Габсэк; Бацька Гар’ё
Анарэ дэ Бальзак
Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 304с.
Мінск 1996
да мадам дэ Басэан. Але, страшэнна нашкодзіўшы графіні дэ Рэсто і месье дэ Траю, цяпер ён ратаваў з нявыкруткі маркіза д’Ажуда-Пінта.
— Бывайце, — сказаў партугалец, спяшаючыся да дзвярэй у той момант, калі Эжэн уваходзіў у невялічкую, шыкоўную, з густам мэбляваную, шэрую з ружовым гасцёўню, дзе раскоша была проста прыгажосцю.
— Але да вечара? — спытала мадам дэ Басэан, павярнуўшы галаву і ўглядаючыся ў твар маркіза. — Хіба вы не паедзеце да Буфонаў разам з намі?
— Я не змагу, — сказаў ён, трымаючыся за ручку дзвярэй.
Мадам дэ Басэан узнялася, паклікала маркіза да сябе, не звяртаючы аніякае ўвагі на Эжэна, які стаяў збянтэжаны бляскам дзівоснага багацця, пачынаючы верыць у сапраўднасць арабскіх казак; ён не ведаў, куды схавацца, саромеючыся жанчыны, што яго не заўважала. Вікантэса ўзняла ўказальны палец правай рукі і прыгожым жэстам паказала маркізу на месца перад сабою. У гэтым руху змяшчалася столькі палкага дэспатызму кахання, што маркіз адпусціў дзверы і вярнуўся. Эжэн з зайздрасцю сачыў за ім, думаючы: «Вось ён, уладар карэткі! Дык няўжо дзеля таго, каб завалодаць позіркам парыжанкі, трэба мець лётных коней, ліўрэі і залатыя рэкі?» Дэман раскошы пальнуў яму ў сэрца, ліхаманка нажывы ахапіла яго, прагаю золата засмягла горла. На тры месяцы ён атрымліваў сто трыццаць франкаў. Бацька, маці, браты, сёстры і цётка абмяжоўваліся ўсе разам дзвюма сотнямі франкаў у месяц. Вокамгненнае параўнанне сённяшняй сітуацыі і мэты, якой ён хацеў дасягнуць, яшчэ болей павялічыла разгубленасць.
— Чаму ж вы не зможаце прыехаць да італьянцаў сёння? — смеючыся, запыталася вікантэса ў партугальца.
— Справы! Я вячэраю ў англійскага пасла.
— Кіньце справы.
Калі чалавек зманіў раз, пасля ён непазбежна мусіць грувасціць хлусню на хлусню. Таму месье д’Ажуда, усміхнуўшыся, сказаў:
— Вы патрабуеце?
— Так, безумоўна.
— Вось гэта я і хацеў пачуць, — адказаў ён, кідаючы адзін з тых пяшчотных позіркаў, якія супакоілі б любую іншую жанчыну.
Ен пацалаваў вікантэсе руку і пайшоў.
Эжэн прыгладзіў рукою валасы і сагнуўся ў паклоне, мяркуючы, што цяпер мадам дэ Басэан успомніць пра яго. Яна ж раптам зрываецца з месца, імчыцца ў галерэю, падбягае да акна і назірае за тым, як месье д’Ажуда сядае ў экіпаж, прыслухоўваецца да загаду і чуе, як выязны лёкай паўтарае фурману:
— Да месье дэ Рошфіда.
Гэтыя словы і хуткасць, з якою месье д’Ажуда нырнуў у карэту, палыхнулі маланкаю, перуном ударылі жанчыну. Смяротны жах зноў завалодаў ёю. Вось так здараюцца страшэнныя катастрофы ў вышэйшым свеце. Вікантэса пайшла ў спальню, села за столік, узяла прыгожую паперу і напісала:
«Паколькі вы вячэраеце ў Рошфідаў, а не ў ангельскай амбасадзе, майце гонар усё растлумачыць. Я чакаю».
Яна паправіла колькі літар, скажоных сутаргавым дрыжаннем рукі, паставіла ўнізе «К», што павінна было азначаць «Клара Бургундская», і пазваніла.
— Жак, — загадала яна лёкаю, які з’явіўся амаль у той жа момант, — а палове восьмай вы выправіцеся да месье дэ Рошфіда і спытаеце, ці там маркіз д’Ажуда. Калі маркіз будзе там, папрасіце перадаць яму гэтую запіску, адказу чакаць не трэба. Калі ж месье д’Ажуда там не будзе, вяртайцеся і вязіце ліст мне назад.
— У гасцёўні спадарыню вікантэсу чакае госць.
— Ах, сапраўды, — сказала яна, адчыняючы дзверы.
Эжэну было дужа няёмка; але нарэшце з’явілася вікантэса, і першая ж вьімаўленая ёю фраза закранула юнацкае сэрца шчырым хваляваннем у голасе:
— Прабачце, калі ласка, мне трэба было напісаць два словы; цяпер я ў вашым распараджэнні.
Яна сама не ведала, што гаворыць, адна думка стаяла ў яе галаве: «Ах, ён хоча ажаніцца з мадэмуазель дэ Рошфід! Але хіба ён вольны? Сёння ж увечары гэты шлюб будзе скасаваны, ці я... Так, заўтра пра гэта нават намёку не будзе».
— Кузіна, — азваўся Эжэн.
— Што? — перапытала вікантэса, пазіраючы на студэнта так няветліва, што ён пахаладзеў.
Эжэн зразумеў гэтае «што?». За тры гадзіны ён крыху паразумнеў і таму трымаўся больш упэўнена.
— Спадарыня... — пачаў ён, чырванеючы, павагаўся хвіліну, пасля дадаў: — Даруйце мне, мне так патрэбна
апекаванне, што нават невялічкая сваяцкая дапамога не зашкодзіла б.
Мадам дэ Басэан сумна ўсміхнулася; на яе даляглядзе ўжо чуўся грукат навальніцы.
— Каб вы ведалі, у якім становішчы апынулася мая сям’я, — працягваў ён, — вы не адмовіліся б ад ролі добрай феі, якая лёгка здымае ўсе перашкоды на шляху сваіх хроснікаў.
— Ну, добра, кузен, чым жа я магу вам дапамагчы?
— Хто яго ведае? Нават простая далучанасць да вас тоненькаю нітачкаю сваяцтва — і то шчасце. Вы мяне збянтэжылі, і я ўжо не помню, што збіраўся сказаць вам. Вы — адзіны чалавек у Парыжы, з якім я знаёмы. Ах, як мне хацелася б параіцца з вамі, прасіць вас прыкрьіць мяне, няшчаснае дзіця, якое рада было б схавацца пад вашым крылом і нават памерці за вас.
— А чалавека вы забілі б дзеля мяне?
— Хоць двух.
— Так, вы сапраўды яшчэ дзіця, — сказала яна, стрымліваючы слёзы. — Вось вы, напэўна, маглі б кахаць шчыра.
— О, так! — уздыхнуў ён, ківаючы.
За годны адказ вікантэса сапраўды праніклася спагадай да студэнта. Сын поўдня ўпершыню дзейнічаў па разліку. За той час, што ён знаходзіўся між блакітным будуарам графіні дэ Рэсто і ружоваю гасцёўняю мадам дэ Басэан, студэнт прайшоў трохгадовы курс парыжскага права, пра якое ўслых не гавораць, але вышэй якога грамадскае юрыспрудэнцыі няма; той, хто добра засвоіць гэтую навуку і будзе ўмела ўжываць яе на практыцы, даб’ецца ў жыцці ўсяго.
— Ага, успомніў! На вашым балі мне спадабалася мадам дэ Рэсто, і сёння раніцай я адправіўся да яе.
— Напэўна, вы перашкодзілі ёй, — з усмешкаю заўважыла мадам дэ Басэан.
— Я невук, і я магу настроіць супраць сябе ўсіх, калі вы мне не дапаможаце. Я думаю, што ў Парыжы цяжка знайсці маладую, прыгожую, багатую, элегантную жанчыну, сэрца якой нікім не занята, а мне яна так патрэбна, каб навучыла мяне таму, у чым вы, жанчыны, умееце лепш разабрацца: жыццю. Мне здаецца, што заўсёды перада мной будзе ўзнікаць новы Максім дэ Трай. Вось я і прыйшоў да вас з просьбай памагчы вырашыць маю
загадку і растлумачыць, што за прамашку я зрабіў. Я завёў размову пра нейкага бацьку...
— Пані герцагіня дэ Ланжэ, — сказаў Жак, перапыняючы студэнта. Прыкрае нездавальненне адбілася на твары Эжэна.
— Калі вы хочаце дасягнуць поспеху, — прашаптала яму вікантэса, — перш за ўсё не будзьце такім непасрэдным... Добры дзень, даражэнькая. — Яна пайшла насустрач герцагіні і паціснула ёй рукі так сардэчна, нібы вітала сваю сястру; герцагіня таксама адказала ёй самай ветлівай пяшчотай.
♦ Відаць, яны сапраўдныя сяброўкі, — падумаў Расціньяк. — Такім чынам, з сённяшняга дня пачынаючы, у мяне будуць дзве апякункі; іх густы павінны сыходзіцца, таму герцагіня проста не можа не зацікавіцца мною».
— Якой шчаслівай думцы абавязана я тым, што вы прыехалі, мілая Антуанета? — спытала мадам дэ Басэан.
— Проста я бачыла, як маркіз д’Ажуда ўваходзіў да месье дэ Рошфіда, і вырашыла, што застану вас адну.
Мадам дэ Басэан нават і вокам не павяла, не пачырванела, не змянілася з выгляду, не нахмурыла лба, пачуўшы фатальныя словы герцагіні.
— Калі б я ведала, што вы не адна... — дадала герцагіня, павярнуўшыся да Эжэна.
— Гэта мой кузен, спадар Эжэн дэ Расціньяк, — сказала мадам дэ Басэан. — А ў вас ёсць звесткі пра генерала дэ Манрыво? Серызі казала мне ўчора, што ён некуды знік. Ён быў у вас сёння? — спытала яна.
Вікантэса пацэліла стралу проста ў сэрца герцагіні; мадам дэ Ланжэ была без памяці ад месье дэ Манрыво, але хадзілі чуткі, што ён яе пакінуў.
— Учора ён быў у Елісейскім палацы, — адказала тая, пачырванеўшы.
— На дзяжурстве?
— Клара, вы, напэўна, ведаеце, — перахапіла ініцыятыву герцагіня, і ў яе вачах занялося полымя злараднасці, — што заўтра будзе надрукавана абвестка аб шлюбе месье д’Ажуда-Пінта і мадэмуазель дэ Рошфід?
Удар быў занадта жорсткім. Вікантэса збялела, але адказала смеючыся:
— Такімі чуткамі толькі дурні цешацца. Чаму месье д’Ажуда будзе дарыць Рошфідам адно з лепшых імён Партугаліі? Рошфіды сталі магнатамі зусім нядаўна.
— Але кажуць, што ў Берты будзе дзвесце тысяч ліўраў даходу.
— Месье д’Ажуда занадта багаты, каб кіравацца такімі разлікамі.
— Але, даражэнькая, мадэмуазель дэ Рошфід вельмі прыгожая дзяўчына.
— Вось як!
— Адным словам, ён вячэрае сёння ў Рошфідаў, шлюбны кантракт ужо заключаны. Мяне здзіўляе ваша недасведчанасць.
— Ну дык якую ж прамашку вы зрабілі, шаноўны пане? — спытала мадам дэ Басэан у Эжэна. — Беднае дзіця зусім нядаўна трапіла ў парыжскі свет, яно яшчэ нічога не разумее ў нашай гаворцы, дарагая Антуанета. Злітуйцеся над ім, давайце адкладзем нашу гутарку на заўтра. Заўтра, напэўна, усё будзе абвешчана афіцыйна, тады і вы зможаце паведамляць усім, абапіраючыся на факты.
Герцагіня акінула Эжэна такім пагардлівым позіркам, якім мераюць чалавека з ног да галавы, прыгінаюць яго да зямлі і ператвараюць у поўны нуль.
— Сам таго не ведаючы, я параніў кінжалам сэрца мадам дэ Рэсто. Мая правінка ў маім няведанні, — сказаў студэнт, які, дзякуючы сваёй кемлівасці, адразу зразумеў, куды былі скіраваны ўдары, якія хаваліся пад прачулымі словамі абедзвюх кабет. — Звычайна людзі працягваюць сустракацца з тымі, хто робіць балюча знарок, хоць, магчыма, і пабойваюцца іх, але калі чалавек параніць другога, нічога не ведаючы пра гэта, такога лічаць дурнем і разявакаю, не здольным атрымаць ніякай карысці, і пагарджаюць ім.
Мадам дэ Басэан падзякавала студэнту цёплым позіркам, уклаўшы ў яго адначасова і пачуццё сваёй годнасці, як гэта ўмеюць рабіць людзі велікадушныя. Позірк гэты быў бальзамам на свежую рану, нанесеную сэрцу студэнта герцагіняю яе вокам прысяжнага ацэншчыка.
— Уявіце сабе, — сказаў Эжэн, — я патрапіў заваяваць прыхільнасць графа дэ Рэсто, — звярнуўся ён да герцагіні пакорліва, але не без хітрасці, — хоць мушу прызнацца вам, мадам, што я пакуль толькі студэнт, самотны, бедны...
— He кажыце так, месье дэ Расціньяк. Мы, жанчыны, зусім не прагнем таго, ад чаго адмаўляюцца іншыя...
— Што зробіш! — усклікнуў Эжэн. — Мне толькі дваццаць два гады, трэба ўмець трываць беды такога ўзросту. Зрэшты, раз ужо я пачаў спавядацца, хачу заўважыць, што, мусіць, на ўсім свеце не знойдзеш спавядальні прыгажэйшай за гэтую. У такіх спавядальнях робіш адны грахі, а каешся за другія.