Этнаграфічная спадчына: Беларусь: Традыцыйна-бытавая культура
Віктар Цітоў
Выдавец: Беларусь
Памер: 207с.
Мінск 2001
Асобая ўвага ў сістэме прыкмет, павер’яў і сімволікаабрадавых дзействаў надавалася вясновым старажытнаславянскім святам — Благавешчанню (Звеставанне — 7 красавіка), Вялікадню, Юр’ю (Георгій, старажытны Ярыла —6 мая), Міколу (22 мая), Ушэсцю, Сёмусе (Духа, Тройца). Згодна павер’ю, да Благавешчання нельга было трывожыць сон зямлі: забіваць кол, капаць агарод, ставіць слупы, гарадзіць плот — не тое, што араць ды сеяць («На Благавешчанне нават птушка гняздо не ўе»). Калі пчолы не вылятаюць з вулляў да Благавешчання, паводле народных прыкмет, павінна быць цёплае, ураджайнае лета; дажджлівае надвор’е ў гэты дзень абяцала грыбное лета і ўраджай на азімыя. Ва Усходняй Беларусі на Благавешчанне ачышчалі зямлю ад смецця, палілі вогнішчы, вадзілі карагоды, пелі вяснянкі.
Да веснавой сяўбы селянін рыхтаваўся яшчэ ўзімку: рупліва адбіраў лепшае насенне, вырабляў сявенькі і кошыкі, ткаў мешкавіну, чыніў вупраж, рыхтаваў колы, ладзіў саху, барану, сахор і інш. Сельскагаспадарчая праца ў традыцыйным светаўяўленні была прасякнута пафасам веры ў яе магічную, жыццесцвярджальную сілу і арганічна звязана з устойлівай сістэмай земляробчых традыцый, звычаяў, абрадаў, культаў, што сягаюць сваімі вытокамі ў дахрысціянскую эпоху. «Увесь гаспадарчы год,— пісаў яшчэ ў пачатку XX ст. Ф. Кудрынскі,— у свядомасці беларуса да гэтага часу асветлены моцным міфічным светам. Беларус не проста апрацоўвае зямлю, а амаль што свяшчэннадзейнічае ў кожным сваім земляробчым акце. Вясновая апрацоўка зямлі, ачышчэнне глебы ад наносных элементаў, пачатак сяўбы, пасадка агародніны, уборка збожжа з палёў, травы з лугоў... усё суправаджаецца адпаведнымі абрадамі, песнямі, прымаўкамі, у якіх разам з хрысціянскім пачаткам дзіўным чынам яшчэ гучаць старажытнаязычніцкія
98
паданні». Лянота ці абыякавасць у час вясновых работ ці ўборкі ўраджаю расцэньваліся ў сістэме народнай маралі як адзін з «цяжкіх, смяротных грахоў».
Першы выхад у поле (заворванне, запашка, першая баразна) быў для селяніна сапраўдным святам. У гэты дзень араты ўставаў рана на золку, нетаропка мыўся чыстай крынічнай вадой, даставаў з куфра (ці кубла) новую кашулю. Гаспадыня збірала ў дарогу рытуальны скарб — асвячоную ў царкве ваду, хлеб, соль, яйкі. Вада і хлеб у славянскай абраднасці служылі абярэгамі: яны аберагалі ад нячысцікаў і дурнога вока і перадавалі сялянскай ніве сваю першародную энергію і жыццёвую сілу. Свянцонай вадой акраплялі рабочых валоў (ці коней) перад заворваннем. Часам араты, паставіўшы валоў на першую баразну, даваў ім толькі панюхаць рытуальны хлеб, прыгаворваючы: «Тады з’ясце і сап’яце, як заробіця». У гэты дзень селянін араў нядоўга і, апрацаваўшы адзін загон ці нават зрабіўшы некалькі барознаў, вяртаўся дахаты, дзе яго чакаў святочны стол. Напярэдадні гаспадыні выпякалі абрадавае печыва, гатавалі мясныя вырабы, яйкі, якія асвячалі ў мясцовай царкве. Пячэнне ў форме розных земляробчых прылад — раздвоенай сахі, бараны, сярпа і інш.— выпякалася і ў дзень заворвання.
Нягледзячы на адзіныя семантыку і сімволіку абраду заворвання, яго асобныя фазы і рытуальныя формы мелі свае прыватныя адрозненні ў розных рэгіёнах Беларусі, адлюстроўваючы экалогію мясцовай культуры, бытавыя абставіны, творчае ўвасабленне і ўласнае асэнсаванне агульных норм земляробчай абраднасці. У ПаўночнаУсходняй Беларусі напярэдадні ворыва сяляне часта мыліся з вечара ў добра натопленай лазні. Араты адпраўляўся ранкам у поле, пагрузіўшы на воз саху і паставіўшы кошык з рытуальным хлебам, свечкай, галінкамі вярбы, акропленымі свянцонай вадой; перад заворваннем ён тройчы абыходзіў з вярбою свайго каня і са словамі «Блаславі, Божа; у час добры!» пачынаў араць. Існавала павер’е, што поле дасць лепшы ўраджай, калі будзе ўзарана сахой, якая зроблена з розных парод дрэва: плахарасоха — з бярозы ці клёну, адвалпаліца — з дубу ці бярозы, аглоблі (вобжы) — з хвоі і інш.
У Заходнім Палессі (Кобрынскі павет) араты адпраўляўся першы раз у поле на закаце сонца, загарнуўшы ў чысты ручнік у дарогу хлеб, соль і грамнічную свечку
99
(асвячоную ў царкве ў дзень Грамніц, ці Стрэчання); разаслаўшы ў полі на мяжы ручнік, ён клаў на яго хлебсоль, аддаваў нізкі паклон ніве і праходзіў першую баразну. Ва Усходнім Палессі селянін адпраўляўся на заворванне раніцой, узяўшы з сабой хлеб, соль, свянцоныя яйкі і мяса; шкарлупінне ад яек і косці ад мяса ён закопваў на мяжы пасля рытуальнай трапезы. Часам на ўзмежку рассяваўся мак («Радзіся поле так густа, як мак»).
Пэўнае сімволікаабрадавае значэнне мела і масць рабочых жывёл. Так, у некаторых раёнах Панямоння пазбягалі адкрываць палявыя работы на чорных ці сівых валах; у гэтым выпадку нярэдка займалі ў суседзяў валоў светлай масці. У паўночнаўсходняй частцы Беларусі аралі на конях, што вызначала некаторыя асаблівасці арганізацыі сельскагаспадарчых работ, іх рытмікі, унутранай псіхалогіі і абрадавай атрыбутыкі. Абрад заворвання нярэдка суправаджаўся тут катаннем на спіне каня свянцонага яйка («Будзь, мой конь, гладак і повін, як ета яйцо»).
Рабоце ў поле папярэднічалі агледзіны нівы, або провідкі. Селянін ішоў у поле, узяўшы з сабой загорнутыя ў чысты абрус (ці ручнік) пірог, соль, асвячоныя галінкі вярбы, а калі провідкі прыходзіліся на велікодны тыдзень, то і чырвоныя яйкі. Звычайна на Юр’я ён аглядаў пасевы азімых. Паклаўшы на мяжы абрус з хлебамсоллю, гаспадар абыходзіў палеткі і ўтыкаў галінкі вярбы па краі поля, нібы аберагаючы яго ад непажаданых стыхій, напасцяў і сімвалічна благаслаўляючы веснавое адраджэнне нівы. Пасля рытуальнай трапезы рэшткі ад ежы і шкарлупінне ад яек закопвалі на мяжы, а зверху часам яшчэ накладвалі камяні. У Заходнім Палессі (в. Талмачова Столінскага рна) у дзень заворвання выпякалі хлябцы ў форме крыжоў, пасля трапезы адзін з іх пакідалі на ўзмежку, прысыпаючы зямлёй, што сімвалізавала адзінства нівы і хлеба, узгодненасць прыроды і спраў чалавека.
У тым жа ідэйным рэчышчы былі вытрыманы і абрадавыя нормы, звязаныя з сяўбой. Сяўба з’яўлялася бадай што важнейшай змястоўнай часткай народнага календара, вакол якой склаўся цэлы комплекс традыцыйных аграрных ведаў, феналагічных назіранняў, прыкмет, трапных прымавак, прыказак, абрадавых дзействаў, вераванняў, што займалі ў сістэме нацыянальнай куль
100
туры істотнае месца. Яе адкрыццё (засеўкі) нярэдка злівалася з вясновым ворывам у адзіным працоўным і абрадавым цыкле і прыходзілася, гледзячы па абставінах, на другую палавіну красавіка — пачатак мая. «Зазвінеў жаўрук — не выпускай сахі з рук», «Зязюлька вымавіць «куку», тады і сей на ўсю руку»... Народныя прыкметы і рэкамендацыі аптымальных тэрмінаў сяўбы амаль дакладна супадаюць з вынікамі сучаснай агранамічнай навукі. Нават на поўначы Беларусі сяўбу пачыналі звычайна да Юр’ева дня. Пры спрыяльных умовах стараліся штосьці пасеяць напярэдадні Вялікадня, у Чысты чацвер ці пятніцу: паводле павер’я, пасевы ў першым выпадку вырастуць чыстымі, без пустазелля, а ў другім — збажына не будзе баяцца ні дажджу, ні граду. У Заходнім Палессі сяўбу яравых пры добрым надвор’і імкнуліся здзейсніць да Вялікадня. Прычым у тыдзень перад святам пазбягалі засяваць палеткі; гэты тыдзень у народзе называлі сухавеем, і высеянае збожжа нібыта горш прыжываецца ў глебе. Аднак больш надзейнымі арыенцірамі ў сістэме аграрных адлікаў лічыліся нерухомыя (стацыянарныя) каляндарныя святы, у прыватнасці вясновыя Юр’я (6 мая) і Мікола (22 мая). Да Міколы ў асноўным завяршалі сяўбу яравых на Палессі. У ліку першых высявалі авёс і пшаніцу, з агародных — капусту, агуркі, затым — ячмень, гарох, проса, каноплі, пазней іншых — лён і грэчку. Згодна апрабаванай сістэме народных прыкмет і феналагічных назіранняў, рэкамендавалася сеяць авёс, калі з’явяцца камары; пшаніцу — у перыяд цвіцення чаромхі, ячмень — у час росквіту каліны. Найбольш спрыяльнымі для сяўбы ў народзе лічыліся цёплыя, ціхія і пахмурныя дні; пры ветраным воблачным надвор’і перавага аддавалася ўсходняму і заходняму вятрыскам; збожжа, высеянае пры ўстойлівых паўночных ці паўднёвых вятрах, па шматгадовых прыкметах, больш марудна ўзыходзіла ў халоднай і малавільготнай глебе. Звярталі ўвагу і на фазы месяца, найлепшай лічылася поўня: «Поўны месяц — поўныя свірны збожжа». Збажына, пасеяная на маладзік, нібыта была больш схільна кусціцца і даваць тонкую салому. Пры іншых роўных умовах улічвалі і тыднёвы каляндар, аддаючы перавагу аўторку, субоце, крыху меней — серадзе і пятніцы.
Вясновыя аграрнакаляндарныя святы завяршаліся Сёмухай (Духа, Тройца) і Ерамеевым днём (13 чэрвеня;
101
«Прыйшоў Ерамей — больш не сей»). Сяўбу азімых пачыналі пасля Спаса (19 жніўня) і заканчвалі да Пакрова (14 кастрычніка). Пры гэтым пазбягалі сеяць у так званы «чарвівы тыдзень» (28 жніўня — 4 верасня). Найбольш значымыя сімволікаабрадавыя функцыі для сейбітаў на гэтым этапе выконвалі старажытныя святы Прачыстай (28 жніўня) і Багача (2ая Прачыстая — 21 верасня; «Прыйшоў Багач — кідай рагач, бяры сявеньку, сей памаленьку»).
У дзень сяўбы ў сялянскай хаце падтрымліваліся ўзорны парадак і чысціня. Хата і ніва, ва ўяўленні селяніна, успрымаліся як двуадзіная іпастась, па аналогіі і пасевы на ніве павінны быць чыстымі, без пустазелля. Той жа сакральнай ідэі быў падпарадкаваны і рытуальны звычай старанна мыцца перад сяўбой і апранаць чыстае адзенне. У Падняпроўі адкрываць сяўбу даручалі самым бездакорным і нявінным хлапчукам у 10—14 год, якіх апраналі ў святочнае адзенне. Засеўкі праводзілі адборным насеннем, якое змешвалася з зернем, выбраным з зажыннага снапа (зжатага мінулым летам з нагоды зажынак) ці вянка, звітага пасля заканчэння жніва (дажынак). У Панямонні частку насеннага збожжа асвячалі ў царкве; яго ссыпалі ў асобую торбу, завязвалі каляровым шнурком і пакідалі для засевак.
Пасля засявання некалькіх загонаў селяніна чакаў святочны стол, да якога запрашалі памочнікаў, сваякоў, суседзяў. Лічылася: чым больш шчодры і разнастайны пачастунак з нагоды засевак, тым багацейшы будзе ўраджай. У гэты дзень пазбягалі даваць адзін другому агню ці пазычаць штонебудзь па суседству (паводле павер’я, разам з пазычанымі рэчамі да суседа магла перайсці і частка ўраджаю). У Паўночнай Беларусі сейбіт часам працаваў у полі з сякерай за поясам, «каб хлеб урадзіўся такім, што яго прыйшлося б ссякаць сякерай» (заўважым, з сякерай ён і араў поле, каб падпраўляць сваю саху, рабіць дробны рамонт на доўгіх гонях). У Заходнім Палессі вядомы прымхі, што лён вырасце высокім, калі яго пасее самы высокі чалавек у вёсцы. Ва Усходнім Палессі існавала павер’е, што лён будзе доўгім і валакністым, калі яго пасее дзяўчына з расплеценымі косамі. Падобныя павер’і, што неслі ў сабе водгулле язычніцкай міфалогіі і асацыятыўнавобразнага мыслення, адрозніваліся на тэрыторыі Беларусі багатай разнастайнасцю і выступалі ў большай