• Газеты, часопісы і г.д.
  • Госць у хату  Яраслаў Гашак

    Госць у хату

    Яраслаў Гашак

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 279с.
    Мінск 1984
    71.89 МБ
    Некалькі вінаградскіх кабет і дзяўчат даслалі глуханямой служанцы паштоўкі.
    Пракуратура абвінаваціла глуханямую служанку ў падмане ўлад, бо яна не нарадзіла, хоць нарадзіць павінна была, на сваё прозвішча ў радзільным доме.
    Замест таго каб узяць абаронцу, глуханямая служанка выправілася на Святую Гару, пакінуўшы дома лісток, які ўсіх моцна здзівіў і быў адразу прынесены ў рэдакцыю.
    На лістку было напісана: «Еду спавядацца!» На падставе гэтага паліцэйскае ўпраўленне паслала да глуханямой служанкі двух дэтэктываў, пераапранутых ксяндзамі.
    Р а з д з е л VII
    НОВЫЯ ЛІСТЫ, НОВЫЯ АДКРЫЦЦІ
    I НОВЫ ГАНДАЛЬ
    Тонічка штодзень атрымлівала новыя лісты ад «таемнай маці». Пан Вацлаў Зэман добрасумленна заносіў лісты ў рэдакцыю, якая іх друкавала з адпаведнымі ўздыхамі. Пяць выдаўцоў паштовак палявалі з фотаапаратамі на яе.
    Жанатыя мужчыны глядзелі з падазрэннем на сваіх жонак і выпытвалі ў іх, патрабавалі паклясціся, што да іх тыя не мелі ніводнага кахання.
    Адзін муж недалічыўся ў касе ста крон і, падазраючы сваю жонку ў тым, што яна паслала іх Тонічцы, узяў брытву, пагаліўся і пайшоў дамагацца разводу.
    Тым часам на імя Тонічкі прыйшло ўжо агулам чатырыста крон, і дворнічыха пачала гаварыць Тонічцы: «Цалую ручку, паненачка!»
    Тонічцы захацелася насіць доўгую сукенку, і яна плакала, калі не ўдалося набыць яе.
    Адразу пасля таго яна атрымала новы ліст ад сваёй таемнай маці: «Любая Тонічка, ведаю, што ты плачаш, і не магу даць рады. Спадзявайся на пана бога і будзь паслухмяная, пасылаю табе 30 крон. Твая нешчаслівая маці».
    Ліст гэты таксама быў надрукаваны. Зайздросныя людзі казалі: «За чатырыста крон і я прыкідваўся б сіратою ».
    Адзін былы ляснік аб’явіў сябе даверанай асобай Тонічкі і даў у газеце аб’яву: «Алень не хварэе на сухоты, бо знаходзіць у лесе траву, якая з’яўляецца галоўнай часткай ляснога чаю і лекавых зёлак, што вырабляе былы ляснік Шумінскі, які жыве па вуліцы Камінскага, дом 26. Шмат падзяк з Амерыкі, Аўстрыі, Новай Зеландыі, з вострава Корсіка, з Міхляў, Лондана, Парыжа і Падзебрад».
    Р а з д з е л VIII
    ПАРАДЫ I МЕРКАВАННІ
    У рэдакцыю газеты з пастаяннай рубрыкай «Сіротка і яе таемная маці» прыходзіла мноства лістоў. За чатырнаццаць дзён іх прыйшло 1256. У пісьмах былі часткова парады, часткова меркаванні, папярэджанні, напаміны, засцярогі. Раілі Тонічцы быць пільнай, каб яе не выкралі. Адзін пісаў, што ён перакананы: Тонічку хочуць давесці да вар’яцтва. Якую мэту гэта мела б — не паведаміў.
    Урэшце газета надрукавала важны заклік. Просьбу да таемнай маці, каб яна адкрылася. Просьба гэтая была прачулая. Яна была складзена пры дапамозе журботных раманаў і слязлівых гісторый. Паспісвалі цэлыя сказы.
    На вуліцах з’явіліся натоўпы заплаканых людзей. Шэсць чалавек звар’яцелі ад шкадавання і плачу.
    Трыццаць вінаградскіх дзяўчат і кабет аслепла. Па ўсёй Чэхіі плакалі жанчыны. Маткі тулілі сваіх сынкоў, сваіх дачушак да сэрца. Было задушана ў мацярынскіх абдымках пяць хлопчыкаў і шэсць дзяўчынак.
    Адзін здольны аўтар прымітыўных песенек стварыў новы бязглузды духоўны прадукт. Песеньку пра сіротку. Спявалася на матыў «Сініх вачэй».
    Вінаградскія кабеты і дзяўчаты хацелі, каб тую песеньку іграў аркестр у Вінаградскім тэатры. Пра таемную маці спявалася цэлымі днямі. Жанчыны, што спявалі, да паўсмерці збілі нейкага чалавека, які, чуючы гэта, не плакаў.
    Нарэшце ў рэдакцыю прыйшла давераная асоба Тонічкі, той, хто знайшоў лясныя зёлкі для аленяў і людзей.
    Газета ж звярнулася з заклікам да таемнай маці: «Няхай яна прыйдзе на кватэру да вынаходніка лясно-
    га чаю. Поўная таямніца забяспечана. Былы ляснік дае слова гонару маўчаць. Таемную маці не прымушаюць купляць яго лясныя зёлкі».
    А праз пару дзён выйшаў спецыяльны выпуск іншай газеты, якая таксама публікавала розныя сенсацыйныя паведамленні.
    РаздзелІХ
    ТАЕМНАЯ МАЦІ ВЫЯЎЛЕНА
    I ТАЯМНІЦА ЗАХАВАНА
    Спецыяльны выпуск вячэрняй газеты. Таемная маці прыйшла, адгукнуўшьіся на зварот вынаходніка ляснога чаю, да яго на кватэру. Поўная таямніца захавана. У газеце было: «Нас абавязвае слова гонару, і таму мы захоўваем таямніцу. Толькі тое можам сказаць, што гэтая дама, якая з’яўляецца маткай Тонічкі, удава і ў яе некалькі дзяцей. Мы не называем тут яе імя, бо абяцалі гэта. Можам дадаць яшчэ толькі тое, што выяўленая маці — уладальніца дома, які знаходзіцца зусім блізка ад Тонічкі. Нас абавязвае дадзенае слова, што мы захаваем пра яе поўную таямніцу, таму мы не можам сказаць нічога, акрамя таго, што ёй 35 гадоў і што яна хоча зноў выйсці замуж. Як яна паведаміла нам, Тоніччын бацька жывы, ён чыноўнік, жанаты і ў яго таксама некалькі дзяцей. Сказаць болей нам не дазваляе наша абяцанне захаваць у гэтай справе поўнае маўчанне. Можам сказаць толькі, што гэты мужчына — рыхтык Тонічка, і мы надрукуем заўтра яе здымак у нашай ілюстраванай газеце поруч з малюнкам шчаслівага спаткання маці з дачкою».
    Таямніца была поўнасцю захавана, а вячэрняй газеты прададзена шэсцьдзесят тысяч экземпляраў.
    Раздзел X
    БАЦЬКА ВЕЛЬМІ ПАДОБНЫ НА ТОНІЧКУ
    Публікацыя фотаздымка Тонічкі ў ілюстраванай газеце мела сваім вынікам тое, што цырульнікі пачалі адразу ў першай палове дня добра зарабляць.
    Жанатыя чыноўнікі, якія мелі па некалькі дзяцей, прыходзілі і прасілі адрэзаць бароды, іншыя — перайначыць вусы.
    Дзвесце жанатых чыноўнікаў, што мелі па некалькі дзяцей, старанна хавалі ад жонак газету з фотаздымкам Тонічкі.
    Трыста жонак патрабавалі разводу, даказваючы мужаву здраду яго дзівосным падабенствам з Тонічкай.
    Дзевяноста мужоў прызналася ў бацькоўстве.
    «Ну, вам добра, у вас жонка ў вёсцы, а я падобны на Тонічку!»
    Потым пачалі прыходзіць у рэдакцыю лісты з пагрозамі.
    Было прададзена больш за сто тысяч экземпляраў газеты.
    Кожная жонка чыноўніка ў Чэхіі купіла сабе адзін экземпляр.
    Бог ведае як гэта скончыцца... Ніхто не ведае — як, але адзін наборшчык мне сказаў, што ў іх прыгатаваны шапкі ў газету: «Тоніччын бацька развітаўся з жыццём», «Таемная маці скончыла жыццё самагубствам».
    — I мы зноў на гэтым заробім,— з усмешкай сказаў наборшчык.
    ЧАГАН-КУРЭНСКАЕ АПАВЯДАННЕ
    У мангола Сахаджы з племя халхасаў у Чаган-Курэні было пяць вярблюдаў, дванаццаць коней, васемнаццаць валоў і пятнаццаць бараноў. Быў у яго і свой
    бог: Уісан-Тамбу. Ён стаяў на драўлянай падстаўцы перад кібіткай. У бога была п’яная морда. Па абодва бакі ад вялікага ідала стаялі два маленькія ідалы з высалапленымі языкамі. Аднойчы з поўначы прыйшла вялікая вада і знесла з сабой і бога Уісан-Тамбу, і двух вярблюдаў, трох коней, пяць валоў і чатырох бараноў.
    На нейкі час Сахаджа застаўся без бога. I вельмі добра абыходзіўся без яго, сам з’ядаючы міску смажанага проса, якую дагэтуль штодня ахвяроўваў УісанТамбу. Раней яе з’ядаў стары лама, царкоўны служка, якога жабрацкая доля вадзіла па кібітках. Ён услаўляў бога Уісан-Тамбу, краў у таго проса і карыстаўся агульнай павагай.
    У той час па Чаган-Курэні падарожнічаў місіянер Піке. У адзенні мангольскага пастуха, з залатой шышачкай на шапцы, ён ездзіў па даліне ракі Пага-гол, прапаведаваў каталіцкую веру і цярпеў мукі ад насякомых пад назвай «ту-лакцы», ці, інакш, ад чырвоных вошай, якія моцна дакучалі яму ў яго місіянерскіх справах.
    Прытым ён збіраў нс толькі сапекі — драбязу грубай чаканкі,— перападалі яму і унцыі срэбра ад усіх тых, каму ён прапаведаваў новае вучэнне. Акрамя таго, ён меў поспех і ў гандлі сабалінымі скурамі, а з даручэння буйных гандляроў у Пекіне выконваў функцыі «яачанг-ці», гэта значыць, «вымагальніка падаткаў».
    На даходы ад малебнаў ён адкупляў даўгі пастухоў у гэтым багатым травой краі і на падставе імператарскіх законаў нажываў працэнты з працэнтаў. Акрамя таго, ён займаўся рознымі інтрыгамі, спрытна спалучаючы сапраўдную веру з заходнімі малітвамі.
    У той час, калі самым вялікім драпежнікам, якія рабавалі мангольскі народ, не ўдавалася садраць са сваіх ахвяр і трохсот працэнтаў, высокашаноўны Пікс браў не менш як пяцьсот, бо акрамя падаткавых плаця-
    жоў ён прыплятаў сюды і новага бога, у гонар якога звінела срэбра.
    Яго красамоўства было надзвычайнае. Некалькі гадоў назад у краіне артушаў на яго напалі разбойнікі. Высокашаноўны Піке схіліў іх да хрысціянства і абабраў да апошняй сапекі, уласнаручна павесіўшы кожнаму з іх на шыю медны крыжык. 3 тае пары артушскія рабаўнікі пачалі нападаць на караваны ў імя новага бога.
    Пазней, калі місіянер Піке, пакінуўшы даліну ракі Пага-гол, з’явіўся на зямлі Халхаса, дзейнасць яго была не такой удалай. Ён хацеў зноў вярнуцца на поўдзень, але рэчка разлілася і адрэзала яму шлях у запаветны край, прымусіла застацца тут, дзе ўжо да яго з’яўлення панавала шалёная канкурэнцыя сярод служак культу. Кітайскія свяшчэннікі і ламы з Сок-па-мі абчысцілі краіну на год наперад, і ў ёй, мабыць, не засталося ніводнай кібіткі, дзе можна было б пажывіцца хоць бы адной сапекай. Толькі ў заслоненую ўзгоркамі даліну Габіль-хану пасланцы бога Фо і бога Самчымпчэбату яшчэ не наведваліся. Вось там якраз і жыў Сакаджа без бога.
    Калі ў гэтую даліну прыйшоў высокашаноўны Піке, гасцінны Сакаджа запрасіў яго ў сваю кібітку і пачаставаў чаем з аўсянымі праснакамі, печанымі ў no­ne ле.
    — Барані цябе бог,— сказаў місіянер, добра падсілкаваўшыся,— мір і шчасце твайму дому.
    — У мяне няма бога,— адказаў Сакаджа,— мой бог Уісан-Тамбу сплыў ад мяне ў паводку. Але я прадам каня і куплю сабе новага бога ў Блакітным горадзе.
    — Сын мой,— запярэчыў Піке,— Уісан-Тамбу бог не сапраўдны, таму яго і знесла вадой, так распарадзіўся ўсявышні і ўсемагутны бог. Аднак без бога жыць нельга, і ты добра зробіш, калі прадасі не аднаго, a трох коней і набудзеш сабе больш магутнага бога, чым
    Уісан-Тамбу. Такой ахвярай ты дагодзіш Найвышэй шаму.
    I яшчэ доўга, да самай ночы, аж пакуль не крыкнула на возеры начная птушка кэн, размаўляў высокашаноўны Піке з Сакаджам, даводзячы марнасць жыцця на гэтым свеце.
    Калі раніцай яны ўсталі з вярблюджых посцілак і Сакаджа адбіў зямны паклон Спрадвечнаму, гэта значыць Сонцу, Піке пачаў размову з другога боку:
    — Любы сын мой, уначы ты казаў мне, што пасля паводкі ў цябе засталося дзевяць коней. Навошта яны табе, калі ў цябе няма пакорнасці і шчырасці да адзінага сапраўднага бога, які паслаў табе знак перасцярогі ў выглядзе паводкі, якая знесла ад цябе твайго несапраўднага бога. Каб у цябе было і тысяча коней, ці быў бы ты шчаслівы, калі над табой няма літасці боскай. Але ў цябе іх толькі дзевяць, прадай іх, сын мой, а выручанае срэбра даручы мне, бо грэх прагнуць уяўнага багацця. Адвярні сваё сэрца ад спраў зямных, прыгарніся душой да бога і выпраўляйся з коньмі ў дарогу. Я паеду з табой у Блакітны горад, сам ператвару коней у грошы, каб не ўводзіць цябе ў грэх.