I ўзыходзіць сонца (Фэст) Эрнэст Хемінгуэй

I ўзыходзіць сонца

(Фэст)
Эрнэст Хемінгуэй
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 272с.
Мінск 1976
55.26 МБ
У атэлі Мантоі дзве сталовыя. Адна, на другім паверсе, глядзіць на плошчу, другая ўнізе, на цэлы паверх ніжэй плошчы, з выхадам на вуліцу за атэлем, там, дзе раніцай гоняць на арэну быкоў. У ніжняй сталовай заўсёды халадок, і наеліся мы як мае быць. Першы абед на іспанскай зямлі заўсёды сур’ёзнае выпрабаванне: розныя закускі, яечня, два гатункі мяснога, вінегрэт, гародніна, фрукты і дэсерт. Трэба многа віна, каб усё гэта ператравіць. Кон прабаваў адмовіцца ад другой мясной стравы, але мы не палічылі патрэбным перакладаць яго словы, і служанка прынесла яму ўзамен халодную пячонку. Ад самай нашай сустрэчы ў Баёне Кон нерваваўся. Ён не ведаў, ці знаем мы, што Брэт была з ім разам у Сан-Себасцьяне, і гэта яго бянтэжыла.
— Ну,— сказаў я,— Брэт і Майкл павінны прыехаць сёння ўвечары.
— Сумняваюся, каб яны прыехалі,— прамовіў Кон.
— Чаму? — запытаў	Біл.— Абавязкова
прыедуць.
— Прывычка ў іх такая — пазніцца,— сказаў я.
— Я амаль упэўнены, што не прыедуць,— прамовіў Кон. I тон яго быў такі, нібы яму нешта вядома, чаго не знаем мы. Гэта нас раззлавала.
— Іду ў заклад на пяцьдзесят песет, што сёння ўвечары яны будуць тут,— сказаў Біл. У злосці ён заўсёды выдумляў які-небудзь недарэчны заклад.
— Добра,— згадзіўся Кон.— Б’юся аб заклад. Помніце, Джэк, пяцьдзесят песет.
— Я і сам буду помніць,— крыкнуў Біл.
Я хацеў супакоіць яго, збіць запал.
— Прыедуць бясспрэчна. Хіба што, можа, не сягоння,— заўважыў я.
— Што? Адмаўляецеся ад закладу? — запьітаў Кон.
— Hi ў якім разе. Хоць на сто песет, калі хочаце,— абурыўся Біл.
— Давайце. Прымаю.
— Ну, хопіць,— умяшаўся я.— A то вазьму на ўлік ваш заклад і спаганю працэнты.
— Згодзен,— усміхнуўся Кон.— Усё роўна вы гэтыя грошы адыграеце ў брыдж.
— Але ж вы яшчэ не выйгралі,— прамовіў Біл.
Мы выйшлі прагуляцца пад аркадай і папіць кофе ў кафэ «Ірунья». Кон сказаў, што пойдзе ў цырульню пабрыцца.
— Як, па-твойму, ёсць у мяне шансы выйграць заклад? — запытаў у мяне Біл.
— Дрэнныя твае шансы. Калі гэта было, каб яны з’яўляліся акуратна. Грошай не перавядуць, дык дзе ж там ехаць, сядзі і не рыпайся.
— Я з першага слова пашкадаваў, што за-
чапіў яго,— сказаў Біл.— Але як было цярпець ? Ён як быццам і нічога, але адкуль гэта зазнайства? Нібы ён нешта такое ведае. Майкл і Брэт дамаўляліся з намі.
Цераз плошчу пераходзіў Кон.
— Вунь ён,— сказаў я.
— Няхай не задзірае носа, кіне свае яўрэйскія выхілы.
— Цырульня на замку,— паскардзіўся Кон.— Адчыняць не раней як у чатыры.
Мы пілі кофе ў кафэ «Ірунья», седзячы ў цяньку пад аркадай у плеценых утульных крэслах, і глядзелі на прасторную плошчу. Потым Біл пайшоў пісаць пісьмы, а Кон накіраваўся ў цырульню. Яна ўсё яшчэ была на замку, і ён вярнуўся ў атэль памыцца ў вапне. А я, пасядзеўшы яшчэ трошкі каля кафэ, пайшоў бадзяцца па горадзе. Сонца прыпякала. Я трымаўся ценявога боку, прайшоўся па рынку, і мне было прыемна, што я ізноў у гэтым горадзе. Я зайшоў у гарадскую ўправу і адшукаў старога, які штогод заказваў для мяне білеты на бой быкоў, даведаўся, што грошы, пасланыя мною з Парыжа, ён атрымаў, абанемент аднавіў, так што ўсё ў парадку. Стары быў архіварыусам, і ўсе архівы горада захоўваліся ў яго канторы. Факт, які не мае дачынення да майго расказу, але няважна. У канторы было двое дзвярэй: адны — абабітыя зялёным сукном, другія — дубовыя, масіўныя. I калі я пайшоў, пакінуўшы старога сярод папер і кніг, якімі былі завалены ўсе сцены, зачыніў дзверы і выйшаў на вуліцу, швейцар спыніў мяне, каб пачысціць адзежу.
— Пэўна, вы ехалі ў аўтамабілі,— заўважыў ён.
Каўнер і плечы былі шэрыя ад пылу.
— 3 Баёны.
— Вось-вось, я так і думаў, што ў аўтамабілі. Пылу многа, яно відаць.
Я даў яму дзве медныя манеты.
У канцы вуліцы быў сабор, і я накіраваўся туды. Калі я ўбачыў яго ўпершыню, фасад мне паказаўся брыдкім, але цяпер сабор падабаўся. Я ўвайшоў. Усярэдзіне было мгліста і змрочна, калоны ўздымаліся ўвысь, людзі маліліся, і пахла ладанам, з высокіх акон лілося каляровае святло. Укленчыўшы, я пачаў маліцца і маліўся за ўсіх, каго ўспомніў, за Брэт і за Майкла, за Біла, за Роберта Кона, і за сябе, і за ўсіх тарэадораў агулам, і асобна за кожнага, хто быў мне прыемны. Потым ізноў пачаў маліцца за сябе, і калі я маліўся за сябе, дык адчуў, што мяне хіліць на сон, тады я памаліўся, каб баі быкоў прайшлі з поспехам, за вясёлы фэст і каб лавілася рыба. Я стараўся ўспомніць, аб чым яшчэ памаліцца, і падумаў, што было б добра мець трохі грошай, і стаў маліцца, каб мець больш грошай, нажыць капітал, і думаў пра тое, як гэта робіцца, як здабываюць грошы, і мне ўспомніўся граф, і я падумаў, дзе ён цяпер, і пашкадаваў, што не бачыў яго з таго вечара на Манмартры, Брэт мне тады гаварыла аб ім нешта смешнае. Стоячы ўвесь час на каленях, упёршыся лбом у спінку лаўкі, я думаў пра сябе і ўяўляў, што малюся, і мне стала крыху сорамна, і агарнуў мяне жаль, што я такі няўдалы католік, але я разумеў, што перайначыць сябе не змагу, ва ўсякім разе цяпер, а то і ніколі, але ўсё ж гэта — вялікая рэлігія, і быць набожным прыемна, паспрабую іншым разам, можа, калі-небудзь і ўдасца. Выйшаўшы, я стаяў на ступенях сабора, у яркіх праменнях сонца, два
пальцы маёй правай рукі былі мокрыя, і я адчуваў, як яны сохнуць. Спякота была такая, што не вытрываць. Хаваючыся ў цень, завулкамі я дабраўся да атэля.
За вячэрай нам стала вядома, што Роберт Кон выкупаўся як след у ванне, пабрыўся, пастрыгся, вымыў валасы духмяным шампунем і нечым намазаў, каб не тырчалі. Ён хваляваўся, але я і не думаў яго супакойваць. Цягнік з Сан-Себасцьяна прыбываў а дзевятай, і Брэт з Майклам маглі прыехаць толькі гэтым цягніком. У дзевяць без дваццаці, калі мы яшчэ не з’елі і палавіны вячэры, Роберт Кон усхапіўся з-за стала і сказаў, што пойдзе на станцыю сустракаць. Я сказаў, што пайду разам з ім, хацеў падсунуць яму шпільку. «Чорта два, буду даядаць, не прападаць жа вячэры»,— адмовіўся Біл. Я сказаў, што мы хутка вернемся.
Мы пайшлі на вакзал. Узрушанасць Кона мяне забаўляла. Я спадзяваўся, што Брэт прыедзе. Але нам паведамілі, што цягнік позніцца, і мы засталіся чакаць у цемры за вакзалам, седзячы на багажнай калясцы. Пасля вайны мне яшчэ не даводзілася бачыць, каб хто так нерваваўся, быў повен такой няўрымслівай прагі, як Роберт Кон. Мяне гэта цешыла. Дрэнна, вядома, цешыцца чужой пакутай, варушыць у сабе бруд і радавацца. У Кона была рэдкая здольнасць абуджаць у чалавеку ўсё самае горшае.
Нарэшце мы пачулі далёкі свіст па той бок плато і ўбачылі агні паравоза, які шумна падымаўся ўгору. Мы ўвайшлі ў вакзал і далучыліся да натоўпу каля самых варот. Цягнік падышоў і спыніўся. Чарада пасажыраў рушыла на выхад.
Іх у натоўпе не было. Мы перачакалі ўсіх. Людзі праходзілі праз вароты, садзіліся ў аўтобусы, наймалі фіякры альбо крочылі ў цемнаце пехатой са сваімі знаёмымі і блізкімі, спяшаліся ў горад.
— Я так і ведаў, што не прыедуць,— уздыхнуў Кон.
Мы накіраваліся ў атэль.
— А я ўсё ж меў нейкую надзею,— сказаў я.
Калі мы вярнуліся, Біл у сталовай еў спакойна фрукты і дапіваў віно.
— Што, не прыехалі?
— He.
— Вы не супраць, калі я вам аддам гэтыя сто песет заўтра раніцай? — запытаў Біл.— He паспеў яшчэ памяняць свае грошы.
— Ды чаго там, забудзьце,— прамовіў Роберт Кон.— Лепш давайце на іншы заклад. Можна закладацца на бой быкоў?
— Можна, але не трэба,— спыніў яго Біл.
— Гэта ўсё роўна, што закладацца на вайну. Ніякай матэрыяльнай выгады,— заўважыў я.
— Бой быкоў. Гэта ж вельмі цікава. Страшэнна хачу пабачыць,— ажывіўся Роберт.
Да нашага століка падышоў Мантоя. Ён прынёс тэлеграму.
— Гэта вам,— гаспадар перадаў яе мне.
Я прачытаў: «Засталіся начаваць Сан-Себасцьяне».
— Ад іх,— паведаміў я і сунуў тэлеграму ў кішэню, нікому не паказаўшы.— Спыніліся ў Сан-Себасцьяне, шлюць вам прывет.
Які мяне чорт штурхнуў дражніць яго, сам не ведаю. Хаця ўсё ж такі ведаю. Мяне даймала сляпая, бязлітасная рэўнасць да таго, што
з ім здарылася. Хоць факт быў звычайны і здзівіць мяне не мог — гэта нічога не мяняла. Я еапраўды ўзненавідзеў Роберта Кона. I нянавісць гэта выбухнула ў тую хвіліну, калі ён за сталом пачаў корчыць гэтакага прыгажунапераможцу, вялікага практыка, а потым памчаўся ў цырульню. I я схаваў тэлеграму. Мне яна была адрасавана, мне.
— Што ж, самае разумнае — паехаць дзённым аўтобусам у Бургетэ,— параіў я.— Калі яны прыедуць заўтра, няхай даганяюць.
3 Сан-Себасцьяна прыбывалі два цягнікі: ранішні і вячэрні, той самы, які мы хадзілі сустракаць.
— Ідэя добрая,— згадзіўся Кон.
— I чым хутчэй мы дабяромся да ракі, тым лепш,— падтрымаў Біл.
Мы трошкі пасядзелі ў «Іруньі», выпілі кофе, прайшліся да арэны, пагулялі ў полі і пад дрэвамі над абрывам, паглядзелі на цёмную раку, і я адразу лёг спаць. Біл і Кон, відаць, позна заседзеліся ў кафэ, бо я не чуў, калі яны вярнуліся.
Раніцай я ўзяў тры білеты на аўтобус да Бургетэ. Па графіку ён адпраўляўся ў дзве гадзіны дня. Болып ранняга аўтобуса не было. Сядзеў я ў кафэ «Ірунья», чытаў газеты. Тым часам Кон перайшоў цераз плошчу, падышоў да мяне і сеў у плеценае крэсла насупраць.
— Шыкарнае кафэ. Камфорт. Увага,— пачаў ён размову.— Ці добра вам спалася, Джэк?
— He варухнуўся. Спаў, як калода.
— А я няважна. Мы з Білам няскора ляглі. — Дзе ж гэта вы?
— Ды тут. А потым, калі нас папрасілі, перайшлі ў другое кафэ. Гаспадар там гаворыць па-нямецку і па-англійску.
— Кафэ Суіса.
— Ага. Такі сімпатычны стары. Па-мойму, яго кафэ нават лепшае.
— Днём там нецікава. Горача занадта. Між іншым, я ўзяў білеты на аўтобус.
— Сёння я не паеду. Вы з Білам едзьце сабе наперад.
— Я ж купіў вам білет.
— Дайце сюды. Я здам у касу, каб вярнулі грошы.
— Пяць песет каштуе.
Роберт Кон адлічыў мне пяць песет серабром.
— Я павінен застацца. Баюся, што тут нейкае непаразуменне, ведаеце.
— Вось яшчэ,— адказаў я.— У Сан-Себасцьяне яны могуць прабыць і тры, і чатыры дні. Там ёсць дзе разгарнуцца.
— Вось-вось, гэта мяне і палохае. Яны разлічвалі знайсці мяне там, ну і засталіся.
— Гэта чаму вы так думаеце?
— Я пісаў аб гэтым Брэт.
— Тады які вас чорт цягнуў сюды, чаму не чакалі там? — ускіпеў я, але стрымаўся, мяркуючы, што ён здагадаецца, але ён так і не здагадаўся.