Габсэк
Анарэ дэ Бальзак
Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Беларускі гуманітарны адукацыйна-культурны цэнтр
Памер: 63с.
Мінск 1993
Наведнік быў апрануты проста і знешнасць яго нагадвала нябожчыка герцага Рышэлье. Гэта быў муж графіні, і вы, вядома, сустракалі яго ў свеце. У яго была, прабачце мне гэты выраз, арыстакратычная пастава, уласцівая дзяржаўным мужам, жыхарам вашага прадмесця.
— Месьё,— прамовіў ён, звяртаючыся да Габсэка, які зноў зрабіўся вельмі спакойным,— ці гэта мая жонка толькі што выйшла адсюль?
— Магчыма.
— Вы што ж, месьё, не разумееце мяне?
— Я не маю гонару ведаць вашу жонку,— адказаў ліхвяр.— Сёння раніцай у мяне было шмат рознага люду: жанчын, мужчын, дзяўчат, падобных да юнакоў, і юнакоў, падобных да дзяўчат. Мне, ведаеце, цяжка...
— Кіньце жарты, месьё! Я маю на ўвазе жанчыну, якая толькі што выйшла ад вас.
— А як я магу ведаць, што гэта — ваша жонка? Я не меў шчасця бачыць вас раней.
— Памыляецеся, спадар Габсэк,— з глыбокай іроніяй вымавіў граф.— Аднойчы раніцай мы ўжо сустракаліся ў спальні маёй жонкі. Вы прыходзілі спаганяць грошы па вэксалі, з якога яна ніякіх грошай не атрымлівала.
— А гэта ўжо не мая справа — выведваць, за якія каштоўнасці ёй была вернута гэта сума,— запярэчыў Габсэк, кінуўшы на графа злосны хітраваты позірк.— Я ўлічыў яе вэксаль пры разліках з адным маім калегам. Дарэчы, шаноўны пане, дазвольце заўважыць,— дадаў Габсэк,— спакойна насыпаючы каву ў посуд з малаком,— мне здаецца, што вы не маеце права павучаць мяне ў маім уласным доме. Апроч таго, я дасягнуў паўналецця яшчэ ў шэсцьдзесят першым годзе мінулага стагоддзя.
— Шаноўны спадар, вы толькі што купілі ў маёй жонкі дыяменты за дужа нізкую цану. Яны не належаць ёй, гэта родавыя каштоўнасці.
— Я не лічу сябе абавязаным пасвячаць вас у таямніцы маіх спраў, аднак, калі графіня, не спытаўшыся ў вас, узяла дыяменты, вы павінны былі пісьмова папярэдзіць
усіх злотнікаў, каб яны іх не куплялі — яна магла прадаць іх па частках.
— Месьё! — усклікнуў граф,— вы не ведаеце маёй жонкі.
— Няўжо?
— Як замужняя жанчына, яна падпарадкоўваецца мужу.
— Магчыма.
— Яна не мела права распараджацца гэтымі дыяментамі...
— Слушна.
— Дык як жа тады, месьё?
— А во як! Я ведаю вашу жонку, яна падпарадкоўваецца мужу,— згодзен з вамі; ёй яшчэ й іншым даводзіцца падпарадкоўвацца,— але важных дыяментаў я не ве-да-ю. Калі ваша жонка падпісвае вэксалі, дык, відавочна, яна можа заключаць і камерцыйныя пагадненні, купляць дыяменты ці браць іх на камісію дзеля продажу. Гэта здараецца.
— Бывайце, месьё! — закрычаў граф, палатнеючы ад гневу.— Ёсць суд!
— Слушна.
— Вось гэты месьё,— дадаў граф, паказваючы на мяне,— быў сведкам продажу.
— Магчыма.
Граф пайшоў у бок дзвярэй. Бачачы, што справа робіцца сур’ёзнаю, я вырашыў умяшацца і замірыць праціўнікаў.
— Граф,— сказаў я,— ваша праўда, але й спадар Габсэк не вінаваты. Вы не можаце падаць на яго ў суд, пакінуўшы ў баку вашу жонку, а гэтым працэсам вы наклічаце ганьбу не толькі на яе адну. Я страпчы, але пацвярджаю вам, не як афіцыйная асоба, а як сумленны чалавек, што продаж быў зроблгны ў маёй прысутнасці. Але я не думаю, што вам удасца скасаваць гэту здзелку як незаконную, ды й нялёгка будзе выявіць, што прададзены менавіта вашы дыяменты. Па справядлівасці праўда ваша, а па закону вы пацерпіце крах. Спадар Габсэк чалавек вельмі сумленны і не будзе адмаўляць таго, што купіў дыяменты дужа выгадна для сябе, але і я, згодна з абавязкам і згодна з сумленнем, сведчу пра гэта. Аднак калі вы пачнеце перасуды, вам наўрад ці пашанцуе. Раю вам пайсці на міравую са спадаром Габсэкам. Бо ён зможа даказаць у судзе сваю дабрасум-
леннасць, а вам давядзецца ўсё роўна выплаціць суму, заплачаную ім. Згадзіцеся лічыць свае дыяменты ў закладзе на сем, на восем месяцаў, нават на год, калі раней гэтага тэрміну вы не зможаце вярнуць грошы, атрыманыя графіняй. А можа вы выбераце такі варыянт: выкупіце іх сёння ж, даўшы на тое неабходныя гарантыі?
Увесь гэты час ліхвяр вельмі нервова мачаў хлеб у каву і снедаў, адно пачуўшы словы «пайсці на міравую», кінуў на мяне позірк, у якім я прачытаў: «Малайчына! Спрытна карыстаешся маімі ўрокамі!». Я адказаў яму позіркам, які ён добра зразумеў: «Справа дужа невыгодная, брудная, таму вам трэба як мага хутчэй заключыць узаемнае пагадненне». Габсэк не мог упарціцца, бо ведаў, што я скажу на судзе ўсю праўду. Граф падзякаваў мне дабразычлівай усмешкай. Пасля доўгіх абмеркаванняў, у якіх, сваёй хітрасцю і сквапнасцю, Габсэк засунуў бы за паяс удзельніка любога дыпламатычнага кангрэсу, я склаў акт, дзе граф прызнаваў, што атрымаў ад Габсэка восемдзесят пяць тысяч франкаў, уключаючы ў гэтую суму і працэнты пры ссудзе, а Габсэк абавязваўся пасля выплаты яму ўсёй сумы пазыкі вярнуць дыяменты графу.
— Якое марнатраўства! — з сумам у голасе ўсклікнуў граф, падпісваючы акт.— Як перакінуць мосг цераз гэтую бездань?
— Месьё, а ў Вас ці шмат дзяцей? — сур’ёзным тонам спытаўся Габсэк.
Пры гэтых яго словах граф скалануўся, быццам стары ліхвяр, як дасведчаны лекар, намацаў балючае месца. Ен не адказаў нічога.
— Так, так, так,— прамармытаў Габсэк, зразумеўшы яго панурае маўчанне.— Я вашу гісторыю ведаю назубок. Гэта ваша жонка — сапраўдны дэман, а вы, відаць, яшчэ моцна кахаеце яе. Разумею! Яна нават мяне прымусіла хвалявацца. Можа, вы хочаце выратаваць сваё багацце, зберагчы яго для аднаго ці для двух сваіх сыноў? Раю вам: кідайцеся ў вір свецкіх асалодаў, гуляйце дзеля выгляду ў карты, марнуйце грошы ды часцей завітвайце да Габсэка. У свецкіх колах мяне будуць клікаць жыдам, эфіопам, ліхвяром, грабежнікам, гаварвыць, што я руйную вас. А мне напляваць! За знявагу крыўдзіцель дорага заплаціць! Ніхто так не страляе з пісталета і не валодае шпагай, як я. Гэта ўсім вядома. I яшчэ раю вам,— знайдзіце надзейнага сябра, калі можаце, і шляхам фіктыўнага пагаднення перадайце яму ўсю вашу маёмасць.
Як гэта ў вас, юрыстаў, называецца? Здаецца, фідэікоміс? — спытаў ён, павярнуўшыся да мяне.
Граф быў увесь паглынуты сваімі турботамі і, пакідаючы нас, сказаў Габсэку:
— Заўтра я прынясу вам грошы. Трымайце дыяменты напагатове.
— Мне здаецца, што ён дурань, як і ўсе гэтыя вашы прыстойныя людзі,— холадна прамовіў Габсэк, калі граф выйшаў.
— Скажыце лепш — як людзі, ахопленыя пасыяй.
— А за складанне акта няхай вам заплаціць граф,— сказаў Габсэк, калі мы развітваліся.
Праз некалькі дзён пасля гэтай гісторыі, якая прыадчыніла мне страшныя таямніцы свецкай жанчыны, граф завітаў уранні да мяне.
— Месьё,— сказаў ён,— увайшоўшы ў мой кабінет.— Я хачу параіцца з вамі ў вельмі важнай справе. Лічу сваім абавязкам заявіць, што я адчуваю да вас вялікі давер і спадзяюся даказаць гэта. Вашы паводзіны на працэсах мадам дэ Гранльё надзвычай пахвальныя. (Вось бачыце, мадам,— адзначыў сграпчы, павярнуўшыся да вікантэсы,— паслугу я вам зрабіў зусім простую, а колькі разоў атрымаў за гэта ўзнагароду...) Я з павагаю схіліў голаў перад графам і адказаў, што я толькі выконваў абавязак сумленнага чалавека.
— Дык вось, месьё, я маю дакладныя звесткі пра таго дзіўнага чалавека, якому вы абавязаны сваім становішчам,— сказаў граф,— і з гэтых маіх звестак вынікае, што ваш Габсэк — філосаф з школы цынікаў. Што вы думаеце наконт яго сумленнасці?
— Граф,— адказаў я,— Габсэк мой дабрадзей... 3-за пятнаццаці працэнтаў,— дадаў я, смеючыся. Аднак яго сквапнасць усё ж не дае мне права надта адкрыта гаварыць пра яго з незнаёмым мне чалавекам.
— Гаварыце, месьё. Вашая шчырасць не можа нашкодзіць ні Габсэку, ні вам. Я не думаю, што гэты ліхвяр падобны да анёла.
— У таты Габсэка,— сказаў я,— ёсць.адно галоўнае правіла, на якім ён будуе свае паводзіны. Ён лічыць, што грошы — гэта тавар, які можна, без згрызот сумлення, прадаваць, дорага ці танна, у залежнасці ад абставін. Ліхвяр, які бярэ вялікія працэнты за ссуду, на яго думку, такі ж капіталіст, як і любы іншы ўдзельнік прыбытковага прадпрыемства ці спекуляцыі. А калі адкінуць яго
фінансавыя прынцыпы і яго разважанне пра чалавечую натуру, якімі ён апраўдвае сваё ліхвярства, дык я лічу, што ва ўсім Парыжы няма далікатнейшага і сумленнейшага за яго чалавека. У ім жывуць дзве істоты: скнара і філосаф, нізкае і высокае. Калі я памру, пакінуўшы малых дзяцей, ён будзе іх апякуном. Вось, месьё, якім я ўяўляю сабе Габсэка, грунтуючыся на сваім досведзе. Я нічога не ведаю пра яго мінулае. Магчыма, ён быў карсарам; магчыма, .вандраваў па ўсім свеце, гандляваў дыяментамі ці людзьмі, жанчынамі ці дзяржаўнымі сакрэтамі, але я глыбока ўпэўнены, што ніводная чалавечая душа не атрымала такой жорсткай загартоўкі, як ягоная. У той дзень, калі я прынёс яму свой доўг і расплаціўся цалкам, я з нейкай асцярогай спытаў у яго, чаму ён браў з мяне такія вялікія працэнты і чаму ён, жадаючы дапамагчы мне, свайму сябру, не дазволіў сабе зрабіць гэта зусім бескарысліва. «Сыне мой, я пазбавіў цябе ад удзячнасці, я даў табе права лічыць, што ты мне нічым не абавязаны. Таму мы з табою найлепшыя ў свеце сябры». Гэты адказ, месьё, лепш ад усялякіх слоў дае вам Габсэкаў партрэт.
— Я прыняў рашэнне раз і назаўсёды,— прамовіў граф.— Падрыхтуйце, калі ласка, усе неабходныя акты для перадачы Габсэку правоў на маю маёмасць. I толькі вам, месьё, я магу даверыць складанне сустрэчнай распіскі, у якой ён заявіць, што продаж з’яўляецца фіктыўным і што ён абавязваецца кіраваць маёй маёмасцю, як пажадае, а потым перадасць яе ў рукі майго старэйшага сына, калі той дасягне паўналецця. Але я павінен сказаць вам наступнае: мне боязна хаваць у сябе гэту распіску. Мой сын так прывязаны да маці, што й яму я не магу даверыць гэты каштоўны дакумент. Я прашу вас узяць яго да сябе на захаванне. У выпадку маёй смерці Габсэк прызначыць вас спадкаемцам маёй маёмасці. Такім чынам, усё прадугледжана.
Нейкую хвілю граф маўчаў. Выгляд ён меў дужа ўсхваляваны.
— Я тысячу разоў прашу ў вас прабачэння, шаноўны пане,— што патурбаваў вас,— нарэшце загаварыў ён,— але я так пакутую, ды яшчэ і маё здароўе моцна мяне непакоіць. Нядаўнія падзеі з’явіліся для мяне вялікім ударам і трэба было, каб я паклапаціўся і зрабіў сякія-такія рашучыя захады.
— Месьё,— адказаў я,— перш за ўсё дазвольце
падзякаваць вам за давер. Але каб апраўдаць яго, я павінен заўважыць, што гэтымі захадамі вы зусім абяздоліце... вашых малодшых дзяцей, а яны ж таксама носяць ваша прозвішча. Няхай ваша жонка мела грахі перад вамі, аднак жа вы яе некалі кахалі, і яе дзеці маюць права на пэўную забяспечанасць. Вымушаны заявіць вам, што я не згаджуся прыняць на сябе пачэсны абавязак, які вы ўскладваеце на мяне, пакуль іх доля не будзе дакладна вызначана.