Габсэк; Бацька Гар’ё
Анарэ дэ Бальзак
Выдавец: Юнацтва
Памер: 304с.
Мінск 1996
У гэту хвіліну ўвайшоў Б’яншон.
— Я сустрэў Крыстофа, зараз ён прывядзе табе карэту, — сказаў Б’яншон.
Затым ён агледзеў хворага, падняў яму павека, і абодва студэнты ўбачылі патухлае, пазбаўленае жыцця вока.
— Мне падаецца, што ён больш не апрытомнее, — заўважыў студэнт-медык.
Б’яншон памацаў пульс у старога, затым паклаў руку яму на сэрца.
— Рухавік працуе, але ў яго стане — гэта няшчасце. Лепш бы ён памёр!
— Так, сапраўды, — адказаў Расціньяк.
— Што з табой? Ты бледны як смерць.
— Толькі што я чуў такія стогны, такія енкі душы. Але ёсць жа бог! О так, бог ёсць і зробіць наш свет лепшым, інакш уся наша зямля — недарэчнасць. Калі б усё гэта было не так трагічна, я заліўся б слязамі, але жах скаваў мне грудзі і сэрца.
— Паслухай, яшчэ многа чаго спатрэбіцца, адкуль нам узяць грошы?
Расціньяк зірнуў на гадзіннік.
— Вазьмі і залажы яго хутчэй. Я не хачу затрымлівацца па дарозе, каб не страціць ні хвіліньі, чакаю толькі Крыстофа. У мяне няма ні шэлега, рамізніку давядзецца заплаціць пасля вяртання.
Расціньяк збег уніз па лесвіцы і паехаў на вуліцу Эльдэр, да графіні дэ Рэсто. Дарогаю, пад уздзеяннем жудаснага відовішча, сведкаю якога ён толькі што быў, у ім разгарэлася абурэнне. Увайшоўшы ў пярэдні пакой, Эжэн спытаў графіню дэ Рэсто, але пачуў у адказ, што яна не прымае.
— Я прыехаў па даручэнні яе бацькі, ён памірае, — заявіў Эжэн лёкаю.
— Месье, граф загадаў нам самым строгім чынам...
— Калі граф дэ Рэсто дома, перадайце яму, у якім стане знаходзіцца яго цесць, і скажыце, што мне неабходна тэрмінова перамовіцца з ім.
Эжэну давялося чакаць доўга. «Магчыма, у гэту хвіліну стары памірае», — падумаў ён.
Нарэшце лёкай правёў яго ў першую гасцёўню, дзе граф дэ Рэсто, стоячы каля няпаленага каміна, чакаў Эжэна, але не прапанаваў яму сесці.
— Граф, — звярнуўся да яго Расціньяк, — ваш цесць памірае ў бруднай каморцы, і ў яго няма ні шэлега, каб купіць дроў. Ён памірае сапраўды і хоча пабачыцца з дачкой...
— Месье дэ Расціньяк, як вы маглі заўважыць, я не адчуваю асаблівай пяшчоты да спадара Гар’ё, — холадна адказаў граф дэ Рэсто. — Ён злоўжываў становішчам бацькі графіні дэ Рэсто, ён зрабіўся няшчасцем майго жыцця, я гляджу на яго як на парушальніка майго спакою. Памрэ ён ці застанецца жыць — мне ўсё роўна. Вось мае асабістыя пачуцці да яго. Няхай людзі папракаюць, мяне іх думка не цікавіць. Зараз я павінен скончыць вельмі важныя справы, а не займацца тым, што будуць думаць пра мяне дурні або людзі, да якіх я абыякавы. Што датычыць графіні дэ Рэсто, яна не можа паехаць. Да таго ж, я не хацеў бы, каб яна пакідала дом. Перадайце яе бацьку, што як толькі яна выканае свае абавязкі ў дачыненні да мяне і майго дзіцяці, яна наведае яго. Калі яна любіць свайго бацьку, то можа быць свабоднай праз некалькі секунд.
— Граф, не мне меркаваць аб вашых паводзінах, вы — галава вашай сям’і, але ці магу я разлічваць на ваша слова? У такім выпадку абяцайце мне толькі сказаць графіні, што яе бацька не пражыве і дня і пракляў ужо яе за тое, што яе няма каля яго ложка.
— Скажыце гэта ёй самі, — адказаў дэ Рэсто, крануты пачуццём абурэння, якое гучала ў голасе Эжэна.
У суправаджэнні графа Расціньяк увайшоў у гасцёўню, дзе графіня звычайна бавіла час. Яна сядзела, закінуўшы галаву на спінку крэсла, уся ў слязах, быццам прысуджаная да смерці. Эжэну зрабілася шкада яе. Перад тым як паглядзець на Расціньяка, яна кінула на мужа нясмелы позірк, які сведчыў аб поўным заняпадзе яе сіл, зломленых фізічнай і маральнай тыраніяй. Граф кіўнуў, і яна зразумела, што ён дазваляе ёй гаварыць.
— Месье, я ўсё чула. Скажыце тату, што ён прабачыў бы мяне, калі б ведаў, у якім я становішчы. Я не магла сабе ўявіць такой пакуты, яна вышэй маіх сіл, але я буду супраціўляцца да канца, — сказала яна, звяртаючыся да мужа. — Я маці!.. Перадайце тату, што я сапраўды не вінаватая перад ім, хоць з боку гэта выглядае не так, — у роспачы крыкнула яна Эжэну.
Расціньяк, здагадваючыся аб тым, які страшэнны пералом адбываўся ў яе душы, адбіў ім паклоны і пайшоў узрушаны. Тон графа дэ Рэсто ясна сведчыў аб марнасці намаганняў Эжэна, і ён зразумеў, што Анастазі страціла свабоду.
Ён кінуўся да мадам дэ Нусінген і знайшоў яе ў ложку.
— Я, мой сябра, хворая, — прамовіла яна. — Я застудзілася, вяртаючыся з балю, баюся, што падхапіла запаленне лёгкіх, і чакаю ўрача...
— Нават калі б вы стаялі адной нагой у магіле, вы хоць на карачках, хоць паўзком павінны з’явіцца да бацькі, — перапыніў яе Эжэн. — Ён кліча вас! Калі б вы пачулі хоць слабенькі яго крык, куды б падзелася ўся ваша хвароба.
— Эжэне, мабыць, бацька не такі ўжо хворы, як вы кажаце, аднак я была б у адчаі, калі б хоць крышку страціла ў вашьіх вачах, і буду рабіць так, як вы хочаце. Але я ведаю, што ён памрэ ад гора, калі мая хвароба зробіцца смяротнай пасля выезду. Добра! Я паеду, як толькі з’явіцца ўрач... О-о! Куды знік ваш гадзіннік? — запытала яна, заўважыўшы адсутнасць ланцужка.
Расціньяк пачырванеў.
— Эжэн! Эжэн, калі вы згубілі яго, прадалі... о, гэта было б нядобра!
Эжэн нахіліўся над ложкам і сказаў на вуха Дэльфіне:
— Вам карціць ведаць? Добра! Дык ведайце: вашаму бацьку нават няма за што купіць саван, у які яго загорнуць сёння вечарам. Я заклаў гадзіннік, у мяне больш нічога няма.
Дэльфіна ўмомант выслізнула з ложка, падбегла да сакрэтніка, дастала кашалёк і падала яго Расціньяку. Пасля пазваніла і крыкнула:
— Эжэн, я еду, еду! Дайце мне час, каб апрануцца. Так, я была б пачварай! Ідзіце, я прыеду раней за вас! Тэрэза, — паклікала яна пакаёўку, — папрасіце спадара дэ Нусінгена тэрмінова падняцца да мяне, мне трэба з ім пагаварыць.
Эжэн адчуваў сябе шчаслівым ад таго, што ён абвесціць смяротна хвораму бацьку аб хуткім прыездзе адной з дачок, і вярнуўся на вуліцу Нёў-Сент-Жэнеўеў амаль што вясёлы. Ён пачаў шукаць у кашальку, каб заплаціць рамізніку: у кашальку такой маладой, такой багатай, такой вытанчанай жанчыны знайшлося толькі семдзесят франкаў. Узняўшьіся наверх, Эжэн убачыў, што Б’яншон падтрымлівае бацьку Гар’ё, а фельчар са шпіталя нешта робіць над старым пад наглядам урача. Старому прыпякалі спіну распаленым жалезам — апошні сродак медыцынскай навукі, апошні і бескарысны.
— Вы што-небудзь адчуваеце? — пытаўся ўрач у Гар’ё.
Але замест адказу бацька Гар’ё, заўважыўшы Эжэна, спытаў:
— Яны едуць, праўда?
— Можа, ён і выкараскаецца, паколькі ён яшчэ здольны размаўляць, — заўважыў фельчар.
— Так, за мною едзе Дэльфіна, — адказаў старому Эжэн.
— Слухай! Ён увесь час гаварыў пра дачок, патрабаваў іх да сябе і крычаў так, як, згодна паданням, крычалі пасаджаныя на кол, просячы вады.
— Даволі, — сказаў урач фельчару, — тут нічога больш не зробіш, выратаваць яго немагчыма.
Б’яншон з фельчарам зноў паклалі хворага на смярдзючы ложак.
— Усё ж такі трэба было б змяніць бялізну, — заўважьіў урач. — Відавочна, што надзеі няма, але ж трэба паважаць годнасць чалавека. Я яшчэ прыйду, Б’яншон, — сказаў ён студэнту. — Калі хворы будзе зноў скардзіцца, прыкладзіце опіум да дыяфрагмы.
Фельчар і ўрач пайшлі.
— Чуеш, Эжэне, не падай, мой сябра, духам! — сказаў Б’яншон Расціньяку, калі яны засталіся ўдвух. — Зараз толькі трэба надзець яму чыстую кашулю і змяніць пасцельную бялізну. Схадзі скажы Сільвіі, каб яна прынесла прасціны і дапамагла нам.
Эжэн спусціўся ў сталовую, мадам Ваке і Сільвія ўжо накрывалі на стол. He паспеў ён звярнуцца да Сільвіі, як да яго падышла ўдава з кісла-салодкім выглядам абачлівай гандляркі, якой не хочацца мець выдаткаў і пакрыўдзіць пакупніка.
— Дарагі мой месье Эжэн, — пачала яна, — вы ж ведаеце не горш за мяне, што ў бацькі Гар’ё няма болып ні шэлега. Калі чалавек вось-вось аддасць богу душу, даваць яму прасціны — значыць страціць іх, а і без гэтага давядзецца ахвяраваць адну на саван. Вы мне і так павінны сто сорак чатыры франкі, дадайце яшчэ сорак за прасціны ды яшчэ крышку за розныя іншыя дробязі, за тое, што Сільвія дасць вам яшчэ свечку, — усё разам складзе не менш двухсот франкаў, а такой беднай удаве, як я, губляць іх не варта. Будзьце справядлівыя, месье Эжэн, даволі я страціла за гэтыя пяць дзён, калі пасыпаліся на мяне ўсе няшчасці. Я сама дала б дзесяць экю, каб толькі наш старэнькі з’ехаў у тэрмін, як вы мне абяцалі. А гэткая непрыемнасць б’е па ўсіх маіх жыха-
pax. Паколькі за гэта не бяруць грошы, дык лепш адпраўлю я яго ў шпіталь. Уявіце сябе на маім месцы. Мая ўстанова — самае галоўнае для мяне, я ёй жыву.
Расціньяк хуценька падняўся да Гар’ё.
— Б’яншон, дзе грошы за гадзіннік?
— Там, на стале; засталося трыста шэсцьдзесят з лішкам. Я расплаціўся дакладна за ўсё, што браў сам. Квітанцыя ляжыць там жа.
— Давайце разлічымся з вамі, мадам Ваке, — сказаў Расціньяк з пачуццём агіды, зноў спусціўшыся па лесвіцы, — месье Гар’ё доўга не застанецца ў вас...
— Але, хутка нябогу вынесуць уперад нагамі, — не то сумна, не то радасна прамовіла яна, пералічваючы дзвесце франкаў.
— Спынім гэтую размову, — сказаў Расціньяк.
— Сільвія, дайце прасціны і ідзіце наверх, дапамажьіце. He забудзьце аддзячыць Сільвіі, — шапнула на вуха Эжэну ўдава Ваке, — яна не спіць ужо другую ноч.
Як толькі Расціньяк пайшоў, старая падбегла да кухаркі.
— Вазьмі пераніцаваныя прасціны, за нумарам восем. Даруй мне, Ісусе, для нябожчыка сыдуць і такія, — шапнула яна ёй на вуха. Эжэн падняўся ўжо на некалькі прыступак і таму не пачуў гэтых слоў гаспадыні.
— Слухай, — сказаў яму Б’яншон, — давай зменім яму кашулю. Патрымай яго.
Эжэн стаў каля галавы, падтрымліваючы паміраючага старога, а Б’яншон зняў з яго кашулю. Стары хапаўся за грудзі, быццам імкнуўся нешта на іх утрьімаць, і застагнаў жаласна, працягла, як стогнуць жывёлы ад моцнага болю.
— Ой-вой! — успомніў Б’яншон. — Ён патрабуе, каб яму вярнулі ланцужок, сплецены з валасоў, і медальён, які мы знялі, калі рабілі прыпяканні. Небарака! Трэба зноў надзець яму гэты медальён. Ён там, на каміне.
Эжэн узяў з каміна ланцужок, сплецены з папялістых валасоў, — напэўна, з валасоў мадам Гар’ё. На адным баку медальёна ён прачытаў: «Анастазі», на другім — ♦Дэльфіна». Сімвал сэрца бацькі Гар’ё заўсёды спачываў на яго грудзях. Усярэдзіне ляжалі тонкія валасы, састрыжаныя ў самым раннім дзяцінстве ў абедзвюх дачок. Як толькі медальён датыкнуўся да яго грудзей, стары адгукнуўся цяжкім працяглым уздыхам, які выказваў задавальненне, жахлівае для тых, хто пры гэтым пры-