. Яны адлюстроўвалі гармонію чалавека і прыроды, асаблівасці прыстасавання жыхароў да ўмоў акаляючага асяроддзя. Структура паселішчаў, іх планіроўка і знешнія контуры нярэдка стасаваліся з мясцовым рэльефам, улічвалі характар грунту, зручнасць пад’язных шляхоў. Штучныя дарожныя збудаванні — гаці, дамбы, масты, кладкі, пераходы былі неад’емнай рысай ландшафтаў. Часам уздоўж вуліцы пракладвалі канал, а для пад’езду да двароў узводзілі грунтоўныя гаці. Некаторыя пабудовы — свірны, клеці, а часам і хаты ўзводзілі на палях. На больш нізкіх, перыядычна затапляемых участках вуліц уладкоўвалі драўляныя тратуары, масткі, пераходы («лавы»).
Прыродная мяжа Палесся супадае з этнаграфічнай і сумяшчаецца на захадзе з масівам рэдка заселенай Белавежскай пушчы, затым па меры руху на ўсход перасякае вялікую луку Шчары ў яе вярхоўях, уключаючы ў свой арэал шырокі масіў Выганаўскіх балот. Тут на плошчы 1360 кв. вёрстаў у другой палове XIX ст. налічвалася ўсяго сем паселішчаў, размешчаных па краі балот. Аналагічны малюнак назіраўся і далей на ўсход у межах Прыпяцкага Палесся. Так, на тэрыторыі суседніх з Палессем раўнін Цэнтральнай Беларусі па вярхоўях Лані на працягу 46 км да сяла Локтышы налічвалася 24 населеныя пункты (не прымаючы пад
32
Тураў (XIX ст.)
увагу паселішчаў, размешчаных на адлегласці больш за кіламетр ад ракі); на поўдзень ад Локтышаў на працягу 96 км, да ўпадзення Лані ў Прыпяць, па берагах ракі размяшчалася ўсяго 5 паселішчаў, якія прыкметна адрозніваліся ад цэнтральнабеларускіх сваім архітэктурным абліччам і этнаграфічнымі рысамі. Такі ж характар рассялення захаваўся тут і ў больш позні час. У сярэдзіне XX ст. на тэрыторыі СлуцкаКапыльскай раўніны на кожныя 100 кв. км у сярэднім прыходзілася 20—22 паселішчы, у той час як у суседніх раёнах Палесся — толькі 7—8 паселішчаў, размешчаных пераважна па берагах рэк.
Характар рассялення адлюстроўвае гаспадарчую асвоенасць тэрыторыі, узаемаадносіны чалавека з прыродай, устойлівы лад жыцця народа, спецыфіку яго культуры. Жыццядзейнасць этнасу ў значнай ступені вызначалася экалагічным асяроддзем, якое арганічна пранікала ў яго духоўныя ўяўленні, уплывала на рассяленне, знешняе аблічча і тапаграфію сельскіх паселішчаў. Культура ў гэтым сэнсе вызначаецца як спосаб адаптацыі да адпаведнага экалагічнага і сацыяльнага асяроддзя.
2. Зак. 305.
33
Паселішчы ўзнікалі ў далёкім мінулым у выніку аселага ладу жыцця. 3 цягам часу яны зазнавалі эвалюцыю, разрасталіся да адміністрацыйных цэнтраў ці марнелі ў патрыярхальнай цішы, мянялі сваё аблічча, частка знікала з гістарычнай карты, на іх месцы ці побач утвараліся новыя. Усе паселішчы адрозніваліся паміж сабой памерамі, планіроўкай, архітэктурным сілуэтам, гістарычным паходжаннем, сацыяльным складам жыхароў. Да асноўных гістарычных тыпаў паселішчаў, шырока распаўсюджаных у Беларусі, належаць вёска, сяло, слабада, аколіца, фальварак, засценак, хутар. Нарэшце, у асобныя тыпы вылучаюцца мястэчкі і гарады.
Вёска (ад старажытнаславянскага «весь») — асноўны тып паселішчаў. Вядома з глыбокай старажытнасці, утваралася ў выніку рассялення земляробаў, якія асядалі ў пэўнай мясцовасці, зручнай для пражывання; будавалі тут сядзібы, уладкоўвалі і пашыралі аграрную гаспадарку. Жыхары вёскі — гэта ў асноўным сяляне; асноўны занятак іх — сельская гаспадарка — земляробства, жывёлагадоўля і разнастайныя промыслы. На працягу многіх стагоддзяў вёска з’яўлялася асяродкам самабытнай культуры, захавальніцай багатых духоўных традыцый і вытворчага вопыту, што надавала беларускаму этнасу жыццёвыя сілы, стварала трывалы грунт нацыянальнага адраджэння і самазахавання (самавыжывання) у неспрыяльных гістарычных умовах.
Асноўнай структурнай адзінкай вёскі была сядзіба (двор), якая складалася з жылля і цэлага комплексу падсобных і гаспадарчых пабудоў. Амаль кожны сялянскі двор на працягу стагоддзяў уяўляў сабой універсальную гаспадарку, якая сама амаль цалкам забяспечвала ўсе патрэбы: вырошчвала збожжа і розныя сельскагаспадарчыя культуры, выпякала хлеб, гатавала розныя прадукты і кулінарныя вырабы, апрацоўвала лён, пяньку, ФУТРУ, скуры, ткала тканіны, вырабляла адзенне і абутак, будавала жыллё, майстравала розныя прылады, транспартныя сродкі, вырабляла начынне, прадметы паўсядзённага ўжытку. Толькі невялікую колькасць тавараў (соль, ганчарны посуд, жалезныя вырабы — сярпы, косы, сякеры, нажы, сашнікі і інш.) набывалі на мясцовым рынку ці па заказе.
Кожны сялянскі двор, нягледзячы на сваю універсальнасць, быў звязаны з сельскай грамадой цеснымі суседскімі і сваяцкімі ўзаемаадносінамі, устойлівымі
34
Беларуская вёска («Жывапісная Расія», 1882)
нормамі абшчыннай маралі і звычаёвага права. Талака пры будаўніцтве жылля, нарыхтоўцы лесу, палявых работах, суседская ўзаемадапамога, звычай бонды (падарункаў), парадненне праз кумаўство і шлюбы, агульнае святкаванне каляндарных і сямейных святаў, вячоркі, адведкі, народныя гульні — усё гэта збліжала аднавяскоўцаў на базе адзіных духоўных інтарэсаў і норм грамадскага жыцця. Вясковая супольнасць у пакаленнях выпрацавала свой няпісаны «звод законаў», жыццёвых правіл, этнічных норм, у аснове якіх ляжала грамадская думка.
Група суседніх вёсак утварала сельскую акругу (воласць), якая вызначалася народным адзінствам, значным падабенствам духоўнага і эканамічнага жыцця. Абсалютная большасць шлюбаў заключалася ў межах гэтых акруг. Вёска за 5—10 вёрст лічылася ўжо «чужой стараной», і дзяўчаты неахвотна ішлі туды замуж.
Гісторыя ўзнікнення вёсак, мясцовы рэльеф, памеры, сацыяльны склад аказвалі ўплыў на іх забудову і планіроўку. На Беларусі былі распаўсюджаны некалькі планіровачных форм паселішчаў: свабодная (бессістэмная, скучаная), радковая (лінейная), вулічная, гнездавая. Свабодная (скучаная) планіроўка вядома са старажыт
35
ных часоў. Яна характарызуецца хаатычным размяшчэннем сядзіб у залежнасці ад зручнага месца і рэльефу. Да пераходнага тыпу адносіцца гнездавая планіроўка, калі група сем’яў, звязаных кроўнай роднасцю, сялілася вакол цэнтральнай (прадзедаўскай) сядзібы ўсё далей і далей да перыферыі, утвараючы з цягам часу вялікае родавае «гняздо» аднафамільцаў. Такая планіроўка часцей за ўсё сустракалася на Палессі, дзе існавала шмат вялікіх вёсак, што складаліся з некалькіх родавых груп сем’яў, сядзібы якіх цесна прымыкалі адна да адной. Радковая планіроўка ў значнай ступені была абумоўлена характарам рэльефу і часта сустракалася ў прырэчных вёсках, дзе жыллё і іншыя памяшканні будаваліся ў адзін рад, выходзячы фасадам да ракі. Пры гэтым вуліца, што праходзіла каля сядзіб, абмяжоўвалася з другога боку берагам ракі ці возера.
Сяло, як і вёска, з’яўляецца старажытным тыпам сельскіх паселішчаў, пры гэтым не заўсёды можна па знешніх прыкметах вызначыць істотную розніцу паміж імі. Звычайна сяло было адміністрацыйным цэнтрам воласці ці прыхода, да якога цягнуліся суседнія вёскі, хутары, засценкі. Асноўная прыкмета сяла — наяўнасць тут царквы, валасной управы, карчмы, крамы і іншых грамадскіх устаноў. У святочныя дні сюды сцякаўся народ з сельскай правінцыі на богаслужэнне, кірмашы і таргі. Сяло адрознівалася ад вёскі сваімі памерамі. Часам яго называлі пагостам. Некаторыя сёлы вырасталі ў мястэчкі, некаторыя страчвалі сваё значэнне, паступова прыходзілі ў заняпад, нівеліравалася розніца паміж імі і вёскай.