Габсэк; Бацька Гар’ё
Анарэ дэ Бальзак
Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 304с.
Мінск 1996
заслужыць сам, быць абавязаны толькі сваім якасцям. Але будучы чалавекам з поўдня, ён і дзейнічаў як чалавек з поўдня. Усе яго рашэнні на справе выпрабоўваліся ваганнямі, сумненнямі; так здараецца з усімі хлопцамі, якія, апынуўшыся ў адкрытым моры, не ведаюць, ні ў які бок накіраваць сілы, ні пад якім вуглом узняць ветразь. Спачатку Эжэну карцела з галавою кінуцца ў працу, але неўзабаве ён замест гэтага стаў рупіцца пра завядзенне патрэбных яму сувязей; заўважыўшы, як уплываюць на грамадскае жыццё жанчыны, ён адразу задумаў прабіцца ў свецкія колы і заваяваць сэрцы тых, хто пасля зробіць яму пратэкцыю: хіба не знойдзе такіх жанчын дасціпны, палкі хлопец, які звыш дасціпнасці і палкасці яшчэ адораны цудоўнаю паставаю і тою тонкаю прыгажосцю, на якую ласы жанчыны? Такія вось думкі апанавалі Расціньяка, калі ён шпацыраваў разам з сёстрамі сярод палёў. Раней такія прагулянкі яму падабаліся, ён быў вясёлы, цяпер сёстры заўважылі, што ён моцна змяніўся. Цётка ягоная, мадам дэ Марсіяк, калісьці жыла пры двары і мела знаёмых у арыстакратычных вярхах. У яе ўспамінах, якімі цётка часта дзялілася з ім, юны славалюб раптам угледзеў зыходныя пазіцыі для сваіх перамог у грамадстве, не меней значных, чым поспехі яго ў Школе правазнаўства. Ён распытаў у цёткі, якія сваяцкія сувязі магчыма аднавіць. Зварухнуўшы галіны генеалагічнага дрэва, старая дама вырашыла, што з усяго эгаістычнага племя багатых сваякоў, пані вікантэса дэ Басэан, напэўна, будзе самая чулая. Яна напісала ліст у старадаўнім стылі гэтай маладой кабеце і аддала яго Эжэну, зазначыўшы, што калі ён даб’ецца поспеху ў вікантэсы, дык з яе дапамогаю адродзіць таксама іншыя сваяцтвы. Праз некалькі дзён пасля прыезду ў Парыж Расціньяк даслаў мадам дэ Басэан ліст ад цёткі. Вікантэса адказала запрашэннем на баль, што меў адбыцца наступным днём.
Такім было агульнае становішча ў сямейным пансіёне пры канцы лістапада 1819 года. Пабыўшы на балі ў мадам дэ Басэан, Эжэн вярнуўся дадому каля другой гадзіны папоўначы праз некалькі дзён. Каб нагнаць страчаны час, студэнт яшчэ падчас танцаў паабяцаў сабе, што будзе працаваць да раніцы. Ён вырашыў упершыню правесці ноч без сна ў цішыні свайго маўклівага квартала, паддаўшыся чарам ілжывай энергіі, якую разварушыў у ім бляск свецкага жыцця. Паколькі ён не вячэраў у пансі-
ёне, там маглі палічыць, што ён вернецца з балю толькі раніцай, на золку, так, як некалі ён вяртаўся з баляў у Прада ці ў Адэоне1, запэцкаўшы граззю шаўковыя панчохі і стаптаўшы бальныя туфлі. Перш чым зачыніць дзверы на засаўку, Крыстоф выглянуў на двор. Якраз у гэты момант з’явіўся Расціньяк, таму ён змог узняцца ў свой пакой бясшумна; Крыстоф жа цягнуўся следам з грукатам. Эжэн распрануўся, сунуў ногі ў пантофлі, апрануў зношаны сурдут, распаліў торф у печцы і так хуценька падрыхтаваўся да працы, што тупат цяжкіх Крыстофавых чаравікаў заглушыў амаль бясшумныя гатаванні студэнта. Эжэн задумаўся на некалькі хвілін, перш чым засесці за чытанне падручнікаў па правазнаўству. У асобе мадам дэ Басэан ён толькі што ўбачыў адну з царыц парыжскага свету, а яе дом належаў да шэрагу наслаўнейшых у прадмесці Сен-Жэрмен. I па сваім тытуле, і па багацці яна належала да вяршыняў сталічнай арыстакратыі. Дзякуючы цётцы, мадам дэ Марсіяк, беднага студэнта добра прынялі ў гэтым шыкоўным доме, і, трэба зазначыць, ён яшчэ не адчуваў усяе важнасці гэтай ласкі. Уваход у пазалочаныя гасцёўні яе палаца можна было параўнаць з граматаю на магнацтва. Адна прысутнасць у гэтым выключна вузкім коле грамадства давала яму права на ўваход паўсюль. Бляск балю асляпіў Эжэна, ён ледзьве здолеў абмяняцца некалькімі словамі з вікантэсай, бо ў натоўпе парыжскіх багінь, якія цясніліся на рауце, ён заўважыў адну з тых, у каго адразу ж павінен закахацца любы юнак. Высокая, з ладнаю фігўраю графіня Анастазі дэ Рэсто славілася на ўвесь Парыж прыгажосцю свайго стану. Уявіце сабе вялікія чорныя вочы, далікатныя рукі, ногі, нібы вытачаныя, парывістасць рухаў, і вы атрымаеце жанчыну, якую маркіз дэ Ранкероль параўноўваў з чыстакроўнаю жаробкаю. Нервовая элегантнасць зусім яе не псавала, формы цела вызначаліся акругласцю, хаця пульхнаю назваць яе было нельга. «Чыстакроўная жаробка», «пародзістая жанчына» — такія выразы прыйшлі на змену «анёлам нябесным», «асіянаўскім тварам»2, усёй старадаўняй лю-
1 Прада — парыжскі дом для розных забаўляльных мерапрыемстваў; Адэон — парыжскі драматычны тэатр.
2 Твары ў стылі «Пссень Асіяна», твора шатландскага паэта Джэмса Макферсона (1736—1796), нанісанага па матывах шатландскай народнай творчасці. Макферсон прадставіў чытачам свой твор як англійскі пераклад песень шатландскага спевака Асіяна, які жыў у III ст. н. э.
боўнай міфалогіі, якую дэндзізм1 адкінуў прэч. Для Расціньяка мадам Анастазі дэ Рэсто была проста жаданаю. У спісе кавалераў, адзначаных на вееры, ён замовіў сабе два танцы і змог падчас першага контрданса пагаварыць з ёй.
— Дзе я змагу сустрэць вас, мадам? — адкрыта і нечакана спытаў ён, уклаўшы ў голас той імпэт страсці, які так даспадобы жанчынам.
— Як дзе?.. У Буфонаў, у Булонскім лесе, у мяне дома, усюды.
I паўднёвы рызыкант паспяшаўся сысціся бліжэй з чароўнаю графіняю, наколькі гэта магчыма за тур контрданса ды тур вальса. Ён назваўся кузенам мадам дэ Басэан, і быў запрошаны прыходзіць у госці калі захоча. Расціньяк прыняў жанчыну за «знатную даму» і з падоранай яму ўсмешкі на развітанне зрабіў вывад, што варта запрашэнне скарыстаць: тут яму пашэнціла яшчэ раз: ён сустрэў чалавека, які не пасмяяўся з наіўнай недасведчанасці юнака, што лічылася смяротным грахом у асяроддзі славутых вісусаў эпохі, усіх гэтых фарсістых Маленкураў, Ранкероляў, Максімаў дэ Траяў, дэ Марсэ, АжудаПінта, Вандэнесаў, якія бывалі ў кампаніі самых элегантных жанчын: ледзі Брандон, герцагіні дэ Ланжэ, графіні дэ Кергаруэт, мадам дэ Сэрызі, герцагіні дэ Карыльяна, графіні Фэро, мадам дэ Ланці, маркізы д’Эглёман, мадам Фірліяні, маркізы дэ Лістамер і маркізы д’Эспар, герцагіні дэ Мафрыньёз і дэ Гранльё. На шчасце для сябе, наіўны студэнт натрапіў на маркіза дэ Манрыво, каханка герцагіні дэ Ланжэ, хоць і генерала, але чалавека прастадушнага, як дзіця, які паведаміў юнаку, што графіня дэ Рэсто жыве на вуліцы Эльдэр. Быць маладым, прагнуць свету, марыць пра жанчыну — і бачыць, як перад табой адчыняюцца дзверы двух палацаў! Цвёрда стаяць у доме вікантэсы дэ Басэан у прадмесці Сен-Жэрмен і схіляць галаву ў доме графіні дэ Рэсто на Шасэд’Антэн! 3 першага заходу пабачыць анфіладу парыжскіх салонаў і лічыць сябе досыць прыгожым, каб знайсці там апекаванне і падтрымку ў жаночых сэрцах! Адчуваць сябе настолькі ўпэўнена, каб адным непаўторным скачком узляцець на туга напяты канат, крочыць па ім са смеласцю акрабата, які ніколі не падае, і знайсці найлеп-
1 Дэндзізм (ад англ. dandy) — імкненяе да вытанчаных манер 1 знешпяга выгляду.
шы балансір у выглядзе цудоўнае жанчыны! Калі ў галаве мільгаюць такія думкі, калі боскі сілуэт гэтае жанчыны мроіцца перад табой тут, побач з тарфяною грубкаю, між галечай і зводам законаў, хто б не стаў, як Эжэн, сягаць надзеяй у будучыню, хто б не згадваў удачы? Вольныя думкі гэтак шчодра раздавалі вэксалі пад будучыя радасці, што ён ужо ўяўляў сябе побач з мадам дэ Рэсто, але ў гэты час стогн, падобны на стогн святога Язэпа, парушыў начную цішыню і нібы нечым смяротны хрып адгукнуўся ў сэрцы маладога чалавека. Ён ціхенька адчыніў дзверы і, апынуўшыся на калідоры, заўважыў палоску святла пад дзвярыма бацькі Гар’ё. Баючыся, што ягонаму суседу стала блага, Эжэн прыпаў вокам да шчыліны ад ключа, зазірнуў у пакой і ўбачыў старога за заняткам, які здаўся Эжэну настолькі падазроным, што ён вырашыў не вяртацца ў свой пакой, а прынесці карысць грамадству, высачыўшы начныя махінацыі так званага вермішэльшчыка. Было відаць, што бацька Гар’ё перавярнуў стол дагары нагамі яшчэ раней, прывязаў да папярочкі кубак і сподак з пазалочанага серабра і цяпер абвіваў іх нечым накшталт каната з такою сілаю, што гэтыя прадметы, аздобленыя багатаю чаканкаю, згіналіся ў трубку; стары, відаць, хацеў ператварыць іх у зліткі.
— Ого! Вось дык чалавеча! — здзівіўся Расціньяк, назіраючы, як жылістыя рукі старога з дапамогаю вяроўкі бясшумна мялі пазалочанае серабро, нібы цеста. Няўжо бацька Гар’ё быў злодзеем ці перакупшчыкам крадзенага, які прытворна здзяцініўся і жыве жабраком, каб надзейней было займацца процізаконным промыслам?— думаў Эжэн, разагнуўшыся на хвіліну, а пасля зноў прыпаў да шчыліны.
Бацька Гар’ё разматаў канат, разаслаў на стале коўдру, паклаў на яе камяк срэбра і пачаў качаць яго, прыдаючы форму круглай цуркі. Гэтую аперацыю ён выканаў надзіва лёгка.
«Ды сілы ў яго, відаць, не меней, чым у польскага караля Аўгуста», — разважаў у думках Эжэн, калі цурка стала амаль круглая.
Журботна паглядзеў на сваю работу бацька Гар’ё, на вачах яго заблішчэлі слёзы, ён дзьмухнуў на вітую свечку, пры святле якой згінаў пазалачонае серабро, і Эжэн ужо толькі чуў, як стары са стогнам лёг у ложак.
«Вар’ят»,— вырашыў студэнт.
— Беднае дзіцятка! — голасна вымавіў бацька Гар’ё .
Пачуўшы гэтыя словы, Расціньяк палічыў лепш маўчаць пра ўбачанае і не абвінавачваць суседа гэтак легкадумна. Ён ужо збіраўся вярнуцца ў свой пакой, калі раптам данёсся гук, які цяжка апісаць словамі; так маглі красціся па ўсходах людзі, абутыя ў мяккія паскавыя туфлі. Эжэн прыслухаўся і сапраўды пачуў подых дваіх чалавек. Дзверы нават не рыпнулі, не раздалося ніякага шолаху, а ён ужо раптам пабачыў пробліск святла на трэцім паверсе, у пакоі месье Ватрэна.
«Колькі таямніц хаваецца ў адным сямейным пансіёне!» — моўчкі здзівіўся ён.
Ён спусціўся некалькімі прыступкамі ніжэй, прыслухаўся, і да ягоных вушэй даляцеў звон золата. Неўзабаве святло згасла, зноў пачуўся подых людзей, хаця дзверы, як і раней, не рыпнулі. Подых стаў аддаляцца.
— Хто там ходзіць? — крыкнула мадам Ваке, адчыняючы акно спальні.
— Гэта я, матухна, дадому вяртаюся, — адказаў ціхі бас Ватрэна. «Вось дзіва! Крыстоф жа засунуў дзверы,— разважаў Эжэн, вяртаючыся ў свой пакой.— У Парыжы, каб ведаць, што робіцца вакол цябе, трэба ахвяраваць сном».