Госць у хату
Яраслаў Гашак
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 279с.
Мінск 1984
Паважаны суд, аднак, нічога не заўважыў і асудзіў абвінавачанага за падробку прадуктаў.
Але пан Шпала чым далей, тым болей страчваў памяць, і яго апошняе экспертнае заключэнне гучала так:
— Гэтыя крупы не знаходзіліся ў закаркаваных бутэльках, і на іх не было надпісу «Для асвятлення».
Другі судовы эксперт, якога я добра ведаў, быў пан Гавал. Па волі лёсу ён стаў судовым экспертам у галіне кіналогіі. I, такім чынам, належаў да людзей, якія з’яўляюцца выключнымі спецыялістамі па часці сабак. Той пан уваходзіў у лік так званых прарокаў-экспертаў, празорцаў, і ў Белай пад Бездзезем гэта выявілася надзвычай яскрава, моцна здзівіўшы прысутных. Справа датычыла спрэчкі паміж двума суседзямі. Яны гулялі ў карты, і — нешчаслівая выпадковасць! — у аднаго з іх выпала карта з рукава.
Сяброўства паміж імі было парушана, і гэта зайшло так далёка, што адзін з іх застрэліў на сваёй дзялянцы сабаку таго няўдалага гульца. Пацярпелы заяўляў, што яго сабака каштаваў трыста крон, і пана Гавала праз тры гады пасля таго здарэння выклікалі як судовага эксперта. Ён з’явіўся ў суд, загадаў выкапаць косці сабакі. Мінула шмат часу, пакуль знайшлі месца, дзе сабака быў закапаны. Судовы эксперт хутка агледзеў рэшткі касцей і сказаў:
— Сабака гэты быў выдатнай пародьі, сенбернар, чыстакроўны, бела-жоўтьі і называўся, як бачым...
— Дзякую,— сказаў суддзя,— гэта ўжо ёсць у пратаколе.
Бываюць, вядома, і не такія натхнёныя судовыя эксперты. Адзін судовы эксперт у галіне падпалаў, як юрысты жартоўна кажуць, заявіў, выступаючы з экспертным водгукам:
— Я не магу з чыстым сумленнем сказаць, што гэтую стадолу падпалілі саломай, палітай бензінам, бо, як высветлілася, не было знойдзена ніводнай пустой бутэлькі з-пад бензіну, а па-другое, было высветлена, што ў стадоле ніякай саломы не было, а па-трэцяе, як я чуў, у яе ўдарыла маланка...
Ёсць і такія эксперты, якія ні за што не хочуць маўчаць і лічаць сваім абавязкам шмат чаго сказаць слаўнаму суду і грамадскасці.
У час слухання справы ў судзе прысяжных судовы эксперт почырку даказваў, што абвінавачаны бясспрэчна падпісаў гэты вэксаль, бо ў літары «б» круглы жывоцік.
— У вас таксама круглы жывоцік, але вы не «б»! — адпарыраваў абвінавачаны, абцяжарваючы сваё становішча ў вачах прысяжных.
I часта даходзіць да спрэчак паміж судовымі экспертамі, з аднаго боку, і абвінавачанымі і іх юрысконсультамі, з другога.
Здаецца, што абавязак адваката — заўжды сумнявацца ў сур’ёзнасці судовых экспертных водгукаў. Найбольш хібаў знойдзена ў заключэннях пра почырк. У абаронцаў тут лёгкая работа. Пры гэтым яны спашлюцца, напрыклад, на вялікі венскі працэс (1897), калі толькі праз два гады пасля аеуджэння абвінавачанага добраахвотна з’явіўся злачынца і заявіў, што на самай справе гэта ён напісаў ліст, за які адзін чалавек быў засуджаны на дваццаць гадоў турмы.
Тады справа датычылася забойства. Ахвяра была лістом заваблена па месца злачынства, а эксперты почырку дружна згадзіліся, што ліст пісаў нявінна асуджаны.
Адзін адвакат паставіў пад сумненне слушнасць судовых экспертыз почырку і з такога боку:
— Справа ў тым, што цяпер усюды ў школах, асабліва гандлёвых, ужываецца аднолысавая сістэма пісьма. Больш як 50 працэнтаў людзей маюць аднолькавы почырк. Далей даказана, што 20 працэнтаў людзей не маюць пэўнага почырку і кожную хвіліну пішуць інакш.
Адзін судовы эксперт почырку заявіў, што пісала маладая разнерваваная дзяўчына. А як выявілася, гэта пісаў яе дзядуля.
Нядаўна на разглядзе адной справы судовай калегіяй здарылася памылка. Запрасілі судовага эксперта почырку; ліст, які датычыўся гэтай справы, быў надрукаваны на пішучай машынцы.
Што было рабіць небараку? Паведаміў, памятаючы пра сваю прысягу, што ліст надрукаваны на пішучай машынцы, а гэтай сістэмы ён не знаўца і што ён не ведае, ці ўмее абвінавачаны друкаваць на машынцы.
(Суд паверыў абвінавачанаму, што той не ўмее друкаваць на пішучай машынцы, бо ён скончыў чэхаславацкую гандлёвую акадэмію.)
Цікавыя бываюць водгукі судовых дактароў. Ад іх заключэнняў у 90 працэнтах выпадкаў залежыць лёс абвінавачакага.
Надзвычай дзіўна, калі судовы эксперт-доктар у адзін дзень дае такі водгук: «Абвінавачаны быў незвычайна спакойны, гзта адразу было заўважна», a праз чатырнаццаць дзён у іншым выпадку: «Абвінавачаны быў незвычайна неспакойны, гэта адразу было заўважна».
Але часам гаворацца такія рэчы, ад якіх у слухачоў валасы на галаве ўстаюць дыбарам.
Я ведаю аднаго судовага доктара, на выгляд всльмі лагоднага чалавека, які, аднак, сказаў нядаўна, даючы заключэнне:
— 3 уласнага вопыту ведаю, што пасля ўдару сякерай не к о ж н ы адразу ўпадз е...
НЕПРЫСТОЙНЫЯ КАЛЕНДАРЫ
I
Начальнік паліцэйскага ўчастка Алеш сумаваў з дзевяці гадзін вечара, калі прывялі ў выцвярэзнік апошняга п’яніцу, аж да гадзіны ночы. Думаў, як гэта выседзець над актамі і журналамі да шасці гадзін раніцы, калі яго зменяць. He пашанцавала яму сёння. Ніхто з дзяжурных не ўмеў гуляць у прэферанс, і яму не было з кім згуляць.
А пакуль ён лёг на ложак, закурыў люльку і павёў гаворку пра палітыку. У такія моманты ён быў строгі. Hi даць ні ўзячь аўстрыйскі Катон, цвёрды і непахісны. Ён не паддаваўся ніякім сумненням. Лаяў Італію, выказваючы ёй свой недавер.
Дзяжурныя, лежачы таксама на ложках, слухалі яго з вялікай павагай, бо яны не мелі такой пэўнасці пазіцый.
«Няхай ніхто і не думае, што Траісты саюз утрымаецца. Катэгарычна заяўляю, што толькі Трэнта і Трыест дадуць клопату». Ён уздыхнуў і пачаў шукаць запалкі. Запаліў люльку і працягваў: «У Мілане, Турыне ды і ў Рыме італьянцы спальваюць аўстрыйскія сцягі. Толькі ім гэта будзе дорага каштаваць. Гэтыя тры мярзотнікі дачакаюцца новай Кустоцы».
Яго хваляванне дасягнула найвышэйшага пункту, а тут малады дзяжурны Павэлка заснуў і захроп.
Начальнік пабудзіў яго і раскрычаўся, што інтрыгана выганіць вон. Калі ты аўстрыйскі грамадзянін...
I тут у дзвярах з’явіўся дзяжурны Дэкл, які вярнуўся са свайго паста на вуліцы і пачаў дакладваць.
Пан Алеш неахвотна ўстаў з ложка, каб прыняць рапарт.
— Дазвольце далажыць, пан начальнік, нічога новага. Толькі канфіскавалі пікантныя календары. Адабраў сто дваццаць экземпляраў.
У гэты момант з твару Дэкла сышла сур’ёзнасць, і ён, усміхаючыся, пераможна абвясціў: «Вялікае паскудства, пан вахмістр, але надта прыгожыя рэчы. Малюнкі такія пікантныя, што аж сэрца млее».
Ён паклаў на стол скрутак. I ўмомант з начальніка сум як рукой зняло.
— Давай сюды паскудства!
Паліцэйскі разгарнуў скрутак і падаў начальніку адзін экземпляр канфіскаванага календара. Начальніка абступілі ўсе дзяжурныя.
— Бог мой,— сказаў адзін, разглядаючы малюнак на тытульным лісце,— вось гэта сцягно!
— Глядзіце,— абураўся начальнік,— што наша моладзь можа ўбачыць. Падлеткі, школьнікі!
Голас яго пакрысе мякчэў:
— Паночкі, а на гэтым малюнку другая, каб яе чорт пабраў, яна ж зусім голая.
— Панове,— сказаў паліцэйскі Дэкл,— далей будуць яшчэ лепшыя малюнкі.
— I цяпер неблагія!
— He скажы, чалавеча,— у параўнанні з гэтым малюнкам тыя больш жывыя і прыгожыя. Па-першае, у той жанчыны круглейшыя бакі, і яна лепш ляжыць на канапе. Прахвосты! Трэба ж такое намаляваць!
— Прачытайце, пан вахмістр, гэты вершык пад малюнкам, ён таксама неблагі.
— Добры. Але двухсэнсоўны. He саромеюцца людзі, што напішуць, тое і аддаюць друкаваць! Дзеці ідуць у школу і глытаюць гэтую, згінь ты, як яна называецца.
— Парнаграфія, пан вахмістр,— падказаў дзяжурны Павэлка.
— Жахлівьія рэчы, але ж цікава,— прагаварыў дзяжурны Мікі,— глядзіце, як панталоны добра вымалеваны. I подпіс някепскі: «У панталонах ці без іх, як я табе больш падабаюся, даражэнькі?»
— Думаю, што без панталонаў, а вы як мяркуеце? — весела звярнуўся начальнік да дзяжурных.— I чаго толькі тыя свінтухі не навыдумлялі.
— Раю звярнуць увагу на перадапошнюю старонку, пан вахмістр, на тую балерыну ў ванне, дзе слуга падае ёй прасціну.
— Гэта добра, але скажу, што трэба бязлітасна канфіскоўваць такія рэчы. Мне думаецца, што калі паездзіць па кіёсках, дык можна знайсці яшчэ больш такіх і іншых твораў мастацтва. Вось заўтра ўзрадуецца камісар Пераўтка!
II
— Маю гонар давесці да вашага ведама, пан камісар, што ўчора з майго загаду былі канфіскаваны ў кіёсках календары непрыстойнага зместу. Я прынёс вам адзін экземпляр. Асабліва раю звярнуць увагу на перадапошнюю старонку, балерыну ў ванне. Пасля на тую жанчыну на канапе. Ды і малюнак на тытульным лісце таксама амаральны, але думаю, што ён спадабаецца пану камісару. Раю занесці адзін экземпляр вышэйшаму начальству. Калі ласка, звярніце ўвагу на непрыстойнасці, падкрэсленыя сінім алоўкам. На гэта
варта паглядзець. Найбольшыя непрыстойнасці вы знойдзеце не шукаючы, я ўсюды заклаў тыя старонкі. Самыя пікантныя на трыццатай старонцы. Таксама цікавая серыя «За сценамі гарэма»; тут не толькі парнаграфічны тэкст, але і выдатныя малюнкі. Магаметанскія дзяўчаты ляжаць на тыгравых скурах, а за імі наглядае еўнух.
— Чалавеча,— сказаў камісар Пераўтка, праглядзеўшы каляндар,— усё гэта вы павінны паказаць таксама нашаму міністру. Ён любіць такія рэчы.
III
Календары мелі вялікі поспех. Два забраў вярхоўны паліцэйскі камісар, а тры пан міністр. Па адным узялі супрацоўнікі міністэрства. Астатнія разышліся ў паліцэйскім участку.
Паліцэйскія заўзята сачылі за з’яўленнем непрыстойных календароў.
Ужо дзякуючы таму, што гэтая чытаніна не трапіла ў рукі прыватным асобам, была захавана маральная ўстойлівасць грамадства.
СПАДЧЫНА
ФРАНЦІШКА ШАФРАНКА
Пасля дакладнага падліку высветлілася, што ўся спадчына Францішка ПІафранка складаецца роўна з сямі гелераў. Па смерці гэтага добрага чалавека болып нічога не засталося. Аднак ва ўсёй гэтай справе найгорш было тое, што не было ніякіх нашчадкаў, каб перадаць спадчыну, і дзяржава мусіла ўзяць тыя сем гелераў і пералічыць іх на дэпазіт. Як толькі дзяржа-
ва паклапацілася вырашыць гэтую прыватную справу, адпаведныя ведамствы пачалі пошук спадчыннікаў. I шукалі іх настойліва.
Натарыяльная кантора распачала бурную дзейнасць. Перш за ўсё прызначылі кіраўніка спадчыны Францішка Шафранка, пасля ў адміністрацыйным парадку ў розных часопісах змясцілі паведамленні, за якія заплацілі па тарыфных стаўках на аб’явы. He забыліся даць кароткую інфармацыю і ў мясцовыя газеты, каб спадчыннікі — калі яны знойдуцца — маглі заявіць пра сябе: