Габсэк; Бацька Гар’ё
Анарэ дэ Бальзак
Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 304с.
Мінск 1996
Ватрэн міргнуў, крадком зірнуўшы на мадэмуазель Тайфэр, нібы падсумоўваў такім чынам тыя спакусы, якія ён пасеяў у душы студэнта, каб збіць яго з добрага шляху. Вясёлае жыццё Расціньяка доўжылася даволі доўга. Амаль штодня ён абедаў у мадам дэ Нусінген і выязджаў разам з ёю ў свет. Вяртаючыся дадому а трэцяй, а чацвёртай гадзіне раніцы, ён уставаў апоўдні, апранаўся, ехаў з Дэльфінай у Булонскі лес, адным словам, транжырыў свой час, не ведаючы яму цаны, але засвойваў усе ўрокі, усе спакусы раскошы з такой жа прагнасцю, з якой падвяночак жаночай кветкі на фінікавай пальме нецярпліва чакае апладняючы шлюбны пылок. Ён шмат, на вялікія грошы, гуляў: то выйграе шмат, то шмат прайграе і, нарэшце, звыкся з бесшабашным жыццём маладых парыжан. 3 першых выйгрышаў ён адаслаў маці і сёстрам тысячу пяцьсот франкаў, далучыўшы да доўга прыгожыя падарункі. Хаця ён абвясціў, што збіраецца пакінуць дом Ваке, напрыканцы студзеня ён усё яшчэ жыў там і не ведаў, як адтуль выбрацца. Жыццё маладых людзей падпарадкоўваецца закону, які, на першы погляд, цяжка растлумачыць; яго аснова — у самой маладосці, у тым шаленстве, з якім юнакі накідваюцца на ўцехі. Багатыя ці бедныя, на жыццёвыя патрэбы яны грошай ніколі не маюць, а вось на выдвары — калі ласка. Яны шчодрыя, калі нешта можна набыць у крэдыт, затое скупыя там, дзе трэба плаціць адразу ж, і, здаецца, помсцяць за тое, што ім недаступна, мантачачы тое, што маюць. Прасцей кажучы, студэнт шануе свой капялюш куды болей, чым фрак. Кравец бярэ вялікія грошы, і таму кліенты плацяць, часцей за ўсё, у крэдыт, а вось з капялюшнікам, дзе сумы сціплыя, асабліва не патаргуешся, таму яго лічаць самым непадатлівым з людзей. Калі малады чалавек, седзячы на балконе тэатра, прыцягвае да сябе ларнеты маладых красунь фантастычнай сваёй камізэлькай, то гэта яшчэ не доказ таго, што на нагах у яго ёсць шкарпэткі: панчошнік таксама адносіцца да ліку даўганосікаў, якія дзіравяць кішэню. Так жыў і Расціньяк. Для мадам Ваке грошай у яго кашальку не знаходзілася ніколі, на патрэбы фанабэрыі заўсёды хапала, у кішэні назіраліся дзіўныя прылівы і адлівы, якія ніяк не спалучаліся з самымі надзённымі выдаткамі. Што
магло быць прасцей, чым кінуць гэты смярдзючы пансіён? Варта было заплаціць гаспадыні за месяц наперад, купіць мэблю для ўласнай кватэры, годнай незалежнага дэндзі, і болей нішто перыядычна не зневажала б яго вялікасвецкія прэтэнзіі. А якраз гэта па-ранейшаму аказвалася немагчымым. Каб мець для гульні грошы, Расціньяку хапала кемнасці пасля выйгрышу купляць у ювеліра кішэнныя гадзіннікі і залатыя ланцужкі, якія пры неабходнасці можна занесці ў ламбард, да гэтага змрочнага і маўклівага сябра маладосці, але калі размова ішла пра аплату за харчаванне, кватэру, прылады, абавязковыя для ўзняцця свецкай раллі, тут смеласць, вынаходлівасць знікалі. Будзённыя патрэбьі, даўгі на іх задавальненне зусім не натхнялі Эжэна. Як і большая частка тых, хто зазнаў такое вясёлае жыццё, ён да апошняй хвіліны адцягваў выплату за святыя, з пункту гледжання мяшчан, даўгі, як і Мірабо, які плаціў пекару за хлеб толькі тады, калі гэты доўг прыходзіў у грознай форме вэксаля. Прыйшоў час, калі Расціньяк прайграў усе грошы і залез у доўг. Ён пачынаў усведамляць, што немагчыма існаваць далей так, як існаваў ён, не маючы ніякіх крыніц даходаў. Але, стогнучы пад балючымі ўдарамі, абумоўленымі няўстойлівасцю яго становішча, ён адчуваў, што не можа адмовіцца ад разгульнага жыцця, якое вёў, і хацеў любой цаной захаваць яго. Стала ясна, што мары аб шчаслівым выпадку, з дапамогай якога ён разлічваў нажыць багацце — хімера, затое рэчаіснасць падкрэслівала свае рэаліі. Даведаўшыся пра сямейныя таямніцы Нусінгенаў, ён зразумеў, што для таго, каб ператварыць каханне ў сродак абагачэння, трэба выпіць да дна кубак сораму і развітацца з высакароднымі ідэямі, дзеля якіх юнацтву адпускаюцца яго грахі. Ён згадзіўся жыць знешне бліскучым, але падточаным дакорамі сумлення жыццём, за мімалётныя ўцехі якога прыходзілася плаціць нязводнымі трывогамі, ён каціўся шляхам гэтага жыцця і качаўся ў яго ціне, нібы «Рассеяны» Лабруера1, які зрабіў сабе ложак у прыдарожнай канаве, але, таксама як «Рассеяны», ён запляміў яшчэ толькі вопратку.
— Дык як, забілі мандарына? — спытаў у яго аднойчы Б’яншон, устаючы з-за стала.
— Яшчэ не, але ён ужо хрыпіць, — адказаў Эжэн.
1 Лабруер, Жан дэ (1645—1696) — французскі пісьменнік.
Студэнт-медык палічыў адказ жартам, але то быў не жарт. Эжэн, які ўпершыню за доўгі час вячэраў у пансіёне, сядзеў за сталом у задуменні. Пасля дэсерту, замест таго каб пайсці, ён застаўся ў сталовай. Ён сядзеў поруч з мадэмуазель Тайфэр і час ад часу выразна пазіраў на яе. Некаторыя з пансіянераў яшчэ сядзелі за сталом і лушчылі арэхі, іншыя шпацыравалі па пакоі, працягваючы пачатыя дыскусіі. Вечарамі заўсёды было так, што кожны пакідаў сталовую тады, калі захоча, у залежнасці ад таго, цікавіць яго размова ці не і як адбываецца працэс стрававання. Узімку сталовая рэдка калі пусцела раней восьмай гадзіны, але, нарэшце, чатыры кабеты ўсё ж заставаліся адны і тады ўжо адводзілі душу пасля вымушанага ў суседстве з такім зборышчам мужчын маўчання. Заўважыўшы заклапочанасць Эжэна, Ватрэн застаўся ў сталовай, хаця спачатку рабіў выгляд, што спяшаецца, і трымаўся такім чынам, каб Эжэн яго не заўважаў і думаў, што той пайшоў. He пайшоў Ватрэн і пазней, разам з апошнімі пансіянерамі, а затаіўся ў гасцінай, па суседству. Ён прачытаў усё у душы студэнта і чакаў рашучага пералому. Расціньяк і сапраўды знаходзіўся ў знаёмай усім маладым людзям нявыкрутцы. Кахала яна, ці толькі рабіла выгляд, але мадам дэ Нусінген выпрабавала Расціньяка ўсімі трывогамі шчырай жарсці, ужыўшы дзеля гэтага ўсе рэсурсы жаночай дыпламатыі, якімі карысталіся парыжанкі. Скампраметаваўшы сябе ў вачах свету, дзеля таго каб наблізіць да сябе кузена мадам дэ Басэан, яна не асмельвалася надзяліць яго правамі, якія, як здавалася ўсім, ён ужо атрымаў. Цэлы месяц яна гэтак умела падагравала пачуцці Эжэна, што, нарэшце, закранула яго сэрца. Калі ў першыя дні іх знаёмства студэнт адчуваў сябе гаспадаром становішча, цяпер валадарыла мадам дэ Нусінген, дзякуючы здольнасці ўзбуджаць у Эжэне ўсе і добрыя, і благія пачуцці тых двух ці трох чалавек, якія адначасова сужываюцца ў адным юнаку. Ці гэта быў разлік? He, жанчыны заўсёды шчырыя, нават калі хлуснёй падмацоўваюць хлусню, бо заўсёды дзейнічаюць, падпарадкоўваючыся нейкаму натуральнаму пачуццю. Магчыма, Дэльфіна дазволіла маладому чалавеку ўзяць над сабой верх, не хаваючы вялізнай сімпатыі да яго, а цяпер, падпарадкоўваючыся пачуццю ўласнай годнасці, хацела або адмовіцца ад сваіх уступак, або адцягнуць іх на некаторы час. Гэта так натуральна для парыжанкі — вагацца, нават у той момант, калі каханне
ўцягвае яе ў свой вір. Яна нібы выпрабоўвае сэрца чалавека, якому збіраецца даверыць сваю будучыню. Гарачыя спадзяванні мадам дэ Нусінген былі падмануты ўжо адзін раз: на яе пачуцці малады эгаіст адказаў не самым лепшым чынам. Баранэса мела права не давяраць. Мажліва, імклівы поспех ператварыў Эжэна ў фата, поўнага фанабэрыі, і Дэльфіна заўважьіла ў яго паводзінах адсутнасць належнай павагі; прьічынай гэтаму была своеасаблівасць сітуацыі, у якой яны знаходзіліся. Вядома, Дэльфіне хацелася імкліва ўзвысіцца, стаць непараўнальнай у вачах маладога чалавека ва ўзросце Эжэна, асабліва пасля тых доўгіх прыніжэнняў перад тым, хто яе пакінуў. Яна не хацела, каб Эжэн лічыў, што заваяваць яе лёгка, менавіта таму, што яму было вядома пра сувязь з дэ Марсэ. Адным словам, зазнаўшы зневажальныя ўцехі з сапраўдным монстрам, маладым распуснікам, яна з пяшчотнай радасцю гуляла па квітнеючых гонях кахання; яна захаплялася кожнай дробяззю, гатова была вечна прыслухоўвацца да ледзь чутнага трымцення і аддавацца ласкам цнатлівага ветрыку. Шчырае каханне сплочвала віну за няшчырае. Гэтая бессэнсоўнасць, на жаль, будзе сустракацца часта да таго часу, пакуль мужчыны не зразумеюць, колькі кветак загіне ў маладой жаночай душы пад першымі ўзмахамі касы падману. Але якімі б не былі прычыны, Дэльфіна гуляла Расціньякам і сама сабе падабалася, бо адчувала, што яе кахаюць, і ведала, што валодае надзейным сродкам спыніць усе пакуты каханка, як толькі яе жаночая вялікасць пажадае. Пачуццё ўласнай годнасці не дазваляла Эжэну дапусціць яе перамогі ў іх першай бітве, і ён упарта працягваў паляванне, нібы паляўнічы, які хоча абавязкова падстрэліць курапатку ў дзень адкрыцця палявання.
Да гэтай жанчыны яго ўсё болей і болей прывязвалі трывогі, закранутае самалюбства, прыступы адчаю, шчырыя ці напускныя. Увесь Парыж ужо аддаваў мадам дэ Нусінген у рукі Эжэна, але на самай справе яго поспехі не прасунуліся ні на крок далей таго, што ён заваяваў у першы дзень іх знаёмства. Расціньяка апаноўвала беспрычынная злосць, ён яшчэ не ведаў, што жаночае какецтва часам тоіць болып радасцей, чым задавальнення ад яе кахання. Той час, калі жанчына змагаецца з каханнем, ужо прыносіў маладому чалавеку свае першыя плады, яшчэ зялёныя, кіславатыя, але затое непараўнальна смачныя і дарагія. Зрэдку, застаўшыся без граша і без
надзей на будучыню, Расціньяк, заглушаючы голас сумлення, думаў пра шанц узбагаціцца — пра шлюб з мадэмуазель Тайфэр, прапанаваны Ватрэнам. I вось прыйшоў момант, калі галеча так патрабавальна ўзвысіла голас, што ён амаль міжволі стаў паддавацца хітрыкам жудаснага сфінкса, перастаў супраціўляцца чарам гэтага позірку. Калі Пуарэ і мадэмуазель Мішано ўзняліся да сябе наверх, Расціньяк палічыў, што застаўся адзін між мадам Ваке і мадам Куцюр, якая, засынаючы ля печкі, вязала ваўняныя нарукаўнікі, і зірнуў на мадэмуазель Тайфэр так пяшчотна, што тая апусціла вочы долу.
— Вас нешта засмучае, месье Эжэн? — пасля хвіліннага маўчання спытала Віктарына.
— А ў каго няма смутку? — адказаў Расціньяк. — Калі б мы, маладыя людзі, ведалі, што нас сапраўды моцна любяць, узнагароджваючы за тыя ахвяры, якія мы заўсёды гатовы прьінесці, магчыма, тады мы б забылі пра смутак.
Замест адказу мадэмуазель Тайфэр недвухсэнсоўна зірнула на Эжэна.
— Так, сёння вам здаецца, што вы ўпэўнены ў сваім сэрцы, але ці дасцё вы заруку, што вашы пачуцці ніколі не зменяцца?