Габсэк
Анарэ дэ Бальзак
Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Беларускі гуманітарны адукацыйна-культурны цэнтр
Памер: 63с.
Мінск 1993
Вернемся зноў да нашых герояў.
Праз год пасля таго, як я набыў кантору, мяне запрасіў аднойчы на вечарыну адзін з маіх знаёмцаў. Ён прайграў спрэчку маладому франту, вядомаму свецкаму льву, слава пра якога тады грымела па ўсіх салонах. Я маю на ўвазе спадара дэ Трая.
— Слава пра яго грыміць яшчэ і сёння,— перапыніў страпчага граф дэ Борн.— Ніхто так шыкоўна не апранаецца і ніхто так, як ён, не ўмее кіраваць коньмі, запрэжанымі цугам. А як Максім гуляе ў карты, як ён есць і як п’е! Гэта трэба бачыць. Ён ведае толк у жарабках, у капелюшах, разбіраецца ў жывапісе. Усе жанчыны вар’яцеюць ад яго. Ён прагульвае па сто тысяч у год, хоць я не чуў, каб у яго было хоць невялікае памесце ці нейкая рэнта. Гэта той тып вандроўнага рыцара, які блукае па салонах, па будуарах, бульварах, быццам тая амфібія, бо невядома, якога ён полу, мужчынскага ці жаночага. Карацей кажучы, граф Максім дэ Трай — істота вельмі дзіўная, вартая на ўсё і ні на што не вартая, можа выклікаць і страх, і пагарду, здольная быць дабрачыннай і злачыннай, высакароднай і подлай, заплямленай хутчэй брудам, чым крывёю. Турботы яе хвалююць больш, чым згрызоты сумлення, пачуцці займаюць болей, чым думкі. Гэта чалавек знешне палкі, а ўсярэдзіне халодны, як лёд. Ён уяўляе сабою бліскучае звяно сувязі паміж катаржнікамі і людзьмі вышэйшага свету. Інакш кажучы, Максім дэ Трай належыць да таго высокаінтэлектуальнага класу, з якога часам выходзяць Мірабо, Піты, Рышэлье, але болей за ўсё — графы дэ Хорны, Фук’е-Тэнвілі і Каньяры13.
— Дык вось,— гаварыў далей Дэрвіль, выслухаўшы
да канца брата вікантэсы,— я шмат чуў пра гэтага чалавека ад няшчаснага старога Гарыо, аднаго з маіх кліентаў, і таму пазбягаў з ім сустракацца. Аднак мой знаёмы так настойліва запрашаў мяне на гэтую вечарыну, што я не змог адмовіцца, каб не выглядаць пыхліўцам.
Вам цяжка ўявіць, мадам, што такое хлапечая вечарынка. Гэта неверагодная пышнасць і вытанчанасць, раскоша скнары, які дзеля таго, каб адзін раз пусціць пыл у вочы, гатовы змарнаваць вялікія грошы. Калі заходзіш, цябе спачатку ўражвае парадак на стале, які шчыльна абстаўлены бліскучым срэбрам, звонкім крышталём, засланы бялюткім абрусам. Тут квітнее жыццё. Маладыя людзі паводзяць сябе ветліва, шчыра ўсміхаюцца адно аднаму, размаўляюць паўшэптам і нагадваюць маладажонаў, вакол якіх ззяе німб некранутай чысціні.
А гадзіны праз дзве вы скажаце, што ўсё тут нагадвае поле бітвы: усюды відны кавалкі бітага шкла, змятыя сурвэткі, рэшткі недаедзеных страў, на якія цяпер брыдка глядзець. Стаіць гоман, ліецца нястрыманы смех, перасыпаны вострымі эпіграмамі і непрыстойнасцямі. Вакол вас адны барвовыя твары, пустыя бліскучыя вочы. У гэтым няспынным гармідары нехта б’е бутэлькі, нехта зацягвае суразмоўніцу на двубой. Тут абдымаюцца, там б’юцца. У паветры вісіць нясцерпны чад, у якім змяшаліся сотні пахаў, у суцэлыаы рык зліліся сто галасоў. Ніхто не ведае, што ён есць, што гаворыць. Адзін змрочна маўчыць, іншы безупынку балбоча, а нехта, як звон, паўтарае адно і тое слова. Нейкі жартаўнік спрабуе дырыжыраваць гэтым садомам, а нейкі разумнік прапануе арганізаваць оргію. Калі б сюды трапіў цвярозы чалавек, ён палічыў бы ўсё гэта за вакханалію.
I вось сярод гэтага гармідару граф дэ Трай паспрабаваў дамагчыся маёй прыхільнасці. Паколькі я быў яшчэ пры памяці, то трымаўся з асцярогай. Ён жа хоць і меў выгляд моцна п’янага чалавека, увесь час думаў пра свае справы. He ведаю, як гэта здарылася, але калі я пакідаў салон Грынёна а дзевятай гадзіне ўвечары, граф зачараваў мяне цалкам, і я паабяцаў пазнаёміць яго з татачкам Габсэкам. Ён здолеў выцягнуць гэта з мяне, спекулюючы такімі словамі, як «гонар», «дабрачыннасць», «графіня», «сумленная жанчына», «няшчасце» і гэтак далей.
Прачнуўшыся назаўтра і спрабуючы ўспомніць тое, што адбылося напярэдадні, я мусіў зрабіць вялікія намаганні. Урэшце мне здалося, што дачка аднаго з маіх
кліентаў магла згубіць сваю рэпутацыю, а таксама павагу і каханне свайго мужа, калі да дванаццаці гадзін дня не здабудзе пяцьдзесят тысяч франкаў. Тут яшчэ былі і запазычанні па гульні ў карты, і неаплочаны рамізнік, і яшчэ нейкія выдаткі. Мой абаяльны сабутэльнік пераконваў мяне, што гэта досыць багатая дама і што за некалькі год яна зможа вярнуць страты, нанесеныя яе дастатку. I толькі тут я зразумеў, чаму мой сябар гэтак настойліва запрашаў мяне да сябе. На мой сорам, я нават не мог уявіць сабе, наколькі сам Габсэк быў зацікаўлены, каб памірыцца з гэтым фарсуном. Карацей, не паспеў я ўстаць з ложка, як мне паведамілі, што з’явіўся спадар дэ Трай.
— Граф,— сказаў я, калі мы абмяняліся традыцыйнымі кампліментамі,— я не разумею, чаму вам так хочацца, каб менавіта я адвёў вас да Габсэка. Ён жа самы ветлівы і самы бяскрыўдны з усіх ліхвяроў і заўсёды пазычыць вам грошай, калі мае іх — дакладней, калі вы дасцё яму дастатковыя гарантыі.
— Спадар Дэрвіль,— адказаў дэ Трай,— я і не думаў прымушаць вас выконваць абяцанне, якое вы мне далі ўчора.
— Сарданапал! — сказаў я сам сабе,— няўжо я дазволю гэтаму чалавеку думаць, што не магу стрымаць сваё слова?
— Учора я меў гонар растлумачыць вам, што вельмі недарэчна пасварыўся з татачкам Габсэкам,— працягваў дэ Трай.— Я добра ведаю, што ва ўсім Парыжы няма лепшага за яго фінансіста, які б у канцы месяца, пакуль не падведзены вынікі, змог вам даць адразу сотню тысяч. Таму я і папрасіў вас, каб вы памірылі мяне з ім. Але не будзем больш гаварыць пра гэта.
I змераўшы мяне ветліва-абразлівым позіркам, ён пайшоў да выхаду.
— Я еду з вамі да Габсэка,— не вытрымаў я.
Калі мы прыехалі на вуліцу дэ Грэ, мой фарсісты спадарожнік пачаў азіраць усё наўкола з такой дзіўнай, напружанай увагай, што я быў моцна гэтым уражаны. Ён то палатнеў, то чырванеў, то раптам твар яго набываў колер нейкай мерцвянай жаўцізны, а калі ён убачыў, што пад’езд Габсэка, на яго лбе праступілі дробныя кропелькі халоднага поту. He паспелі мы саскочыць з кабрыялета, як з-за рога на вуліцу дэ Грэ выехаў фіякр. Мой сусед адразу ж, быццам каршун, угледзеў у кутку карэты жаночае аблічча, і яго твар асвяціўся звярынай радасцю.
Ён паклікаў хлопчыка, які быў побач, і папрасіў таго патрымаць каня. Па сцёртых прыступках мы падняліся ў кватэру старога ліхвяра.
— Спадар Габсэк,— прамовіў я,— гэта адзін з маіх самых блізкіх сяброў,— і дадаў на вуха,— ...ад якога, я не ведаю, як ратавацца. Спадзяюся на вашу прыхільнасць да яго, вядома, за звычайныя працэнты і калі вам гэта будзе выгодна.
Граф дэ Трай нізка пакланіўся Габсэку, сеў і падрыхтаваўся слухаць таго, прыняўшы паставу каранаванай асобы, што магла б зачараваць каго заўгодна, але толькі не Габсэка, які сядзеў нерухома каля каміна і нават не зварухнуўся. Ён у гэтую хвілю нагадваў вядомую статую Вальтэра перад уваходам у Французскі Тэатр, асветленую вячэрнімі агнямі. На знак прывітання ён толькі прыўзняў свой паношаны картуз, які ў яго заўсёды быў на галаве, і жоўтая макаўка голага чэрапа, быццам са старога мармуру, мільгануўчіы, яшчэ больш узмацніла гэта падабенства.
— Грошы я маю толькі для маіх заўсёдных кліентаў,— прамовіў сгары.
— Дык, значыць, вы моцна пакрыўдзіліся на мяне за тое, што я пайшоў банкрутаваць да іншых? — усміхнуўшыся, сказаў граф.
— Банкрутаваць? — з іроніяй перапытаў яго Габсэк.
— Вы хочаце сказаць, што той, у каго нічога няма, не можа збанкрутаваць? Тады паспрабуйце знайсці ў Парыжы хоць аднаго з такім самым значным капіталам, як у мяне! — усклікнуў гэты фарсун і, ускочыўшы з месца, крутануўся на абцасах. Але гэта несур’ёзная выхадка ані не ўразіла Габсэка.— Хіба я не самы блізкі сябра Ранкероляў, дэ Марсэ, Франчэсіні, абодвух Вандэнэсаў, Аюда-Пінта,— урэшце, усіх маладых людзей з Парыжскай эліты? Я — нязменны партнёр па гульні ў карты аднаго прынца і вядомага вам пасланніка. Я маю прыбыткі ў Лондане, у Карлсбадзе, у Бадэне, у Баце. Хіба гэта няпраўда?
— Праўда.
— Д’ябал! Вы абыходзіцеся са мною, нібы з губкаю: чакаеце, пакуль я набрыняю золата.м у свецкім коле, a потым возьмеце ды выціснеце яе Толькі памятайце, што вы — таксама губка, і смерць некалі выцісне вас.
— Магчыма.
— Што было б з вамі, каб на свеце не было такіх,
як я? Мы з вамі непадзельныя, быццам душа і цела.
— Сапраўды.
— Дык давайце ж падамо адзін аднаму рукі, мой добры татачка Габсэк, бо ж вы згодны з тым, што я сказаў.
— Ведаеце, чаму вы прыйшлі да мяне? — холадна вымавіў стары ліхвяр.— Бо Жырар, Пальма, Вэрбруст і Жыганэ сытыя па горла вашымі вэксалямі і гатовы збыць іх хоць каму, страціўшы нават пяцьдзесят працэнтаў. Але, як здаецца, яны выклалі вам палову намінала, гэтак вашы вэксалі не вартыя цяпер і дваццаці пяці працэнтаў. He, дзякую вам! Хіба ж магу я,— працягваў Габсэк,— пазычыць хоць адзін шэлег чалавеку. які вінаваты мне трыццаць тысяч франка\ , а за душою не мае ні сантыма? He даўней, як пазаўчора, вы прайгралі ў карты на балі ў барона Нусігема дзесяць тысяч франкаў.
— Шаноўны пане,— прамовіў граф, гледзячы старому ў вочы з выключнай нахабнасцю,— як ідуць мае справы, хай вас не цікавіць. Галоўнае, каб я заплаціў у тэрмін.
— Гэта праўда.
— Mae вэксалі будуць заўсёды аплачаныя.
— Магчыма.
— Такім чынам, цяпер для вас галоўнае пытанне: змагу я ці не даць вам дастатковы заклад пад ссуду на тую суму, якую я хацеў бы пазычыць у вас?
— Слушна.
3 вуліцы данёсся грукат карэты, што пад’язджала к дому.
— Зараз я вам нешта прынясу, і, мне думаецца, вы будзеце цалкам задаволены,— сказаў паспешліва дэ Трай і выбег з пакоя.
— 0 сыне мой! — усклікнуў Габсэк, ускокваючы з месца і працягваючы мне рукі, як толькі граф знік за дзвярыма.— Калі заклад у яго каштоўны, ты выратаваў мне жыццё! Я ледзь не памёр. Вэрбруст і Жыганэ ўздумалі пажартаваць з мяне. Але дзякуючы табе, я сёння сам з іх пасмяюся.
Такім я яго яшчэ не бачыў. У радасці старога было нешта жудаснае, і хоць гэта радасць была кароткаю, яна запомнілася мне назаўсёды.
— Калі ласка, заставайцеся тут,— дадаў ён.— Хоць я ўзброены і ўпэўнены ў сабе, бо некалі паляваў на тыгра і біўся на палубе карабля пры абардажы не на жыццё,
а на смерць, аднак я ўсё ж такі пабойваюся гэтага франтаватага прайдзісвета.
I сгары ліхвяр зноў сеў у сваё крэсла да стала. Яго твар зрабіўся бледным і спакойным.