Гарадзенскі палімпсест 2011
Асоба, грамадства, дзяржава. XV - XX стст.
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 384с.
Мінск 2012
Пазней колькасць рабочага класа і рамеснікаў істотна павялічылася коштам выхадцаў з вёскі, а таксама спецыялістаў, прыбываючых з цэнтральнай Польшчы. Насельніцтва павялічвалася на працягу ўсяго міжваеннага часу: 34 694 чал. (перапіс 1921 г.) і 49 669 чал. (перапіс 1931 г.)18. Гэта было абумоўлена далейшым развіццём адміністратыўнай, культурнай, асветніцкай сфераў жыцця горада, павелічэннем колькасці войска і паліцыі. Разам з тым недастатковая колькасць буйных прадпрыемстваў, а таксама фінансавая няздольнасць малых не спрыялі развіццю і стварэнню новых рабочых месцаў, правакавалі беспрацоўе.
Структура гарадской дзяржаўнай сістэмы сацыяльнага забеспячэння
Сацыяльныя праблемы вырашаліся ў рамках агульнапольскай сістэімы сацыяльнага забеспячэння. У ваяводскай управе ў Беластоку існаваў адмысловы аддзел. На ўзроўні старостваў справы сацыяльнай дапамогі былі размеркаваныя па некалькіх рэфератах (сектарах). Напрыклад, у Гродзенскім старостве чатыры рэфераты проста ці ўскосна вырашалі сацыяльныя праблемы19. У Гродзенскай гарадской управе таксама быў асобны Сацыяльны аддзел, у якім дзейнічалі Рэферат па сацыяльных пытаннях, Рэферат па ахове здароўя, а таксама Бюро па ўліку і кантролю за рухам насельніцтва, Інспекцыя санітарнага кантролю і Сектар спарадычнай дапамогі незаможнаму насельніцтву20.
3 Сацыяльным аддзелам супрацоўнічала Камісія па справах сацыяльнага забеспячэння21, якая выбіралася членамі Гарадской рады. Яна вырашала справы гарадскога бюджэту на сацыяльныя патрэбы, выплаты субвенцыі ўстановам і матэрыяльнай дапамогі прыватным асобам, адкрыцця і закрыцця дабрачынных асяродкаў, разглядала іх статуты,
рэкамендавала асобы на пасаду сацыяльных апекуноў22. Старшынёй Камісіі, як правіла, быў прэзідэнт горада, намеснікам на працягу доўгіх гадоў Стэфанія Носціц-Яцкоўская (1870-1945), якую можна лічыць найбольш вядомым у горадзе грамадскім дзеячам. Яна ўзначальвала Гродзенскае аддзяленне Чырвонага Крыжа, была намесніцай старшыні Саюзу грамадзянскай працы жанчын і Занёманскага дабрачыннага таварыства ім. Элізы Ажэшка. Грамадскія арганізацыі ў складзе Камісіі былі прадстаўлены членамі найбуйнейшых у горадзе Польскага і Габрэйскага дабрачынных таварыстваў.
Інстытут сацыяльных апекуноў, які быў утвораны распараджэннем прэзідэнта РП у 1920 г. У крызісным 1933 г. на тэрыторыі Беластоцкага ваяводства існавала 533 апякунчыя акруті і 624 апекуны23. Тэрыторыя Гродна была падзелена на4 акругі, якія складаліся з 28 раёнаў, тамуў горадзе працавала 4 акруговых і 28 раённых апекуноў. Раённыя апекуны мелі яшчэ 20 намеснікаў. Паводле дадзеных з 1935 г. акруговымі апекунамі ў Гродне былі Генрык Ваёўнік (I акруга); Саламон Біргер (II акруга); Стэфан Цыдзік (III акруга), Абрам Троп-Крыньскі (IV акруга)24. У пратаколах Гродзенскай гарадской рады за розныя гады фігуруюць прозвішчы і некаторых раённых апекуноў, у прыватнасці, Алены Лавіцкай, Зыгмунта Дзічмана, Адама Пукарэвіча, Фелікса Онасса, Станіслава Кульчыцкага, Ісака Длутасельскага ды інш.25
Апекуны выбіраліся радамі гмін (гарадоў) на тры гады з ліку асоб з беззаганнай палітычнай і грамадскай рэпутацыяй, у іх распараджэнні былі сродкі з бюджэту гміны ці горада для аказання дапамогі. Абавязкам апекуна было веданне сацыяльных праблем у падлеглай яму акрузе і дакладнае вывучэнне матэрыяльнага становішча асобы, якая звярнулася за дапамогай. На кожную такую асобу ён павінен быў скласці дакумент з інфармацыяй пра членаў сям’і, узрост, веравызнанне, прафесію, адукацыю, стан здароўя, стаж пражывання ў Гродне, месца апошняй працы і заробак, а таксама сродкі існавання ў дадзены момант. На падставе праведзенага апытання і азнаямлення з бытавымі ўмовамі прасіцеля апякун прымаў рашэнне аб мэтазгоднасці аказання дапамогі.
Сродкі на сацыяльныя мэты магістрат атрымліваў з Міністэрства сацыяльнага забеспячэння, Фонду працы, ваяводскага і павятовага сацыяльных аддзелаў, страхавых унёскаў, а таксама агульнапольскіх арганізацый, якія падтрымлівалі канкрэтныя катэгорыі насельніцтва26. Выкарыстоўваліся таксама ўласныя даходы ад арэнды гарадской нерухомасці, электрастанцыі, мясакамбіната, аплаты за лячэнне, за санітарнае і ветэрынарнае абслугоўванне і г. д.
Метады дапамогі патрабуючаму насельніцтву
Да абавязкаў сацыяльнай службы горада належала апека над: мацярынствам, дзецьмі з убогіх сем’яў і сіротамі, састарэлымі, бяздомнымі, былымі зняволенымі, невылечна хворымі, дапамога беспрацоўным, уцекачам і інвалідам. Клопат пра дзяцей палягаў на іх змяшчэнні ва ўстановы апекі і выхавання, дадатковым харчаванні, арганізацыі летняга адпачынку і навагодніх святаў, закупцы зімовага абутку і выдзяленні прыватных стыпендый. Клопат пра дарослых на падтрымцы хоспісаў і багадзельняў, закупцы паліва для бедных сем’яў, кампенсаванні малазабяспечаным пахаванняў, лячэння ў шпіталях і амбулаторыях, выдзяленні ім аднаразовай грашовай або харчовай дапамогі.
На ўсе гэтыя мэты магістрат прадугледжваў сродкі ў сваім гадавым бюджэце: у 1919 42 %; у 1920 31,5 %; у 1923 г. 14,42 %; у 1928 5,83 %; у 1933 г. 10,9 %;у 1934 г. 16,5 % і г. д., але іх заўсёды не хапала27. Як можна меркаваць, на сацыяльныя асяродкі фармальна выдзяляліся аднолькавыя квоты з разліку на адну асобу, незалежна ад яго канфесійнай прыналежнасці, а розніца ў памеры субсідый залежала ад профілю сацыяльнага асяродка і ад колькасці выхаванцаў ці пацыентаў. Найболыв атрымлівалі шпіталі для невылечна хворых (габрэйскі і хрысціянскі хоспісы), значна менш прытулкі для дзяцей-сірот, з якіх найменш прытулкі, дзе дзеці былі толькі ў дзень, а самыя малыя квоты даставаліся багадзельням. Напрыклад, у бюджэце на 1934/1935 г. усе гродзенскія дзіцячыя прытулкі планавалася фінансаваць аднолькава з разліку 0,54 зл. на 1 дзіця ў дзень, але сумы атрымаліся розныя, бо, напрыклад, польскі ўтрымліваў 140 выхаванцаў, рускі 20, а габрэйскі («Цэнтас») 9028. Хоспісы Пані міласэрнасці св. Вінцэнта а’Поля і Габрэйскай гміны атрымалі з разліку 1,2 зл. на 1 асобу, а багадзельні Польскага дабрачыннага таварыства (ПДТ) з разліку 0,36 зл. на 1 асобу29.
Рэгулярна штогод выдзяляліся сродкі з гарадскога бюджэту і на летні адпачынак дзяцей, які адбываўся ў лагерах (калоніях) з кругласутачным або дзённым побытам. У 1933 г. кошт утрымання 1 дзіцяці складаў 1,7 зл. (кругласутачны) і 0,5 зл. (дзённы). Прыкладна40 % коштаў пакрывалі бацькі, рэшту складалі субвенцыі ад органаў самакіравання. Лагеры належалі ці арандаваліся габрэйскім ТАЗ і хрысціянскім Жаночым саюзам грамадскай працы. Дзеці накіроўваліся па канфесіянальнай прыкмеце. Заўсёды прадугледжваліся сродкі і на спарадычныя акцыі: навагоднюю вечарыну для салдат, падтрымку таннай кухні для інтэлігенцыі, матэрыяльную дапамогу ўбогім, дровы для малазабяспечаных сем’яў, бясплатнае лячэнне беднага насельніцтва і г. д.
Памер гадавых субсідый дабрачынным арганізацыям, а асабліва
дадатковыя фінансавыя датацыі і ільготы залежалі ад розных прычынаў. Уплывала палітычная лаяльнасць арганізацыі, наяўнасць іншых крыніц фінансавання і асоб у складзе гарадской рады ці сацыяльнай камісіі, якія маглі лабіраваць яе інтарэсы. Напрыклад на пачатку 20-х гадоў Беларускі прытулак, які знаходзіўся пад апекай Беларускага нацыянальнага камітэту, атрымаў 18 адмоўных адказаў на свае просьбы аб дапамозе30. У той жа час улады дазволілі правесці свае мерапрыемствы ў гарадскім тэатры польскім і габрэйскім арганізацыям з аплатай толькі 50 зл. за святло і пакрыццём коштаў абслугі, а рускай за 25 % кошту прададзеных білетаў31. Для Рускага дабрачыннага таварыства ўстанаўлівалася 20 % зніжка за электраэнергію32.
Найбольш цяжкім з эканамічнага пункту гледжання аказаўся для гродзенцаў 1933 г. У данясенні паліцыі за I квартал гэтага году гаварылася, што «па прычыне цяжкага матэрыяльнага становішча настрой шырокіх мас насельніцтва прыгнечаны»33. Год адзначыўся і шматлікімі антыўрадавымі акцыямі: выступленнямі супраць высокіх падаткаў, байкотам манапольнай прадукцыі, вывешваннем транспарантаў, распаўсюджваннем камуністычнай літаратуры, лістовак, забастоўкамі і нават актамі тэрору. Паліцыя прызнавала, што «найгорш справа бяспекі выглядае ў Гродзенскім павеце», дзе «агітацыя знаходзіць найбольш моцны водгук сярод беларусаў», і, што асабліва «значныя эфекты падрыўныя элементы дасягнулі ў Гродне»34. Абвінавачанні ўрадуза наступствы крызісу былі чутныя і з боку «легальнай апазіцыі», між іншым на сходзе хрысціянскіх дэмакратаў, які адбыўся 25.06.1933 г. у Гродне з удзелам сенатара Карфанці і некалькі дэпутатаў сейму, а таксама на мітынгу, арганізаваным ППС і «Бундам» на пляцы Ст. Баторыя 1 Мая таго ж года3’.
У гэтым годзе Ваяводская ўправа накіравала старастам і прэзідэнтам гарадоў ліст, у якім інфармавала, што ў сувязі з пагаршэннем фінансавага становішча дзяржавы Міністэрства сацыяльнага забеспячэння (МСЗ) зніжае квоты дапамогі патрабуючым на 10 %36. Адпаведна гродзенскі магістрат скараціў датацыі на прытулкі, багадзельні і яслі на 10-30 %, а на таварыствы да 50 %37. Гродзенская гарадская рада выдала ў 1933 г. на сацыяльнае забеспячэнне 10,9 % гадавога бюджэту (189 тыс. зл.)38, але гэта істотна не паўплывала на становішча. Паводле матэрыялаў сацыяльных апекуноў, у гэты час у гродзенскіх прытулках не хапала месцаў для ўсіх патрабуючых і істотна павялічылася колькасць тых, што звярталіся да дабрачынных арганізацый па матэрыяльную дапамогу. Так, у просьбе гродзенца г. Русіка ў ПДТ ад 17.02.1933 г. гаварылася, што яму «няма чаго есці»39. Нягледзячы на гэта, яго просьба была адхіленая, як і многія іншыя ў гэты крызісны год. He дапамагалі нават асабістыя заслугі прасіцеля. Адзін з былых «легіянераў» Ю. Пілсудскага апеляваў да самой Аляксандры
Пілсудскай, просячы хаця 6 «якой-небудзь аднаразовай дапамогі» па прычыне «страшэннай матэрыяльнай галечы»40. Частымі сталі паведамленні і аб падкінутых дзецях, якіх галодныя маці пакідалі ў цягніках, пад дзвярыма мясцовых прытулкаў і манастыроў41.
У далейшым па меры выхаду краіны з крызісу эканамічнае становішча ў горадзе пачало выпраўляцца, але галоўныя сацыяльныя праблемы заставаліся, паколькі ў правінцыяльнай гаспадарцы не адбывалася істотных структурных перамен, або яны наступалі вельмі павольна. Усе сацыяльныя захады ўлады былі «кропляй у моры», і дапамогу маглі атрымаць адзінкі. Так у бюджэце горада на 1936/1937 г. было закладзена 450 зл. на пахаванне бедных. Кошт пахавання вагаўся ў межах 30 зл., гэта значыць, што на бясплатнае пахаванне маглі разлічваць толькі 15 гродзенцаў. Таксама на лячэнне бедных магістрат вылучыў 67 245 зл.42 Прыкладна 48 % гэтай квоты ішло на лячэнне ў гарадскім шпіталі. Калі ўлічыць, што кошт 1 дня лячэння складаў 5,5-8,5 зл., то квота на бясплатнае лячэнне ў гарадскім шпіталі была разлічана на 11-12 чал. у дзень43. Ацэньваючы ў справаздачы за 1936/1937 г. стан сацыяльнай дапамогі, беластоцкі ваявода прызнаў яе «недастатковай адносна існуючых патрэбаў»44.