Габсэк  Анарэ дэ Бальзак

Габсэк

Анарэ дэ Бальзак
Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Беларускі гуманітарны адукацыйна-культурны цэнтр
Памер: 63с.
Мінск 1993
14.08 МБ
— Я заўважыў, мадам,— сказаў Дэрвіль вікантэсе дэ Гранльё з таямнічым выглядам,— што існуюць некаторыя маральныя з’явы, на якія мы не звяртаем дастаткова ўвагі. Паводле сваёй натуры я люблю назіраць, і ў справы, якія мне даводзілася весці, асабліва, калі ў іх разгараліся чалавечыя пачуцці, заўсёды неяк уносіў дух аналізу. I я заўсёды не псраставаў здзіўляцца здольнасці праціўнікаў разгадваць патаемныя думкі і намеры адзін аднаго. Бывае, што паміж двума ворагамі існуе такая падобная яснасць розуму, такая ж сіла ўнутранага зроку, як паміж закаханымі, якія могуць чытаць у душы адзін аднаго. I вось, калі мы другі раз засталіся з графіняй сам-насам, я адразу ўцяміў, што яна мяне ненавідзіць, і здагадаўся — чаму, хоць яна хавала свае пачуцці за ветлівасцю і гасціннасцю. Я быў вымушаны ведаць яе таямніцы, a любая жанчына ненавідзіць таго, перад кім ёй даводзіцца чырванець. Яна ўжо здагадалася, што хоць я і давераная асоба яе мужа, аднак ён яшчэ не паспеў перадаць мне сваю маёмасць. Наша размова, якую я тут не буду пераказваць, засталася ў маёй памяці як адна з самых небяспечных боек, што мне давялося весці ў жыцці. Гэтая жанчына, надзеленая ад прыроды ўсімі чарамі спакусніцы, была то даступная, то ганарлівая, то ласкавая, то даверлівая; яна нават спрабавала распаліць маю мужчынскую цікаўнасць, выклікаць каханне ў маім сэрцы, каб скарыць мяне, але ёй гэта не ўдалося. Калі я збіраўся пайсці ад яе, то заўважыў у яе вачах такую лютую нянавісць, што ажно здрыгануўся. Мы развіталіся ворагамі: ёй бы хацелася знішчыць мяне, а я яе шкадаваў, што для такіх характараў, як у яе, выглядае ганебным. Яна адчула гэту літасць і ў ветласці маіх слоў, прамоўленых на развітанне. Я даў ёй зразумець, што, як бы яна ні хітрыла, яе чакае непазбежнае банкруцтва; і, напэўна, жах ахапіў яе.
— Калі б я мог пагаварыць з графам, то, прынамсі, лёс вашых дзяцей...
— Ніколі! Тады я ва ўсім буду залежаць ад вас! — запярэчыла яна, перапыніўшы мяне з пагардай.
Паколькі барацьба паміж намі прыняла такі адкрыты характар, я вырашыў сам выратаваць гэту сям’ю ад беднасці, якая ёй пагражала. Дзеля гэтай мэты я быў гатовы, калі спатрэбіцца, пайсці нават на юрыдычна незаконныя дзеянні. I вось якія: я ўзбудзіў супраць графа дэ Рэсто іск на ўсю суму яго фіктыўнага доўгу Габсэку
і атрымаў выканаўчы ліст. Графіні, вядома, давялося хаваць ад свету судовае рашэнне. Яно давала мне права пасля смерці графа апячатаць яго маёмасць. Потым я падкупіў аднаго слугу ў графскім доме, і гэты чалавек абяцаў выклікаць мяне ў любы час дня і ночы, калі яго гаспадар будзе пры апошнім уздыху — дзеля таго, каб я мог прыехаць нечакана, напужаць графіню пагрозай неадкладнага вопісу маёмасці, і такім чынам, выратаваць сустрэчныя распіскі. Потым я даведаўся, што гэтая жанчына вывучала Грамадзянскі кодэкс, у той час як за сцяной чуліся стогны паміраючага мужа. Жудасную карціну мы ўбачылі б, каб маглі зазірнуць у душы спадкаемцаў, што абступаюць ложак паміраючага. A колькі тут інтрыг, разлікаў, хітрасцей — і ўсё дзеля грошай. Але пакіньма гэтыя падрабязнасці, досыць агідныя самі сабою, хоць пра іх трэба было сказаць, бо яны дапамогуць вам уявіць пакуты гэтай жанчыны, пакуты яе мужа і прыўзнімуць заслону над замоўчанымі сямейнымі драмамі, падобнымі да гэтай. Два месяцы граф дэ Рэсто ляжаў адзін у сваім пакоі, змірыўшыся са сваім лёсам. Смяротная хвароба паступова знішчала яго цела і розум. Як і іншыя цяжка хворыя, ён не быў пазбаўлены дзівацтваў. He дазваляў прыбіраць у сваім пакоі, адмаўляўся ад усялякіх паслуг і нават не хацеў, каб перасцілалі яго пасцель. Гэта надзвычайная яго апатыя адбілася на ўсім: мэбля ў пакоі стаяла абы як, пыл і павуцінне пакрылі нават самыя прыгожыя рэчы. Чалавеку, некалі багатаму і вытанчанаму, быццам бы давала асалоду тое невясёлае відовішча, што было ў яго перад вачыма ў гэтым пакоі, дзе і камін, і пісьмовы сгол, і крэслы былі пазастаўленыя рэчамі, якія патрэбны хвораму: пустымі і поўнымі бутэлечкамі, амаль выключна бруднымі, раскіданай бялізнай, разбітымі талеркамі, грэлкаю без корка ля каміна, ваннай з нявылітаю мінеральнаю вадой. У кожнай драбніцы гэтага бязладцзя адчуваўся крах чалавечага жыцця. Перад тым, як забраць чалавека, смерць выказвала сваю прысутнасць у рэчах. Дзённае святло выклікала ў графа жах, таму аканіцы былі ўвесь час зачынены, і гэты паўзмрок надаваў пакою яшчэ большую панурасць. Хворы моцна схуднеў. Здавалася, толькі ў вачах свяціўся апошні агеньчык жыцця. Нешта жудаснае было ў змярцвелай белізне яго твару, найперш з тае прычыны, што доўга адпушчаныя валасы, якія ён не дазваляў падразаць, тонкімі пасмамі абрамлялі яго запа-
лыя шчокі. Ён нагадваў фанатычных жыхароў пустэчы. Гора патушыла ў ім усе чалавечыя пачуцці, хоць яму яшчэ не было і пяцідзесяці; а быў жа час, калі ўвесь Парыж ведаў яго такім бліскучым і такім шчаслівым!
Аднойчы раніцай, у пачатку снежня 1824 года, Эрнэст, сын графа, сядзеў каля яго ложка і з вялікім засмучэннем глядзеў на бацьку. Бацька расплюшчыў вочы і ўбачыў яго. Сын спытаў:
— Баліць, тата?
— He,— адказаў граф з жахлівай усмешкай.— Усё — вось тут і вакол сэрца! — I ён дакрануўся схуднелымі пальцамі да сваёй галавы, а потым з такім пакутлівым выглядам прыціснуў руку да запалых грудзей, што сын не вытрымаў і заплакаў.
— Чаму ж не прыходзіць Дэрвіль? — спытаў граф у свайго камердынера, якога лічыў адданым слугой, у той час як гэты чалавек быў цалкам на баку яго жонкі.
— Як жа так, Марыс! — вымавіў ён і з вялікімі намаганнямі сеў на ложку. Здавалася, яго розум прасвятлеў.— За апошнія два тыдні я раз сем, не меней, пасылаў вас па майго паверанага, а яго усё няма. Вы што, жартуеце са мною? Зараз жа, не адкладваючы, адпраўляйцеся і прывядзіце яго мне сюды! Калі вы не паслухаецеся, я сам падымуся і паеду...
— Мадам,— сказаў камердынер, заходзячы ў гасцёўню,— вы чулі, што сказаў граф? Што ж мне цяпер рабіць?
— Зрабіце выгляд, быццам едзеце да гэтага страпчага, а вярнуўшыся, паведаміце графу, што ён выехаў з Парыжа за сорак льё на важны працэс. I яшчэ паведаміце, што ён вернецца напрыканцы тыдня.
«Хворыя ніколі не вераць у блізкі канец,— думала графіня,— і ён будзе чакаць, пакуль гэты чалавек не вернецца». Напярэдадні ўрач сказаў, што граф не працягне і сутак. Калі праз дзве гадзіны камердынер паведаміў графу несуцяшальную звестку, той вельмі захваляваўся.
— Божа мой, Божа! — паўтараў ён раз за разам,— толькі на Цябе маё спадзяванне.
Ён доўга глядзеў на свайго сына і нарэшце сказаў яму слабым голасам:
— Эрнэсг, сынку мой, ты яшчэ вельмі малады, але ў цябе чысгая душа і ты павінен зразумець, наколькі святое тое абяцанне, якое ты дасі свайму паміраючаму бацьку. Ці адчуваеш ты, што зможаш захаваць таямніцу,
каб нават маці не выведала яе? У гэтым доме я веру толькі табе аднаму. Ты не здрадзіш майму даверу?
— He, татка.
— Дык вось, Эрнэст, я зараз дам табе заклеены канверт, які адрасаваны спадару Дэрвілью. Ты павінен схаваць яго так, каб ніхто не ведаў, а потым выйдзеш з дому і кінеш яго ў паштовую скрынку на рагу вуліцы.
— Добра, тата.
— Ідзі пацалуй мяне. Цяпер мне, сынку, будзе не так цяжка паміраць. Гадоў праз шэсць, ці сем ты даведаешся, якая гэта важная таямніца, і ты будзеш добра ўзнагароджаны за сваё разуменне і за сваю адданасць бацьку. I ты тады ўбачыш, як я любіў цябе. А цяпер пакінь мяне на хвілінку і нікога да мяне не пускай.
Эрнэст выйшаў у гасцёўню і ўбачыў, што там стаіць яго маці.
— Эрнэст,— прамовіла яна,— хадзі сюды. Яна села і прытуліўшы сына моцна да грудзей, пацалавала яго.
— Эрнэст, татка толькі што гаварыў з табою?
— Але, мама.
— Што ён табе сказаў?
— Я не магу паўтарыць гэта, мама.
— А Мой жа ты сыночак! Як я рада, што ты ўмееш маўчаць. Запомні назаўсёды два прынцыпы: ніколі не маніць і быць верным свайму слову.
— Мамачка, якая ж ты добрая! Ты ніколі ў жыцці не хлусіла, я ўпэўнены ў гэтым!
— He, сыночак! Былі моманты, к’алі я гаварыла няпраўду. Я вымушана была рабіць гэта ў варунках, якія мацнейшыя за ўсе законы. Паслухай, Эрнэст, ты ўжо вялікі вырас і разумееш усё. Ты бачыш, што твой бацька адштурхоўвае мяне, не жадае, каб я глядзела за ім. Гэта несправядліва. Ты ж ведаеш, як я яго люблю.
— Але, мама.
— Бедны мой хлопчык,— прамовіла графіня ў слязах.— Ва ўсім вінаваты злыя людзі, якія абгаварылі мяне, хацелі разлучыць з тваім татам, бо яны зайздросцяць нашаму багаццю. Калі б твой татка быў здаровы, мы хутка памірыліся б, і ён, вельмі добры і чулы, хутка зразумеў бы сваю памылку. Але хвароба засціла яму розум, і ён перастаў мне давяраць. Яшчэ адзін доказ таго, што розум яго не ў парадку, гэта тое, што ён вылучае цябе сярод іншых дзяцей. Ты ж ніколі не заўважаў, каб да хваробы ён менш за цябе любіў Паліну і Жоржа. A
цяпер усё залежыць ад яго капрызаў. Яго пяшчота да цябе прымусіла даць табе дзіўнае даручэнне. Сыночак мой, калі ты не хочаш зруйнаваць нашу сям’ю, калі не хочаш, каб твая маці хадзіла, як жабрачка, скажы мне ўсё...
— А-а-а! — дзіка закрычаў граф, адчыніўшы дзверы.
Ён стаяў на парозе, паўраздзеты, худы як шкілет. Яго жудасны крык моцна ўразіў графіню і яна здранцвела, гледзячы на мужа. Граф быў гэткі бледны і слабы, што, здавалася, толькі што выйшаў з магілы.
— Вам мала таго, што вы атруцілі ўсё маё жыццё, вы нават памерці не дасцё мне спакойна, і яшчэ хочаце сапсаваць душу майго сына' — крычаў ён ахрыплым голасам.
Графіня ўкленчыла перад ім. Страшэнны выгляд паміраючага паўздзейнічаў на яе так, што слёзы ручаём пацяклі з яе вачэй.
— Пашкадуйце мяне! Пашкадуйце,— маліла яна.
— А вы мяне шкадавалі?! — спытаў ён.— Я дазволіў вам змарнаваць усё ваша багацце, а цяпер вы хочаце і маё згубіць, і сына майго зрабіць жабраком!
— Добра! He шкадуйце мяне! — маліла яна.— Але дзяцей’ — Загадайце — і я пайду ў манастыр, скончу там свой удовін век. Я падпарадкуюся, я зраблю ўсё, каб выкупіць маю віну перад вамі. Але дзеці! Няхай хоць нашы дзеці паспытаюць шчасця!
— У мяне толькі адно дзіця! — адказаў граф, працягваючы ў роспачы свае ссохлыя рукі да сына.
— Даруй! Я так раскайваюся, так раскайваюся,— рыдала графіня, абдымаючы вільготныя ад поту ногі свайго мужа.
Рыданні перашкаджалі ёй гаварыць, горла перахапіла, адтуль вырываліся нейкія незразумелыя гукі.