Габсэк
Анарэ дэ Бальзак
Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Беларускі гуманітарны адукацыйна-культурны цэнтр
Памер: 63с.
Мінск 1993
мною ўсе чалавечыя пачуцці, якія запаляюцца ў сутыкненні самых розных інтарэсаў, што напаўняюць нашае грамадства, а я — я ўважліва разглядаю іх — і застаюся спакойны. Вашую навуковую цікаўнасць — своеасаблівы двубой, у якім чалавек заўсёды церпіць паражэнне,— я замяняю пранікненнем у першапрычыны і матывы, якія кіруюць чалавецтвам. Карацей, я валодаю светам, не натамляючы сябе, а свет — не мае нада мной ніякай улады.
— Вось паслухайце,— загаварыў ён, памаўчаўшы,— я раскажу вам дзве гісторыі, якія здарыліся сёння раніцай у мяне на вачах. Тады, напэўна, вы зразумееце, у чым мае ўцехі.
Ён устаў, зачыніў дзверы на засаўку; падышоўшы да акна, захінуў старую дывановую заслону, якая завішчала колцамі, пасоўваючыся па металічным пруце; і нарэшце зноў сеў у крэсла.
— Сёння раніцай,— сказаў ён,— мне трэба было выставіць даўжнікам толькі два вэксалі: астатнія яшчэ ўчора я пусціў на разлікі па сваіх аперацыях. Хоць які барыш! Бо пры ўліку я скідаю з плацежнай сумы выдаткі на вяртанне пазыкі і стаўлю па сорак су за рамізніка, хоць і не думаю яго наймаць. Вам, мусіць, смешна, што за нейкія шэсць франкаў працэнту я лячу праз увесь Парыж? Але ж гэта я! Чалавек, які нікому не падпарадкоўваецца і плаціць усяго сем франкаў падатку. Дык вось, першы вэксаль, на тысячу франкаў, падаў мне адзін малады чалавек — сапраўдны прыгажун ды фарсун: камізэлька ў іскарку, ларнет, адкрытая брычка, конь англійскай пароды і г. д. А падпісаны вэксаль быў жанчынай — адной з найпрывабнейшых парыжанак, жонкай досыць багатага памешчыка (і апроч таго — графа). Чаму ж яснавялебная графіня падпісала гэты вэксаль, які не меў праўнай сілы, але практычна быў абсалютна надзейны? А таму, што ўсе гэтыя вартыя жалю кабеты, свецкія пані, да таго баяцца сямейных скандалаў, якія могуць паўстаць у выпадку апратэставання вэксаля, што яны гатовыя разлічыцца нават сваёю асобай, калі няздольныя заплаціць грашмі. Мне надта карцела выведаць таямніцу гэтага вэксаля. Што за ім хаваецца: глупства, бяздумнасць, каханне ці спагада? Другі вэксаль на такую ж суму, падпісаны нейкай Фані Мальво, падаў мне адзін гандляр палатном — відовочны кандыдат на банкруцтва. Бо ніводзін чалавек, які мае хоць самы малы крэдыт у
банку, не пойдзе да мяне ў кантору: першы ўжо крок ад парога пакоя да майго стала сведчыць пра поўны яго адчай, пра марныя пошукі атрымаць пазыку ў любым банку і пра набліжэнне непазбежнага краху. Мне даводзіцца бачыць толькі зацкаваных аленяў, за якімі гоніцца цэлая зграя пазыкадаўцаў. Графіня жыве на Гільдэрскай вуліцы, а Фані Мальво — на вуліцы Манмартр. Пра што я толькі сабе не думаў, калі сёння ўранні выходзіў з дому! Калі ў гэтых жанчын няма чым плаціць, яны, вядома, сустрэнуць мяне ласкавей за роднага бацьку. Я ўяўляў, якія штукі пачне выкідаць графіня, якую састроіць камедыю за гэтую тысячу франкаў! Як ветліва яна заўсміхаецца, залапоча ліслівым, пяшчотным галаском — тым самым, якім заляцаецца да малойчыка, на чыё імя выдадзены вексель. Можа, нават будзе мяне маліць! А я...
Стары скінуў на мяне халодным позіркам.
— А я буду непахісны! — сказаў ён.— Я прыходжу заўжды як адплата, як дакор нячыстаму сумленню... Але забудзьма пра мае здагадкі. Раскажу лепш пра тое, што было, калі я прыйшоў.
— Графіня яшчэ не ўставала,— паведаміла мне пакаёўка.
— Калі ж яе можна пабачыць?
— He раней за дванаццаць.
— Што, графіня хварэе?
— He, месьё, яна вярнулася з балю а трэцяй гадзіне раніцы,
— Маё прозвішча Габсэк. Перадайце, што прыходзіў Габсэк. Я зайду яшчэ раз апоўдні.
I я пайшоў да выхаду, пакідаючы бруднымі чаравікамі плямы на дыване, што быў насцелены на мармуровай лесвіцы. Я люблю пэцкаць дываны ў багатых людзей і раблю гэта не праз дробязнае сваё самалюбства, а каб даць гэтым асобам адчуць учэпістыя кіпцюры Немінучасці.
Прыходжу на вуліцу Манмартр, у няўклюдны дом, адчыняю ў браме старую фортку, аглядаю двор, што нагадвае калоджеж, у які ніколі не зазірае сонца. У пакойчыку брамніцы цёмна, шкло ў вакенцы зацухмоленае, як рукаў цёплага, але парэпанага ад старасці халата.
— Тут жыве мадмуазэль Фані Мальво?
— Тут, але яе цяпер няма. Калі вы наконт вэксаля, дык яна пакінула вам грошы.
— Я зайду пазней,— быў мой адказ.
Яна пакінула грошы ў брамніцы — што ж, гэта цудоўна, але мне цікава пагладзець на саму даўжніцу. Я ўяўляў яе гэткай прыгожанькаю баламутніцай. Дык вось. Ранак я правёў на бульвары, разглядаючы гравюры ў вітрынах. Але роўна апоўдні я ўжо быў у гасцёўні, дзверы з якой вялі ў спальню графіні.
— Гаспадыня толькі нядаўна першы раз пазваніла,— заявіла мне пакаёўка.— Я не думаю, каб яна прыняла вас цяпер.
— Я пачакаю,— адказаў я і сеў у крэсла.
Праз пэўны час жалюзі расчыніліся, пакаёўка выбягае і кажа:
— Калі ласка, месьё.
Па салодкім галаску пакаёўкі я адразу сцяміў, што яе гаспадыні няма чым плаціць. Але затое якая гэта была прыгажуня! Спяшаючыся, яна паспела накінуць на аголеныя плечы толькі кашміравы шаль, і пад ім добра ўгадваліся яе прывабныя формы. Усё падкрэслівала багатая растармашка, аздобленая беласнежнымі брыжамі, а гэта значыла, што памывачцы, здольнай праць тонкую бялізну, яна павінна была плаціць не менш за дзве тысячы франкаў у год. Яе галаву, як у крэолкі, абвінала нядбала павязаная стракатая ядвабная хустка, з-пад якой выбіваліся буйныя чорныя кудзеры. Пасцель была змятая, і гэта сведчыла, што сон у жанчыны быў трывожны. Мастак аддаў бы нямала за магчымасць пабыць гэтым ранкам хоць некалькі хвілін у спальні ў маёй даўжніцы. Кожная складка фіранак тут дыхала любаярлівасцю. Прасціна, што збілася набок на блакітным пухавіку, ярка вылучалася сваімі белымі карункавымі фальбонкамі на яго светла-сінім фоне і, здавалася, яшчэ захоўвала невыразны адбітак прывабных форм, якія дражнілі ўяўленне. На мядзведжай шкуры, кінутай пад ногі бронзавым ільвам, што падтрымлівалі ложак з чырвонага дрэва, блішчалі белым аксамітам чаравікі, нядбайна скінутыя стомленаю жанчынай, што позна вярнулася з балю. 3 услона аж да самай падлогі, засланай шыкоўным дываном, звешвалася ўшчэнт пакамечаная сукенка. Ножку крэсла абвіналі тонкія празрыстыя панчохі, нібыта занесеныя сюды подыхам ветру. На канапцы валяліся белыя шаўковыя падвязкі. На каміне блішчаў і пераліваўся ўсімі колерамі вясёлкі паўраскрыты дарагі веер. Шуфляды ў камодзе былі выцягнутыя. Па ўсім пакоі былі раскіданыя кветкі, брыльянты, пальчаткі, паясы, шматлікія іншыя рэчы бальнага ўбору. Пахла
нейкай далікатнай парфумай. Ва ўсім адчувалася пазбаўленая гармоніі прыгажосць, бачыліся раскоша і непарадак. Але за гэтай раскошаю ўжо праглядвала беднасць, што пагражала жанчыне і яе каханку, выскаляючы на іх свае вострыя бязлітасныя зубы.
Стомлены твар графіні нагадваў сваім выглядам яе апачывальню, якая яшчэ захоўвала прыкметы мінулага свята. Раскіданыя паўсюль рэчы выклікалі ў мяне жаль: яшчэ ўчора яны былі яе ўборам, хтосьці захапляўся імі. Зліваючыся ў адно, яны ўтваралі вобраз кахання, атручанага згрызотамі, вобраз бязладнага жыцця, раскошы, гаманлівай марнасці; яны выдавалі танталавы пакуты, з якімі яна старалася падоўжыць настолькі нетрывалыя ўцехі свайго існавання. Чырвань на шчоках у гэтай жанчыны сведчыла толькі пра далікатнасць яе тонкае скуры, але твар быў ужо трошкі азызлы, і гэта яшчэ мацней акрэслівала цёмныя круті вакол яе вачэй. Аднак жыццёвая энергія віравала ў ёй па-ранейшаму, і адзнакі бязладнага жыцця не псавалі яе прыгажосці. Бляскам сваіх вачэй яна нагадвала адну з найпрыгажэйшых Ірадзіяд, што належалі пэндзлю Леанарда да Вінчы (а некалі я, дарэчы, гандляваў палотнамі старых майстроў), ад яе павявала сілаю і жыццём. Hi ў лініях яе прывабнага стану, ні ў рысах стомленага аблічча не было нічога кволага ці недасканалага. Несумненна, яе павінны былі кахаць, але сама яна была мацнейшая за гэтае пачуццё. Адным словам, гэтая жанчына мне спадабалася. Даўно маё сэрца не білася з такім хваляваннем. I можна сказаць, што я ўжо атрымаў сваю плату. Ды я сам аддаў бы тысячу франкаў, каб зноў зведаць пачуцці, якія нагадалі б мне дні маёй маладосці.
— Месьё,— прамовіла яна, прапанаваўшы сесці,— ці не будзеце вы такі ласкавыя, каб крыху адтэрмінаваць плацеж?
— Да заўтра, апоўдні, графіня,— прамовіў я, складваючы вэксаль, які толькі што паказаў.— Да гэтага часу я не буду мець права апратэставаць ваш вэксаль.
А сам падумаў: «Плаці, плаці за ўсю гэтую раскошу, за свой тытул, за сваё шчасце, за ўсе выключныя прывілеі, якімі ты карыстаешся. Дзеля аховы свайго дабра багацеі прыдумалі трыбунал, суддзяў, гільятыну, на якую дурні лезуць самі, як матылькі на полымя. Але для вас, людзей, якія спяць на ядвабе ды ядвабам накрываюцца, ёсць нешта іншае: прыхаваныя ўсмешкаю згрызоты і скрогат зубоў,
пачвары з ільвінымі пашчамі, што ўтыкаюць свае іклы вам у самае сэрца.
— Апратэставаць вэксаль? Няўжо вы гэта зробіце? — прамовіла яна, утаропіўшыся ў мяне вачыма.— Няўжо вы мяне так мала паважаеце?
— Графіня, нават каб мне быў вінен кароль і каб ён не заплаціў у тэрмін, я падаў бы на яго ў суд хутчэй, чым на любога іншага даўжніка.
У гэтую хвіліну нехта ціха пастукаў у дзверы.
— Мяне няма дома! — уладным голаса.м крыкнула графіня.
— Анастазі, гэта я. Мне трэба пагутарыць з вамі.
— Крыху пасля, дарагі,— адказала яна не так рэзка, але й зусім не ласкава.
— ІПто за жарты! Вы ж з кімсьці там размаўляеце,— азваўся голас, і ў пакой увайшоў мужчына. Відавочна, гэта быў сам граф.
Графіня кінула на мяне хуценькі позірк, і я адразу зразумеў, што цяпер яна зрабілася маёю рабыняй.
Быў час, малады чалавек, калі я па сваёй дурноце не апратэстоўваў вэксаляў. У 1763 годзе, у Пондышэры, я пашкадаваў адну жанчыну, і што з гэтага атрымалася?! Яна абдзерла мяне як ліпку! Ды так мне і трэба! Навошта я ёй даверыўся!
— Што вам трэба, месьё? — спытаў у мяне граф.
I тут я прыкмеціў, што ягоная жонка ажно калоціцца дробнымі дрыжыкамі — уся яе аксамітная шыя спрэс пакрылася гусінаю скурай. У душы мяне разбіраў смех, хоць ніводзін мускул не зварухнуўся на маім твары.
— Гэта адзін з маіх пастаўшчыкоў,— сказала графіня.
Граф павярнуўся да мяне спінай, і я выцягнуў з кішэні ражок складзенага вэксаля. Заўважыўшы мой бязлітасны жэст, маладая кабета нахілілася і неўпрыкмет ад мужа сунула мне ў руку брыльянт.