• Газеты, часопісы і г.д.
  • Габсэк; Бацька Гар’ё  Анарэ дэ Бальзак

    Габсэк; Бацька Гар’ё

    Анарэ дэ Бальзак

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 304с.
    Мінск 1996
    114.16 МБ
    пагодзяцца яны на любыя ахвяры! Як будзе пакутаваць маці, калі не зможа даслаць усіх грошай! I ўсе гэтыя самыя лепшыя пачуцці, гэтыя ахвяры будуць служыць толькі прыступкай, якая наблізіць яго да Дэльфіны дэ Нусінген. 3 яго вачэй скацілася некалькі слязінак, нібы апошнія крупінкі фіміяму, кінутыя на святы сямейны алтар. Эжэн тупаў па пакоі з хваляваннем, блізкім да роспачы. Дзверы заставаліся прыадчыненымі, таму бацька Гар’ё заўважыў неспакой студэнта, увайшоў і спытаў:
    — Што з вамі, пане?
    — Ах, добры суседзе, вы — бацька, а я дагэтуль сын і брат. Вы маеце рацыю, баючыся за Анастазі; яна папала пад уладу нейкага Максіма дэ Трая, і ён яе загубіць.
    Бацька Гар’ё выйшаў, мармычучы нейкія словы, сэнс якіх Эжэн не разабраў.
    Назаўтра Эжэн панёс лісты на пошту. Да апошняй хвіліны ён вагаўся, але нарэшце са словамі: «Мне пашчасціць!» кінуў іх у паштовую скрынку. Так кажуць ігракі, вялікія военачальнікі, але гэта фатальныя словы: часцей яны вядуць да пагібелі, а не да выратавання.
    Праз некалькі дзён Эжэн выправіўся да мадам дэ Рэсто і не быў прыняты. Яшчэ тройчы спрабаваў ён пабачыцца з прыгожаю графіняю, і кожны раз дзверы зачыняліся перад ім, хаця студэнт выбіраў гадзіны, калі Максіма дэ Трая ў доме дэ Рэсто не было. Вікантэса мела рацыю. Студэнт перастаў вучыцца. На лекцыі ён прыходзіў толькі дзеля таго, каб засведчыць сваю прысутнасць, а пасля пераклічкі знікаў. Ён разважаў гэтаксама, як большая частка студэнтаў. Свае заняткі ён адклаў да часу, калі трэба будзе здаваць іспыты; ён вырашыў запісацца на лекцыі другога і трэцяга курсаў адразу, але засесці за права па-сапраўднаму толькі ў апошнюю хвіліну і авалодаць прадметам ледзь не за адзін дзень. Такім чынам, ён мог на працягу пятнаццаці месяцаў вольна плаваць па акіяне пад назваю Парыж, расстаўляць нераты на жанчын ці лавіць залатую рыбку. Ён двойчы на апошнім тыдні бачыўся з мадам дэ Басэан, прычым візіты ён наносіў толькі пасля таго, як экіпаж маркіза д’Ажуда ад’язджаў з двара. Гэтая слаўная жанчына, самая паэтычная асоба прадмесця Сен-Жэрмен, яшчэ на некалькі дзён змагла ўтрымаць поле бітвы за сабой, бо здолела адкласці шлюб мадэмуазель дэ Рошфід і маркіза д’Ажуда-Пінта. Але гэтыя апошнія дні, з-за боязі блізкага развітання са шчасцем, напоўненыя самымі палкімі па-
    чуццямі, няўхільна набліжалі да катастрсфы. Маркіз д’Ажуда разам з Рошфідамі радаваліся сварцы і прымірэнню з вікантэсай як удаламу збегу абставін: яны спадзяваліся, што мадам дэ Басэан звыкнецца з думкаю пра шлюб і ахвяруе сваімі раніцамі, каб дазволіць маркізу перайсці ў стан, у які мужчына рана ці позна мусіць перайсці. Атрымліваецца, што маркіз д’Ажуда маніў, штодзённа паўтараючы самыя святыя абяцанкі, а вікантэса ахвотна паддавалася падману. «Замест таго каб шляхетна выскачыць праз акно, яна бязвольна пакацілася па ўсходах», — заўважыла яе лепшая сяброўка, герцагіня дэ Ланжэ. Аднак апошнія сполахі ззялі яшчэ даволі доўга, вікантэса заставалася ў Парыжы і паспела аказаць не адну паслугу маладому сваяку. Яна адчувала нейкую прымхлівую сімпатыю да Эжэна, які засведчыў сваю адданасць і спагаду пры абставінах, калі жанчына ні ў чыіх вачах не сустракае ні літасці, ні сапраўднага спачування. А калі здараецца, што ў такі час мужчына і звяртаецца да яе з чулымі словамі, дык адно з разліку.
    Перш чым пачынаць атаку на дом Нусінгенаў, Расціньяк вырашыў вывучыць распалажэнне фігур на шахматнай дошцы, а заадно ўвайсці ў курс колішняга жыцця бацькі Гар’ё і сабраў пэўныя факты, якія можна звесці да наступнага.
    Жан-Жаашэн Гар’ё да рэвалюцыі працаваў простым рабочым-вермішэльшчыкам, чалавекам ён быў спраўным, ашчадным і досыць прадпрымальным, бо змог купіць у 1789 годзе справу свайго гаспадара, які стаў ахвяраю першага паўстання. Ён атабарыўся на вуліцы Жусьен, непадалёк ад Хлебнага рынку, і са спрытнай кемлівасцю ўзначаліў сваю секцыю, тым самым забяспечыўшы ўласнаму гандлю заступніцтва самых уплывовых асоб тае небяспечнае эпохі. Яго хітрая палітыка і лягла ў падмурак багацця, што склалася падчас голаду, які ці то ўзнік сам па сабе, ці то быў справакаваны знарок, — у той час збожжа ў Парыжы каштавала страшэнныя грошы. Людзі прыступам бралі дзверы пекарскіх лавак, тады як некаторыя асобы ціхенька куплялі сабе макароны ў бакалейных лаўках. За гэты год грамадзянін Гар’ё назбіраў такі капітал, які пазней дазволіў яму разгарнуць гандаль з усімі выгодамі ўладальніка вялізнага капіталу; з ім здарылася тое, што здараецца з усімі людзьмі адносных здольнасцей: яго выратавала ўласная пасрэднасць. Зрэшты, пра багацце Гар’ё стала вядома толькі тады, калі
    яно ўжо не выклікала нічыёй зайздрасці і лічыцца багатым не было небяспечна. Здавалася, што хлебны гандаль паглынуў увесь розум Гар’ё. Калі гаворка вялася пра збожжа, муку, крупы, вызначэнне іх якасці, паходжанне, умоў захавання, прадказанне коштаў, высокіх ці нізкіх ураджаяў, калі трэба было дастаць таннае зерне, запасціся ім на Сіцыліі, на Украіне, Гар’ё мог абставіць усіх да аднаго. Назіраючы за тым, як ён вядзе справы, тлумачыць законы аб экспарце ды імпарце збожжа, пранікае ў іх дух, заўважае недахопы, можна было падумаць, што ён варты быць міністрам. Цярплівы, актыўны, энергічны, настойлівы, хуткі на рашэнні, ён меў вочы арла, бо прадбачыў і апярэджваў усё, што магло здарыцца, ведаў усё і ўсё ўтойваў, ён быў дыпламатам у задумах і салдатам у паходах. Па-за межамі сваёй немудрагелістай, цёмнай лаўкі, калі ён выходзіў у вольную часіну і сядзеў на ганку, абапіраючыся плячом на вушак, ён ператвараўся зноў у недалёкага, грубаватага чалавека, няздольнага зразумець простых разважанняў, абыякавага да ўсіх уцех, чалавека, які засынае ў тэатры, аднаго з парыжскіх Далібанаў1, моцных толькі сваёй тупасцю. Такія людзі заўжды падобныя між сабою, але сэрца кожнага з іх адорана найвышэйшымі пачуццямі. Два такія пачуцці перапаўнялі вермішэльшчыка, паглыналі ўсю сардэчную цеплыню, як мучны гандаль праглынуў яго мозг. Яго жонка, адзіная дачка багатага фермера з Бры, з’яўлялася для яго аб’ектам нейкага рэлігійнага пакланення, бясконцага кахання. Вермішэльшчык быў у захапленні ад яе, крохкай і моцнай, спагадлівай і мілай натуры, такой непадобнай да яго ўласнага характару. Калі ў мужчынскім сэрцы і ёсць нейкае прыроджанае пачуццё, дык гэта гонар адчування, што пад тваёю штохвіліннаю апекаю жыве слабая істота. Дадайце сюды каханне і гарачую ўдзячнасць усіх шчырых душ да крыніцы іх уцех і вы зразумееце мноства дзівацтваў, якія мы назіраем у галіне маральнасці. Пасля сямі гадоў бесклапотнага шчасця Гар’ё, на жаль, застаўся без жонкі, а тая пачынала ўжо браць уладу над мужам не толькі ў сферы пачуццяў. Мож» ёй і ўдалося б перавыхаваць закаснелую натуру,
    1 Далібан — бацька, які моцна любіць і клапоціцца пра дачку; лерсанаж камедыі «Глухі, ці Перапоўненая гасцініца» французскага драматурга Жана-Баціста Шудара (1746—1806), які выступаў пад пссўданімам Дэфорж.
    можа, яна пасеяла б у гэтай душы зерне разумення свету і жьіцця. Са смерцю жонкі бацькоўскія пачуцці Гар’ё перайшлі межы. Усю цеплыню ён перанёс на дачок, і на першым часе яны поўнасцю задавальнялі бацькоўскія пачуцці. Якіх бы бліскучых прапаноў ні рабілі розныя негацыянты ці фермеры, якім карцела ажаніць Гар’ё са сваімі дочкамі, ён вырашыў застацца ўдаўцом. Цесць, адзіны мужчына, на якога распаўсюджваліся сімпатыі вермішэльшчыка, упэўнена сцвярджаў, што Гар’ё пакляўся не здраджваць жонцы, нават нябожчыцы. Гандляры на Хлебным рынку, няздольныя ацаніць гэтае найвысакароднейшае вар’яцтва, звялі ўсё да жартаў і ўзнагародзілі Гар’ё нейкай недарэчнаю мянушкай. Але калі аднойчы, падчас барышу, нехта неасцярожна абмовіўся пра гэта, дык атрымаў ад Гар’ё такога кухталя ў плячо, што ляцеў кулем да межавой тумбы на рагу вуліцы Аблен. Усім была добра вядома самаадданая баязлівая і пяшчотная любоў Гар’ё да сваіх дачок. I вось аднойчы адзін з яго канкурэнтаў з мэтаю адправіць яго з кірмашу, каб аднаасобна ўплываць на цэны, паведаміў Гар’ё, што Дэльфіну толькі што збіў кабрыялет. Вермішэльшчык збялеў, як палатно, і адразу ж паехаў дахаты. 3-за сутыкнення супрацьлеглых пачуццяў, выкліканых ілжываю трывогаю, ён прахварэў некалькі дзён. Магутны кулак Гар’ё не крануў пляча ашуканца, але выгнаў з гандлю назаўжды, давёўшы да банкруцтва ў крытычны для яго момант. Натуральна, дочкі выхоўваліся без толку. Гар’ё меў болей шасцідзесяці тысяч франкаў даходу ў год, на сябе не траціў нават тысячы двухсот франкаў, а знаходзіў шчасце ў задавальненні фантазій дачок: найлепшыя настаўнікі павінны былі прывіць ім усе таленты, якія сведчылі б пра добрае выхаванне; згадзілі таксама кампаньёнку, і, на шчасце, яна аказалася жанчынаю, надзеленаю розумам і густам; яны каталіся вярхом на конях, мелі карэту, жылі не горш, чым каханкі багатага старога пана; варта было толькі пра што-небудзь заікнуцца, як бацька хуценька выконваў усе жаданні, не просячы за сваю шчодрасць нічога, акрамя ласкі. Для Гар’ё дочкі былі анёламі, ён ставіў іх вышэй за сябе, небараку; бацька любіў у дочках усё, нават зло, якое яны яму чынілі. Калі дочкі дасягнулі шлюбнага ўзросту, яны маглі выбраць сабе жаніхоў па густу: абедзве атрымалі ў пасаг палову бацькавага багацця. Анастазі мела схільнасці арыстакратычныя і, зачараваўшы сваёй прыгажос-
    цю графа дэ Рэсто, вырашыла пакінуць бацькоўскі дом, каб памкнуцца ў вышэйшыя сферы грамадства. Дэльфіна любіла грошы і выйшла замуж за Нусінгена, банкіра нямецкага паходжання, які стаў баронам Свяшчэннай Рымскай імперыі1. Гар’ё застаўся вермішэльшчыкам. Але дочкі і зяці неўзабаве пачалі сердаваць на бацьку, які працягваў свой гандаль, хаця ў ім заключалася ўсё жыццё старога. На працягу пяці год ён вытрымліваў націск маладых, але, нарэшце, згадзіўся прадаць сваю справу і пайсці на адпачынак, забяспечыўшы сябе даходамі, сабранымі за апошнія гады, тым самым капіталам, які мадам Ваке ацаніла ў восем ці дзесяць тысяч ліўраў рэнты, калі месье Гар’ё атабарыўся на вуліцы Сент-Жэнеўеў. Ён зашыўся ў гэты пансіён ад адчаю, калі ўбачыў, што дочкі (пад мужавым прымусам) не толькі адмаўляюцца даць бацьку прытулак пад сваім дахам, але нават прымаць яго адкрыта.
    Вось і ўсё, што ведаў наконт бацькі Гар’ё месье Мюрэ, які перакупіў справу старога вермішэльшчыка. Такім чынам, пацвярджаліся ўсе здагадкі герцагіні дэ Ланжэ. На гэтым мы і скончым уводзіны да трагедыі з парыжскага жыцця, трагедыі цьмянай, але страшнай.