• Газеты, часопісы і г.д.
  • Габсэк; Бацька Гар’ё  Анарэ дэ Бальзак

    Габсэк; Бацька Гар’ё

    Анарэ дэ Бальзак

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 304с.
    Мінск 1996
    114.16 МБ
    Гэтыя дзве невялікія падзеі адарвалі яго ад узнёслапачуццёвых летуценняў, і ён сеў за працу. Аднак падазрэнні наконт бацькі Гар’ё блыталі ягоныя думкі; яшчэ мацней іх блытаў твар мадам дэ Рэсто, які час ад часу прадвеснікам бліскучага лёсу паўставаў перад вачыма юнака. У рэшце рэшт ён лёг спаць і заснуў як пшаніцу прадаўшы. 3 дзесяці начэй, якія маладыя людзі абяцаюць прысвяціць працы, сем яны аддаюць сну. Толькі калі чалавеку споўніцца дваццаць гадоў, ён зможа трымаць сваё слова і абыходзіцца без сну.
    Наступнаю раніцаю Парыж ахінуў адзін з тых густых туманаў, якія гэтак шчыльна захутваюць, засцілаюць горад, што ў выніку самыя пунктуальныя людзі памыляюцца ў часе. Зрываюцца важныя сустрэчы. Гадзіннік б’е поўдзень, а здаецца, што яшчэ восьмая раніцы. Была палова дзесятай, а мадам Ваке яшчэ не ўставала з ложка. Крыстоф і Сільвія спакойна, таксама са спазненнем, пілі каву з вяршкамі, знятымі з малака, прызначанага пансіянерам. Сільвія доўга кіпяціла гэтае малако, каб гаспадыня не заўважыла незаконнага пабору.
    — Сільвія,— звярнуўся Крыстоф, макаючы першую грэнку.— Месье Ватрэн — добры чалавек. Да яго зноў
    сёння ноччу прыходзілі двое: калі спадарыня будзе нешта пытацца, нічога ёй не кажы.
    — Ён табе нешта даў?
    — Сто су за месяц, усё роўна што сказаць: «Маўчы».
    — Толькі ён ды мадам Куцюр не квапяцца, іншыя хацелі б леваю рукою забраць тое, што праваю даюць на Каляды,— заўважыла Сільвія.
    — Ты скажы яшчэ, колькі яны даюць? — заўважыў Крыстоф. — Нейкіх няшчасных сто су. Вось ужо два гады, як бацька Гар’ё сам ваксуе свае чаравікі. Гэтая жмінда Пуарэ абыходзіцца без ваксы: ён хутчэй выліжа яе, чым пачысціць свае шлёпанцы. А гэты мізэрны студэнт мне адшкадоўвае сорак су. За сорак су шчоткі не купіш, дык у дадатак ён яшчэ й прадае сваё старое адзенне. He пансіён, а нейкая халупа!
    — Гэта яшчэ нічога, — адгукнулася Сільвія, маленькімі глыткамі п’ючы каву. — Наша месца як-ніяк лепшае ў квартале, а ты мне скажы, Крыстоф, з табою наконт дзядзькі Ватрэна не размаўлялі?
    — О так. Колькі дзён таму на вуліцы мяне сустрэў нейкі пан і кажа: «Ці не з вамі жыве тоўсты спадар, які фарбуе бакі?» А я і адказваю: «Не, пане, ён іх не фарбуе. Такому веселуну, як ён, на гэта бракуе часу». Пра ўсё гэта я расказаў месье Ватрэну, і ён мне падзякаваў: «Малайчына, хлопча, так заўжды і адказвай. Няма нічога больш непрыемнага, чым калі дазнаюцца пра твае слабасці. Ад гэтага, бывала, нават вяселлі адмянялі».
    — Дык і ў мяне на кірмашы выпытвалі, ці не бачыла я, як ён апранае рубашку: і смех, і грэх... Чуеш, — звярнулася яна да Крыстофа, — на Валь-дэ-Грас прабіла без чвэрці дзесяць, а хоць бы табе хто варухнуўся.
    — Ты што, усе ўжо разышліся. Мадам Куцюр і дзяўчо пайшлі прычашчацца да святога Эцьена. Бацька Гар’ё папёр некуды нейкі пакунак. Студэнт вернецца толькі пасля лекцый а дзесятай гадзіне. Я бачыў іх, як падмятаў лесвіцу, а бацька Гар’ё нават зачапіў мяне сваім пакункам... Цяжкі нейкі, як камень. Чым займаецца гэты стары, невядома. Іншыя яго і ў грош не ставяць, a ўсё ж чалавек ён някепскі, лепшы, чым яны ўсе разам. Грошай ён дае няшмат, затое дамы, да якіх ён мяне зрэдку адсылае, не скупяцца на добрыя гасцінцы, а ўжо апранаюцца — загледзецца можна.
    — Тыя, каго ён называе сваімі дочкамі? Дык іх цэлы тузін.
    — Я хадзіў толькі да дзвюх, тых самых, што прыходзілі сюды.
    — А вось і гаспадыня заварушылася, зараз наробіць ляманту, трэба ісці. Пільнуй малако, Крыстоф, каб кот не паласаваўся.
    Сільвія паднялася да мадам Ваке.
    — Як? Ужо без чвэрці дзесяць, я сплю як суслік, a вам нішто? Ніколі такога не здаралася.
    — Гэта ўсё туман, такі густы, хоць нажом яго рэж.
    — А сняданак?
    — Які сняданак? Вашых пансіянераў, мусіць, д’ябал носіць: яшчэ дзень не забраўся, а яны ўжо зніклі.
    — Гавары правільна, Сільвія, — зрабіла заўвагу служанцы гаспадыня. — Яшчэ дзень не заняўся.
    — Добра, спадарыня, буду гаварыць па-вашаму. А паснедаць можаце а дзесятай гадзіне. Мішанетка і Пуарэ яшчэ не варушыліся. Ва ўсім доме яньі адны, і тыя спяць як калоды. Калоды яны і ёсць.
    — Але, Сільвія, ты паруеш гэтых двух, нібы...
    — Нібы, што? — з недарэчным рогатам спытала служанка. — Два — лічба парная.
    — Дзіўна, Сільвія: як змог Ватрэн вярнуцца сёння ўначы, пасля таго як Крыстоф засунуў дзверы?
    — Наадварот, спадарыня. Ён пачуў, што прыйшоў Ватрэн, і спусціўся адчыніць яму дзверы. А вы ўжо вырашылі...
    — Дай мне кофту і хуценька займіся снеданнем. Пакладзі трохі бараніны ў бульбу ды падай вараных груш, тых, што каштуюць па два ліяры за штуку.
    Калі праз некалькі хвілін мадам Ваке ўваходзіла ў кухню, кот якраз лапай ссунуў талерку, што накрывала кубак з малаком, і борзда хлябтаў яго.
    — Місцігры! — усклікнула гаспадыня.
    Кот уцёк, пасля вярнуўся і пачаў лашчыцца, выціраючыся аб ногі.
    — Так, так, падлізвайся, стары лайдак, — папракнула яна хітруна. — Сільвія! Сільвія!
    — Ну што там, гаспадыня?
    — Глянь, колькі выжлукціў кот!
    — Вінавата гэтае быдла, Крыстоф. Я казала яму папільнаваць. Дзе ён падзеўся? He хвалюйцеся, спадарыня, малако выкарыстаем у каву для бацькі Гар’ё. Я развяду малако вадою, ён нічога не прыкмеціць. Hi на што не звяртае ўвагі стары, нават на ўласную ежу.
    — Куды ж гэты блазен пасунуўся? — запытала мадам Ваке, расстаўляючы талеркі.
    — Хто яго ведае, дзе яго носіць.
    — Ах, я праспала, — заўважыла мадам Ваке.
    — Затое спадарыня выглядае свежаю, як ружа...
    У гэты момант зазвінеў званочак, і ў сталовую, напяваючы баском, увайшоў Ватрэн.
    У вандроўках пабачыў я свет,
    На залёты паўсюль шанцавала...
    — Хо-хо! Добры дзень, матухна Ваке, — сказаў ён, заўважыўшы гаспадыню, і гулліва абняў яе.
    — Ну, ну, будзе з вас...
    — Скажыце: «Лайдак!» — падхапіў ён. — Ну, скажыце ж, вам жа хочацца сказаць гэтае слова! Чакайце, я дапамагу вам накрыць стол. Ах, хіба я не мілы чалавек?
    I прыгожых бландзінак, брунетак Пакахаць мне заўждьі...
    — Я толькі што стаў сведкаю нечага дзіўнага...
    ...выпадала...
    — Чаго? — спытала ўдава.
    — А палове дзевятай бацька Гар’ё знаходзіўся на вуліцы Дафін у краме ювеліра, які купляе старое сталовае серабро ды галуны. Ён прадаў яму за круглую суму нешта з пазалочанага серабра, добра сплясканага, калі ўлічыць, што рабіў гэта чалавек без асаблівага спрыту.
    — Што вы кажаце!
    — Так. Я вяртаўся дадому, пасля таго як праводзіў аднаго свайго сябра, які назаўжды пакідае Францыю праз Каралеўскія паштовыя сувязі, і дачакаўся бацькі Гар’ё, каб дзеля жарту прасачыць за ім. Ён вярнуўся ў наш квартал, на вуліцу дэ-Грэ, зайшоў да вядомага ліхвяра Габсэка, круцяля першай гільдыі, здольнага з бацькавых касцей зрабіць косткі для даміно; ён — габрэй, араб, грэк, цыган адначасова, яго не абкрадзеш: грошы ён трымае ў банку.
    — I што ж робіць наш бацька Гар’ё?
    — Нічога не робіць, — працягваў Ватрэн. — Ён толькі ўсё больш бяднее. Гэты ёлуп настолькі дурны, што даходзіць да галечы з-за жанчын, якія...
    — А вось і ён! — сказала Сільвія.
    — Крыстоф, — паклікаў бацька Гар’ё, — падніміся да мяне.
    Крыстоф паспяшаўся за старым і хутка вярнуўся.
    — Ты куды? — запытала слугу мадам Ваке.
    — Па даручэнні месье Гар’ё.
    — А што гэта такое? — спытаў Ватрэн і вырваў з рук Крыстофа ліст, на якім было напісана: «Графіні Анастазі дэ Рэсто». — Куды ідзеш? — перапытаў ён, вяртаючы ліст Крыстофу.
    — На вуліцу Эльдэр. Мне загадана аддаць яго графіні.
    — А што там усярэдзіне? — цікавіўся Ватрэн, разглядаючы ліст на святло. — Банкнота? He. — Ён разгарнуў канверт і ўсклікнуў: — Скасаваны вэксаль. Вось дык штукаі Што і казаць, галантны стары дурань. Ну, ідзі, спрытнюга, — сказаў ён, накрыўшы сваёю вялізнаю рукою галаву Крыстофа і крутнуўшы яго, як ваўчка. — Ідзі, і будзеш мець на гарэлку.
    На стале ўжо ўсё было падрыхтавана. Сільвія кіпяціла малако. Мадам Ваке распальвала печку з дапамогаю Ватрэна, які ўсё яшчэ напяваў:
    У вандроўках пабачыў я свет, На залёты паўсюль шанцавала...
    Сняданак быў гатовы, калі вярнуліся мадам Куцюр і мадэмуазель Тайфэр.
    — Адкуль вы так рана, даражэнькая мая? — запыталася ў мадам Куцюр гаспадыня.
    — Мы хадзілі маліцца ў Сент-Эцьен дзю Мон, хіба вы забылі, што сёння мы пойдзем да месье Тайфэра? Беднае дзіця, дрыжыць як асінавы ліст, — паведамляла мадам Куцюр, сядаючы каля грубкі і працягваючы ногі да агню; ад чаравікаў ішла пара.
    — Пагрэйцеся і вы, Віктарына, — прапанавала мадам Ваке.
    Ватрэн падсунуў сіротцы крэсла.
    — Прасіць Бога, каб улагодзіў бацькоўскае сэрца, — справа добрая, але гэтага мала. Вам патрэбны сябар, які мог бы проста выказаць усё гэтаму шэльму, гэтаму дзікуну, які мае, кажуць, тры мільёны і шкадуе вам пасагу. У наш час нават прыгожьім дзяўчынам без пасагу не абысціся.
    — Беднае дзіця! — падхапіла мадам Ваке. — Ведаеце, даражэнькая мая, ваш бацька — сапраўдная пачвара, і ён не можа не наклікаць бяды на ўласную галаву.
    Пры гэтых словах вочы Віктарыны напоўніліся слязамі, і ўдава змоўкла, заўважыўшы знак, які зрабіла ёй мадам Куцюр.
    — Каб толькі нам удалося яго пабачыць, каб я змагла паразмаўляць з ім, перадаць яму развітальны ліст жонкі, — зноў загаварыла ўдава інтэнданцкага камісара. — Я так і не адважылася адаслаць яго з поштаю; ён ведае мой почырк...
    — «О гнаныя, няшчасныя, цнатлівыя жанчыны! — перапыняючы ўдаву, прадэкламаваў Ватрэн. — Вось да чаго вас давялі!» На днях я займуся вашымі справамі, і ўсё будзе добра.
    — О, месье, — усклікнула Віктарына, звяртаючы да Ватрэна свой адначасова гарачы і волкі погляд (Ватрэн, аднак, не сумеўся), — калі ў вас знойдзецца мажлівасць пабачыцца з маім татам, скажыце яму, што за ўсе скарбы на свеце мне даражэйшыя любоў бацькі і гонар маёй маці. I калі вы здолееце хоць трошкі змякчыць ягоную суровасць, я буду маліцца Богу за вас. Ведайце, што мая ўдзячнасць...
    «У вандроўках пабачыў я свет», — іранічна заспяваў Ватрэн. У гэты момант спусціліся Гар’ё, мадэмуазель Мішано, Пуарэ; трэба меркаваць, іх спакусіў водар падліўкі, якую рыхтавала Сільвія да рэшткаў бараніны. У тую самую хвіліну, калі сем жьіхароў дома паселі за стол, вітаючы адзін другога, прабіла дзесятая гадзіна, і з вуліцы данесліся крокі студэнта.
    — Вось добра, месье Эжэн, сёння вы паснедаеце разам з усімі, — сказала Сільвія.
    Студэнт павітаўся з пансіянерамі і сеў побач з бацькам Гар’ё.