Габсэк; Бацька Гар’ё  Анарэ дэ Бальзак

Габсэк; Бацька Гар’ё

Анарэ дэ Бальзак
Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 304с.
Мінск 1996
114.16 МБ
1 Сад Цюільры — старая рэзідэнцыя французскіх каралёў у Парыжы.
дэман, якога лёгка прыняць за анёла, той сатана на стракатых бліскучых крылах, які абсыпае рубінамі, абстрэльвае залатымі стрэламі франтоны палацаў, барвовіць жанчын, асвятляе дурным бляскам троны, такія сціплыя напачатку, і ён паслухаўся бога балбатлівай пыхі, бразгат якога мы прымаем за сведчанне магутнасці. Якімі бы цынічнымі не былі словы Ватрэна, яны запалі яму ў душу, нібы ў памяці старой дзеўкі захоўваецца гнюсны профіль зводніцы і яе словы: «Кахання, золата па завязку».
Бяздумна прабадзяўшыся некаторы час, Эжэн з’явіўся недзе каля пяці гадзін да мадам дэ Басэан, і яго юнае безабароннае сэрца атрымала страшэнны ўдар. Дагэтуль вікантэса трымалася з пачцівай ветлівасцю, гасціннай прыязнасцю, прывітымі арыстакратычным выхаваннем, але бездакорнымі толькі ў тым выпадку, калі яны ідуць ад сэрца.
Калі Эжэн увайшоў, мадам дэ Басэан холадна прывіталася і суха сказала:
— Месье дэ Расціньяк, я не магу прыняць вас, прынамсі зараз, я занята справамі...
Для назіральнага чалавека, а Расціньяк вельмі хутка стаў ім, фраза, жэст, позірк, тон голаса — усё сведчыла аб характары і каставых звычках. Пад аксамітнаю пальчаткаю ён убачыў жалезную руку; пад манерамі — культ асобы і эгаізм; пад лакам — дрэва. Нарэшце ён зразумеў словы «мы, кароль», якія бяруць пачатак пад плюмажам трона, а канец можна знайсці пад шышкаю шлема апошняга шляхціча. Эжэн занадта давяраўся словам, па іх мяркуючы аб высакароднасці жанчыны. Як і ўсе няшчасныя, ён з добрай волі падпісаў цудоўную дамову, якая мае злучыць дабрачынца з падапечным, дзе ў першым пункце ўсталёўваецца поўная роўнасць паміж людзьмі вялікай душы. Дабрачыннасць, якая б паяднала дзве істоты ў адно — небяспечнае пачуццё, такое ж рэдкае, як сапраўднае каханне. Абодва гэтыя пачуцці могуць нараджацца толькі ва ўзвышаных душах. Расціньяк дужа хацеў трапіць на баль да герцагіні дэ Карыльяно, таму ён праглынуў знявагу і дрыжачым голасам адказаў:
— Мадам, калі б размова не ішла пра патрэбы першараднай важнасці, я не адрываў бы вас ад спраў; будзьце ласкаваю, дазвольце мне зайсці да вас пазней, я пачакаю.
— Ну, добра, прыходзьце да мяне вячэраць, — адказала яна крыху сканфужана, усвядоміўшы, як жорстка прагучалі яе словы.
У гэтай жанчыне дабрыні было не менш, чым высакароднасці.
Эжэна кранула раптоўная змена настрою, але ўсё роўна ён падумаў адыходзячы: «Паўзі, трывай. Якімі ж бываюць астатнія, калі лепшая з жанчын у адзін момант здольна сцерці са сваёй памяці абяцанні дружбы і адшпурнуць цябе, быццам стары чаравік? У такім разе выходзіць, што кожны клапоціцца толькі пра сябе? Праўда, яна не вінавата, што мне патрэбна яе дапамога, і дом яе — не лавачка, дарма я кідаюся да яе. Трэба, як кажа Ватрэн, зрабіцца пушачным ядром».
Але горкія развагі студэнта хутка былі вьіціснуты думкамі пра вячэру ў вікантэсы. Так, быццам фатальны збег абставін, самыя нязначныя падзеі жыцця, нібы змовіўшыся, вялі Эжэна да таго шляху, які вымагаў ад маладога чалавека, па слушнай заўвазе жудаснага сфінкса з пансіёна Ваке, забіваць, каб самога не забілі, падманваць, каб яго не падманулі, пакінуць на мяжы сумленне, сэрца, нацягнуць маску, бязлітасна гуляць людзьмі і, як у Лакедэмоне1, рыхтавацца да поспеху непрыкметна, каб заслужыць вянок.
Калі Эжэн вярнуўся, вікантэса сустрэла яго ласкава як заўсёды. 3 гасцёўні яны накіраваліся ў сталовую, дзе чакаў ужо віконт дэ Басэан. Стол ззяў раскошаю, якая ў часы Рэстаўрацыі, як вядома, дасягнула вышыні. Месье дэ Басэан, падобна большасці задаволеных людзей, мог цешыцца ўжо толькі прыгожым сталом, а што датычыць гурманства, то ён належаў да школы Людовіка XVIII і герцага д’Эскара2.
Вось чаму яго стол ззяў двайной раскошаю: для смаку і для вока. Ніколі раней падобнага відовішча не бачылі здзіўленыя вочы Эжэна, упершыню маладьі чалавек вячэраў у адным з тых дамоў, дзе арыстакратычнасць перадавалася па спадчыне. Толькі што выйшлі з моды начныя вячэры, якімі заканчваліся балі ў часьі імперыі, калі ваенныя мусілі падсілкоўвацца да будучых баёў і на
1 Лакедэмон — горад у Грэцыі, вядомы як Спарта. Там удзельнікі алімпійскіх гулыіяў рыхтаваліся да спаборніцтваў.
2 ...да школы Людовіка XVIII ды герцага д’Эскара... — кароль з дынастыі Бурбонаў і яго набліжаны любілі добра паесці.
чужыне і на радзіме. Да гэтага часу Эжэн быў толькі на балях. Пазней ён будзе славіцца сваёй упэўненасцю, паступова ён набіраў яе і цяпер і таму не разгубіўся. Але калі чалавек з багатай фантазіяй бачыць чаканны срэбраны посуд, мноства вытанчанай аздобы на прыгожа прыбраным бяседным стале, калі ўпершыню захапляецца бязгучньімі рухамі прыслугі, яму, вядома, цяжка не аддаць перавагу гэтаму заўжды элегантнаму жыццю перад іншым жыццём, поўным нястач, якое ён збіраўся выбраць яшчэ сёння раніцай. Думка на хвіліну перанесла Эжэна назад, у сямейны пансіён, і яго ахапіла такая моцная жуда, што ён пакляўся сабе ў студзені перабрацца адтуль у лепшае месца, дарэчы, заадно збегчы ад Ватрэна, шырокую далонь якога ён адчуваў на сваім плячы. Калі прыстойны чалавек задумаецца пра ўсе тыя прыхаваныя ці адкрытыя формы распусты, узгадаваныя ў Парыжы, яму давядзецца задаць сабе пытанне: за якім зманам дзяржава адкрывае ў Парыжы навучальныя ўстановы, збірае там маладых людзей? I як яшчэ толькі ў гэтым горадзе не знікае павага да жанчын, як золата, выстаўленае ў драўляных чашах мянял, не знікае з гэтых чашаў? Але калі ўспомніць, што злачынстваў і парушэнняў у Парыжы амаль не чыніцца нават маладымі, пачынаеш паважаць цярплівых Танталаў1, якія вядуць барацьбу з сабою і перамагаюць у гэтай барацьбе!
Узяць хаця б, да прыкладу, нябогу студэнта ды апісаць яго барацьбу з Парыжам, атрымаўся б адзін з самых драматычных эпізодаў для кнігі пра сучасную цывілізацыю. Дарма пазірала на Эжэна мадам дэ Басэан, ён нічога не хацеў казаць у прысутнасці віконта.
— Вы правядзеце мяне сёння да італьянцаў? — спытала вікантэса мужа.
— Вы і ўявіць не можаце, колькі прыемнасці прынесла б мне падпарадкаванне вашым жаданням, але мне трэба сустрэцца з тым-сім у тэатры «Вар’етэ», — адказаў віконт з іранічнай вежлівасцю, якая падманула студэнта.
«Са сваёй каханкай», — падумала вікантэса.
— А што, д’Ажуда сёння ўвечары да вас не прыедзе? — спытаў віконт.
— He, — незадаволена адказала яна.
1 Тантал — герой, асуджаны багамі на вечныя мукі голаду і смагі, нягледзячы на тос, што блізка была вада і садавіна (грэч. міф.).
— Дык, калі вам абавязкова патрэбен кавалер, вазьміце з сабою месье дэ Расціньяка.
Вікантэса з усмешкаю зірнула на Эжэна.
— Гэта надта скампраметуе вас.
— «Француз любіць небяспеку, бо праз яе ён здабывае славу», сказаў месье дэ Шатабрыян1, — адказаў Расціньяк, схіляючы галаву ў паклоне.
Праз некалькі хвілін ён ужо імчаўся разам з мадам дэ Басэан на двухмеснай карэце ў модны тэатр. Калі яны ўвайшлі ў ложу, размешчаную насупраць сцэны, і ўсе ларнеты былі накіраваны на яго цудоўна апранутую спадарожніцу і на яго самога, усё Эжэну здалося нейкай феерыяй. Адно зачараванне ішло за другім. Чароўнасць чароўнасцю паганяла.
— Вы хацелі пагаварыць са мной, — сказала мадам дэ Басэан. — Ах, дарэчы, глядзіце, праз тры ложы ад нас — мадам дэ Нусінген. Яе сястра і месье дэ Трай з другога боку.
Пры гэтьіх словах вікантэса паглядзела на ложу мадэмуазель Рошфід. Калі яна пераканалася, што маркіза д’Ажуда там няма, яе твар адразу заззяў.
— Яна чароўная, — сказаў Эжэн, паглядзеўшы на мадам дэ Нусінген.
— У яе вейкі светлаватыя.
— Так, але да чаго прыгожы зграбны стан!
— А рукі тоўстыя.
— Прьігожыя вочы!
— Задоўгі твар.
— Доўгі твар — прыкмета высакародства.
— Яе шчасце, што ёсць хоць такі. Зірніце, як яна бярэ і кладзе свой ларнет. Гар’ё была, Гар’ё і засталася ва ўсіх рухах, — сказала вікантэса, здзіўляючы Эжэна.
Сапраўды, мадам дэ Басэан разглядвала залу праз ларнет і, здавалася, не звяртала ніякай увагі на мадам дэ Нусінген, хаця не выпускала з віду ніводнага яе жэста. Публіка з’ехалася выключна прыгожая. Дэльфіну дэ Нусінген цешыла ўвага маладога, прыгожага, элегантнага кузена мадам дэ Басэан, які не зводзіў ларнета з яе ложы.
1 Шатабрыян, Франсуа-Рэнэ дэ — (1768—1848) французскі пісьменнік, аўтар узнёсла-сентыментальнага рамана «Геній хрысціянства», адной з вяршынь рамантызму.
— Калі вы і далей будзеце ўвесь час углядацца толькі ў яе, вы наробіце скандалу, месье дэ Расціньяк. Назаляючы, яшчэ ніхто ніколі поспеху не дабіваўся.
— Дарагая кузіна, вы мне ўжо шмат у чым дапамаглі, калі вы хочаце давесці вашу добрую справу да канца, прашу вас, акажыце яшчэ адну паслугу; для вас гэта няцяжка, для мяне — вельмі неабходна. Я закахаўся.
— Ужо?
— Так.
— У гэтую жанчыну?
— А хіба мае дамаганні ў іншым месцы маглі б атрымаць поспех? — сказаў ён, пранікліва пазіраючы на кузіну. — Спадарыня герцагіня дэ Карыльяна сябруе са спадарыняй герцагіняй Берыйскай, — працягваў ён пасля паўзы, — і, напэўна, вы з ёю бачыцеся, будзьце так ласкавы, пазнаёмце мяне з ёю і вазьміце мяне з сабою да яе на баль у панядзелак. Там я сустрэну мадам дэ Нусінген і пачну сваю першую атаку.
— Ахвотна, — сказала вікантэса. — Вашы сардэчныя справы пойдуць цудоўна, калі вы ўпадабалі яе. Бачыце, у ложы прынцэсы Галатыён сядзіць дэ Марсэ. Для мадам дэ Нусінген гэта пакута, яна пакутуе ад рэўнасці. Лепшага моманту, каб падысці да жанчыны, асабліва да жонкі банкіра, не знойдзеш. Усе гэтыя дамы з Шасэ д’Антэн любяць помсціць.
— А што зрабілі б вы ў падобным выпадку?
— Я? Пакутавала б моўчкі.
У гэты момант у ложы мадам дэ Басэан з’явіўся маркіз д’Ажуда.
— Я перапыніў усе справы дзеля таго, каб зноў пабачыць вас, — сказаў ён, — і паведамляю вам пра гэта са спадзяваннем, што мая ахвяра недарэмная.
Твар вікантэсы так ззяў, што Эжэн адразу зразумеў розніцу між выразам шчырага кахання і крыўляннямі парыжскага какецтва. У захапленні сачыў Эжэн за кузінаю, моўчкі саступіўшы месца месье д’Ажуда.
«Жанчына, якая кахае так моцна — высакароднейшае, нябеснае стварэнне! — падумаў ён. — А гэты чалавек мяняе яе на нейкую ляльку. Як можна ёй здраджваць?»
Ён адчуў, як у сэрцы ўскіпае дзіцячая злосць. Яму карцела схіліцца да ног мадам дэ Басэан, ён хацеў бы валодаць дэманічнай сілай, каб панесці вікантэсу ў сваім сэрцы так, як арол узносіць з даліны ў неба белую козачку-сысунка. Пачуццё знявагі апанавала яго, бо ў