Гарадзенскі палімпсест 2011 Асоба, грамадства, дзяржава. XV - XX стст.

Гарадзенскі палімпсест 2011

Асоба, грамадства, дзяржава. XV - XX стст.
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 384с.
Мінск 2012
112.12 МБ
Другой па рангу ў крымінальным свеце была катэгорыя кватэрных злодзеяў, якія ў сваю чаргу дзяліліся на тры «вламывачаў» («wlamywaczy»), г. зн. тых, хто здзейсняў кражу выбіваючы замок; «ліпкажаў» («lipkarzy»), г. зн. тых, хто забіраўся ў кватэру праз вакно, і «клавішнікаў» («klawisznikow»). Апошнія, што карысталіся адмычкамі ды падабранымі загадзя ключамі, былі найбольш паважанай у сваім асяроддзі групай. Таксама ў горадзе было дастаткова тых, хто ішоў на крадзеж, не маючы асаблівых навыкаў і не разлічваючы на вялікі прыбытак.
3 кватэрнымі крадзяжамі былі звязаныя і дзве іншыя спецыялізацыі злодзеяў: «паенцяжы» («paj^ciarze») ды «шпрынгоўцы» («szpryngowcy»). Першыя займаліся крадзяжом бялізны, што сушылася на паддашы, а другія выносілі рэчы з калідораў ды верандаў, перад гэтым заблакіраваўшы дзверы у памяшканне.
Польскі даследчык міжваеннага крымінальнага свету ў Беластоку Ул. Ярмолік яшчэ ўзгадвае такія групы злодзеяў, як «даліняжы» («doliniarze»), г. зн. спецыялісты па кішэнным крадзяжам, «шопенфельдзяжы» («szopenfeldziarze»), г. зн. злодзеі, якія кралі з прылаўкаў крамаў; «патакажы» («potokarzy»), г. зн. злодзеі, што кралі з вазоў; «пехацяжы» («piechociarzy»), г. зн. злодзеі хатняй птушкі; «на выдры» («па wydzr^»), г. зн. злодзеі, якія вырывалі дамскія сумачкі ды інш.13
Акрамя злодзеяў, армію міжваенных крыміналістаў складалі шматлікія махляры. Тут вылучаліся прадаўцы фальшывых залатых пярсцёнкаў ды іншых ювелірных вырабаў, аферысты, якія выдавалі сабе за іншыя асобы, намагаючыся атрымаць матэрыяльную карысць («паліцэйскія», «ксяндзы», «шлёнскія паўстанцы», «удовы ваенных герояў», «фатографы», «выдаўцы»), з якіх большасць складалі «гастралёры» ды арганізатары нелегальных азартных гульняўу «ачко», «тры карты» ці «напарстак». Асобна стаялі фальшываманетчыкі, якія разгарнуліся пасля грашовай рэформы 1924 г.14, і карумпаваныя чыноўнікі, у т. л. служачыя гарадзенскага Магістрата’5.
Сярод гарадзенскіх аферыстаў сустракаліся вельмі цікавыя персанажы. Так, у лютым 1922 г. «Dziennik Grodzienski» змясціў артыкул пра былога вайсковага інжынера капітана Мар’яна Гуртлера, які падчас гюльска-савецкай вайны быў адным з кіраўнікоў мясцовага Упраўлення вайсковым будаўніцтвам. Паводле газетнай інфармацыі, з прьгчыны шматлікіх злоўжыванняў камандуючы гарадзенскай крэпасцю Маеўскі адправіў яго ў «бестэрміновы адпачынак».
Былы вайсковец падпісаў кантракт з Управай Віленскай чыгункі па арганізацыі падняцця з дна Нёмана металічных рэшткаў узарваных мастоў і лакаматываў. Паводле дамовы, М. Гуртлер павінен быў перадаваць медзь Віленскай чыгунцы, а жалеза мог пакінуць сабе. Замест гэтага М. Гуртлер увесь здабыты метал прадаў гарадзенскаму купцу М. Лапіну на агульную суму амаль 1,3 мільёна польскіх марак. Больш за тое! Ён нават прадаў і тую медзь, якая яшчэ заставалася ляжаць на дне ракі, узяўшы ў мясцовых гандляроў грашовы задатак!16
Іншае зло сутэнёры ды прастытуткі, якія, паводле Ул. Ярмоліка, адыгрывалі «асабліва важную ролю сярод крымінальнага свету амаль кожнага вялікага горада». Прастытуткі падзяляліся на тых, хто займаўся гэтым «прафесійна» і тых, хто выходзіў гандляваць сабою час ад часу. Яны адрозніваліся па ўзросту, веравызнанню, прафесіям. У тым жа Беластоку большасць прастытутак складалі жанчыны каталіцкага веравызнання ва ўзросце каля дваццаці год з пачатковай адукацыяй ці, наогул, непісьменныя. Сутэнёрамі ці альфонсамі часцей за ўсё былі крыміналісты, а менавіта злодзеі, махляры ды шулеры17.
Напрыклад, у 1930 г. выклікала вялікі скандал гісторыя пра служачую габрэйскай лазні Хелену Пачобутаву, якая ўтварыла тайны публічны дом, дзе «працавалі» дзяўчынкі-сіроты, некаторыя з якіх былі яшчэ і венерычныя хворыя18. (Дарэчы, гарадзенскія прастытуткі лячыліся за кошт горада ў венералагічным шпіталі, які знаходзіўся ў адным будынку з псіхіятрычнай лячэбніцай ў самым цэнтры Гарадніцы19). Іншая справа пра пакоі для «віпперсонаў» у мясцовым тэатры (перш за ўсё з ліку вайскоўцаў), якія таксама
абслугоўвалі гарадзенскія прастытуткі, не выйшла за межы пастарунка паліцыі.
Існаванне злачыннага свету не было для ўладаў сакрэтам. У гарадзенскім камісарыяце на канец 1927 г. «чорны спіс» з найбольш крымінальна небяспечных асобаў паліцыі ўтрымліваў каля паўсотні прозвішчаў: Францішак Эмерт (Грандзіцкая, № 31), Гарошка Вераніка (Грандзіцкая, № 31), Міхаіл Эмерт, Аляксандр Эмерт ды Анна Эмерт (Горная 19), Павел Альшэўскі (Рэзніцкая № 11), Аляксандр і Уладзімір Сімчук (Горная, № 45), Юлія Галубовіч (Горная, Ne 15), Сора Кункес (Віленская, № 18), Семён Гінзбург (Горная, № 43), Шлёма Мацульскі (Грандзіцкая, Ne 10), Элія Кушнер (Рынкавая, № 6), Іосіф Клукман (Школьная, № 5), Хаім і Хая Лапідусы (Фабрычная, № 72), Юдэль Сегал (Фабрычная, № 20), Лейба Шнэер (Св.Троіцы, № 10), Міхаіл Фёдоров (Рыбацкая, № 1), Іосіф і Сергей Фёдоровы (Рыбацкая, № 1), Берко Сідранскі (Школьная, № 23), Наттолі Бурлін (Школьная, № 6), Мера Аўнет (Школьная, № 4), Канстанцін Юсман (Рыбацкая, № 5), Кароль Мацкевіч (Крэсовая, № 23), Маісей Меламед (Вызвалення, № 18), Вольга Юсман (Рыбацкая, № 5), Аляксандр Багумяк (Гараднічанская, № 7), Мечыслаў Чарняўскі (Гараднічанская, № 6), Ян Пушкевіч (Гараднічанская, № 19), Ян Аверук (Дамініканская, № 23), Сяргей Янчулік (Гувера, Ne 6), Моўша Голдберг (Дамініканская, № 2), Вільгельм Субач (Басняцкая, № 5), Мечыслаў Навіцкі (Рыдз-Сміглага, № 5), Мацей і Мар’я Плаховічы (Пясковая, № 14), Эфраім Шапіра (Лістоўскага, № 40), Хана Седлецкая (Пясковая, Ne 5), Хаім Бромберг (Ажэшкі, № 50), Канстанцін Русак (Ажэшкі, № 27), Мечыслаў Міклашэвіч (Ягелонская, № 62), Франц і Крыстына Шаўчук (Ягелонская, № 62), Уладзіслаў Марцінчык (Ягелонская, № 38), Францішак Дэпто (Ягелонская, № 6), Казімір Кажанеўскі (Станіславова, № 1), Аляксандр Янушкевіч (Зялёная, № 8), Юзэф Сеплевеня (Крэсовая, № 23)20. Як відаць, што крымінальныя адрасы былі раскіданыя па ўсяму гораду.
Крымінальная хроніка Гародні даволі багатая. Вось кароткі пералік некаторых яе эпізодаў. У канцы 1922 г. п’яныя афіцэры ў рэстаране «Еўропа» пабілі паліцэйскіх, а потым яшчэ і ўзнялі страляніну. Адзін з іх быў паранены21. Наогул, вайсковы гарнізон у горадзе быў прычынаю шматлікіх авантур. Нвыпадкова «DziennikGrodzienski» звярнуўся да вайсковых уладаў з патрабаваннем, каб яны навучылі падуладных паводзінам на вуліцах22.
У пачатку 1927 г. быў абрабаваны гарадскі ламбард. За злоўжыванні ў лютым 1927 г. быў звольнены секвестар магістрата Абрам Прэнер23. У сярэдзіне чэрвеня 1927 г. газета «Nowy Dziennik Kresowy» інфармавала пра выпадкі крадзяжоў. У прыватнасці, у Рэфеса Дэбона скралі адзенне на суму 3 тыс. злотых; у Тадэвуша Жангалевічу з вул. Пясковай № 4 грошы і адзенне на суму каля 180 зл.; у Зыгмунта Туральскага з вул. Паліцыйнай
№ 36 адзенне на 60 злотых (усе гэтыя крадзяжы здзейснілі злодзеі, што пранікалі ў кватэры праз вокны); у Хяшова Шылінга з плошчы Стэфана Баторыя ежу на суму каля 155 злотых; у Меланіі Штал з вул. Падольнай № 95 мужчынскія туфлі24 ды інш.
А вось хроніка здарэнняў за 1929 г. Паводле справаздачы камісарыята паліцыі ў Гародні ў студзені гэтага году былі здзейсненыя тры крадзяжы з «уламаннем», чатыры кішэнныя кражы, трынаццаць звычайных. Акрамя таго, былі складзеныя 242 адміністратыўныя пратаколы25. У лютым мела месца 21 крадзеж, адзін выпадак спекуляцыі, было складзена 155 пратаколаў26. У сакавіку было зафіксавана 30 розных крадзяжоў, адзін выпадак спекуляцыі, два выпадкі махлярства. Складзена 237 пратаколаў27. У красавіку зарэгістравана 24 крадзяжы, тры выпадкі махлярства, адно цяжкае цялеснае пашкоджанне, а таксама двойчы «падкідалі» дзяцей28. У траўні здарылася 27 крадзяжоў, было складзена 477 адміністрацыйных пратаколаў29. На чэрвень выпала 21 крадзеж, два падкінутых дзіцяці ды адзін аборт. Было складзена 227 розных пратаколаў30.
У ліпені колькасць крадзяжоў склала 12, таксама зарэгістравалі два выпадкі махлярства, пратаколаў было складзена 23831. У жніўні адбылося 23 крадзяжы, адно махлярства, адна падробка грошай32. У верасні лічба крадзяжоў знізілася да 18, ізноў зафіксавалі адзін выпадак падробкі грошаў і падабралі адно падкінутае дзіця33. У кастрычніку 16 крадзяжоў (у адным выпадку скралі каня, якога пазней знайшлі забітым з садранай скурай), адзін выпадак махлярства. Найбольш значнымі падзеямі сталіся растрата грошай на суму 19 тыс. злотых касірам скарбовай касы ў Гародні Янам Глэмбоцкім і... знаходка выбуховых рэчываў у праваслаўным саборы па вул. Ажэшкі34. У снежні 1929 г. колькасць крадзяжоў падскочыла да 36, тройчы фіксаваліся выпадкі «падкідання» дзяцей, двойчы махлярства, а таксама ўпершыню зарэгістраваныя выпадкі парушэння законаў палітыкамі і паліцыяй3’.
«Dziennik Grodzieriski» таксама распавёў чытачам гісторыю сям’і Міцкевічаў, якія забыліся ў габрэйскай краме па вул. Ерусалімскай кашалёк з грашыма. Калі яны вярнуліся, гандляр заявіў, што ніякіх грошай не было... Толькі пагроза пайсці да мясцовага рабіна прымусіла гаспадара «знайсці» згубленае36. У 1930 г. на старонках мясцовай прэсы гарадзенцы абмяркоўвалі справу злоўжывання гарадскіх манцёраў, якія кралі... электрычнасць37.
Менавіта крымінальны свет Гародні першым адчуўподых надыходзячай бяды: «У свеце станавілася ўсё больш трывожна. Узгадваў пазней у сваіх успамінах былы палітычны вязень гарадзенскай турмы Якуб Міско. У паветры яўна пахла порахам. А ўдзень 1 верасня над горадам з’явіліся нямецкія самалёты. [...] Заводы і фабрыкі сталі накіроўваць сваіх дэлегатаў у магістрат з патрабаваннем вызваліць з турмы палітвязняў. Пад іх націскам
гарадскія ўдады згадзіліся на гэта. [...] Тады крымінальнікі многія з іх працавалі на кухні, у лазні дазнаўшыся, што магістрат прыняў рашэнне вызваліць толькі палітычных, схапілі сякеры, малаткі, ламы і пачалі самохаць адчыняць дзверы і брамы. [...] Вязні-крыміналісты кінуліся па крамах [...] цягнулі ўсё, што можна было панесці»38.
А вось радкі пра вызваленне з турмы Піліпа Пестрака: «Вьіпускалі групамі па 5-6 чалавек, аддавалі нашу адзежу на складзе. I раптам крыкі, неймаверна дзікія крыкі: «Няхай жыве Чырвоная Армія!» Хто крычыць? Аказалася, крымінальныя зняволеныя ў друтім будынку турмы ўзнялі бунт: чаму іх не выпускаюць? Сталі біць вокны, ламаць дзверы. Адміністрацыя іх выпусціла. Крымінальнікі кінуліся на склад за нашай адзежай, разрабавалі, што хацелі, а рэшту раскідалі па турэмным двары»39.