• Газеты, часопісы і г.д.
  • Этнаграфічная спадчына: Беларусь: Традыцыйна-бытавая культура  Віктар Цітоў

    Этнаграфічная спадчына: Беларусь: Традыцыйна-бытавая культура

    Віктар Цітоў

    Выдавец: Беларусь
    Памер: 207с.
    Мінск 2001
    62.78 МБ
    175
    упрыгожваліся выхадныя світы і кажушкі, што мелі аплікацыі і вышыты ўзор па ворату, кішэнях, бакавых складках, падолу. Жаночыя світкі шыліся з больш тонкага сукна, а кажушкі — з мякка апрацаваных аўчын, што на заключнай стадыі апрацоўкі націраліся бруском цэглы. У жаночым гардэробе часцей сустракалася і вопратка з футры, больш уласцівая шляхецкаму саслоўю.
    Галаўныя ўборы
    Галаўныя ўборы — адна з самых яскравых і самабытных частак адзення, якая адлюстроўвала пол, узрост, сацыяльнае становішча чалавека і этыку яго паводзін у розных сітуацыях. Апрача практычных, яны выконвалі важныя эстэтычныя і абрадаварытуальныя функцыі. Прычым гэтыя функцыі былі неаднолькавымі, а часам і супрацьлеглымі ў тых ці іншых тыпаў галаўных убораў — мужчынскіх і жаночых, шапак, намітак, вянкоў і інш. Так, мужчыны ў пэўных месцах пры пэўных акалічнасцях павінны былі здымаць шапкі, каб засведчыць сваю пачцівасць, сакральныя адносіны да людзей, падзей ці святых месцаў; для жанчын гэта было неабавязковым.
    Найбольш старажытныя ўборы мужчын — суконная ці футравая шапка сферычнай формы, у жанчын — чапец, дзяўчаты апрача чэпчыкаў насілі вянок. У XVIII—XIX стст. найбольш пашыранымі галаўнымі ўборамі мужчын былі зімовыя аблавухі і шапкімагеркі. Аблавуха рабілася з аўчыны, пацягнутай сукном, яна мела чатыры конусавідныя вухі, што адкладваліся на контур шапкі, завязваючыся ўверсе на шнурках; у другім выпадку яна ўяўляла вушанку сучаснага тыпу. Заможныя насілі футравыя шапкі з высокім цыліндрычным ці конусавідным верхам (кучомка) і адкладным аколышкам. Шапкі з чатырохвугольным верхам называліся канфедэраткамі.
    Магерка шылася з тоўстага сукна або валілася з воўны, яна мела форму ўсечанага конуса з нешырокім аколышам у ніжняй частцы. На тэрыторыі Беларусі бытавала паўсюдна і мела тут некалькі мадыфікацый. Яе колер вар’іраваў ад белага (у рэгіёне ад Бранска
    176
    Тыпы мужчынскіх галаўных убораў.
    і Смаленска на ўсходзе да Бярэзіны на захадзе) да шэрага і бурага (у былых Мінскай і Гродзенскай губернях),— геаграфія яе бытавання, такім чынам, супадала з арэаламі адпаведных світ, тыпаў абутку і іншых этнаграфічных рэалій (сельскагаспадарчых прылад, вупражы, лазняў і інш.). На Беларусі яна распаўсюдзілася пад уплывам венгерскай моды, аб чым сведчыць і сама назва — магерка (перайначаная «венгерка»).
    У летнюю пару насілі капелюшы, ці брылі, якія плялі з саломкі, ліпавых валокнаў ці валілі з воўны, як і магеркі. Яны мелі шырокі аколыш і ўпрыгожваліся ўнізе дэкаратыўнай акаёмкай. У канцы XIX ст. распаўсюдзіўся картуз (фуражка), крыху пазней — кепка, якая бытуе да нашага часу.
    Асаблівай разнастайнасцю вызначаліся галаўныя ўборы жанчын, сярод іх — наміткі, чапцы, хусты, вянкі,
    7 Зак. 305.
    177
    Маладая жанчына ў намітцы. Кобрынскі павет, канец XIX cm. (мал. I. Каранкевіч)
    галавачкі і інш. Адпавядаючы ўзросту і сямейнаму становішчу, галаўныя ўборы надавалі жаночаму касцюму лагічную завершанасць і грацыёзнасць, падкрэслівалі рысы твару жанчыны, адцянялі ці карэліравалі прыродную гармонію форм, ліній, фарбаў.
    Адным з найбольш старажытных і ўстойлівых тыпаў галаўных убораў з’яўлялася намітка (павойнік, сярпанка, плат). Яна ўяўляла сабой кусок тонкага кужэльнага палатна (тыпу ручніка) памерамі ад 2 да 5 м удаўжыню і зо—60 см шырынёй, вышытага па канцах. Яе насілі замужнія жанчыны, павязваючы на чапец самымі разнастайнымі, часта даволі мудрагелістымі, спосабамі. Вядома каля 50 спосабаў павязвання наміткі, у кожнай мясцовасці бытавала тое ці іншае афармленне наміткі, тыя ці іншыя спосабы яе павязвання. Часта намітку абгортвалі вакол абручыка (лубка) ці больш мяккай тканкі, якія надзяваліся непасрэдна на галаву, канцы наміткі пры гэтым нярэдка ахіналі шыю і падбародак, спускаючыся на плечы ці грудзі.
    178
    Замужнія жанчыны не маглі з’яўляцца ў грамадзе з непакрытай галавой, без наміткі, баючыся апраставалосіцца перад людзьмі. Намітка, такім чынам, выконвала пэўныя сакральныя функцыі. Побач з наміткай ужываліся і не менш складаныя, высокія ўборы тыпу какошнікаў (галовачка, сарока).
    Чапец насілі пад наміткай, яго шылі з тонкага кужалю або сітцу, атласу. У кожнай мясцовасці ён меў свае асаблівасці крою, прыкладных дэталей, спосабаў павязвання. У шэрагу выпадкаў чапец меў вушкі, што ўпрыгожваліся ўзорным арнаментам. Чапец з вушкамі называўся каптуром. У дзяўчат ён быў самастойным уборам, які насілі без наміткі.
    Уборам незамужніх дзяўчат была і скіндачка, што рабілася з кужэльнага палатна і мела больш вузкую сярэднюю частку і шырокія канцы. Яна павязвалася вакол галавы сярэдняй часткай (макаўка пры гэтым заставалася адкрытай), а яе прыгожа аздобленыя канцы спускаліся на плечы. Святочным дзявоцкім уборам быў так званы кубак, каркас якога рабіўся з лубу (шырыня 10—12 см), абшытага тканінай, што ўпрыгожвалася арнаментальнымі маляўнічымі паскамі. Да каркаса мацаваліся лентыстужкі (колькасцю да 25, даўжынёй да 1 м), якія спускаліся на плечы і спіну.
    Бадай што самымі разнастайнымі і маляўнічымі ўборамі дзяўчат былі вянкі. Іх завівалі летам з жывых кветак,— такі вянок меў важнае абрадавае значэнне ў час вяселля, купалля, свята куста, дажынак і інш.; у якасці каркаса вянка ўжывалі і лазовыя абручыкі, абгорнутыя рознакаляровымі тканінамі, спавітыя штучнымі кветкамі і зелянінай, рознакаляровымі стужкамі і тасёмкамі; часам вянок рабілі і ў форме шапачкі. Вянок як сімвал дзявоцкай чысціні быў неабходным атрыбутам абраду вянчання. Гэтую функцыю ён захаваў да нашага часу.
    Абутак
    Абутак з’яўляецца састаўной часткай адзення, арганічна дапаўняе яго, выконваючы ў агульным тыя ж функцыі ў адзіным комплексе. Ён падзяляецца на святочны і паўсядзённы (рабочы), зімовы і летні, мужчынскі і жаночы, якія, у сваю чаргу, можна класіфікаваць па матэрыялах і канструкцыі на шэраг тыпаў.
    179
    Найбольш пашыраным паўсядзённым абуткам беларускага сялянства на працягу некалькіх стагоддзяў былі лапці. Іх плялі з ліпы, лазы, пяньковых ці льняных вяровачак (аборкі). Вылучаюць лапці прамога і касога пляцення, з закрытым наском і запяткам (глухія, сляпыя, кавярзні) і адкрытыя (шчарбакі, зрачыя). Для падаўжэння тэрміну службы падэшвы лапцей дадаткова падпляталіся лыкам, пянькой ці падшываліся скурай. Найбольш акуратна рабілі лапціпахлапні з глыбокімі круглымі насамі, высокімі бакамі і запяткамі; яны лічыліся святочнымі.
    Лапці насілі разам з ільнянымі анучкамі, якімі абгортвалі нагу амаль да калена і замацоўвалі аборкамі ці рамянямі, што прапускаліся праз вушкі лапцей. Апрача плеценых ужываліся і скураныя лапці — пастолы, вядомыя са старажытных часоў.
    У святочныя дні, асабліва калі ішлі ў царкву ці ехалі ў мястэчка на кірмаш, надзявалі боты (ці чобаты). Звычайна яны мелі высокія халявы (галянішчы), якія падкрэслівалі маёмасны цэнз уладальніка; іх шылі па заказу ў майстроўшаўцоў. Заможная шляхта насіла боты з вузкімі насамі; яны шыліся з тонка апрацаванай скуры чорнага, чырвонага, жоўтага, зялёнага колераў, саф’янавыя халявы мелі нярэдка ціснёны ці вышыты дэкор. Ззаду на пятцы ботаў мацаваліся шпоры, што падкрэслівалі саслоўны стан і шляхецкую годнасць.
    Маладыя жанчыны і дзяўчаты насілі чаравікі з халяўкамі рознай вышыні, што шнураваліся спераду (радзей — збоку) шнуркамі ці тонкімі раменьчыкамі. Пажылыя жанчыны замест чаравікаў надзявалі часцей лёгкія боты.
    У канцы XIX — пачатку XX ст. распаўсюдзіўся валены абутак — валёнкі, якія насілі ў зімовы час з наступленнем халадоў. Падэшвы валёнак падшываліся тоўстым лямцам або скурай. Пазней на валёнкі сталі надзяваць галошы. Драўляны абутак — выразаныя з калодкі чуні (дзеравянікі, кандалы) мелі нязначнае распаўсюджанне ў беларусаў. Крыху часцей ужываліся скураныя чуні на тоўстай драўлянай падэшве. Абутак адлюстроўваў мясцовую традыцыю, сезон года, пол, узрост, сацыяльны статус і гарманіраваў са стылем, тыпам і колерам вопраткі, разам з якой ён выкарыстоўваўся.
    180
    Пытанні, заданні:
    1.	3 якіх частак (кампанентаў) складаўся традыцыйны жаночы касцюм?
    2.	Якім чынам упрыгожвалася святочная кашуля?
    3.	Чым адрозніваліся паміж сабой спадніца, андарак і панёва?
    4.	Што такое камізэлька? Якія асаблівасці ў кроі і ўпрыгожванні яна мела на Беларусі?
    5.	Назавіце асноўныя традыцыйныя галаўныя ўборы мужчын.
    6.	Чым адрозніваліся галаўныя ўборы дзяўчат і замужніх жанчын?
    7.	Раскажыце пра асноўныя віды традыцыйнага абутку.
    8.	Зрабіце схемызамалёўкі традыцыйных жаночых комплексаў адзення.
    ШЛЯХІ ЗНОСІН
    I ТРАНСПАРТНЫЯ СРОДКІ
    Шляхі зносін
    Шляхі і сродкі зносін з’яўляюцца неад’емнай часткай народнай жыццядзейнасці і характарызуюць узровень гаспадаркі і цывілізацыі ў цэлым. Разам з тым яны нясуць на сабе адбітак этнічных асаблівасцей, звязаных з гісторыяй асваення тэрыторыі, геаграфічным асяроддзем, гісторыкакультурнымі сувязямі і традыцыямі. У старажытны перыяд, калі не існавала рэгулярных гандлёваэканамічных зносін, дарог у сучасным сэнсе слова (як спецыяльна зробленых і ўладкаваных шляхоў) на тэрыторыі Беларусі было вельмі мала. Слова «шлях» тады азначала літаральна «след» ад чагонебудзь. Такімі «шляхамі» маглі быць паляўнічыя маршруты, выпадкова пракладзеныя ў лесе праходы або проста звярыныя сцежкі, што вялі да месцаў выпасу і вадапою.
    Але ў той далёкі час існавалі ўжо бітыя сцежкі і больш шырокія наезджаныя шляхі, што пралягалі паміж суседнімі паселішчамі або вялі ад паселішча да ракі, крыніцы, лясной падсекі, бортных угоддзяў і інш. Праз рачныя пратокі і ручаіны ўзводзіліся кладкі. У сваім больш архаічным выглядзе яны ўяўлялі паваленыя дрэвы, якія маглі ўтвараць на рэках ці балоцістых месцах доўгія пераходы. У гэтым выпадку няцяжка заўважыць іх генетычную сувязь з больш познімі свайнымі збудаваннямі. Такія масткі, ці, як іх інакш называлі, лавы, уяўлялі сабой нешырокі памост з 2—3 дошак або жэрдак, замацаваных над вадою на апорных шастах; яны былі даволі распаўсюджанай з’явай прырэчных вёсак. Вядомага даследчыка Палесся I. А. Сербава здзіўляла мноства ў гэтым рэгіёне штучных шляхоўлаваў, што вялі па балоцістых мясцінах у розных напрамках ад вёскі, прасцягшыся часам на некалькі дзесяткаў і нават соцень метраў.
    182
    Паступова, у паўсядзённай гаспадарчай дзейнасці, складвалася сетка прасёлачных шляхоў, якія з цягам часу мянялі сваё аблічча і тапаграфію. Звычайна яны пракладваліся па больш даступнай мясцовасці і ўтваралі складаны контурны малюнак, пралягаючы паміж балот, каля берага ракі, па ўскраіне лесу. Нярэдка яны ўяўлялі вузкія просекі ў лясных масівах. Часта лясныя шляхі былі настолькі не акрэсленымі, разыходзячыся ў розных кірунках, што напрамкі да мэты памячаліся зарубкамі на дрэвах, заламанымі галінамі, вехамі і т. п. Гужавы шлях паміж суседнімі вёскамі, што пракладваўся праз лес, у старажытнасці называўся «перавалокай». Па гэтых шляхах неабходныя грузы перавозіліся ва ўсе поры года,— звычайна не на колах, а на валакушах або санях. Дарэчы, язда на санях па лясных дарогах улетку практыкавалася яшчэ ў XIX ст.