• Газеты, часопісы і г.д.
  • Этнаграфічная спадчына: Беларусь: Традыцыйна-бытавая культура  Віктар Цітоў

    Этнаграфічная спадчына: Беларусь: Традыцыйна-бытавая культура

    Віктар Цітоў

    Выдавец: Беларусь
    Памер: 207с.
    Мінск 2001
    62.78 МБ
    У Панямонні ў якасці рытуальных прадметаў часцей за ўсё выкарыстоўвалі хлеб. Селянін, паклаўшы ніжні вянец, пакідаў на ноч па вуглах кавалачкі хлеба; калі хлеб да раніцы знікаў, месца лічылася ненадзейным і вянцы перамяшчалі на другое месца. Пры выбары месца для жылля звярталіся таксама і да мясцовых варажбітак. Гэтыя пошукі «запаветнага кутка» для жылля адлюстроўвалі старажытныя (анімістычныя) светаўяўленні і традыцыйны лад мыслення з уласцівай яму ідэалагізацыяй рэалій акаляючага асяроддзя, усялякі збег акалічнасцей лічыўся невыпадковым і разглядаўся як боскі промысел. Тут былі ўвасоблены і адносіны чалавека да сваёй зямлі, да роднага кута, вызначанага вышэйшым лёсам, і да самога сябе як неад’емнай часткі прыроды, з якой ён павінен жыць у поўнай згодзе і гармоніі.
    Даволі істотнымі ў народным дойлідстве былі выбар і нарыхтоўка будаўнічага матэрыялу, які павінен адпавядаць не толькі утылітарнапрактычным, але і сімвалічнарытуальным функцыям. Лес нарыхтоўвалі ў зімовы перыяд, калі раслінныя сокі адыходзілі ў корань. Пры гэтым выбіралі дрэвы, з якіх ніколі не дабывалі смалужывіцу. Нарыхтаваны ўзімку будаўнічы матэрыял хутчэй падсыхаў, а галоўнае, меў больш стойкую і трывалую драўніну: пабудаваная з яго хата магла служыць 100—150 год. Старажытны звычай раіў сячы лес на зыходзе зімы ці нават ранняй вясной, сімвалічна звязваючы гэта з абуджэннем жыцця. Звярталі ўвагу і на лунны каляндар: найбольш спрыяльнай парой для нарыхтоўкі лесу лічылася поўня. Даволі разгалінаваная сістэма павер’яў і прыкмет забараняла сячы лес у першую квадру — на маладзік; лічылася, што такое дрэва точыць шашаль.
    78
    Забаранялася выкарыстоўваць у будаўніцтве дрэвы, паваленыя бурай,— вываратні: па павер’і, злыдні могуць пасяліцца і ў новую хату, і яна рана ці позна будзе разбурана стыхіяй. He дазвалялася таксама будаваць хаты і хлявы з сухастою, бо «сухоты» незнарок могуць перайсці на іх жыхароў. Сухое дрэва як антытэза жывому, зялёнаму вызначала і характар асацыятыўнавобразнага мыслення і ў звычаёвым уяўленні звязвалася з хваробай і смерцю. Разам з тым народнае павер’е дазваляла выкарыстанне сухіх дрэў на будаўніцтва свірнаў, сенавалаў, гумен, лічылася, што такіх пабудоў пазбягаюць мышы, а збожжа і сена тут больш гарантавана ад вільгаці.
    Па тых жа матывах дазвалялася ўжываць для амбараў і гумен «піруновыя» дрэвы (у якія трапляла маланка), што забараняліся ў будаўніцтве хат і хлявоў. Для хлявоў раілася секчы дрэвы, што раслі побач з мурашнікам: па старажытным павер’і, у такіх памяшканнях добра пладзілася скаціна. Рашуча забаранялася выкарыстоўваць у будаўніцтве «святыя» дрэвы, якія раслі ў святых гаях, на могілках, каля царквы. Ахарактарызаваныя звычаі і павер’і, што папярэднічалі будаўніцтву, не былі вузкімі, лакальнымі з’явамі; маючы старажытную прыроду, яны ў большасці былі ўласцівы і суседнім славянскім народам.
    Пачатак будаўніцтва прымяркоўвалі да пэўнай каляндарнай даты, што мела асобае сімвалічнае значэнне — канец вялікага посту, маладзіковая фаза месяца, бабіна лета і інш. Найбольш спрыяльнымі днямі для пачатку будаўніцтва лічыліся аўторак і чацвер; панядзелак, а ў некаторых раёнах і сераду адносілі да «цяжкіх» дзён.
    Асобы рытуальны сэнс надаваўся закладцы першага вянца (закладзіны). Ва ўсходнім вуглу першага вянцападрубы высякалі невялічкае паглыбленне, у якое клалі аднудзве манеты; часам побач з манетамі ставілі «святую» ваду і сыпалі жменьку збожжа або клалі кавалачак хлеба. Збожжа ў абрадавай семантыцы выконвала функцыю пладаноснасці і ў якасці рытуальнага (ахвярнага) матэрыялу вядома ў многіх еўрапейскіх народаў. У Паўночнай Беларусі пры закладзінах на ўсе чатыры вуглы клалі ладан — «свянцоную зёлку» або хвойныя галінкі, якія выконвалі функцыі абярэгаў ад маланкі («Піруны праследуюць нячысцікаў, а тыя пазбягаюць асвечаных
    79
    прадметаў»). На Палессі ў якасці рытуальных атрыбутаў выкарыстоўвалі хлеб, соль і мёд (у сотах); іх клалі таксама па вуглах распачатай будоўлі. У сярэдзіне XIX ст. тут яшчэ былі вядомы рэшткі язычніцкіх ахвяраванняў, калі на месцы закладзенай хаты, звычайна там, дзе павінна стаяць печ, закопвалі галаву пеўня.
    У першы дзень будаўніцтва цесляры рубілі толькі першы вянец, а часам яшчэ ўстанаўлівалі на ім дзвярныя вушакі, пасля чаго ў сярэдзіну распачатага зруба ставілі стол і ўрачыста адзначалі закладзіны. Гэты звычай быў вядомы на ўсёй Беларусі. Сялянская хата мела часцей няцотную колькасць вянцоў.
    Узвядзенне страхі ў народнай традыцыі расцэньвалася як асобны этап з уласцівымі яму рытуальнымі нормамі. Пасля ўстаноўкі асновы каркаса — крокваў (або ключоў) уверсе іх, на бліжэйшай ад вуліцы пары, замацоўвалі букет галінак ядлоўцу, і гаспадар адзначаў гэтую падзею, запрашаючы цесляроў і талакоўцаў «на кветку». Калі страха была гатова, селянін перакідваў праз хату свянцонае яйка і закопваў яго на месцы падзення; гэты рытуальны момант расцэньваўся як абярэг ад няшчасных выпадкаў і стыхійных бедстваў. Самы верх страхі пакідалі на тыдзеньдругі недакрытым («каб з хаты выйшаў «нячысты дух»).
    Хата лічылася закончанай, калі ў ёй была зроблена печ. Печ выступала як сімвал цяпла і ўтульнасці, яна атаясамлівалася з сямейным ачагом. Каб печ давала лепшае цяпло, яе, па павер’і, трэба было класці (збіваць) у поўню; выпаленая першы раз, яна павінна спачатку даць прытулак і сваё цяпло чужому чалавеку, старцу ўбогаму. Такі рытуал «задобрывання» печы захоўваўся на Палессі яшчэ ў пачатку XX ст. Аналагічны рытуал з некаторымі варыяцыямі сустракаўся раней амаль на ўсёй Беларусі, у Падзвінні, напрыклад, у канцы XIX ст. замест выпадковых людзей (старцаў, багамольцаў, вандроўнікаў) новую печ маглі абжыць знаёмыя, суседзі, а часам дастаткова было на ёй пагрэцца першы раз кошцы ці сабаку.
    Наваселле (улазіны, уваходзіны) у народнай традыцыі расцэньвалася як вялікае сямейнае свята, што па сваім значэнні набліжалася да вяселля. Напярэдадні запрашалі святара, які акрапляў новую хату свянцонай вадой, бласлаўляў яе жыхароў. Нярэдка візіт святара прымяркоўвалі да якойнебудзь святочнай даты, у гэтым
    80
    выпадку яе асвячэнне маглі адкладваць пасля наваселля. Наваселле імкнуліся справіць у поўню: поўны месяц — поўны дастатак, поўныя засекі хлеба. На ноч перад засяленнем у хату пускалі пеўня ці кошку, якія нібыта павінны прыняць на сябе магчымае зло. Па паводзінах гэтых істот меркавалі пра будучае шчасце і мір у доме. Па язычніцкіх павер’ях славян, певень сваім спевам адпужваў нячыстую сілу і служыў абярэгам.
    Цырымонія пераходу ў новую хату са старой завяршала сабой складаны цыкл будаўнічых абрадаў. Асобая ўвага звярталася на пераемнасць лепшых традыцый старога дома, што выяўлялася ў адносінах да наяўных рэчаў хатняга ўжытку: кожная з іх займала ў іерархіі духоўных (рытуальных) каштоўнасцей пэўнае месца. Пераход у новую хату адносілі на другую палову дня ці на вечар. Са старой хаты бралі агонь з ачага (гаршчок з вуголлямі) і цырымонна неслі яго ў новую хату. Гэты рытуал у канцы XIX ст. шырока бытаваў на Палессі, а ў больш ранні час быў вядомы амаль на ўсёй Беларусі. Са старой хаты ў новую пры запаленай свечцы пераносілі абразы.
    У ліку першых прадметаў, якія пераносілі ў новы дом, вельмі часта ўпамінаюць дзяжу. Функцыянальнае прызначэнне дзяжы, звязанай з культам хлеба, абумовіла яе асобую ролю сярод хатняга начыння. Дзяжу з цестам урачыста ставілі ў красны кут. У ліку іншых прадметаў, што выконвалі пры наваселлі пэўнае рытуальнае значэнне ў розных раёнах, фігуруюць качарга, вілкі, хлебная лапата. Своеасаблівы звычай уваходзін быў зафіксаваны ў Падзвінні. Перш чым увайсці ў новую хату, туды кідалі клубок нітак; трымаючыся за нітку, гаспадары няспешна ўваходзілі ў свае новыя «ўладанні» па старшынстве. Часам гаспадар, зайшоўшы ў хату першым, падаваў адтуль пояс і «зацягваў» астатніх членаў сям’і. Уся адзначаная разгалінаваная сістэма звычаяў і павер’яў уваходзіла сваімі каранямі ў глыбокую старажытнасць, адлюстроўваючы ўстойлівасць славянскіх язычніцкіх культаў, якія ў вывучаемы час лепш за ўсё захаваліся ва ўмовах Палесся.
    Пытанні, заданні:
    1.	Чым вызначалася важная роля драўлянага дойлідства ў жыцці беларусаў?
    81
    2.	Назавіце асноўныя цяслярскія інструменты. Якія з іх найбольш старажытныя?
    3.	Якія будаўнічыя канструкцыі бытавалі на Беларусі?
    4.	Чым адрозніваюцца зрубная і каркасная стрэхі?
    5.	Якія павер’і і абярэгі існавалі ў народнай традыцыі пры выбары месца для жылля?
    6.	Чым кіраваліся народныя дойліды, выбіраючы будаўнічыя матэрыялы?
    7.	Якія ідэйныя (абрадавыя) фазы вылучаліся пры будаўніцтве жылля?
    8.	Што такое ўлазіны? Раскажыце пра рытуалы, што суправаджалі гэтае свята.
    НАРОДНАЯ ГАСПАДАРКА
    Беларускія словы «гаспадарка», «гаспадарыць» адлюстроўваюць высокі сэнс гэтых паняццяў, што адэкватны рускім «управлять», «господствовать» (адсюль і рус. «господа», «господнн»), 3 імі звязаны і сэнс мноства прыказак і прымавак: «Гаспадар на сваім агародзе — раўня ваяводзе», «Гаспадарку весці — не лапці плесці», «Якія мы гаспадары, такія нашы і двары» і інш.
    Гаспадарка — аснова народнай жыццядзейнасці. Кожны народ з цягам часу, у працэсе гістарычнай практыкі, выпрацоўвае свой стыль, свой гаспадарчабытавы ўклад з уласцівымі яму гаспадарчай спецыялізацыяй, вытворчымі заняткамі, працоўнымі навыкамі, прыладамі працы, ведамі, культурнымі традыцыямі. Аснову гаспадарчай дзейнасці ў беларусаў, як і суседніх славянскіх народаў, з даўніх часоў складала земляробства, якое арганічна спалучалася з развядзеннем свойскай жывёлы і разнастайнымі промысламі.
    Земляробства
    Земляробства ў Беларусі вядома з часоў неаліту (3 тыс. гадоў да н. э.), аб чым сведчаць знаходкі архаічных каменных і рогавых матыг, крэмневых сярпоў, каменных зерняцёрак. У пластах эпохі бронзы (канец III — пачатак I тысячагоддзя да н. э.) былі выяўлены рэшткі культурных раслін — пшаніцы, ільну, проса. Да жалезнага веку (I тысячагоддзе да н.э.) адносяцца шматлікія знаходкі гароху, вікі, палявых (конскіх) бабоў. Да гэтага часу адносіцца і першае старажытнае рала, выяўленае ў тарфяніках каля вёскі Капланавічы Клецкага раёна. Яно фіксуе важны этап эвалюцыі — пераход ад матыжнага земляробства да ворыўнага і сведчыць аб выкарыстанні цяглавых жывёл — быкоў і коней.