Габсэк; Бацька Гар’ё
Анарэ дэ Бальзак
Выдавец: Юнацтва
Памер: 304с.
Мінск 1996
— Яны проста пачвары! — сказаў бацька Гар’ё.
— А пасля, — працягвала мадам Куцюр, не зважаючы на вокліч старога, — бацька і сын пайшлі, развітаўшыся і папрасіўшы ў мяне прабачэння: іх чакалі неадкладныя справы. Вось такі атрымаўся візіт. Прынамсі, дачку ён пабачыў. He разумею, як можна яе не прызнаваць? Яны з бацькам падобныя, як дзве кроплі вады.
Адзін за другім прыходзілі пансіянеры, віталіся, гутарылі пра ўсякія дробязі. Такія гутаркі ў пэўных слаях парыжскай грамады лічацца вяршыняй дасціпнасці, прычым соллю гэтых заснаваных на глупстве размоў з’яўляюцца жэсты і вымаўленне. Гэты арго ўвесь час мяняецца. Жарт, які ляжыць у яго аснове, больш месяца не жыве. Палітычная падзея, крымінальны судовы працэс, вулічная песня, выбрыкі актораў — усё дапамагае падтрымліваць гэтую гульню розуму, сутнасць якой падобна на гульню ў бадмінтон: суразмоўцы перакідваюцца словамі, адбіваючы іх адзін другому, як валан. Пасля нядаўняга стварэння дыярамы, якая дасягнула больш высокай ступені аптычнай ілюзіі, чым панарама, у некаторых майстэрнях жывапісу нарадзілася бязглуздая манера размаўляць, дадаючы да слоў канчатак «рама». Жыхарам пансіёна гэтая звычка перадалася ад маладога мастака, што прыходзіў вячэраць да Ваке.
— Ну, месье Пуарэ, як ваша здароўерама? — запытаўся служачы музея і, не чакаючы адказу, павярнуўся да мадам Куцюр і Віктарыны. — У вас гора, мілыя пані?
— А мы абедаць будзем? — усклікнуў Арас Б’яншон, студэнт медычнага факультэта, сябар Расціньяка. — Мой страўнік праваліўся usque ad talones1.
— Ну ж і сцюдзерама сёння! — сказаў Ватрэн. — Гэй, бацька Гар’ё, пасуньцеся. Халера ясная, ваша нага закрывае ўсе чалеснікі.
— Вашамосць, спадар Ватрэн, — сказаў Б’яншон, — чаму вы кажаце сцюдзерама? Гэта памылка, трэба казаць сцюжарама.
— He, — запярэчыў служачы музея, — лепш за ўсё студзерама, таму што гэта больш падобна на «студзень».
— Ха-ха!
— А вось і яго высокасць маркіз дэ Расціньяк, доктар крыўды, — закрычаў Б’яншон, хапаючы Эжэна за шыю і сціскаючы, нібы хацеў задушыць. — Гэй-гэй, людзі, гэй!
Ціхенька ўвайшла мадэмуазель Мішано, моўчкі прывіталася з прысутнымі паклонам і села з трыма жанчынамі.
— Ад гэтай кажаніхі мяне мароз па скуры прабірае, — прашаптаў Ватрэну Б’яншон, ківаючы на мадэмуазель
1 Usque ad talones — да пятак (лац.).
Мішано. — Я вывучаю сістэму Галя1 і знайшоў у яе шышкі Юды.
— А вы былі з ім знаёмы? — спытаў Ватрэн.
— А хто з ім не сустракаўся! — адказаў Б’яншон. — Слова гонару, гэтая бялявая старая дзеўка нагадвае мне доўгіх чарвякоў, якія ў рэшце рэшт згрызаюць цэлую бэльку.
— Вось што гэта такое, малады чалавек, — сказаў саракагадовы халасцяк Ватрэн, разгладжваючы бакі:
А ружа пражыла век ружаў За раніцу адну2.
— Ах, нясуць цудоўны суп з чагосьцірамай, — сказаў Пуарэ, пабачыўшы Крыстофа, які пачціва трымаў каструлю.
— Прабачце, панове, але гэта капуста, — заявіла мадам Ваке.
Хлопцы ажно зарагаталі.
— Пагарэў, Пуарэ!
— Пуаррррэў пагарэў!
— Запішыце два ачкі на карысць матухны Ваке, — сказаў Ватрэн.
— Хто-небудзь з вас звярнуў увагу на ранішні туман? — запытаўся служачы.
— Гэта быў утрапёны і ўнікальны туман, — адказаў Б’яншон, — туман змрочны, меланхалічны, сумны, задушны, як бацька Гар’ё.
— Гар’ёрама, бо сваіх халяў не было відаць.
— Гэй, мілорд Гарыёт, размова ідзе пра вас.
Гар’ё сядзеў з краю стала, ля дзвярэй, праз якія ўваходзіла прьіслуга, ён прыўзняў галаву, нюхаючы акрайчык хлеба, які дастаў з-пад сурвэткі — старыя звычкі час ад часу нагадвалі пра сябе.
— Ну, дык што, — крыкнула яму мадам Ваке, заглушаючы сваім голасам бразгат лыжак, талерак і размову, — вам ужо і хлеб недаспадобы?
— Наадварот, спадарыня, — адказаў ён, — хлеб спечаны з этампскае3 мукі першага гатунку.
— Па чым вы гэта бачыце? — пацікавіўся Эжэн.
— Па бялюткасці, па смаку.
1 Галь, Франц-Іосіф (1755—1828) — аўстрыйскі ўрач 1 анатам.
2 Всршы французскага паэта Франсуа дэ Малерба (1555—1628).
3 Вышэйшы гатунак мукі з Этампа, сельскагаспадарчага раёна паблізу Парыжа.
— На смак носа, бо вы ж яго нюхаеце, а не ясцё, — пажартавала мадам Ваке. — Вы робіцеся такім ашчадным, што ў рэшце рэшт знойдзеце спосаб харчавацца пахамі з кухні.
— Тады запатэнтуйце сваё вынаходніцтва, — закрычаў служачы музея, — заробіце немалыя грошы.
— Кіньце, ён робіць гэта, каб пераканаць нас у тым, што калісьці быў вермішэльшчыкам, — сказаў мастак.
— Выходзіць, над вашым носам прырода папацела! — заявіў служачы музея.
— Што ў папа? — недачуў Б’яншон.
— Папа-раць.
— Папа-ў-дні.
— Папа-ўся.
— Папа-ліць.
— Папа-ддзя.
— Папа-роў.
— Папа-р.
— Папа-рама.
3 хуткасцю беглага агню прагучалі з розных канцоў гасцёўні гэтыя адказы і выклікалі тым болей смеху, што бацька Гар’ё бязглузда ўтаропіўся ў суразмоўцу, нагадваючы чалавека, які імкнецца зразумець замежную мову.
— Папа?.. — перапытаў ён у Ватрэна, які сядзеў з ім побач.
— Папаха, старычына! — сказаў Ватрэн і насунуў шапку бацьку Гар’ё на лоб, пляснуўшы далоняй па галаве.
Шапка з’ехала на самыя вочы; стары, ашаломлены нечаканым нападам, на хвіліну знерухомеў. Тым часам Крыстоф забраў талерку старога, мяркуючы, што той ужо даеў капусту; такім чынам, калі стары прыўзняў шапку і ўзяў лыжку, яна бразнула па стале. Усе пансіянеры зарагаталі.
— Месье, — сказаў стары, — вы злосна жартуеце, і калі вы зноў дазволіце сабе так насоўваць...
— Што тады, татачка? — перабіў яго Ватрэн.
— Тады вы некалі дорага за гэта заплаціце...
— У пекле, ці не так? — спытаў жывапісец. — У тым цёмным кутку, куды трапляюць непаслухмяныя дзеці...
— Мадэмуазель, — звярнуўся Ватрэн да Віктарыны, — што ж вы не ясцё? Татачка аказаўся занадта ўпартым?
— Проста жах! — сказала мадам Куцюр.
— Трэба навучыць яго розуму, — сказаў Ватрэн.
— Але паколькі мадэмуазель не есць, — сказаў Расціньяк, які сядзеў побач з Б’яншонам, — яна магла б пачаць судовы працэс наконт вяртання грошай за харчаванне. Э-э, глядзіце, як бацька Гар’ё ўзіраецца ў мадэмуазель Віктарыну.
Стары забыўся на ежу, адно сачыў за няшчаснаю дзяўчынаю, твар якой хмурнеў шчырым болем, болем дзіцяці, улюбёнага ў бацьку і адкінутага ім.
— Даражэнькі, — ціха сказаў суседу Расціньяк, — мы памыліліся наконт бацькі Гар’ё. Перад намі не дурань і не чалавек без нерваў. Вывучы яго па сістэме Галя і тады скажаш, што ты аб ім думаеш. Я бачыў, як сёння ноччу ён гнуў сподак з пазалочанага срэбра, нібы воск, і зараз таксама на яго твары можна прачытаць незвычайныя пачуцці. Жыццё старога мне здаецца надта таямнічым, а значыцца, вартым вывучэння. Так, Б’яншон, дарма ты смяешся, я не жартую.
— Што бацька Гар’ё — медычны феномен, я згодны, — сказаў Б’яншон. — I калі ён захоча, я зраблю секцыю яго цела.
— He, ты абмацай спачатку галаву.
— А раптам яго глупства заразнае?
На наступны дзень элегантна апрануты Расціньяк гадзіны ў тры дня выправіўся да мадам дэ Рэсто, дарогаю аддаючыся тым легкадумна-шалёным спадзяванням, ад якіх жыццё юнакоў робіцца поўным чароўных эмоцый: іх не турбуюць ніякія перашкоды ды небяспекі, паўсюль мроіцца толькі поспех, сама гульня ўяўлення паэтызуе іх жыццё, а крах пражэктаў, якія існавалі толькі ў неўтаймаваных жаданнях, наводзіць смутак і роспач; добра, што юнакі — нявопытныя сарамліўцы, інакш бы грамадскі лад стаў немагчымым. Эжэн дыбаў з вялізнай асцярожнасцю, каб не запэцкацца; па дарозе ён думаў, што скажа мадам дэ Рэсто, назапашваў дасціпнасць, выдумляў спрытныя адказы ва ўяўнай размове, рыхтаваў выкшталцоныя словы, фразы ў духу Талейрана, чакаў, што абставіны паспрыяюць прызнанню, на якім ён грунтаваў свае планы. I ўсё ж, як ні асцерагаўся, запыліўся і мусіў чысціць боты і штаны ў Пале-Раялі.
«Калі б я быў багатым, — думаў ён, разменьваючы манету ў сто су, якую ўзяў на ўсякі выпадак, — я ехаў бы на фурманцы, і мне б нішто не замінала думаць».
Нарэшце ён дабраўся да вуліцы Эльдэр і спытаў графіню дэ Рэсто. 3 халоднаю злосцю чалавека, упэўненага ў тым, што некалі прыйдзе і на яго вуліцу свята, ён вытрымаў зняважлівыя позіркі прыслугі, якая бачыла, што ён прайшоў праз двор пехатою і не чула грукату фурманкі. Гэтыя позіркі закранулі яго за жывое яшчэ болей, калі ён пры ўваходзе ўбачыў прыгожага каня ў багатым рыштунку, запрэжанага ў шыкоўны кабрыялет, які сведчыў аб раскошы жыцця і наводзіў на думку аб звычцы да ўсіх парыжскіх даброт. У яго сапсаваўся настрой, усё пераблыталася ў галаве, забыліся жарты, якімі ён збіраўся весяліць графіню, дасціпнасць знікла; ён ураз атупеў. Чакаючы лёкая, які павінен быў прынесці адказ ад графіні, Эжэн стаяў ля акна, абапіраючыся локцем на зашчапку, і бессэнсоўна глядзеў на двор. Час цягнуўся паволі, ён даўно пайшоў бы, калі б не меў паўднёвай упартасці, здольнай рабіць цуды, калі яна дзейнічае без аглядкі.
— Пане, — сказаў лёкай, — спадарыня зараз у будуары, яна дужа занятая і мне не адказала, калі пан жадае прайсці ў гасцёўню, то, калі ласка, там ужо чакае госць.
Здзіўляючыся ўладзе прыслугі, якая адным словам можа вынесці прысуд сваім гаспадарам, Расціньяк, з намерам прадэманстраваць гэтым лайдакам, што ён ведае дом, смела адчыніў дзверы, праз якія выходзіў лёкай, але трапіў у пакой, дзе знаходзіліся лямпы, буфеты, прылада для падагравання купальных рушнікоў, і з якога можна было прайсці ў змрочны калідор і на ўнутраныя ўсходы. У прыхожай прыглушана засмяяліся, і тады замяшанне Эжэна дасягнула мяжы.
— Трэба ісці сюды, пане, — звярнуўся лёкай, і ў яго голасе гучала тая фальшывая павага, якая зневажае яшчэ болей.
Эжэн кінуўся назад так паспешліва, што наткнуўся на ванну, але, на шчасце, утрымаў капялюш на галаве, які ледзь не зваліўся ў ваду. У гэты момант у канцы доўгага калідора, асветленага маленькаю лямпачкаю, адчыніліся дзверы, і Расціньяк пачуў галасы графіні дэ Рэсто і бацькі Гар’ё, а пасля гук пацалунка. Эжэн увайшоў у сталовую, а праз яе ў суправаджэнні лёкая трапіў нарэшце ў першую гасцёўню. Там ён спыніўся ля акна, заўважыўшы, што яно выходзіць у двор. Яму карцела пераканацца, ці бацька Гар’ё сапраўды быў бацькам Гар’ё. Яго сэрца дзіўна білася ў грудзях, згадваліся развагі Ватрэна. Лё-
кай чакаў Расціньяка ля дзвярэй другой гасцёўні, як раптам яны расчыніліся, і з’явіўся элегантны малады чалавек. Ён нецярпліва сказаў: