Габсэк; Бацька Гар’ё
Анарэ дэ Бальзак
Выдавец: Юнацтва
Памер: 304с.
Мінск 1996
3 аблічча Эжэн дэ Расціньяк выглядаў вылітым чалавекам з поўдня: белая скура, чорныя валасы, блакітныя вочы. Мова, манеры, пастава вызначалі нашчадка шляхетнага роду, дзе выхаванне ў малыя гады праводзілася па правілах добрага тону. Хоць ён і ашчаджаў сваю вопратку — у буднія дні ён насіў леташнія строі, — усё ж, калі трэба, ён выглядаў так, як мусіць выглядаць элегантны хлопец. Звычайна на ім быў стары сурдут, мізэрная камізэлька, танны чорны пакамечаны гальштук, па-студэнцку неахайна завязаны, таго самага кшталту порткі і задрыпаныя чаравікі з заменянаю падэшваю.
Саракагадовы Ватрэн уяўляў сабою пераходную ступень між двума папярэднімі жыхарамі і астатнімі. Ён быў з пароды тых мужчын з фарбаванымі бакамі, пра якіх
кажуць: «Вось слаўны хлапчына!» Плечы магутныя, грудзі шырокія, мускулы, як у волата, рукі вялізныя, квадратныя, на фалангах пальцаў — пучкі вогненных валасоў. На твары, пакрэсленым заўчаснымі зморшчынамі, праступалі рысы жорсткасці, што супярэчыла яго мяккім і прыязным манерам. Ягоны прыемны басавіты голас сумяшчаўся з грубаватаю весялосцю. Ватрэн любіў пасмяяцца, але ён быў чалавекам паслужлівым. Калі псаваўся замок, ён хуценька разбіраў яго, ладзіў, падточваў, змазваў, збіраў, прымаўляючы: «Штука знаёмая». Зрэшты, ён сапраўды ведаў пра ўсё: караблі, мора, Францыю, замежжа, справы, людзей, падзеі, законы, гатэлі і астрогі. Калі нехта надта журыўся, ён прапаноўваў яму дапамогу. Колькі разоў ён пазычаў грошай мадам Ваке ды некаторым з пансіянераў; але ягоныя даўжнікі хутчэй памёрлі б, чым не разлічыліся, бо, нягледзячы на знешнюю лагоднасць, нейкі асабліва глыбокі і поўны рашучасці погляд Ватрэна выклікаў страх. Манера сплёўваць даказвала непахісную спакойнасць чалавека таго кшталту, які не спыніцца нават перад злачынствам, каб выйсці з крытычнай сітуацыі. Як строгі суддзя, ягонае вока ўнікала ў глыбіню любых пытанняў, любога сумнення, любых пачуццяў. Ён звыкла трымаўся свайго распарадку: пасля снедання выходзіў, перад абедам вяртаўся, пасля знікаў на цэлы вечар і з’яўляўся ў доме блізка апоўначы, дзякуючы ключу, што даверыла яму мадам Ваке. Ён адзіны карыстаўся такою магчымасцю. Ён быў у найлепшых адносінах з кабетаю, зваў яе матухнаю і абдымаў за талію: незразумелая ліслівасць. Кабета лічыла ўсё гэта звычайнай ласкай, між тым Ватрэн быў адзіным, чыіх рук ставала, как ахапіць мажную акружнасць. Характэрнаю рысаю было тое, што ён плаціў па пятнаццаць франкаў у месяц за «глорыю»1 і піў яе на дэсерт. Меней павярхоўныя людзі, чым гэтыя маладзёны, зацягнутыя ў вір парыжскага жыцця, ці гэтыя старыя, абыякавыя да ўсяго, што не датычыла іх наўпрост, напэўна, не задаволіліся б тым дваякім уражаннем, якое выклікаў Ватрэн. Сам ён ведаў ці здагадваўся пра справы людзей, з якімі жыў, між тым як яны не ўмелі спасцігнуць ні яго думак, ні заняткаў. Хаця ён паставіў у адносінах між ім і астатнімі асноўнай перашкодай уяўную лагоднасць, незменную ласкавасць і весялосць.
1 Глорыя — салодкая кава (ці гарбата) з каньяком.
часта прарываліся наверх страшэнныя глыбіні характару гэтага таямнічага чалавека. Часта з ягоных вуснаў злятаў жарт, годны пяра Ювенала1, у якім ён з задавальненнем кпіў з законаў, здзекаваўся з вышэйшых слаёў грамадства, выкрываючы іх нутраную непаслядоўнасць, усё гэта наводзіла на думку пра крыўду, схаваную ў сэрцы, і таямніцу, наўмысна згубленую ў цемры жыцця.
Моц аднаго і прыгажосць другога мужчыны вабілі мадэмуазель Тайфэр, і хоць, магчыма, сама таго не жадаючы, яна дзяліла на дваіх позіркі крадком і думкі ўпотай, ніводзін з іх, ні саракагадовы халасцяк, ні малады студэнт, здавалася, намераў на яе не мелі, хаця аднойчы гульня фартуны магла ўсё змяніць і зрабіць яе заможнай партыяй. Зрэшты, ніхто з гэтых асоб не ставіў сабе задачай праверыць, колькі праўды і колькі выдумкі ў тых няшчасцях, на якія нехта жаліцца. Кожны ставіўся да суседа з абыякавасцю, ці нават хутчэй з недаверам — вынік жыццёвага становішча. Яны ведалі, што дапамагчы адзін другому не могуць, што ўсю спагаду вычарпалі аповядамі пра ўласнае ліха, і, нібы стары муж з жонкаю, не мелі аб чым размаўляць. Між жыхарамі склаліся механічныя, падобныя скрыпучаму руху счэпленых і даўно не мазаных колаў дачыненні. Кожны з іх міне, не азірнуўшыся, сляпога жабрака на вуліцы, без спачування выслухае споведзь пра нечае няшчасце, а ў смерці пабачыць адно вызваленне ад галечы, якая зрабіла іх абыякавымі да самай жудаснай агоніі. Самаю шчаснаю з гэтых апустошаных душ была мадам Ваке, якая панавала ў гэтай прыватнай багадзельні. Ёй адзінай маленькі садок, бязлюдны ў холад, спякоту і халепу, пустынны, як стэп, быў мілейшы за шумлівы гай. Для яе адзінай гэты змрочны жоўты будынак, ад якога патыхала таннаю фарбаю, як ад прылаўка, меў свае чары. Гэтыя камеры належалі ёй. Яна карміла гэтых катаржнікаў, лёсам асуджаных на пажыццёвае зняволенне, і трымала іх у паважлівым падпарадкаванні. Дзе б яшчэ ў Парыжы гэтыя нябогі за такую цану знайшлі б здаровы харч і кватэру, якую маглі лёгка зрабіць калі не ўтульнаю, дык прынамсі чыстаю і не шкоднаю для здароўя? Дазволь сабе мадам Ваке адкрытую несправядлівасць, ахвяра сцерпіць без скаргі.
1 Ювенал, Дэцым Юніюш (I—II стст.) — рымскі паэт-сатырык.
Падобны збор людзей мусіў уяўляць і ўяўляў адбітак цэлага чалавечага грамадства, і нібы ў школках ці ў гуртках, і тут, сярод васемнаццаці нахлебнікаў, знайшлося няшчаснае затурканае стварэнне, ахвярны казёл, на якога сыпаліся кпіны. На пачатку другога года жыцця ў доме мадам Ваке якраз гэты твар стаў Эжэну Расціньяку найбліжэйшым з усіх, побач з якімі ён змушаны быў мардавацца яшчэ два гады. Такою ахвяраю стаў былы вермішэльшчык бацька Гар’ё, і менавіта на ягоную галаву мастак, ды й гісторык таксама, скіравалі б усё святло сваёй карціны. Якім выпадкам знявага з нянавісцю, ганенне, перамяшанае са спагадаю, нядбайнасць да чужога няшчасця зваліліся на галаву найстарэйшага з пансіянераў? Можа, ён даў такую нагоду сваімі дзівацтвамі, смешнымі звычкамі, якія людзі не даруюць горай за заганы? Гэтыя пытанні маюць цесную сувязь з мноствам грамадскіх несправядлівасцей. Ці не ў самой чалавечай натуры закладзена прага выпрабоўваць цярпенне тых, хто па ціхмянасці, слабасці ці абыякавасці стрывае ўсё? Ці не падабаецца кожнаму з нас сцвярджаць уласную сілу на кім хочаце і чым хочаце? Самае кволае са стварэнняў, беспрытульнае хлапчанё, і тое мкнецца ў траскучы мароз празваніць ва ўсе званкі перад дзвярыма, ці караскаецца на новы помнік, каб накрэмзаць там сваё імя.
Бацька Гар’ё, прыкладна шасцідзесяцігадовы стары, атабарыўся ў мадам Ваке ў 1813 годзе, калі адышоў ад спраў. Спачатку ён заняў тую кватэру, дзе цяпер жыла мадам Куцюр, і, як чалавек, для якога сто франкаў туды, сто сюды — дробязь, плаціў тысячу дзвесце франкаў поўнага пансіёну. Атрымаўшы наперад грошы быццам бы за паднаўленне трох пакояў гэтае кватэры, мадам Ваке патрацілася на кепскую аздобу: на жоўтыя каленкоравыя фіранкі, лакіраваныя, абабітьія трыпам фатэлі, сякую-такую падмазку клеяваю фарбаю і шпалеры, ад якіх адмовіліся ўскраінныя кабарэ. Магчыма, менавіта, бесклапотная шчодрасць, у пастку якой трапіў бацька Гар’ё, тады яшчэ паважна званы месье Гар’ё, каштавала яму рэпутацыі ідыёта, які ў справах нічога не кеміць. Гар’ё прыехаў з поўным гардэробам. Як сапраўдны негацыянт, перад тым як пакінуць справы, ён не адказваў сабе ні ў чым. Мадам Ваке з захапленнем глядзела на паўтара тузіна кашуль з напаўгаландскага палатна, тонкасць і мяккасць якіх было тым ямчэй заўважыць, што на на-
крухмаленым жабо макароншчык насіў дзве шпількі, з’яднаныя ланцужком, кожная з якіх была аздоблена нядробнымі дыяментамі. Звычайна ён апранаў валошкавага колеру фрак, штодня мяняў пікейную белую камізэльку, пад якою калыхалася выпуклае ігрушападобнае пуза так, што важкі залаты ланцужок з бірулькамі ажно падскокваў. У табакерцы, таксама залатой, быў уштукаваны медальён з нечыімі валасамі, значыцца, за старым цягнуліся любоўныя прыгоды. Калі гаспадыня неяк назвала Гар’ё старым залётнікам, на ягоных вуснах заблукала задаволеная ўсмешка мешчаніна, захапленне якога атрымала прызнанне. Ягоныя «шкапы» (ён вымаўляў гэтае слова па-прастанароднаму) ламіліся пад цяжарам сталовага срэбра. Вочы мадам Ваке аж гарэлі, калі яна ветліва дапамагала новаму жыхару распакоўваць і расстаўляць чарпакі, лыжкі для рагу, талеркі, судкі, сподкі, прыборы, сервізы для сняданку, яшчэ нейкія больш ці менш прыгажэйшыя рэчы, пры гэтым даволі важкія. Ён прывёз іх з сабою, бо шкада было расставацца. Падарункі гэтыя нагадвалі яму ўрачыстасці сямейнага жыцця.
— Вось гэта, — паведаміў ён мадам Ваке, вымаючы сподак і кубак з накрыўкаю ў выглядзе двух туркавак у пацалунку, — першы падарунак, які зрабіла мне жонка да гадавіны вяселля. Няшчасная! Яна патраціла на гэта ўсе свае дзявочыя зберажэнні. Верыце, я хутчэй згаджуся капаць кіпцямі зямлю, чым развітацца з гэтым падарункам. Дзякуй Богу, я змагу да скону штораніцы піць каву з гэтага кубка. Мне журыцца няма чаго, кавалка хлеба мне не прыйдзецца пазычаць.
Апроч таго, сарочыя вочы мадам Ваке заўважылі аблігацыі дзяржаўнага казначэйства, якія, нават па прыкладным падліку, маглі прыносіць гэтаму цудоўнаму Гар’ё прыбытак ад васьмі да дзесяці тысяч франкаў. У той самы дзень у галаве мадам Ваке, у паненках дэ Канфлан, хоць ёй мінула сорак восем гадоў, праўда, па яе падліках толькі трыццаць дзевяць, нарадзіўся план. Нягледзячы на той факт, што ўнутраныя куточкі вачэй старога вывернуліся, набраклі і слязіліся, і гэта вымушала даволі часта выціраць іх, яна знайшла яго знешнасць прыемнаю і, наогул, падыходзячай для яе планаў. Да таго ж мясістыя, выпуклыя лыткі і доўгі шырокі нос абяцалі такія прыхаваныя вартасці, якімі ўдава, здавалася, не грэбавала, ды і твар у форме месяца, наіўна праставаты, пацвярджаў іх. На яе думку, Гар’ё быў істотаю моцнаю.
здольнаю ўсім духам аддацца пачуццю. Цырульнік Політэхнічнае школы штораніцы прыходзіў і пудрыў валасы, расчасаныя на два «крылы»; пяццю фестонамі яны ляжалі на ілбе, прыгожа абрамляючы твар. Знешне ардынарны, ён быў такі зграбны, так шчодра даставаў табаку з табакеркі і зажываў з пэўнасцю чалавека, які ведаў, што макубай1 ён напоўніць яе заўсёды. Дык вось тым вечарам, калі макароншчык уладкаваўся ў доме, мадам Ваке лягла спаць, разрумяніўшыся, як курапатка ў шпігу, на агні раптоўнага жадання развітацца з пасмяротнаю кашуляю Ваке і перарадзіцца ў жонку Гар’ё. Пабрацца шлюбам, прадаць пансіён і пайсці пад руку з лепшым прадстаўніком заможнага мяшчанства, стаць важнаю дамаю ў сваім квартале, збіраць ахвяраванні на бедных, па нядзелях выязджаць у Шуазі, Суазі, Жанціль2; хадзіць у тэатр, калі захочаш, браць ложу, а не чакаць кантрамарак, якія перападалі ёй ад таго-сяго з пансіянераў у ліпені месяцы; яна марыла пра Эльдарада3 ва ўяўленні любой парыжскай небагатай сям’і. Яна нікому не казала, што сама назбірала па грошыку сорак тысяч франкаў. Што тычыцца багацця, яна лічыла сябе нябеднаю для замужжа.