Этнаграфічная спадчына: Беларусь: Традыцыйна-бытавая культура
Віктар Цітоў
Выдавец: Беларусь
Памер: 207с.
Мінск 2001
У XIX ст. побач з лясным шырока распаўсюдзілася пасечнае пчалярства. Сяляне, шляхта і аднадворцы заводзілі ў сябе на сядзібах пасекі на дзесяткі і сотні вулляў. Спачатку тут пераважалі калодныя вуллі — так званыя стаякі і лежакі, у канцы XIX — пачатку XX ст. распаўсюдзіліся больш сучасныя рамачныя вуллі. Адначасова сустракаліся саламяныя вуллі («саламянікі») і плеценыя («лазавікі»). Летам, калі зацвіталі лугавыя травы, ліпа, грэчка, верас, некаторыя пчаляры грузілі вуллі на сані (звычайна гэта рабілі ў начны час) і адвозілі за 10—20 вёрст у месцы медазбору.
Больш спрыяльнымі былі ўмовы для развядзення пчол на хутарах, у засценках. Адна толькі пасека ў шляхецкім засценку Залессе каля мястэчка Лапічы (дзе сыходзяцца рэкі Свіслач і Бярэзіна) у сярэдзіне XIX ст. налічвала 500 калодных вулляў. Амаль кожны селянін, як паведамлялі ў гэты час карэспандэнты Рускага геаграфічнага таварыства, настаўнікі Хатынічскай народнай школы (Пінскі павет), мае па некалькі вулляў, некаторыя да 100 і болей. Асабліва славіліся сваім майстэрствам і практычнымі навыкамі патомныя бортнікі сяла Стадолічы (Мазырскі павет), дзе да XX ст. устойліва захоўваліся лепшыя абшчынныя традыцыі і нормы звычаёвага бортнага права. На Беларусі былі вядомы цэлыя вёскі прафесійных пчаляроў, аб чым сведчаць і тапанімічныя назвы — Бортнікі, Бортнавічы, Калоднікі, Жэнь (назва бортнага інвентару), Добрыя Пчолы і інш. Залатая пчала з’яўлялася геральдычным знакам, што стаяў на гербах павятовых гарадоў Ігумен і Клімавічы.
Кожны бортнік меў пэўны набор інструментаў і спецыяльных прыстасаванняў, сярод іх — барта (сякера
137
з шырокім лязом), пешня, долата, лопацень, цясла, скобля, свердзел, з дапамогай якіх выдзёўбвалі і ўладкоўвалі борці. Пчаляры забіраліся на дрэва, перакінуўшы цераз сук лезіва, або жэнь,— доўгую (25— 30 м) вяроўку, сплеценую з трывалых рамянёў ці пяньковых вітак; лезіва мела на адным канцы папярэчыну (сядло, крэсла), на якую садзіўся бортнік, на другім — крук ці дзве пятлі. Пры пад’ёме бортных калод на дрэва выкарыстоўвалі кадол — колалябёдку з доўгай ступіцай, на якую накручвалася вяроўка. Пры доглядзе пчол неабходным быў дымакур і сітак (апошні надзяваўся на галаву, асцерагаючы твар і шыю ад укусу пчалы). Мёд збіралі ў спецыяльныя пасудзіны — лазбень, берасцень, ліпаўку.
Пры спрыяльным надвор’і пчаляры атрымлівалі па 2—3 пуды мёду з кожнага вулля. Найлепшым лічыўся ліпавы мёд («ліпавец»), «празрысты і чысты, як крынічны струмень». Мёд выбіралі з вулляў звычайна ў канцы лета, пасля Спаса. Пчалярская гаспадарка патрабавала ад пчаляра добрага ведання многіх таямніц, што давалася ў працэсе шматгадовай практыкі. Працоўныя навыкі перадаваліся ад бацькі сыну; ужо з дзяцінства будучыя пчаляры спасцігалі сакрэты гэтага промыслу, пачынаючы ад уладкавання борці, нагляду за пчоламі і заканчваючы зборам мёду («узятка») і падрыхтоўкай пчаліных вулляў да зімоўкі. Сакральны сэнс замоў і магічных дзеянняў стары пчаляр перадаваў свайму сыну толькі перад смерцю.
Мёд у беларусаў служыў сімвалам дружбы. Яшчэ ў пачатку XX ст. на Палессі захоўваўся старажытны звычай бонды, калі бортнік, што сабраў мёд у лесе, частаваў кожнага, хто выпадкова сустракаўся на яго шляху. Паводле народнага павер’я, нават вораг, які прыняў пачастунак мёдам, станавіўся лагодным і забываў пра варажнечу. Быў вядомы і звычай сябрыны, калі бортнік дарыў аднавяскоўцу рой пчол, а той аддаваў яму палову мёду, атрыманага з гэтага рою, што, паводле звычаю, замацоўвала сяброўства і трывалую дружбу паміж імі.
Мёд у беларусаў быў адным з важнейшых абрадавых страў і трывала ўвайшоў у святочнарытуальны комплекс, у шматлікія народныя звычаі і абрады. Ім частавалі званых гасцей, родных, блізкіх сяброў. Ён быў абавязковым пры сватаўстве і вяселлі, нараджэнні і хрышчэнні
138
дзіцяці. Без яго не абыходзіліся пахаванне і памінкі. Мядовыя стравы — святочная куцця, канун, пірог, пернікі, медавуха і інш.— былі звычайнымі ў побыце не толькі шляхецкага саслоўя, але і простага люду.
Прадукты пчалярства — воск, праполіс, матачнае малачко, пылок, пярга — шырока выкарыстоўвалі ў народнай медыцыне. Воск, апрача таго, выкарыстоўваўся ў практычных мэтах (замазка для посуду і чаўноў, вашчэнне нітак, прыгатаванне садовай мазі, асвятленне і інш.). Ён жа з часоў язычніцтва выконваў важныя функцыі ў адпраўленні абрадаў, у знахарстве, гаданнях і быў неад’емным культавым атрыбутам. Мёд і воск былі ў ліку асноўных прадметаў экспарту з Беларусі.
Нарэшце, нельга не звярнуць увагі на тую акалічнасць, што, апыляючы расліны, пчолы ў значнай ступені павышаюць іх ураджайнасць, стымулююць пладаноснасць лугавых і агародных культур, грэчкі, фруктовых дрэў. Пры гэтым эфект апылення пераўзыходзіць кошт атрыманага мёду. «Пчаліна — жывёліна малая, а карысці дае многа» — гэтая назва кнігі, выдадзенай у Пецярбургу ў 1911 г., як нельга больш трапна адлюстроўвае гаспадарчае і экалагічнае значэнне гэтага старажытнага промыслу, які зараз перажывае нялепшыя часы і патрабуе асобай увагі і клопату.
Пытанні, заданні:
1. Якія промыслы стаялі ў вытоках земляробства і жывёлагадоўлі?
2. Назавіце асобныя групы паляўнічых, ійто згадваюцца ў сярэднявечных дакументах.
3. Якія з дзікіх жывёл, ійто калісьці вадзіліся ў лясах Беларусі, былі знішчаны назаўсёды?
4. Раскажыце аб старынных спосабах палявання на мядзведзяў і ваўкоў.
5. Як узнікла культурнае пчалярства (бортніцтва)?
6. Апіійыце і замалюйце борць.
7. Што такое бортнае «знамя»? Якія тыповыя выявы бортных знамён сустракаліся ў Беларусі?
8. Назавіце асноўны бортны інвентар.
9. Якую ролю адыгрывалі мёд і воск у паўсядзённым побыце і ў духоўным жыцці беларусаў?
БЕЛАРУСКАЯ КУХНЯ
Кожны народ мае сваю гістарычна вызначаную кухню, якая характарызуецца пэўным наборам прадуктаў і страў, спосабамі іх прыгатавання і ўжывання, смакавымі якасцямі, сістэмай харчавання, этнічнымі і сімволікаабрадавымі функцыямі. Ежа — гэта не толькі натуральная патрэба здаровага арганізма, ежа — гэта культурная з’ява, якая адлюстроўвае духоўныя традыцыі, гаспадарчабытавы ўклад, народныя веды, мараль, этыкет, звычаі і абрады, мясцовую экалогію, стан грамадства.
Нацыянальны характар ежы і яе якасныя ўласцівасці вызначаюцца не толькі наяўнасцю тых ці іншых прадуктаў у данай мясцовасці, але і кулінарнымі традыцыямі, схільнасцю таго ці іншага народа да пэўных прадуктаў і страў, бытавымі звычаямі, духоўнарэлігійнымі ўяўленнямі, вераваннямі, абярэгамі. Прычым гурманскія схільнасці ў розных народаў да пэўных прадуктаў аказваюцца даволі кансерватыўнымі, а нярэдка дыяметральна супрацьлеглымі. Так, на большай тэрыторыі Кітая, у Японіі, Інданезіі да апошняга часу амаль не ўжывалі ў ежу малака і малочных прадуктаў. Манголы і цібетцы ў Азіі, як і зулусы ў Афрыцы, не ядуць рыбы. Шэраг народаў Індыі не ўжываюць мяса, асабліва ялавічыны: карова тут — свяшчэнная жывёліна, што бестурботна пасецца на пашах да самай смерці; ёй уступаюць дарогу і пешаходы, калі тая прагульваецца на гарадскіх вуліцах. Мусульманскія народы пазбягаюць ужываць у ежу свініну. Карэнныя народы Сібіры не прызнаюць грыбоў за ежу, акрамя мухамораў, якія яны ўжываюць як наркотыкі. Мы не пераносім і на дух лепшых гатункаў жаб, змей, саранчы, малюскаў, мяса сабак, што ў іншых народаў з’яўляюцца далікатэсамі.
Такім чынам, ежа з’яўляецца важным этнакультурным і сацыяльным паказчыкам; яна дае нам уяўленне аб народзе, яго звычаях, гурманскіх густах, духоўных све
140
таўяўленнях, бытавых традыцыях і нават аб яго фізіялогіі і анатамічных асаблівасцях.
Спіс страў, якія мы знаходзім на традыцыйным стале беларускага селяніна, быў багатым і разнастайным. Вядомы этнограф М. Я. Нікіфароўскі ў канцы XIX ст. апісаў больш за 150 страў і гатункаў народнай кухні, што шырока бытавалі на тэрыторыі Віцебскай Беларусі. Ганна Цюндзявіцкая ў былым Барысаўскім і часткова Мінскім паветах запісала рэцэпты прыгатавання некалькіх сот страў і напіткаў. Беларускія гаспадыні валодалі высокім кулінарным майстэрствам, мастацтвам ператвараць простыя прадукты харчавання ў далікатэсныя стравы і печывы з цудоўнымі смакавымі і харчовымі якасцямі. Заможныя людзі і шляхта складалі сабе харчовы рацыён, спіс страў на цэлы год наперад, распісваючы яго па святах і буднях, па перыядах мясаедаў і пастоў, з улікам сваіх гурманскіх схільнасцей, асабістых густаў і запатрабаванняў. Сістэма пастоў, выпрацаваная на працягу многіх стагоддзяў і апрабаваная практыкай, давала магчымасць наладзіць здаровы лад жыцця; яна мела істотнае значэнне для гігіены харчавання і прафілактыкі захворванняў.
Па сваіх характарыстыках ежу можна падзяліць на раслінную і нераслінную (мясную), посную і скаромную. Да поснай адносіліся ўсе стравы расліннага паходжання, а таксама рыба і рыбныя прадукты. Асноўную ролю ў харчаванні беларусаў адыгрывалі раслінныя прадукты. Аднак іх суадносіны з нерасліннай ежай («скаромінай») не паддаюцца дакладнаму вызначэнню, бо большасць вядомых беларусам страў уключала кампаненты як расліннага, так і жывёльнага паходжання. Зыходзячы з гэтых акалічнасцей, усю ежу мэтазгодна падзяліць на паўсядзённую, святочную і абрадавую. Да апошняй адносяцца стравы і кулінарныя вырабы, якія суправаджалі тыя ці іншыя абрадавыя святы і ў адпаведнасці з устаноўленым звычаем былі неабходным атрыбутам абрадавых дзействаў,— хлеб, бліны, пячэнне, кашы, яйкі, яешня, мяса, мёд, віно.
У посныя дні з рацыёнаў харчавання выключаліся тлустыя і мясныя прадукты, смятана, малако. Нягледзячы на працяглыя перыяды пастоў, апошнія тым не менш вытрымліваліся веруючымі людзьмі і мелі пэўнае выхаваўчае значэнне. Народная прымаўка сцвярджала: «3 посту ніхто не паміраў, а вось з пераядання — дохлі».
141
Калі не звяртаць увагі на грубую катэгарычнасць, уласцівую народнаму гумару, так званае рацыянальнае зерне ў гэтай прымаўцы ўсё ж ёсць.
У праваслаўным календары вылучаліся як асобныя посныя дні, так і цэлыя перыяды пастоў у некалькі тыдняў. Найбольш працяглымі з іх былі:
а) вялікі пост (пасля Масленіцы перад Вялікаднем) — 7 тыдняў;
б) пятроўскі (дзень св. Пятра— 12 ліпеня, па каталіцкаму календару — 29 чэрвеня) — ад 2 да 5 тыдняў.
в) спасаўскі (Спас — 19 жніўня) — 2 тыдні;