Габсэк; Бацька Гар’ё
Анарэ дэ Бальзак
Выдавец: Юнацтва
Памер: 304с.
Мінск 1996
— Са мною здарылася дзіўная прыгода, — паведаміў ён, паклаўшы на талерку сабе бараніны і адразаючы акраец хлеба, які мадам Ваке, як заўжды, прыкінула на вока.
— Прыгода? — перапытаў Пуарэ.
— А чаму вы здзіўляецеся, старая шапка? — сказаў Ватрэн, звяртаючыся да Пуарэ. — Месье Эжэн створаны для прыгодаў.
Мадэмуазель Тайфэр нясмела зірнула на маладога студэнта.
— Раскажыце нам пра вашу прыгоду, — папрасіла мадам Ваке.
— Учора я хадзіў на баль да маёй кузіны, вікантэсы дэ Басэан, у яе цудоўны дом з пакоямі, абабітымі шоўкам, карацей, яна наладзіла шыкоўнае свята, і я павесяліўся, як кароль...
— Ёк, — перабіў яго Ватрэн.
— Я не разумею вас, — успыхнуў Эжэн.
— Я кажу «ёк», бо каралькі весяляцца лепей, чым каралі.
— Так, маеце рацыю: я б лепш быў бесклапотным птушанём, чым каралём, бо... — Пуарэ ніколі не прапускаў выпадку падтакнуць чужой думцы, але студэнт не дазволіў перапыніць сябе.
— Адным словам, я танцаваў з адной з найпрыгажэйшых дам, з чароўнаю графіняю, прывабнейшых за якую я ў жыцці не сустракаў. Кветкі персіка аздаблялі яе валасы, збоку быў прышпілены цудоўны букет жывых кветак, ад водару якіх кружылася галава, але што я кажу! Яе трэба бачыць, немагчыма апісаць жанчыну, зачараваную танцам. Дык вось, сёння раніцою, пад дзевятую гадзіну, я сустрэў гэтую багіню на вуліцы дэ-Грэ, яна ішла пехатою. Ах, як затрапятала маё сэрца, я ўявіў сабе...
— Што яна ішла сюды, — працягваў Ватрэн, пранізаўшы студэнта глыбокім позіркам. — Яна, несумненна, ішла да татачкі Габсэка, ліхвяра. Калі вам надарыцца пакапацца ў сэрцах парыжанак, перш за каханкаў вы там знойдзеце ліхвяроў. Вашу графіню завуць Анастазі дэ Рэсто, яна жыве на вуліцы Эльдэр.
Пачуўшы гэтае імя, студэнт пільна паглядзеў на Ватрэна. Бацька Гар’ё рэзка ўзняў галаву, кінуў на субяседніка позірк, поўны святла і хвалявання, і здзівіў прысутных, з болем у голасе ўсклікнуўшы:
— Крыстоф прыбудзе занадта позна, яна ўжо адправілася туды!
— Я здагадаўся, — сказаў Ватрэн, нахіліўшыся да вуха мадам Ваке.
Гар’ё еў машынальна, не зважаючы на тое, што ляжыць у яго на талерцы. Ніколі ён не меў такога дурнаватага і засяроджанага выгляду, як цяпер.
— Які д’ябал паведаміў вам яе імя, месье Ватрэн? — запытаўся Эжэн.
— Усё вельмі проста. Бацька Гар’ё добра ведае яго, чаму б і мне не ведаць?
— Месье Гар’ё! — усклікнуў студэнт.
— Га? Што? — азваўся няшчасны стары. — Дык учора яна была вельмі прыгожаю?
— Хто?
— Мадам дэ Рэсто.
— Гляньце на старога скнару, вочы яго так і палаюць, — сказала Ватрэну мадам Ваке.
— Выходзіць, што ён яе ўтрымлівае? — шапнула студэнту мадэмуазель Мішано.
— О так, яна была вельмі прыгожаю, — расказваў Эжэн пад прагным позіркам бацькі Гар’ё. — Калі б там не было самой мадам дэ Басэан, мая чароўная графіня стала б каралеваю балю; мужчыны не адрывалі ад яе вачэй, я быў дванаццатым у спісе жадаючых танцаваць з ёю, яна танцавала ўсе контрдансы. Астатнія жанчыны ажно шалелі. Калі ўчора нехта і быў шчаслівы, дык гэта яна. Нездарма кажуць, што няма нічога прыгажэйшага за фрэгат пад ветразем, каня ў галопе і жанчыны ў танцы.
— Учора — наверсе кола фартуны, у герцагіні, а сёння раніцаю на ніжняй прыступцы беднасці, у ліхвяра — вось яны, парыжанкі, — сказаў Ватрэн. — Калі муж не здольны забяспечваць нястрымную прагу да раскошы, яна гандлюе сабою. Калі яна не ўмее прадаць сябе, яна растрыбушыць родную маці, абы толькі знайсці чым вызначыцца. Карацей, яны гатовыя на ўсё. Вядомая, вядомая рэч!
Твар бацькі Гар’ё, які свяціўся сонейкам пры словах студэнта, пасля жорсткай заўвагі Ватрэна стаў змрочным.
— Ну дык дзе ж ваша прыгода? — спытала мадам Ваке. — Вы з ёю загаварылі? Даведаліся, можа, яна хоча вывучаць права?
— Яна мяне не бачыла, — сказаў Эжэн. — Але хіба не дзіва сустрэць адну з найпрыгажэйшых парыжскіх жанчын на вуліцы дэ-Грэ а дзевятай гадзіне раніцы, хаця з балю яна вярнулася дамоў не раней, чым а другой гадзіне ночы? Такія прыгоды здараюцца толькі ў Парыжы.
— Ну, ведаеце, здараюцца і болып дзіўныя рэчы, — заўважыў Ватрэн.
Мадэмуазель Тайфэр размовы амаль не слухала, яе хваляваў маючы адбыцца візіт да бацькі. Па знаку мадам Куцюр яна ўстала і пайшла апранацца. Калі абедзве дамьі пакінулі сталовую, бацька Гар’ё таксама адправіўся наверх.
— Ну што, бачылі? — сказала мадам Ваке Ватрэну і астатнім пансіянерам. — Усё зразумела. Ён давёў сябе да галечы з-за гэтых жанчын.
— Ніколі не паверу, што прыгажуня графіня дэ Рэсто належыць бацьку Гар’ё! — усклікнуў студэнт.
— Нам і не трэба, каб вы паверылі, — перабіў яго Ватрэн. — Вы яшчэ занадта малады, дрэнна ведаеце Парыж, але аднойчы вы ўбачыце, што сустракаюцца людзі, якіх мы называем апантанымі...
Пры гэтых словах мадэмуазель Мішано з разуменнем зірнула на Ватрэна. У яе позірку было падабенства з хваляваннем палкавога каня пры гуках трубы.
— Ax, ax, а ці не былі і мы трошкі апантанымі?
Глыбокі позірк Ватрэна прымусіў сумецца мадэмуазель Мішано. Старая дзеўка апусціла вочы долу, нібы манашка перад голымі статуямі.
— Дык вось, — працягваў ён, — такія людзі, зачапіўшыся за нейкую думку, не хочуць развітацца з ёю. Смягнуць яны без пэўнай вады з пэўнага калодзежа, часцей за ўсё тухлага; і дзеля гэтай вады яны гатовы прадаць жонку, дзяцей, нават уласную душу д’яблу. Для адных такім калодзежам з’яўляецца азартная гульня, біржа, калекцыяніраванне жывапісу ці насякомых, музыка; для іншых — гэта жанчына, што ўмее спакусіць. Апошнім вы можаце прапанаваць усіх жанчын свету, яны і вокам не міргнуць, яны хочуць мець толькі тую, што задаволіць іх палкасць. Часта гэтая жанчына зусім абыякавая да іх, амаль пагарджае імі, але дорага прадае хвіліны задавальнення; а нашы гарэзы не стамляюцца ад такога жыцця і гатовы закласці ў ламбард апошнюю кашулю, каб прынесці даме апошні экю. Бацька Гар’ё адзін з такіх. Графіня эксплуатуе яго, таму што ён скрытны: вось ваш вышэйшы свет. Нябога ні пра каго, апрача яе, не думае. Ва ўсім, што не датычыць кахання, ён — бьідла быдлам. А калі раптам загаворыце на гэтую тэму, твар старога пачынае ззяць мацней за дыяменты. Разгадаць ягоныя сакрэты няцяжка. Сёння раніцою ён насіў пазалочанае срэбра на пераліў, пасля заходзіў да дзядзькі Габсэка на вуліцы дэ-Грэ. Сачыце ўважліва! Вярнуўшыся, ён адправіў да графіні Рэсто дурніцу Крыстофа, які паказаў нам адрас, у канверце ляжаў скасаваны вэксаль. Зразумела, што справа была тэрміноваю, бо графіня збіралася ісці да старога ліхвяра сама. Бацька Гар’ё міла заплаціў за графіню. Тут неабавязкова мець
светлую галаву, каб скеміць, што да чаго. Я даказаў вам, мой юны студэнт, што ваша графіня, смеючыся, танцуючы, крыўляючыся, спакушаючы вас персікавымі кветкамі і падбіраючы сукенку пальчыкамі, у сэрцы не мела спакою, бо хвалявалася аб пратэрмінаваных вэксалях, сваіх ці каханкавых.
— Пасля вашых слоў мне страшэнна карціць даведацца праўду. Заўтра пайду да мадам дэ Рэсто, — усклікнуў Эжэн.
— Так, — сказаў Пуарэ, — заўтра трэба пайсці да мадам дэ Рэсто.
— Магчыма, вы там сустрэнеце і старога Гар’ё, які прыйдзе атрымаць прэмію за сваю ласку.
— Дык ваш Парыж — такая багна? — з агідаю запытаўся Эжэн.
— Багна і дзіўная-дзіўная, — адказаў Ватрэн. — Тыя, хто плюхаецца ў ёй, ездзячы на фурманках — прыстойныя людзі, а тыя, хто ходзіць па ёй пехатою — махляры. Украдзіце якую драбніцу сабе на ліха — і вас выставяць на пляцьі Палаца юстыцыі, нібы дзіва заморскае. Украдзіце мільён, і вы станеце жывой дабрадзейнасцю для ўсіх салонаў. I каб падтрымаць гэткую маральнасць, вы плаціце жандармерыі і юстыцыі трыццаць мільёнаў у год... Цудоўна!
— Як, бацька Гар’ё прадаў на пераліў свой пазалочаны сярэбраны кубак? — усклікнула мадам Ваке.
— Той, дзе на вечку былі дзве туркаўкі? — пацікавіўся Эжэн.
— Менавіта той.
— Значыць, ён вельмі даражыў ім, бо спляскаўшы серабро, плакаў над ім. Я выпадкова стаў сведкам гэтага, — паведаміў Эжэн.
— Гэты кубак са сподкам былі яму даражэйшыя за жыццё, — адказала ўдава.
— Бачыце, якія гарачыя пачуцці ў нашага дзівака! — усклікнуў Ватрэн. — Гэтая кабета ўмее распаліць чалавеку сэрца.
Студэнт падняўся да сябе ў пакой. Ватрэн пайшоў у горад. Праз некалькі хвілін Сільвія знайшла фіякр, мадам Куцюр і Віктарына селі ў яго і паехалі. Пуарэ прапанаваў руку мадэмуазель Мішано, і яны ўдвух пайшлі на шпацыр у Батанічны сад — збіраліся правесці там дзве самыя лепшыя гадзіны дня.
— Ну вось, яны рыхтык пабраліся, — сказала тоўстая Сільвія. — Сёння яны ўпершыню выходзяць разам. Што адна, што другі, два сухія сухары. Стукнуцца адно аб адно — іскры пасыплюцца, як ад крэсіва.
— Шкада шалі мадэмуазель Мішано, загарыцца, як цэра, — засмяялася мадам Ваке.
Калі а чацвёртай гадзіне вечара Гар’ё вярнуўся, ён убачыў пры святле закураных лямп пачырванелыя вочы Віктарыны. Мадам Ваке слухала аповяд пра няплённы ранішні візіт да месье Тайфэра. Тайфэру надакучылі наведванні дачкі і гэтай пажылой кабеты, і ён вырашыў прыняць, каб высветліць адносіны.
— Даражэнькая мая, — казала мадам Куцюр удаве Ваке, — уявіце сабе, што ён нават не прапанаваў Віктарыне сесці, яна так і засталася стаяць. А мне ён холадна, без злосці, сказаў, што нам не варта марнаваць час на наведванні: мадэмуазель, маўляў, (не называючы яе дачкою) сапсавала сабе рэпутацыю, назаляючы візітамі (гэта калі дачка раз у год прыходзіць да бацькі, пачвара); паколькі маці Віктарыны выходзіла замуж без пасагу, дачка не мае на што прэтэндаваць, — і гэта яшчэ не ўсё, яго далейшыя словы былі такімі жорсткімі, што няшчаснае дзяўчо залілося горкімі слязамі. Яна кінулася ў ногі да бацькі і мужна адказала, што рабіла гэта толькі дзеля памяці маці, што яна гатова без нараканняў скарыцца бацькавай волі, але заклінае яго прачытаць завяшчанне нябожчыцы; яна дастала ліст і падала яму, з яе вуснаў зляталі самыя чулыя, самыя цудоўныя словы, не ведаю, адкуль яна іх брала, напэўна, ёй дыктаваў Бог, да таго натхнёна яна прамаўляла! Нават я, слухаючы, плакала як дурніца. А ведаеце, чым займаўся гэты жудасны чалавек? Ён стрыг пазногці! Ліст, які калісьці быў мокры ад слёз няшчаснай мадам Тайфэр, ён кінуў на камін са словамі: «Ну, добра». Ён хацеў узняць дачку з падлогі, тая схапіла яго рукі, каб пацалаваць, дык ён вырваўся. Хіба ён пасля гэтага не злодзей? Бамбіза-сын увайшоў і нават не павітаўся з сястрою.