Габсэк; Бацька Гар’ё  Анарэ дэ Бальзак

Габсэк; Бацька Гар’ё

Анарэ дэ Бальзак
Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 304с.
Мінск 1996
114.16 МБ
— Маўчыце, суседачка, вы прамаўляеце ўслых рэчы...
На вокліч мадам Куцюр мадам Ваке адказала:
— Ды ён не чуе. Хадзем, Сільвія, апранацца. Сёння я надзену свой гарсэт.
— Высокі гарсэт пасля вячэры, спадарыня? — здзівілася Сільвія. — He, няхай хто іншы вас сціскае, я не стану вашым забойцам. Такое непрадуманае рашэнне можа каштаваць вам жыцця.
— Няхай так, але я павінна ўважыць месье Ватрэна.
— Выходзіць, вы вельмі любіце сваіх наследнікаў?
— Хадзем, Сільвія, будзе рот халадзіць.
— У яе ўзросце! — сказала Сільвія, паказваючы Віктарыне на сваю гаспадыню.
У сталовай засталіся толькі мадам Куцюр і яе гадаванка, на плячы якой спаў Эжэн. Сон маладога чалавека здаваўся ціхмяным і чароўным на фоне храпу Крыстофа, што раздаваўся ў цішыні дома. Эжэн у сне быў, як дзіця. Віктарына была шчаслівая ад магчьімасці дазволіць сабе хоць крыху міласэрнасці, у якой праяўляюцца ўсе лепшыя пачуцці жанчыны, і ад адчування, што на яе грудзях б’ецца сэрца маладога чалавека; на яе твары было напісана нешта па-мацярынску клапатлівае і таму — ганарьістае. Праз сотні думак, якія перапаўнялі яе сэрца, прабівалася неўтаймаваная прага асалоды, абуджаная блізкасцю маладой і чыстай цеплыні.
— Бедная мая дзяўчыначка! — сказала мадам Куцюр, паціскаючы ёй руку.
Пажылая дама любавалася поўным чысціні і пакут тварам, асветленым у гэты час шчасцем. Віктарына была падобна на старадаўнюю ікону, дзе мастак, не ўдаючыся ў дэталі, усё майстэрства спакойнага і велічнага пэндзля збярог для твару, тонам нібы і жаўтаватага, але які ззяе ад адбіткаў залацістых адценняў неба.
— А ён жа выпіў не болей дзвюх шклянак, мама, — сказала Віктарына, перабіраючы валасы Эжэна пальцамі.
— Калі б ён быў гулякам, ён перанёс бы гэтае віно гэтаксама лёгка, як і іншыя. Ахмяленне сведчыць на яго карысць.
На вуліцы загрукатаў экіпаж.
— Мама, вось і месье Ватрэн прыехаў. Прытрымайце Эжэна: я не хачу, каб гэты чалавек бачыў мяне разам з месье Расціньякам. Месье Ватрэн можа так сказаць, што робіцца брыдка на душы, ды і ад позіркаў яго жанчына адчувае сябе няёмка, быццам ён вачыма яе распранае.
— He, ты памыляешся, — сказала мадам Куцюр. — Месье Ватрэн — мілейшы чалавек, таго ж тыпу, што і нябожчык месье Куцюр, — рэзкаваты, аде добры, вясёлы няўклюд.
У гэты момант Ватрэн ціхенька ўвайшоў і ўбачыў карціну: святло газніцы нібы ласкае два дзіцяці.
— Вось вам сцэна, — сказаў ён, складаючы рукі, — якая б натхніла слыннага Бернардэна дэ Сэн-П’ера, аўтара «Поля і Віржыні», на стварэнне прачулых старонак. Да чаго прыгожая маладосць, мадам Куцюр! Спі, беднае дзіця, — сказаў ён, любуючыся Эжэнам, — падчас дабро знаходзіць чалавека, калі ён спіць. Мадам, — павярнуўся ён да ўдавы, — да гэтага маладога чалавека мяне прыцягвае, мяне ўзрушае гармонія між прыгажосцю ягонай душы і прыгажосцю твару. Гляньце, хіба перад намі не херувім на плячы анёла? Гэты чалавек годны кахання. Быў бы я жанчынай, я хацеў бы памерці (не, гэта глупства!), жыць дзеля яго. Вось так, любуючыся імі, мадам, — сказаў ён шэптам, нахіліўшыся да вуха ўдавы, — я не магу адагнаць ад сябе думку, што Бог стварыў іх адно дзеля другога. Воля гасподня нам невядома, яна выпрабоўвае душу і пажаду, — гучна ўсклікнуў ён. — Калі бачу вас разам, дзеткі, з’яднаных адною чысцінёй і ўсімі чалавечымі пачуццямі, я кажу сабе, што немагчыма, каб вы некалі разлучыліся. Бог справядлівы. Але мне здаецца, — сказаў ён дзяўчыне, — што ў вас ёсць лініі багацця. Дайце мне руку, мадэмуазель Віктарына, я ведаю трошкі хірамантыю, мне часта даводзілася варажыць. He бойцеся. Box, што я бачу! Слова гонару, хутка вы станеце адной з самых багатых наследніц Парыжа. Вы адорыце шчасцем таго, хто вас кахае... Ваш бацька пакліча вас да сябе. Вы пабярэцеся шлюбам з маладым, прьігожым, тытулаваным хлопцам, які без вас жыцця не ўяўляе.
У гэты момант прароцтвы Ватрэна перабілі цяжкія крокі какетлівай удавы.
— А вось і мадам Вакерр, прррыгожая як зорррка, сціснутая ў чарку. Няўжо мы не задыхаемся? — спытаў ён, кладучы руку на планшэтку гарсэта. — Пад лыжачкай, матухна, занадта сціснута, не дай бог, мы заплачам, адбудзецца выбух; у такім выпадку я буду збіраць абломкі з руплівасцю антыквара.
— Гэты ведае мову французскай галантнасці! — сказала ўдава, нахіліўшыся да вуха мадам Куцюр.
— Бывайце, дзеці, — звярнуўся Ватрэн да Эжэна і Віктарыны, — бласлаўляю вас, — ён усклаў далоні на іх галовы. — Паверце мне, мадэмуазель, добрыя пажаданні сумленнага чалавека нешта павінны значыць, яны прыносяць шчасце, да іх прыслухоўваецца бог.
— Бывай, дарагая прыяцелька, — развіталася з пансіянеркаю мадам Ваке. — Як вы лічыце, — шэптам спытала яна, — у Ватрэна сур’ёзныя намеры ў адносінах да мяне?
Мадам Куцюр толькі развяла рукамі.
— Ах, дарагая маці, — паглядзела на свае рукі і ўздыхнула Віктарына, калі яны засталіся адны. — Вось каб месье Ватрэн казаў праўду!
— Для гэтага патрэбна адзінае, — адказала пажылая дама, — каб ваш пачварны брат зваліўся з каня...
— Ах, мама!
— Божа, мусіць, грэшна зычыць зла свайму ворагу, што рабіць, пакаюся ў гэтым. Але, праўду кажучы, я з задавальненнем занесла б кветкі на яго магілу. Бессардэчны чалавек! Яму бракуе смеласці замовіць слова за сваю маці, спадчыну якой ён прыбраў сабе з дапамогаю розных каверзаў, абяздоліўшы цябе. Мая кузіна валодала немалым багаццем. На тваю бяду, ніхто не заікнуўся пра тое, каб абумовіць яго ў шлюбным кантракце.
— Цяжкім будзе здавацца мне шчасце, калі яно дастанецца цаной чыйго-небудзь жыцця, — сказала Віктарына. — I я лепей застануся тут, чым згаджуся на смерць брата.
— Божа, як кажа добрьі месье Ватрэн, які верыць у бога, як ты магла сама пераканацца, — працягвала мадам Куцюр, — і мне было прыемна даведацца, што ён не бязбожнік, як іншыя, якія гавораць пра бога з меншай пашанай, чым пра д’ябла, хто ведае, якімі шляхамі вырашыць весці нас боская сіла?
3 дапамогаю Сільвіі дзве жанчыны нарэшце перанеслі Эжэна ў яго пакой і паклалі на ложак; кухарка расшпіліла на юнаку адзенне, каб яму лягчэй дыхалася. Перад тым як выйсці, калі яе апякунка павярнулася спіною, Віктарына пацалавала Эжэна ў лоб, адчуўшы невымоўную асалоду ад гэтага злачыннага пацалунку. Яна абвяла позіркам яго пакой, адной думкай, так сказаць, падвяла вынік усім радасцям гэтага дня, і перад яе вачыма паўстала карціна, якой яна доўга любавалася. A пасля заснула самым шчаслівым чалавекам у Парыжы.
Наладжанае Ватрэнам свята, падчас якога ён падліў Эжэну ды бацьку Гар’ё ў віно снатворнага, прынесла згубу і самому Ватрэну. Напаўп’яны Б’яншон забыўся распытаць у мадэмуазель Мішано пра Падмані Смерць. Прагучы гэтая мянушка за сталом, і Ватрэн, ці лепш назваць яго сапраўдным імем, Жак Кален, адзін са славутых катаржнікаў, адразу б насцярожыўся. У дадатак, калі Ватрэн абазваў мадэмуазель Мішано Венерай з могілак Пэр-Лашэз, гэта зацвердзіла яе рашучасць выдаць катаржніка паліцыі, хаця спачатку яна, верачы ў Каленаву велікадушнасць, думала папярэдзіць яго, каб ён уначы ўцёк. Яна неадкладна ў суправаджэнні Пуарэ пайшла да славутага шэфа тайнай паліцыі ў завулак Сент-Ан, спадзеючыся, што ёй зноў давядзецца мець справу з чыноўнікам па імені Гандзюро. Але яе прыняў сам начальнік крымінальнай паліцыі. Пасля таго як усё было ўдакладнена, мадэмуазель Мішано папрасіла напой, з дапамогаю якога яна мелася праверыць наяўнасць кляйма. Па задаволеным твары вялікага чалавека з маленькага завулачка Сент-Ан у той момант, калі ён шукаў пляшачку з напоем у шуфлядзе свайго пісьмовага стала, мадэмуазель Мішано здагадалася, што ў рукі паліцыі трапіць не проста катаржнік. Раскінуўшы розумам, яна прыйшла да высновы, што паліцыя спадзяецца захапіць немалыя грошы, пра якія ўлады даведаліся з прызнанняў, зробленых катаржнікамі-здраднікамі. Калі яна падзялілася сваімі меркаваннямі з хітрым начальнікам, той заўсміхаўся і паспрабаваў развеяць апасенні старой дзеўкі.
— Вы памыляецеся. Кален — самы небяспечны кацялок, які калі-небудзь з’яўляўся ў злачынным свеце, вось і ўсё. Усе нягоднікі добра яго ведаюць: ён іх штандар, іх падтрьімка, карацей, іх Банапарт. Яны ўсе любяць яго. Гэты спрытнюга ніколі не пакіне сваёй цуркі на Грэўскай плошчьі1. — Паколькі мадэмуазель Мішано не разумела, Гандзюро растлумачыў словы з жаргону злодзеяў, якія ён ужыў: — «Кацялок» і «цурка» — гэта моцныя выразы ў мове злодзеяў; яны першыя адчулі неабходнасць разглядаць чалавечую галаву пад двума аспектамі. «Кацялок» — галава чалавека жывога, яго дарадца, яго думка. «Цурка» — пагардлівая адзнака чалавека нікчэм-
1 Плошча ў Парыжы, на якой праходзілі публічныя накаранпі.
нага, у якую ператвараецца тая ж галава, калі яе адсякуць.
— Кален разыгрывае нас, — працягваў начальнік паліцыі. — Калі мы сустракаем чалавека, падобнага на сталёвы брус англійскай загартоўкі, мы маем магчьімасць забіць яго, калі падчас арышту ён надумаецца аказаць нам супраціўленне. Вось мы і разлічваем, што Кален заўтра раніцай нам не скарыцца, і гэта дасць нам падставу забіць яго. Такім чынам можна будзе пазбегнуць працэсу, выдаткаў на ахову, харчаванне, і грамадству вальней стане дыхаць. Судовая працэдура, сведкі, аплата іх выдаткаў, смяротнае пакаранне — усе юрыдычныя фармальнасці, патрэбныя на тое, каб вызваліцца ад любога з гэтых мярзотнікаў, будуць нам каштаваць куды болей за вашу тысячу экю, якую вы атрымаеце ад нас, ды і час ашчадзім. Добры ўдар штыка ў жывот Падмані Смерці папярэдзіць сотню злачынстваў і адвядзе ад спакусы збіцца з правільнага шляху паўсотні нягоднікаў, якія будуць трымаць сябе асцярожна ў суседстве з папраўчай паліцыяй. Вось гэта і называецца добра арганізаваная паліцыя. Сапраўдныя філантропы лічаць, што дзейнічаць такім чынам — значыць папярэдзіць злачынства.
— I служыць на карысць сваёй краіне, — заўважыў Пуарэ.
— Сёння вы разважаеце вельмі слушна, — адказаў начальнік паліцыі. — Безумоўна, мы служым на карысць сваёй краіны, але людзі несправядліва адносяцца да нас. Мы робім грамадству вялікія паслугі, аб якіх яно не ведае. Таму я лічу, што разумны чалавек павінен узняцца над забабонамі, а хрысціянін пагадзіцца з тымі няшчаснымі вынікамі, магчымымі і ў добрай справе, калі яна робіцца не ў агульна прынятым парадку. Парыж ёсць Парыж, скажу я вам! Гэтым тлумачыцца і маё жыццё. Маю гонар развітацца з вамі, мадэмуазель. Я са сваімі людзьмі буду чакаць заўтра ў Каралеўскім садзе. Пашліце Крыстофа на вуліцу Бюффон да месье Гандзюро ў той дом, дзе вы мяне бачылі. Месье, я да вашых паслуг. Калі вас калі-небудзь абкрадуць, звяртайцеся да мяне па дапамогу, і вам вернуць тое, што ўкралі.