Габсэк; Бацька Гар’ё
Анарэ дэ Бальзак
Выдавец: Юнацтва
Памер: 304с.
Мінск 1996
нашкодзіць!», — бо наш павераны сцвярджае, што судовая справа супраць мужа аб вяртанні тваёй маёмасці працягнецца болып за паўгода. Тады я ўзяў ды прадаў маю бестэрміновую рэнту ў тысячу трыста пяцьдзесят франкаў гадавога прыбытку: пятнаццаць тысяч паклаў за пажыццёвы прыбытак у тысячу дзвесце франкаў, дастаткова забяспечаны нерухомасцю, а з астатніх грошай заплаціў, дзеці мае, вашым пастаўшчыкам. Тут наверсе я зняў пакойчык за сто пяцьдзесят франкаў у год. На сорак су ў дзень я буду жыць, як кароль, ды яшчэ што-кольвечы застанецца. Новага адзення мне амаль не трэба, я старое не знашу. Ужо трэці тыдзень я ціха пасмейваюся: «Вось дык будуць яны шчаслівыя!» Ну што, хіба вы цяпер не шчаслівыя?
— Ой, татачка, родненькі! — усклікнула Дэльфіна, скочыўшы бацьку на калені.
Яна абцалавала яго, пяшчотна прытулілася да шчакі белакурай галоўкай і акрапіла слязамі бацькаў ззяючы памаладзелы твар.
— Мілы мой татачка! Так, вы — сапраўдны бацька! Другога такога няма ў свеце. Эжэн любіў вас і раней, a цяпер тым больш.
Ужо гадоў дзесяць бацька Гар’ё не адчуваў, як побач з яго сэрцам б’ецца сэрца дачкі.
— Кіньце, кіньце, дзеці мае! Дэльфіна, ты зараз давядзеш мяне да таго, што я памру ад радасці! Маё сэрца гатова разарвацца. Паслухайце, спадар Эжэне, мы ўжо з вамі разлічыліся!
I стары сціснуў дачку ў абдымках так моцна, так нечакана, што яна ажно ўскрыкнула:
— Ой, ты робіш мне балюча!
Стары пабялеў і прамовіў:
— Дачушка, я зрабіў табе балюча!
Ён глядзеў на Дэльфіну з нечалавечым выразам пакуты. Калі б захацелася апісаць твар гэтага Хрыстосабацькі, то прыйшлося б пашукаць параўнанні сярод вобразаў, створаных вялікімі майстрамі пэндзля для выражэння мукі, праз якую прайшоў выратавальнік чалавецтва дзеля агульнага шчасця. Бацька Гар’ё асцярожна пацалаваў дачку ў тое месца, дзе пальцы замоцна націснулі на яе талію.
— He, не, не я зрабіў табе балюча, — гаварыў ён з запытальнай усмешкай на вуснах, — а вось ты сваім крыкам зрабіла мне балюча. — Яшчэ раз пацалаваўшы
дачку, ён шэптам сказаў ёй: — Усё каштуе даражэй, але ж трэба адвесці яму вочы, бо яшчэ пакрыўдзіцца.
Эжэн, узрушаны надзвычайнай ахвярнасцю старога, пазіраў на яго з наіўным і шчырым захапленнем, у маладых людзей блізкім да пакланення.
— Я пастараюся быць вартым таго, што вы зрабілі для мяне!
— Мілы Эжэне, як добра вы зараз сказалі! — усклікнула мадам дэ Нусінген і пацалавала маладога чалавека ў лоб.
— Дзеля цябе ён адмовіўся ад мадэмуазель Тайфэр і яе мільёнаў, — дадаў бацька Гар’ё. — Так, дзяўчына вас кахала, цяпер, пасля смерці брата, яна зрабілася вельмі багатай.
— Ну навошта было казаць пра гэта? — папракнуў старога Расціньяк.
— Эжэн, — шапнула яму на вуха Дэльфіна, — цяпер увесь вечар мне будзе сумна. Але я буду любіць вас заўсёдьі.
— Гэта мой найлепшы дзень пасля вашых шлюбаў! — усклікнуў Гар’ё. — Няхай Бог пасылае мне любыя пакуты, абы яны былі не з-за вас, і я ўвесь час буду паўтараць: «У лютым таго года я хвіліну быў такім шчаслівым, як некаторьія людзі не бываюць за ўсё жыццё». Зірні на мяне, Фіфіна! — звярнуўся ён да дачкі. — Ці ж яна не прыгажуня? Скажыце, калі ласка, ці сустракалі вы калісьці жанчыну з такім колерам твару і з такой ямінкаю на падбародку? He? Праўда, не? Гэта я стварыў такую дасканаласць! А цяпер, дзякуючы вам, яна будзе шчаслівай і стане яшчэ прыгажэйшай. Калі вам, дарагі суседзе, патрэбна маё месца ў раі, я вам яго саступаю, а сам магу пайсці ў пекла. Але давайце есці, давайце хутчэй есці, тут жа ўсё наша! — раптам усклікнуў ён, ужо не ведаючы, што сказаць.
— Мілы татачка!
Гар’ё ўстаў, падышоў да дачкі, абхапіў рукамі яе галаву і, цалуючы ў прабор, прамовіў:
— Дачушка мая, каб ты ведала, колькі шчасця можаш ты мне прынесці без асаблівых намаганняў! Я буду жыць там наверсе: табе дастаткова зрабіць два крокі, каб зайсці да мяне. Ты будзеш наведваць мяне, абяцай?
— Вядома, дарагі татачка.
— Паўтары.
— Абавязкова, мілы татачка.
— Цяпер маўчы, a то я дам сабе волю і прымушу цябе паўтарыць гэта сотню разоў. Давайце абедаць.
Увесь вечар прайшоў у дзівацтвах, прычым бацька Гар’ё паводзіў сябе, як дзіця. To ён клаўся ля ног дачкі і цалаваў іх, то глядзеў падоўгу ёй у вочы, то цёрся галавою аб яе сукенку. На такія дзівацтвы мог быць здольны толькі самы пяшчотны, самы юны каханак.
— Вось бачыце? — шапнула Расціньяку Дэльфіна. — Калі мой бацька з намі, яму трэба належаць поўнасцю. А гэта часам будзе нам замінаць.
Эжэн, у якім не раз успыхвалі агеньчыкі рэўнасці, усё-такі не мог не асудзіць гэткія думкі, што ўтрымлівалі ў сабе парасткі чорнай няўдзячнасці.
— А калі кватэра будзе канчаткова падрыхтавана? — спытаў Эжэн, азіраючыся навокал. — Мне падаецца, што сёння мы будзем вымушаны развітацца?
— Так, але заўтра вы будзеце абедаць у мяне, — адказала Дэльфіна з хітраватым выглядам. — Заўтра пойдзем у Італьянскую аперу.
— Я буду сядзець у партэры, — заявіў бацька Гар’ё.
Апоўначы за Дэльфінай прыехала карэта. Студэнт і бацька Гар’ё накіраваліся ў «Дом Ваке» і, гутарачы аб Дэльфіне, усё больш і больш захапляліся ёю, што ператварыла іх размову ў своеасаблівы слоўны турнір паміж двума ўсемагутнымі пачуццямі. Эжэн не мог не адзначыць таго факту, што бацькоўская любоў, пазбаўленая ўсялякага эгаістычнага інтарэсу, зацяняла яго любоў сваёй непахіснасцю і глыбінёй. Для бацькі кумір у асобе дачкі заставаўся нязменна чыстым і ўзвышаным, а пакланенне яму ўмацоўвалася не толькі думкамі аб будучыні, але і аб мінулым.
Вярнуўшыся дадому, яны ўбачалі, што ўдава Ваке адна сядзіць ля печкі ў кампаніі Сільвіі і Крыстофа. Старая гаспадыня нагадвала Марыя сярод руін Карфагена. Яна чакала двух сваіх жыхароў, якія засталіся ў яе, і дзялілася з Сільвіяй сваім горам. Хоць і дужа красамоўныя скаргі на жыццё, укладзеныя лордам Байранам у вусны яго персанажа Таса1, яны далёкія ад той жыццёвай праўды, што гучала ў словах удавы Ваке.
— Сільвія, дык, значыцца, заўтра раніцай давядзецца гатаваць толькі тры кубкі кавы. Дажыліся! Наш дом апусцеў. Сэрца рвецца на часткі. Ну, што цяпер за жыццё
1 Маецца на ўвазе вершаваны твор Байрана «Скарга Таса».
без пансіянераў? Нішто! У пустым доме жыцця няма. Чым я саграшыла перад богам, што наклікала на сябе ўсе гэтыя беды? А бобу і бульбы назапашана на дваццаць чалавек. I тут раптам у маім доме — паліцыя! Цяпер нам прыйдзецца есці адну бульбу! Трэба будзе звольніць Крыстофа.
Крыстоф, які драмаў побач, страпянуўся і спытаў:
— Што загадаеце?
— Бедны хлопец. Ён стараецца, як вартавы сабака, — заўважыла Сільвія.
— Час зімні, усе даўна ўладкаваліся. Адкуль жа возьмуцца ў мяне кватаранты? Я звар’яцею. А тут яшчэ гэта ведзьма Мішано звяла ад мяне Пуарэ. Чым яна яму так дагадзіла, чым так прывязала да сябе, што ён бегае за ёю, быццам шчанюк.
— Як жа не прывязаць! Гэтыя старыя дзеўкі ведаюць, чым узяць, — адказала Сільвія, асуджальна ківаючы галавою.
— Беднага спадара Ватрэна павялі ў кайданах... A ведаеш, Сільвія, што хочаш рабі са мною, толькі не магу гэтаму паверыць. Такі весялун, заўсёды пажартуе... Піў «глорыю» на пятнаццаць франкаў у месяц і за ўсё заўжды плаціў.
— Чалавек шчодры! — дадаў Крыстоф.
— Відаць, тут нейкая памылка, — зрабіла выснову Сільвія.
— Ды не, ён сам прызнаўся, — працягвала ўдава Ваке. — I трэба ж было такому здарыцца ў маім доме, у квартале, дзе нават каты не блукаюць. Я быццам у сне, Божа мой, Божа. Чаго толькі мы не бачылі з табою за наш век: і як скінулі Людовіка Шаснаццатага, і як паў імператар, і як ён вярнуўся і зноў паў, — усё гэта ўкладваецца ў галаву. 3 сямейнымі пансіёнамі не так усё проста: без караля абыдзешся, а есці хочацца заўжды. I калі сумленнай удаве, ды яшчэ з роду дэ Канфлан, няма каго карміць разнастайнымі добрымі абедамі, тады гэта канец свету... Сапраўды, так яно і ёсць, гэта канец свету.
— Гэта ж падумаць, што ўвесь гэты вэрхал узняла мадэмуазель Мішано, ды яшчэ, кажуць, атрымала за гэта рэнту ў тысячу экю! — усклікнула Сільвія.
— He кажы мне пра гэтую нягодніцу! — сказала мадам Ваке. — Да таго ж яшчэ яна пераязджае да Бюно. Яна здольная на ўсё, пэўна, у свой час займалася жудаснымі
справамі: і крала, і забівала. Вось каго трэба саслаць на катаргу, а не Ватрэна.
У гэты момант пазванілі Эжэн і бацька Гар’ё.
— А-а! Гэтыя двое — мае самыя надзейныя, — уздыхнуўшы, прамовіла мадам Ваке.
«Надзейныя» захавалі толькі слабы ўспамін аб няшчасцях, якія нахлынулі на пансіён, і тут жа заявілі сваёй гаспадыні, што перасяляюцца на Шасэ-д’Антэн.
— Сільвія, мой апошні козыр біты! — з роспаччу ўсклікнула мадам Ваке. — Спадары, вы нанеслі мне смяротны ўдар! У самае сэрца! Быццам кол туды ўвагналі. Ну і дзянёк! Пастарэеш з-за яго на дзесяць гадоў. Божа ж мой, я звар’яцею. Што рабіць з фасоляй? Раз я застаюся адна, заўтра ты, Крыстоф, атрымаеш разлік. Бывайце, спадары! Дабранач!
— Што з ёю здарылася? — запытаўся Эжэн у Сільвіі.
— Ну як жа! Усё гэта з-за таго, што кватаранты раз’ехаліся. Узяла ў галаву. Чуеце, як плача. Няхай, можа, лягчэй стане. За ўвесь час, колькі служу тут, гэта ўпершыню.
На наступны дзень мадам Ваке, як яна сказала сама, адумалася. Вядома, што кожная гаспадьіня будзе засмучоная, страціўшы ўсіх сваіх жыхароў і перажыўшы цэлы пераварот у жыцці, але спадарыня Ваке захавала здаровы сэнс і паказала, якім можа быць сапраўдны глыбокі смутак, выкліканы парушэннем матэрыяльных выгод і звычнага ладу жыцця. Калі закаханы пакідае тыя мясціны, дзе жыве яго каханая, калі ён глядзіць на іх апошні раз, яго позірк не такі сумны, якім быў позірк удавьі Ваке, калі яна глядзела на апусцелы стол. Эжэн спрабаваў суцешыць яе, паведаміўшы, што праз некалькі дзён замест яго тут паселіцца Б’яншон, у якога скончыцца тэрмін практыкі ў шпіталі, ды й супрацоўнік музея неаднаразова выказваў жаданне заняць пакой спадарыні Куцюр, так што яна хутка папоўніць спіс сваіх кватарантаў.
— Вашыя б словы ды Богу ў вушы, даражэнькі Эжэн! Але тут пасялілася няшчасце. Убачыце, не міне і дзесяці дзён, як сюды ўвойдзе смерць, — сказала Ваке, аглядаючы сталовую злавесным позіркам. — Каго ж яна забярэ?
— Трэба выбірацца, — ціхенька сказаў Эжэн бацьку Гар’ё.
— Спадарыня, вось ужо тры дні, як я не бачу Місцігры, — заявіла спалоханая Сільвія.