Габсэк; Бацька Гар’ё  Анарэ дэ Бальзак

Габсэк; Бацька Гар’ё

Анарэ дэ Бальзак
Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 304с.
Мінск 1996
114.16 МБ
Думка мадам Ваке здавалася самаю праўдападобнаю, і яе прынялі ўсе. 3 яе слоў, гэты чалавек, які так добра захаваўся, здаровы як дуб, здольны даставіць жанчыне яшчэ шмат прыемнасці, быў проста распуснікам з дзіўнымі схільнасцямі. I вось чым мадам Ваке абгрунтоўвала сваю хлусню: праз некалькі месяцаў пасля ад’езду графіні, якая патрапіла пражыць паўгода за кошт гаспадыні, аднойчы раніцаю, яшчэ ў ложку, яна пачула шоргат ядвабнае сукенкі на лесвіцы і лёгкі тупат крокаў маладой жанчыны, якая праслізнула да Гар’ё ў загадзя расчыненыя дзверы. Неўзабаве тоўстая Сільвія прыйшла паведаміць гаспадыні, што маладая асоба, занадта прыгожая, каб быць прыстойных паводзін, апранутая, як багіня, у чысцюткіх прунелевых чаравічках прабралася з вуліцы на кухню і запытала, дзе знаходзіцца кватэра месье Гар’ё. Мадам Ваке і кухарка не пасаромеліся падслухаць і пачулі некалькі пяшчотных слоў, вымаўленых падчас даволі працяглага наведвання. Калі месье Гар’ё выйшаў правесці сваю даму, тоўстая Сільвія ўзяла кашолку і зрабіла выгляд, што ідзе на кірмаш, каб на самай справе прасачыць за каханкамі.
— Спадарыня, — паведаміла Сільвія па вяртанні, — а, мусібыць, месье Гар’ё дужа багаты, калі ён у стане так яе забяспечваць. Уявіце сабе, што на рагу Эстрапады чакаў шыкоўны экіпаж, і ў гэты экіпаж села яна.
У час абеду мадам Ваке пайшла зашмаргнуць фіранку, каб сонца не біла Гар’ё ў вочы.
— Вы падабаецеся красуням, месье Гар’ё, вам свеціць сонейка, — заўважыла яна, намякаючы на ранішні візіт. — Халера, у вас добры густ, яна — вельмі прыгожая.
— Гэта мая дачка, — адказаў ён з гонарам, які пансіянеры палічылі проста старэчаю пыхаю прьі захаванні знешняй прыстойнасці.
Праз месяц пасля першага візіту да месье Гар’ё зноў завітала госця. Калі першы раз дачка была апранутая ў просты ранішні строй, дык цяпер яна з’явілася пасля абеду і ў выхадным уборы. Пансіянеры, якія гаманілі між сабою ў гасцёўні, мелі шанц палюбавацца красуняй бландзінкай з грацыёзнаю таліяй, занадта далікатнай, каб быць дачкою нейкага там бацькі Гар’ё.
— Ага, другая! — усклікнула, не пазнаўшы яе, тоўстая Сільвія.
Праз колькі дзён іншая дзяўчына, высокая брунетка з рухавымі вачыма, запыталася, дзе жыве месье Гар’ё.
— Ужо трэцяя! — канстатавала Сільвія.
Другая дачка першы раз прыходзіла раніцаю, а праз некалькі дзён прыехала вечарам у бальнай сукенцы і ў карэце.
— Ага, чацвёртая, — усклікнулі мадам Ваке і тоўстая Сільвія, якія не заўважылі ў вялікасвецкай пані ніякага следу сціпла апранутай дзяўчыны першага візіту.
У той час Гар’ё яшчэ плаціў тысячу дзвесце франкаў за пансіён. Мадам Ваке знаходзіла цалкам натуральнай сітуацыю, калі ў багатага чалавека чатыры ці пяць каханак, нават лічыла хітрамудрым старанне бацькі Гар’ё выдаваць іх за сваіх дачок і ніколькі не хвалявалася з нагоды іхніх наведванняў. Але паколькі гэтыя візіты тлумачылі абыякавасць пансіянера да яе намераў, яна дазволіла сабе на пачатку другога года даць Гар’ё мянушку «стары кот». Калі ж пансіянер скаціўся да дзевяцісот франкаў, яна беспардонна запытала ў яго, бачачы, што адна з дам спускаецца па ўсходах:
— У што вы хочаце ператварыць мой дом?
Бацька Гар’ё адказаў, што гэтая дама — ягоная старэйшая дачка.
— У вас што, тры тузіны дачок? — з’едліва пакпіла мадам Ваке.
— He, усяго толькі дзве, — ціхмяна, як чалавек, чыё багацце пайшло прахам і які скарыўся нястачы, азваўся пансіянер.
У канцы трэцяга года бацька Гар’ё зноў скараціў выдаткі, перабраўшыся на чацвёрты паверх і абмежаваўшы расходы на сваё ўтрыманне сарака пяццю франкамі ў месяц. Ён кінуў нюхаць табаку, развітаўся з цырульнікам і перастаў пудрыць валасы. Калі бацька Гар’ё ўпершыню з’явіўся ненапудраным, гаспадыня пансіёна аж усклікнула ад здзіўлення: валасы ў яго былі не то брудна-шэрыя, не то зеленаватыя. Невядомыя турботы рабілі ягонае аблічча з дня на дзень усё больш сумным, яно здавалася самым журботным з усіх твараў, якія былі за сталом. Сумненняў болей не заставалася: бацька Гар’ё быў старым распуснікам, і толькі дзякуючы майстэрству доктара, вочы старога ўтрывалі ад шкоднага ўздзеяння
лекаў, неабходных пры ягоных хваробах. А вось валасы сталі такога агіднага колеру з-за неўмеркаванасці ў каханні і з-за зелля, якім ён сябе нашпігоўваў, каб падтрымліваць здольнасць быць неўмеркаваным і надалей. Фізічны і маральны стан старога, здавалася, пацвярджаў гэтую лухту. Калі тонкая бялізна знасілася, бацька Гар’ё купіў каленкору па чатырнаццаць су за локаць на змену сваёй цудоўнай бялізне. Адны за адным знікалі дыяменты, залатая табакерка, ланцужок, іншыя каштоўнасці. Ён развітаўся з валошкавым фракам, з усімі сваімі ўборамі і пачаў насіць узімку ды ўлетку сурдут з гаматнага сукна каштанавага колеру, камізэльку з казінай воўны і шэрыя порткі з тоўстага буксіну. Гар’ё паступова худзеў; лыткі сталі зусім не такімі моцнымі, як раней; твар страціў колішнюю шчаслівую мяшчанскую пульхнасць і незвычайна зморшчыўся, на лбе ўтварыліся складкі, рэзка азначыліся сківіцы. На чацвёртым годзе жыцця ў пансіёне мадам Ваке ён перастаў быць падобным на самога сябе. Прывабны шасцідзесяцідвухгадовы вермішэльшчык, які выглядаў гадоў на сорак, высокі, тоўсты буржуа, надзіва маладжавы, які вясёлым выглядам, юнацкаю ўсмешкаю цешыў прахожых, ператварыўся ў забітага, дрыжачага, бледнага сямідзесяцігадовага старога. Рухавыя блакітныя вочы згаслі, пабляклі, выцвілі, сталі жалезна-шэрага колеру; болей не слязіліся, затое здавалася, што чырвоныя закрайкі векаў нібы крывавяцца. Адных ён палохаў, у іншых выклікаў спагаду. Маладыя студэнты-медьікі, заўважыўшы абвісанне ніжняй губы, змералі ў Гар’ё кут твару і, пасля доўгіх беспаспяховых спроб разварушыць старога, абвясцілі, што ён хворы на крэтынізм.
Аднойчы пасля вячэры мадам Ваке нібы жартам спытала: «Ну дык што, дочкі вашьія вас выракліся?», відавочна ставячы пад сумненне яго бацькоўства. Бацька Гар’ё скалануўся так, нібы гаспадыня ўкалола яго чымсьці вострым.
— Яны час ад часу прыходзяць,— усхваляваным голасам адказаў ён.
— Ага, ага, вы час ад часу сустракаецеся з імі? — усклікнулі студэнты. — Брава, бацька Гар’ё!
Але стары не чуў жартаў, выкліканых ягоным адказам: ён зноў задумаўся; а тыя, хто назіраў за ім, прымалі маўклівасць за старэчую атупеласць чалавека, слабаватага розумам. Калі б яны добра ведалі Гар’ё, яны б сапраўды
зацікавіліся яго маральным і фізічным станам, хоць цяжка ўявіць рэчы больш складаныя, чым стан душы і цела бацькі Гар’ё. Даведацца ж пра тое, ці быў Гар’ё на самай справе вермішэльшчыкам і колькі грошай ён зарабіў на сваім гандлі, было няцяжка, але цікаўныя старыя не выходзілі за межы квартала і сядзелі ў пансіёне нібы вустрыцы, што прыраслі да сваёй скалы, а маладыя, пакідаючы вуліцу Сент-Жэнеўеў, траплялі ў непараўнаны ні з чым вір парыжскага жыцця, у якім адразу забывалі нябогу, з якога кпілі. Для ўсіх гэтых істот з абмежаваным розумам, для бесклапотных маладзёнаў чорная галеча, тупасць бацькі Гар’ё былі несумяшчальнымі ні з заможнасцю, ні з якой-небудзь дзеяздольнасцю. Што ж тычыцца жанчын, якіх ён зваў сваімі дочкамі, то тут ніхто не аспрэчваў думку мадам Ваке, выказаную з жорсткаю безапеляцыйнасцю старой кабеты, якая за доўгімі вечаровымі гамонкамі ўзяла звычку гаварыць уголас усё, што ў галаву прыходзіць:
— Калі б у бацькі Гар’ё дочкі былі такія ж багатыя, як тыя наведвальніцы, ён бы не марнеў на чацвёртым паверсе майго дома за сорак пяць франкаў у месяц і не апранаўся б жабраком.
Чым абвергнеш гэткія довады? Вось так і здарылася, што пры канцы лістапада 1819 года, калі адбылася гэтая драма, кожны пансіянер меў пра старога нябогу думку пэўную, а менавіта: ні дачок, ні жонкі ў яго ніколі не было; неўмеркаванасць у пошуках задавальненняў зрабіла яго смаўжом, антрапаморфным малюскам з атрада шапканосных, як пажартаваў чыноўнік з Музея гісторыі прыроды, адзін з тых, што прыходзілі на вячэру. Побач з Гар’ё нават Пуарэ здаваўся сокалам, джэнтльменам. Пуарэ размаўляў, меркаваў, адказваў, хаця, на самой справе, размаўляючы, мяркуючы, адказваючы, ён нічога свайго не выказваў, бо меў звычку іншымі словамі паўтараць чужыя думкі, але ўсё ж гутарку падтрымліваў, быў жывым, здавалася, што ў яго ёсць нават нейкія пачуцці, тады як бацька Гар’ё, зноў жа са слоў чыноўніка з Музея гісторыі прыроды, заўжды знаходзіўся на пункце замярзання.
Эжэн Расціньяк вярнуўся з дому ў тым стане, што, напэўна, знаёмы ўсім здольным маладым ці тым, у каго пад уплывам цяжкіх абставін на кароткі час адкрываюцца незвычайныя таленты. У самым пачатку яго знаходжання ў Парыжы, дзякуючы таму, што першыя універ-
сітэцкія ступені можна адолець без асаблівых намаганняў, Эжэну хапала вольнага часу на тое, каб нацешыцца ўсімі спакусамі Парыжа. Студэнту бракуе часу на тое, каб азнаёміцца з рэпертуарам кожнага тэатра, вывучыць усе хады ў парыжскім лабірынце, спазнаць звычаі, пераняць мову і звыкнуцца са сталічнымі ўцехамі, наведаць усе прыстойныя і распусныя мясціны, паслухаць цікавыя лекцыі і агледзець музейныя багацці. Студэнт у гэты час захапляецца ўсялякімі дробязямі, мае свайго куміра, прафесара з Калеж дэ Франс, якому, зрэшты, за тое і грошы плацяць, каб ён трымаўся на ўзроўні сваёй аўдыторыі. Студэнт завязвае вышэй гальштук і стараецца прыняць прыгажэйшую позу, каб звярнуць увагу хоць адной з жанчын, што купляюць білеты ў першы ярус Камічнай оперы. Вось так паступова ён абціраецца, пашырае далягляды жыцця і, нарэшце, пачынае разумець суадносіны розных слаёў у структуры чалавечага грамадства. Пачаўшы з захаплення карэтамі, што ясным сонечным днём прыгожай чарадой каціліся па Елісейскіх палях, хутка ён будзе марыць сам набыць такую. He ўсведамляючы ўсяго гэтага, Эжэн прайшоў такую школу яшчэ перад вакацыямі, атрымаўшы ступень бакалаўра філалогіі і права. Развеяліся як дым дзіцячыя ілюзіі, правінцыяльныя погляды, змяніўся ягоны розум, а прагнасць да славы павялічылася, таму ва ўлонні сям’і, на роднай сядзібе, усё пачало бачыцца яму ў другім святле. Бацька, маці, два браты, дзве сястры, цётка, усё багацце якой абмяжоўвалася пенсіяй, жылі на маленькім кавалачку зямлі Расціньякаў. Фальварак гэты прыносіў прыкладна тры тысячы франкаў няпэўнага даходу, ад чыста прамысловага вырошчвання вінаграду, і, тым не менш, з гэтай сумы бацькі мусілі выдаткоўваць тысячу дзвесце франкаў на Эжэна. Ён бачыў гэтую пастаянную нястачу, якую ад яго высакародна хавалі; міжволі параўноўваў сясцёр — у дзяцінстве яны здаваліся яму ўзорамі прыгажосці — з парыжскімі жанчынамі, чые кшталты ўвасобілі яго мроі; усведамляючы туманную будучыну гэтай шматлюднай сям’і, якая залежыла ад яго, бо на яго ўскладаліся спадзяванні; заўважаў, з якой скрупулёзнай увагай ашчаджалі самыя танныя прадукты; піў разам з усімі напой з вінаградных жамерын, словам, мноства абставін, няма сэнсу пералічваць іх, удзесяцярылі ягонае жаданне зрабіць сабе кар’еру, вылучыцца, дабіцца поспеху. Як і ўсе велікадушныя людзі, ён хацеў поспехі